пакуль, прысл. і злучн.

1. прысл. (часта ў спалучэнні са словам «што»). На працягу некаторага часу, нейкі час. Пастой пакуль тут. ▪ — Нічога, нічога, абыдзецца і так, — расчулена гаварыў бацька, пяшчотна дакранаючыся да рамы рукою. — Пафарбуем пасля, а пакуль і так пастаіць. Васілёнак. Марына Паўлаўна заўважыла ў кутку хаты нарыхтаваны шчырай Таццянінай рукою невялічкі, але чысты прытулак. — Гэта пакуль што, Марынка. Мы потым іначай зробім, мы цэлы пакой табе абсталюем тут. Зарэцкі. // Да пары, да часу. [Васіль Іванавіч:] — Зразумей адно: пакуль што будзе лепш, каб як мага меней людзей ведалі, што мы тут. Лынькоў. [Валя:] — Пойдзем, Толік, у партызанскі атрад. Міхась аб гэтым пакуль што не павінен ведаць... — Чаму? — здзівіўся Толя. — Такі загад камандзіра партызанскага атрада. Якімовіч. // Цяпер, у гэты момант. Босы і ў адной бялізне.. [разведчык] пабег па мёрзлым снезе, і коннікі паімчаліся за ім, страляючы пакуль што ўгару. Чорны. // Тым часам. Вы пагаварыце, а мы пакуль перакурым. // Да гэтага часу, да гэтай пары. Гузік даўно згубіўся, а новага маці пакуль не ўшыла. Кандрусевіч. Цяпер жа Ларыса не нацешыцца сваёй работай. Пакуль што ўсё выходзіць не горш як у людзей. Кулакоўскі.

2. прысл. адноснае. Ужываецца ў якасці злучальнага слова: а) у даданых дапаўняльных сказах, якія паясняюць дзеяслоў «чакаць» або блізкае да яго слова. Ларыса села на белы зэдлік каля ног бацькі і стала чакаць, пакуль ён прачнецца. Кулакоўскі. Пракурор падняўся, не чакаючы, пакуль яму дадуць слова. Скрыган; б) у сказах, якія ўдакладняюць акалічнасць часу. Да поўначы сядзелі, пакуль сны агарнулі. Броўка. І ад рання да зор, пакуль ноч напаўзе, Як мурашнік, кішыць сенажаць... Чарот.

3. злучн. часавы. Ужываецца ў складаназалежных сказах з часавай абмежаванасцю падзей: а) падпарадкоўвае даданыя сказы часу, якія ўказваюць на перыяд дзеяння галоўнага сказа; абазначае: «на працягу таго часу як». Пакуль яны [Пятрусь і Міхась] крычалі, конь пачуў волю і стаў памаленьку заварочвацца назад, шчыплючы траву. Колас. Пакуль мы гутарылі, у памяшканне ўвайшоў высокі светлавалосы чалавек. Крапіва. Пакуль снедалі, на дварэ ўзняўся шалёны вецер. Чарнышэвіч; б) падпарадкоўвае даданыя сказы часу, якія ўказваюць на момант завяршэння дзеяння галоўнага сказа (звычайна пры адмоўным выказніку); абазначае: «да таго часу як». Часамі праводзіць [Данілу] цемнавокая Мар’яна і доўга стаіць на беразе пад сасною, пакуль не страціць з вачэй чаўна, пакуль той не нырне ў густыя, стромкія цені сосен. Пестрак. Вясеннім днём на пасяўной Брыгада працавала, Пакуль вячэрняю імглой На нівы ноч апала. Танк. / Пры наяўнасці ў галоўным сказе суадносных слоў «датуль», «да той пары», «да таго часу». — Цяпер, — кажа сівы конь, — я сам паеду з табою. А ты глядзі, як сядзеш на кабыліцу, дык бі яе бязменам паміж вушэй. Датуль бі, пакуль яна не спыніцца. Якімовіч. Малады патрыёт пакляўся біцца з ворагам да таго часу, пакуль родная зямля не будзе ачышчана ад фашысцкай погані. Крапіва. / У спалучэнні з часціцай «аж» або пры наяўнасці яе ў галоўным сказе. Паддубны стаяў «на трыбуне», аж пакуль не знік з паляны апошні чалавек. Пестрак. [Віктар] сядзеў так аж датуль, пакуль не [разышліся] усе чыста. Зарэцкі.

4. злучн. часавы. Разм. Ужываецца ў даданых сказах часу, дзеянне якіх адбываецца пасля завяршэння дзеяння галоўнага сказа; абазначае: «да таго як»; «перш чым». Але раса, брат, выесць вочы, Пакуль узыйдзе тое сонца. Колас. Пакуль выеду я ў поле, Вытры слёзы, усміхніся. Панчанка. Ён размахнуўся, падвойнае шкло зазвінела і потым — пакуль ён паспеў шыбануць за вугал хаты — граната ахнула!.. Брыль.

•••

Пакуль ногі носяць гл. нага.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сарваць 1, ‑рву, ‑рвеш, ‑рве; ‑рвём, ‑рвяце; зак.

1. што. Тузануўшы, аддзяліць ад галінкі, сцябла і пад. (што‑н. з таго, што расце). Пяшчотныя ружы, Здаецца, сарвалі цяпер іх, Здаецца, запахнуць... Тарас. [Даміра:] Раптам я ўбачыў тры лісточкі зайцавай капусты. Прагнымі рукамі сарваў іх. Асіпенка. Сунічку апошнюю гэтага лета Сарваў я сягоння ды з’еў на мяжы. Грамыка.

2. каго-што. Рэзкім рухам аддзяліць (што‑н. прымацаванае). Сарваць дзверы з завесаў. ▪ Прыкладам з балтоў аканіцы сарваў І глянуў, і хаты сваёй не пазнаў. Танк. Камендант.. сарваў пячатку на замку. Лынькоў. Уночы, пад’язджаючы да гэтага лесу, .. [Паўлоўскі з таварышам] сарвалі з аднаго з дарожных слупоў адозву. Чорны. // Адрываючы, скідаючы адкуль‑н., панесці (пра буру, ваду, вецер). Сяргей успомніў, як аднойчы летам бура сарвала дах з суседскай, Калячковай, хаты: ён упаў у іх агарод на таполю. М. Стральцоў. Біў вецер насустрач, .. намагаўся шапкі сарваць. Лынькоў. / у безас. ужыв. Тады якраз каля Ліпнішак мост сарвала паводкай. С. Александровіч. Ён [Бусел] не пазнаў высокі дуб, Што быў відзён праз кіламетры: Скруціла бура дубу чуб, Гняздо зімой сарвала ветрам. Свірка. Нашых два пакаты Сарвала хваляй выбуховай прэч. Зарыцкі. // Рэзкім рухам, рыўком зняць, сцягнуць. Стафанковіч, мыляючы губамі, сарваў з.. вешалкі нейкую старую вопратку і падаў Любе. Чорны. Калі я [Пятрусь] памкнуўся да каня. Лаўрэн сарваў з маёй галавы шапку. Якімовіч. Тут дзед сарваў з носа акуляры і ніяк не мог дрыжачымі пальцамі ўкласці.. ў футлярык. Грамовіч. Не цямячы, што робіць, Анісім сарваў з пляча стрэльбу і шмыгануў назад. Сачанка. // Разм. Здзерці, абадраць (скуру і пад.). Рыючы пальцамі зямлю, .. [Ганна] неяк сарвала аб каменьчык палову пазногця. Мележ. // перан. Разм. Прымусіць каго‑н. пакінуць якую‑н. работу, занятак, месцажыхарства і пад. З таго часу як.. [Сцяпан] сарваў Маю з работы, а сам стаў планавіком, усе адвярнуліся ад яго. Дуброўскі. [Антапюк:] — Не, адчуванне віны не ад таго, што сарваў Васіля з універсітэта; армія — таксама універсітэт. Шамякін.

3. што. Рэзкім рухам, моцна націснуўшы, сапсаваць (разьбу і пад.). Сарваць разьбу.

4. што. Пашкодзіць здароўе, галасавыя звязкі ад празмернага напружання. Сарваць здароўе. Сарваць голас.

5. што. Парушыць ход чаго‑н.; не даць ажыццявіць, выканаць што‑н. Сарваць графік. Сарваць планы падпальшчыкаў вайны. ▪ [Васіль:] — Глядзі! Сарвеш хоць адзін дзень уборкі — не трапляй на вочы. Шамякін. — Нават нязначнае самавольства ці адступленне ад загаду могуць сарваць справу. Кулакоўскі. Вядома, самае страшнае было сарваць рэпетыцыю. Сяргейчык.

6. што. Разм. Атрымаць у выніку ашуканства, вымагання; прысвоіць. Стрынадка добра ведаў Бычка: той не прапускаў выпадку, каб не сарваць з каго ці пры абмене кватэры, ці з якога-небудзь іншага выпадку. Сабаленка. // Урваць. [Сабака], пачуўшы Агапін голас, садзіў проста ў хату, бо ведаў, што патрэбен Ігнасю і што ў яго можна сарваць часам смачнае перапечкі. Мурашка. Дзяўчаты на танцах. Ім на ўсё пляваць. Абы сёння сарваць больш вяселля... Мыслівец.

7. што, на кім-чым. Спагнаць на кім‑н. (злосць, гнеў і пад.). Пятрусь сеў на воз, сарваў сваю злосць на кані, сцебануўшы яго пугаю разоў са тры. Колас.

•••

Сарваць галаву каму — строга пакараць каго‑н. (ужываецца як пагроза). [Шпак:] — Мне ж камандуючы галаву сарве, калі з табою што-небудзь здарыцца. Шамякін.

Сарваць маску з каго — выкрыць каго‑н., паказаць сапраўдны твар каго‑н.

Сарваць покрыва (пакрывала) з чаго — выявіць, паказаць сапраўдную сутнасць чаго‑н., падаць у сапраўдным выглядзе што‑н.

сарваць 2, ‑рве; безас. зак., каго.

Вырваць, званітаваць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

сцяна́,ы́; мн. сце́ны (з ліч. 2, 3, 4 сцяны́), сцен; ж.

1. Вертыкальная частка будынка, якая служыць для падтрымкі перакрыццяў і для падзелу памяшкання на часткі. Каля цёмнай сцяны гумна Аня прыпынілася, прыслухалася. Мележ. За сцяной, у другім пакоі, пані Мар’я вядзе ў пятым класе арыфметыку. Брыль. Прынесла [Волька] тапчан — якраз ён стаў ад сцяны да сцяны. Скрыган. // звычайна мн. (сцены, сцен); чаго або якія. Пра які‑н. будынак, памяшканне, установу, дзе што‑н. адбываецца або хто‑н. знаходзіцца. У сценах семінарыі будучы пісьменнік [К. Чорны] захапляецца рускай класікай. Луфераў. За сцяною астрожнай Вязню дорагі, любы Жменька травы мурожнай, Лісцік з бярэзіны, з дуба. Маляўка.

2. Высокая агароджа з каменя, цэглы і пад. Крамлёўская сцяна. ▪ Іліко і Гіго сядзелі на моле, на каменнай сцяне, што ішла далёка ў мора, адлучала ад яго Паційскую бухту і заканчвалася маяком. Самуйлёнак. А вораг тут, ля гарадской сцяны, І чуцен звон ягоны: Звіняць страмёны, Мячы і дзіды звоняць. Сіпакоў. [Турма] абведзена сцяной мураванай, дротам калючым ублытана. Нікановіч. // толькі мн. (сцены, сцен); перан.; чаго або якія. Пра непасрэдную блізкасць, подступы да якога‑н. горада, крэпасці. Мы ў свой горад прыйшлі Ад Масквы і ад Сцен Сталінграда. Танк.

3. чаго або якая. Стромая бакавая паверхня чаго‑н. Жэнька ўпаў на калені, пацалаваў Івана Сумака .. Потым паклаў абодвух забітых пад сцяну акопа. Шамякін. Перасякаем чыгуначныя лініі і ідзём уздоўж прычальнай сцяны. В. Вольскі. Жоўты пясок .. ледзь не роўнай сцяной вісіць над вадой. Бядуля.

4. перан. Тое, што аддзяляе, раздзяляе каго‑, што‑н.; перашкода для чаго‑н. Герой проста губляецца перад сцяной судова-паліцэйскіх рагатак і кручкатворства. Навуменка. [Караневіч:] Душа твая імкнулася да цяпла і ласкі, а натыкалася на халодную сцяну. Крапіва. Угаворы, тлумачэнні нават самога Паўла Антонавіча.. — усё сустракала пакутлівую сцяну маўчання. Васілевіч.

5. перан.; чаго. Цесны рад або суцэльная маса чаго‑н., якія ўтвараюць заслону, перашкоду для чаго‑н. Сцяна лесу. ▪ Уперадзе, над бліскучай вадою, стаяла белая сцяна туману. Савіцкі. Белы птах .. імчаў па вадзе, пакідаючы за сабою шырокую сцяну пены. Самуйлёнак. За сцяною агню рухаўся ланцуг чырвонаармейцаў. Грахоўскі. // каго. Самкнуты строй людзей. Вакол ваяк стала жывая сцяна народу. Колас. Няспынна, Цеснаю сцяною Мяцежнікі ідуць да гор. Глебка. Жанатыя мужчыны стаялі шчыльнай сцяной і цягнулі басамі. Грамовіч.

•••

Глухая сцяна — суцэльная сцяна без акон і дзвярэй.

Капітальная сцяна — асноўная сцяна, якая служыць апорай для страхі.

Біцца галавой аб сцяну гл. біцца.

Ілбом сцяны не праб’еш гл. прабіць.

(І) сцены вушы маюць — трэба гаварыць асцярожна, таму што могуць падслухаць.

Кітайская сцяна — пра поўную ізаляванасць ад знешніх уплываў (ад назвы старадаўняй сцяны, якая аддзяляла Кітай ад Манголіі).

Лезці на сцяну гл. лезці.

Між чатырох сцен (жыць, сядзець і пад.) — а) не маючы ні з кім зносін, у адзіноце; б) не выходзячы з дому.

Прыперці да сцяны гл. прыперці.

Свае сцены — пра свой дом. Мы перабраліся ў свае сцены, як толькі зляпілі печ. Палтаран.

Ставіць да сцяны гл. ставіць.

Стаць сцяною гл. стаць.

Сцяна да сцяны — у непасрэднай блізкасці, па суседству, паблізу (жыць, знаходзіцца і пад.).

Як за каменнай (мураванай) сцяной — пад надзейнай аховай, спакойна (жыць, быць, адчуваць сябе і пад.).

Як у (аб) сцяну (сценку) гарохам — не рэагуе, не звяртае ніякай увагі на што‑н. сказанае.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

а 1, нескл., н.

1. Першая літара беларускага алфавіта. Вялікае А.

2. Галосны гук сярэдняга рада ніжняга пад’ёму, які вымаўляецца без удзелу губ. Доўгае а. ▪ Хто сказаў а, той павінен сказаць і бэ. Прыказка.

•••

Ад а да я — ад пачатку да канца; усё цалкам.

Ні а ні бэ — зусім нічога (не ведаць, не разумець).

а 2, злучн.

I. супраціўны.

1. Ужываецца для сувязі процілеглых сказаў і членаў сказа; адпавядае словам: «наадварот», «але». На поўнач ішлі лясы, а на поўдзень мясцовасць была чыстая, зусім адкрытая. Чорны. У вачах тваіх іскрыцца сонца поўдня, А мае авеяны сіняю смугой... Звонак.

2. Злучае аднародныя члены сказа і сказы з узаемным выключэннем (звычайна пры наяўнасці адмоўя ў першай частцы сказа); адпавядае слову «наадварот». [Рыбнікаў:] Смерць героя не прыгнятае жывых, а кліча да новых подзвігаў. Крапіва. Дзень быў ясны. У хаце было светла і можна было падумаць, што гэта не восень, а ранняя вясна. Чорны. Не рэкі гамоняць, а зброя звініць! Броўка.

3. Злучае сказы, у адным з якіх выказваецца неадпаведнасць таму, што магчыма ці неабходна пры тых умовах, аб якіх гаворыцца ў другім сказе; адпавядае словам: «аднак», «але». Маці пачала суцяшаць, угаворваць, а ў самой аж сэрца разрываецца ад жалю. Маўр. [Туляга Гарлахвацкаму:] Значыць, напішу працу я, а яна будзе лічыцца вашай? Крапіва.

4. Ужываецца для сувязі сказаў і членаў сказа з уступальным проціпастаўленнем [звычайна пры наяўнасці ў адной з састаўных частак сказа прыслоўяў «яшчэ», «ужо» і часціц «усё», «усё (ж) такі»]; адпавядае выразам: «тым не менш»; «усё такі». Усюды яшчэ ляжыць снег, а подых вясны чуваць выразна. Паслядовіч. Заставалася яшчэ з паўгадзіны часу да захаду сонца, а сена было ўжо ўсё згрэбена і зложана ў копы. Колас. // Ужываецца ў сказах з аднолькавымі або блізкімі па форме паўторнымі словамі антанімічнага тыпу (звычайна ў першай частцы). [Дзед Бадыль:] Будзе лад ці не будзе, а пачаставаць людзей трэба. Крапіва. У выразах: хто-хто, а..., каму-каму, а... і пад. Хто-хто, а.. [Міколка з дзедам] то ведалі, адкуль бярэцца нечаканы дождж. Лынькоў. [Янка:] Чаго-чаго, а куска хлеба дзіця свайму бацьку не пашкадуе. Крапіва. // У гэтым жа значэнні проціпастаўляе галоўны сказ даданаму ўступальнаму. Хоць быў канец красавіка, а нешта вясна марудзіла. Кавалёў. Што ні кажы, а жыццё ўжо само па сабе ёсць радасць, вялікае шчасце, бясцэнны дар. Колас.

II. супастаўляльны.

Ужываецца для сувязі сказаў і членаў сказа з такім проціпастаўленнем, пры якім новае паведамленне непасрэдна не вынікае са зместу папярэдняга; адпавядае выразам: што датычыцца, у той час як. [Жанчына:] — Чалавек мой яшчэ ў партызанах загінуў, а Мішка ажно да Берліна дайшоў. Брыль. Поле рассцілалася белым абрусам аднастайнай роўнядзі, а лес цёмна-сіняю сцяною выступаў у нерухомай постаці і тупой немаце. Колас. // Злучае сказы, у якіх супастаўляюцца адначасовыя падзеі і з’явы; адпавядае выразам: у гэты ж час, між тым як. [Зыгмусь:] — Дух займае, бягу, а пагоня ўсё бліжэй. Колас. Ішлі гуськом падрыўнікі І след у след ступалі, А ў травах росных кулікі Крычалі, заміралі. Бялевіч. // Паказвае на нечаканасць, непрадбачанасць падзей. Азірнешся на вёску, а там блакітныя дымы з комінаў валяць. Паслядовіч. Засунеш руку ў нару, а рак цап за пальцы [клюшняй]. Лынькоў. // Ужываецца ў сказах з уступальным супастаўленнем (звычайна пры наяўнасці ў кожнай састаўной частцы аднолькавых або блізкіх па форме слоў паўторнага тыпу). [Лабановіч:] — Факт ёсць факт, а дакумент застаецца дакументам! Колас. [Алесь:] — Вайна вайной, а работа работай! Брыль.

III. далучальны.

1. Ужываецца пры далучэнні аднатыпных сказаў і членаў сказа з паслядоўным чаргаваннем з’яў і падзей або пры паслядоўным апісанні іх. Гарыць агонь, а на агні гатуецца вячэра. Танк. [Ульяна брату:] — Я ўжо цябе хоць за сяло правяду, а там — калі ты так хочаш пехатой ісці, — дык ідзі. Скрыган. Навокал панскі лес, а за лесам — балота, а за балотам — сплаўная рэчка Слізянка. Бядуля. На прыпечку гарэлі трэсачкі, над імі стаяў трыножнік, а на трыножніку грэлася скаварада. Колас.

2. Ужываецца пры далучэнні аднатыпных сказаў і членаў сказа з часавай паслядоўнасцю (звычайна ў спалучэнні з прыслоўямі часу або словамі, якія абазначаюць час). На момант святлее, а пасля навалач насоўваецца зноў. Пестрак. [Гарлахвацкі Чарнавусу:] Вось я толькі крыху ад працы вызвалюся, даклад прачытаю, а тады сам займуся вашай справай. Крапіва. Краем лесу паляцела задорыстае водгулле, прыціхла, а потым павярнула назад, бегучы другім краем лесу, і нарэшце заціхла на яго заломе. Колас.

3. Далучае групы слоў і сказы, якія ўдакладняюць, развіваюць або паясняюць выказаную думку. Доўгія дні, а часта засаб і ночы, прастойвала.. [Стэпа] за працаю, не адгінаючы спіны. Гартны. Спачатку былі толькі казкі, з вечна шчаслівым канцом, вечнай перамогай дабра, пасля пайшла суровая, а падчас прыгажэйшая за казкі жыццёвая праўда. Брыль. Стрымала мяне пошта дальняя. Мяжа-граніца, а перад усім Я не асмеліўся пасланне прывітальнае Слаць з асабістым клопатам сваім. Танк. // Далучае ўстаўныя сказы і словазлучэнні. Каля Нёмана — а ён тут быў блізка — пачулася песня. Колас. Ратавала атрад усё-такі дарога. Мясцовыя навакольныя жыхары з году ў год, а можа і з веку ў век, вобмацкам пратапталі яе, абмінаючы дрыгвяныя мясціны. Пестрак. // У гэтым жа значэнні ўжываецца для далучэння сказаў і членаў сказа, якія даюць дадатковую ацэнку сказанаму. Любяць край за бярозы, за месяц, за восені дзіўныя, А тым больш яго нам як, скажы, не любіць: Калі нівы і рэкі, палотны азёр пераліўныя, Калі песні, што б’юць жывой сілай крыніц, Нам гавораць аб долі сярмяжнай аратага. Танк. Вы яго [Базыля Трайчанскага] напэўна не ўсе ведаеце. А шкада: чалавек ён нішто сабе, настаўнік і грамадскі дзеяч. Колас. Няўдача не пахіснула намеру чалавека. У яго яшчэ ставала сілы, а больш, чым сілы, было жадання — жадання дабрацца да дарогі. Быкаў.

4. Па сувязі з папярэдняй думкай далучае сказы з адценнем супастаўлення, у якіх раскрываецца або высвятляецца сутнасць сказанага. Млыны даюць арцелі зваротныя сродкі, а гэта мае вялікае значэнне ў гаспадарцы. Скрыган. [Волечка Райтовічу:] — Ты нарэшце здагадаўся, а дзе ж раней твой розум быў? Чорны. // У спалучэнні са словам «таму» далучае сказы і члены сказа з прычынна-выніковым адценнем. У хаце было душна, а таму мне вельмі не хацелася сядзець дома. Бядуля.

5. Ужываецца пры нечаканым пераходзе да другой думкі або тэмы выказвання (у мове адной асобы або дыялогу). [Зося:] — Няхай ладзяць, а што там такое. [Шура] не кепская дзяўчына, не дурная. Крапіва. Ніколі не думаў [Нічыпар], што гэты.. гультай [Гарасім] так рана ўстае, а тут на табе: ён ужо з кошыкам па садзе ходзіць. Чарнышэвіч.

6. Ужываецца ў пачатку рэплікі, якой пачынаецца гутарка. — Дзень добры ў хату! — прывітаўся адзін з мужчын. — А ў цябе, Астап, няйначай госці, пазнаём нас. Лынькоў.

•••

А то, злучн. 1) супраціўны. а) Іначай, у адваротным выпадку. [Наталля:] Ах, вось што! Я гэтага не ведала, а то раней бы прыйшла. Крапіва. [Сарока:] — Пакідай араць, а то гужы парэжу! Лобан. б) Аказваецца, на самай справе, усяго толькі. Каб хоць рэчка была,.. а то ж равок.. і толькі. Брыль. [Юрка:] — Каб.. [цётка] цябе набіла, дык тады б нядобра было, а то сказала, а ён ужо і думае ліха ведае што. Чорны. 2) прычынны. Таму што, бо. [Марцін:] — Ідзі, далажы... І няхай прышлюць змену, а то мы памерзлі. Пестрак. Хоць бы ветрык дыхнуў, а то наўкола, як у гаршку, горача і ціха. Гроднеў. 3) далучальны. а) Далучае сказы і члены сказа, якія ўдакладняюць, развіваюць або паясняюць папярэднюю думку (часта ў спалучэнні са злучнікам «і»). Усе сходы, якія.. [Драбняку] даводзілася праводзіць у жыцці, раптам адзін за адным, а то і ўсе адразу, усплывалі ў памяці. Кулакоўскі. Змрокам, а то і пазней, хлопцы па адным збіраліся дадому. Лобан. [Доктар:] — Заўсёды трэба берагчыся. А то ў вас робіцца так — калі сёння здароў, дык і заўсёды, думаецца, так будзе. Чорны, б) Ужываецца пры нечаканым пераходзе да другой думкі (у мове адной і той жа асобы). Ніколі яшчэ Закружжа не ўпраўлялася так хутка з сенакосам. А то на табе: скасілі ўсе сенажаці, застагавалі сена, ды яшчэ выдаўся вольны час. Асіпенка, в) Ужываецца ў мове адной і той жа асобы пры адмове ад папярэдняй просьбы, згоды або нязгоды. [Маці:] — Ты, Міколка, па Вольку схадзіў бы. А то няхай лепш заўтра. Брыль. — Добра, — адказаў бібліятэкар. — А то пачакайце, я запішу. Пальчэўскі, г) Разам з пытальнымі займеннікамі і займеннымі прыслоўямі ўтварае спалучэнні, якія выкарыстоўваюцца ў якасці сцвярджальных адказаў на папярэднія пытанні. — І ўсё гэта раскарчавалі людзі? — акінуў вачыма Яўхім. [Васіль Кузьміч:] — А то хто ж. Пальчэўскі. — Дзе ты ўзяў? — падазрона спытала Святланка. [Сярожка:] — Назбіраў, а то дзе ж яшчэ. Васілёнак. д) Ужываецца пры ўгаворванні, пажаданні. [Камандуючы:] — А можа, вам цяжка будзе камандаваць? Вы, здаецца, ранены? А то падлячыліся б. Крапіва. 4) пералічальна-размеркавальны. Або, ці. Унук мала калі і плакаў на руках у дзеда, цягнуў пакрысе соску, калі не спаў, а то вучыўся смяяцца і вылузваць з пялёнак ногі. Кулакоўскі.

А не то (дык), злучн. супраціўны. Тое, што і «а то» (у 1 знач.). [Рыгор:] — Уцякай, а не то страляць пачнуць. Мурашка.

а 3, часціца.

1. пытальная. а) Ужываецца як пытальны водгук на зварот або пры перапытванні недачутага. — Ігнат Андрэеевіч, — паклікаў.. [Максім] шэптам, нясмела. — А-а? Шамякін. — Гэй, уставай! — штурхнуў.. [Віктар] Мірона. — А? Чаго? — Выклікаю цябе на спаборніцтва? — А? Што? Маўр. б) Ужываецца як пытанне, якое патрабуе адказу або пацвярджэння. [Карніцкі:] — Скажыце, таварыш Лазарэвіч, а сучасны кароўнік, галоў так на сто пяцьдзесят, вы можаце спланаваць з падвеснымі пуцямі, з аўтапаілкамі і сіласнай вежай? А-а? Паслядовіч.

2. пабуджальная. Ужываецца пры паўторным звароце з мэтай прыцягнуць увагу. [Астап:] — Максімка, а Максімка... уставай: нам пісьмо ёсць. Чорны. Сонечны Зайчык туліўся да мяне, каб не званіць зубамі і шаптаў: — Уладак! А, Уладак? Ты спіш? Брыль.

а 4, выкл.

1. Перадае прыпамінанне, пазнаванне, здагадку, здзіўленне. — Здароў, Каўтун! — А, Андрэй, вось не пазнаў, браце, цемень, бачыш. Лынькоў. [Зоська:] А! Як відненька! А я думала, што ўжо ночка наступіла. Купала. [Юрка:] — Юзік, што гэта за уланы? — Салдаты гэтакія. — А-а, салдаты!? Чорны.

2. Перадае прыкрасць, абурэнне, пагрозу, зларадства. — А, пакінь ты, — замахала.. [Аўдоля] рукамі на Шуру. Крапіва. — А-а-а-а!.. Дык ты хаваць і маніць... — падбег да.. [Сяргея] адзін з белагвардзейцаў. — Ты гэтак?! Нікановіч.

3. Перадае жах, адчай, боль і пад. — А-а, — закрычаў, душачыся слязьмі.. [Валодзька], — вазьміце! Мележ. — А-а-а, — чуваць раптам ціхі стогн. Брыль.

4. Перадае ўзмацненне эмацыянальнай выразнасці выказвання. — А таварышок, а паненак, а залаценькі, а не карайце ж вы хаця моцна яго [Сяргея], — загаласіла Рыпіна. Крапіва.

а 5, прыназ. з М.

Спалучэнне з прыназоўнікам «а» выражае:

Часавыя адносіны

Ужываецца, каб паказаць дакладны або прыблізны час дзеяння. Мы пайшлі ў поле а вясне. Куляшоў. Васіль Іванавіч выехаў з сяла а самай поўначы. Лынькоў. Гадзіне а дзевятай раніцы.. [Насця і Мікалай] падышлі да Ласінага. Шамякін.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

біцца, б’юся, б’ешся, б’ецца; б’ёмся, б’яцеся; заг. біся; незак.

1. Біць адзін аднаго. Старэйшы сын Сухавеяў Ваця трымаў у страху ўсю ваколіцу, біўся на вечарынках, прыставаў да дзяўчат. С. Александровіч. Не раз біліся маладыя Драздзюкі і Дзятлюкі за Мэру. Бядуля. Неяк спатрэбілася дзеду насячы роўных жардзінак, каб на іх садзіліся пеўні і сядзелі сабе, а не біліся з-за месца. Даніленка. // Хвастаць чым‑н. гнуткім. Трапечуцца дрэвы, кусты ў дзікім тлуме, Размахваюць, б’юцца галінай. Колас.

2. Весці бой; змагацца; ваяваць. Сержант расказаў, што да вайны служыў у Брэсце, што пад Баранавічамі, калі дывізія білася ў акружэнні, яго раніла ў нагу. Мележ. Б’юцца князі між сабою за ўладу і багацці, пустошаць сваімі войскамі суседнія землі, паляць і руйнуюць гарады, пішчаць людзей. В. Вольскі.

3. Ударацца, стукацца аб што‑н. або ў што‑н. [Мікалай] з усіх бакоў натыкаўся на дрэвы, біўся аб іх галавою, адпаўзаў. Шамякін. // Парывіста, моцна ўдарацца аб што‑н. (пра хвалі, дождж, вецер і пад.). А хвалі Анегі шумелі і біліся ў гневе аб скалы. Машара. Позні дождж Бесперапынна ў шыбы б’ецца. Танк. Вецер скуголіў, свістаў, біўся ў сцяну, у вокны. Шамякін. Б’ецца завея аб шыбы марозныя. Купала. // Рэзка, моцна дзейнічаць на пачуцці; імкнуцца пранікнуць куды‑н. (пра святло, гукі і пад.). Гукі біліся аб густую сцяну бору і, не прабіваючы яе, адляталі назад працяглым рэхам. Шамякін. / Пра пачуцці. У сэрца б’юцца ўспаміны хваляю — Ды не ўзбегчы ёй на стромы бераг... Барадулін.

4. Калаціцца, кідацца. [Марыся] білася ў знямозе, драла на сабе вопратку. Баранавых. Бабка ўсхапілася, убачыўшы, як натужліва б’ецца бусел на твані, часта-часта захрысціла худыя грудзі. Дуброўскі. // Трапятацца, дрыжаць. Пад казырком ссунутай на патыліцу шапкі Злобіча білася на ветры пасма чорных валасоў. М. Ткачоў. // перан. Мітусіцца (пра думкі, пачуцці і пад.). «Людзі павінны ведаць, што гаворыць Масква!» — білася ў галаве [Ганны] думка. Ус. // Імкнучыся вырвацца, трапятацца дзе‑н., ударацца аб што‑н. [Віктар] нешта трымаў, а гэтае нешта білася і вырывалася. Маўр. Трапеча, б’ецца шэры камячок у пастцы кіпцюроў. Пысін. Зялёны жук уляцеў у акно, нудна гудзеў і біўся ў шыбу. Хомчанка.

5. без дап. Быць у пастаянным рытмічным руху; пульсаваць (пра сэрца, кроў). Гукамер прыклаў [доктар] да вуха, Да грудзей прылёг, паслухаў, Праяснілася чало: Сэрца біцца пачало... Крапіва.

6. перан.; над чым, з кім-чым і без дап. Прыкладаць намаганні, каб дасягнуць чаго‑н.; дамагацца з усіх сіл ажыццяўлення чаго‑н. Колькі ні біўся, колькі ні намагаўся новы шэф, яму ніяк не ўдавалася наладзіць як след паравозную службу. Лынькоў. // Разм. Жыць у цяжкіх умовах, празмерна працуючы. Але як ні б’ецца.. [Сымон] на бацькавай палосцы — усё без хлеба, усё ў нястачы жыць даводзіцца. Якімовіч.

7. Выцякаць імклівым струменем. Мішурын трымаўся за правую руку вышэй локця, стараючыся заціснуць кроў, што білася з раны. Чорны. // Выбівацца (пра бурныя праявы энергіі, пачуццяў і пад.). У іх [вершах] б’ецца гарачае пачуццё да роднай зямлі, да яе нязломнай сілы, да пакут і радасцей. Грахоўскі.

8. Прабівацца праз што‑н. Праз лісце білася наверх парыжэлая трава. Чорны.

9. Раздзяляцца, дзяліцца. Рубанаўка б’ецца на пасёлкі. Галавач.

10. Разбівацца (пра шкло, пасуду).

11. Зал. да біць (у 2, 10 знач.).

•••

Біцца аб заклад — тое, што і ісці ў заклад (гл. ісці).

Біцца галавой аб сцяну — рабіць марныя намаганні дамагчыся чаго‑н.

Біцца за пусты мех — настойліва даводзіць відавочнае, вядомае, за што няма патрэбы спрачацца.

Біцца як рыба аб лёд — гараваць, бедаваць, дарэмна дабіваючыся лепшага; жыць у бядзе.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дык, часціца.

1. Ужываецца ў пачатку пытальных і клічных сказаў, якія указваюць на вывады або падводзяць вынікі таго, аб чым гаварылася раней. — Дык як, Іван Данілавіч, з гэтым чалавекам? — спытаў Галаўня і з ледзь прыкметнай усмешкай дадаў: — Я думаю, няхай застаецца ў тваёй брыгадзе. Гроднеў. — Дык вось. Вера ў партыю дапамагла народу правільна разабрацца ў тых падзеях. Шыцік. / У рэпліках, якія ўзнаўляюць пачатую гутарку ці вяртаюць яе да якой‑н. тэмы. — Ну, брат Грышка, дык я еду!.. Колас. — А пра галоўнае дык ты і не пытаешся, браток. Брыль.

2. Ужываецца ў пачатку сказаў, якія ўказваюць на вынік, што выцякае са зместу папярэдніх сказаў; адпавядае па значэнню: у такім выпадку, тады. — Дзе ён? — Няма. — Дык знайсці яго. // Ужываецца ў якасці суадноснага слова ў складаназалежных сказах з даданымі часу, умовы, мэты, уступальнымі. Калі вяртаўся Лёня дамоў, дык на вуліцы, на зялёных прысядзібных участках.. займаўся дзень. Кулакоўскі. [Лютынскі:] Як толькі змеркнецца, дык ты праз акно ды ў жыта. А там — сцежкі табе вядомыя. Крапіва. — Калі любіш, дык любі, А не любіш адкажы! Танк. — Што б ні сказаў ты, браце мой, дык усё роўна мяне не здзівіш. Не тое бачылі. Зарэцкі. / У бяззлучнікавых умоўных сказах паміж аднолькавымі словамі. Працаваць, дык працаваць. Ну што ж, ісці, дык ісці.

3. Падкрэслівае наяўнасць выключных якасцей, асаблівасцей, уласцівых каму‑, чаму‑н. (звычайна пры паўтарэнні азначаемага слова). Вось будзе штука вам, дык штука! Колас. Вот зрабіў, дык зрабіў. Гартны.

4. Ужываецца пры проціпастаўленні або супастаўленні, каб вылучыць слова, якое проціпастаўляецца. — Машыне і той добры шафёр дае астыць трохі, а ты нават... — Дык то ж машына, а ты чалавек. Пальчэўскі. // Узмацняе слова або групу слоў, да якіх адносіцца. На Вайнера лічба не зрабіла ўражання, а вось перакладчык дык заікаўся, калі называў яе маёру на нямецкай мове. Шахавец. Нешта сёння ў Агаты Лямпа весела гарыць, А людзей дык поўна хата, — Так як дзверы зачыніць. Крапіва. Хто баіцца, Юрка Іванавіч, — гаворыць Шарэйка, — дык той заявы не пісаў. Брыль.

5. у значэнні выніковага злучніка. Ужываецца для сувязі сказаў з прычынна-выніковымі адносінамі. — У нас тут няма камуністаў, дык за ўсё павінны адказваць мы, камсамольская арганізацыя. Кулакоўскі. / Злучае сказы з умоўна-выніковымі адносінамі; дзеянне другой часткі такіх сказаў ажыццяўляецца пры ўмове, аб якой гаворыцца ў першай частцы. — Ты не панясеш, дык я занясу, — цвёрда сказала Ларыса. Кулакоўскі. [Насця:] Самому трэба сумленна рабіць, дык і станок лепшы будзе. Крапіва.

6. у значэнні супраціўнага злучніка. Ужываецца для сувязі процілеглых сказаў з узаемным выключэннем; па значэнню адпавядае злучнікам «але», «а». Была адна надзея, дык і тая сёння прапала. Пестрак. — Сцёпка, ведаю, не адмовіўся б, дык ён у лес ходзіць у заработкі. Крапіва. — Дай.. [каню] вады. — Даваў. Дык ён адно губы памачыў. Чорны. // Злучае сказы, змест адной часткі якіх не адпавядае таму, што павінна адбыцца з пункту погляду гаворачай асобы; па значэнню адпавядае злучнікам «аднак», «але». Пара б і вучыцца, Дык школы няма. Колас. Хацеў выспацца, дык не даюць. Чорны.

7. у значэнні далучальнага злучніка. Далучае сказы з нечаканымі або непрадбачанымі падзеямі. — Я прачнуўся — дык таты няма ў хаце. Чорны. // Далучае сказы, якія ўказваюць на вывад, заключэнне ў сувязі з выказанай раней думкай. Скрыпка — хлеб твой і апора, Дык шануй яе, мой сын! Колас. — Час зараз такі, што сакратара выбраць нельга, дык вось я цябе прызначаю сакратаром гэтай арганізацыі. Шамякін. // Разам з часціцай «яшчэ» далучае сказы з дадатковымі паведамленнямі. — Мілы ты мой друг! Мала таго, што твая галава міністэрская, дык ты яшчэ і чараўнік, — натхнёна прамовіў Лабановіч. Колас. // Далучае сказы з дадатковымі звесткамі, якія абмяжоўваюць папярэднія думкі. — Цяпер тут, значыцца, амбулаторыя? Дык нешта ж шыльды яшчэ не відаць. Брыль.

•••

А не дык гл. а 2.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

падняцца, ‑німуся, ‑німешся, ‑німецца і падымуся, падымешся, паднімецца; пр. падняўся, ‑нялася, ‑нялося; заг. падніміся і падыміся; зак.

1. Перамясціцца куды‑н. уверх; узысці. [Хмара] моўчкі вылез з машыны, моўчкі падняўся на ліфце і прайшоў у свой нумар. Васілевіч. Спачатку мы паблукалі каля волатаў-таросаў, а потым нам захацелася падняцца на сопку. Бяганская. // Праплыць нейкую адлегласць супраць цячэння. Падняцца ўверх па Дняпры.

2. Прыняць больш высокае становішча, прыпадняцца ўверх. Дзіцячая рука сутаргава паднялася і.. кранулася рудой шчаціністай шчакі салдата. Лынькоў. Кіра падбегла да.. [Арыны], абвіла шыю рукамі, паднялася на пальчыкі і пацалавала ў шчаку. Карпаў. // Перамясціцца ўверх, адкрываючы доступ для каго‑, чаго‑н. Шлагбаум падняўся. ▪ Зноў паднялася заслона, зноў, затаіўшы дух, усе сачылі за тым, што тварылася перад імі. Пальчэўскі. // перан. Дасягнуць больш высокага грамадскага становішча. Падняцца па службовай лесвіцы.

3. З’явіцца над гарызонтам, узысці. Было яшчэ рана, сонца толькі паднялося над лесам. Хомчанка. Над полем падняўся вялікі чырвоны месяц. Грахоўскі. // Узвышша над чым‑н., стаць відным на фоне чаго‑н. Раптам над мураванай агароджай, якой абнесен сад, падняліся дзве бялявыя галавы. Гарбук. // Распаўсюдзіцца над чым‑н., вышэй чаго‑н. (пра дым, туман і пад.). За рэчкаю, у лузе, падняўся туман. Шамякін. Над Сумлічамі падняўся слуп агню і дыму. Чорны.

4. Устаць на ногі. Рыгор падняўся і стаў у акне вагона. Гартны. Грузны шасцідзесяцігадовы генерал падняўся з дарагога скуранога крэсла і, цяжка адсопваючыся, прайшоўся па кабінеце. Якімовіч. // Прачнуўшыся, устаць з пасцелі. Зранку.. [Волька] старалася раней падняцца, з апаскаю глядзела на яго пасцель і скоранька адзявалася, пакуль .. [Уладзімір] не прачнуўся. Скрыган. // перан. Разм. Паправіўшыся пасля хваробы, пачаць хадзіць, рухацца. Прыход Зарубы, фельчара, памог Падняцца Януку. Цяпер ён мог, Хоць і трымаючыся за сцяну, З смалярні выйсці. Танк.

5. Устаўшы, рушыць з месца. Ваня радасна падняўся насустрач [гаспадару], нібы забыўшыся на сціпласць, працягнуў рукі. Кулакоўскі. Пад шчыльнай завесай агню партызаны падняліся ў атаку. Навуменка. // Узляцець. З трывожным крыкам паднялася з куп’я чародка маладых цыранак. Бажко. // перан. Перайсці да якіх‑н. актыўных дзеянняў. [Талаш:] — Не па сваёй волі, сокалы мае, туляемся мы па лясах. Паднялася на нас панская навала. Колас. [Іван Маеўскі:] — Увесь народ падняўся на супастата. Шамякін.

6. Пачацца, узнікнуць. Усе заціхлі, а потым адразу падняўся гоман. Колас. У стане ворагаў паднялася паніка. Гурскі. Узышло сонца.., адтала зямля, але падняўся сівер, працінаў холадам да касцей. Шамякін.

7. Павялічыцца ў росце, дасягнуць вышэйшага ўзроўню. — Па суседству з нашай сядзібай падняўся невялічкі хвойнічак. Лужанін. Хата пачынае набываць выгляд: падняліся сцены, прарэзаліся вокны, дзверы. Навуменка. // Павялічыцца ў аб’ёме; успучыцца, стаць рыхлым. Шчака ў Алены, як гарбуз, паднялася, а вачэй у Ганны зусім не відаць, пазапухалі. Ермаловіч. На правым баку календара заставаліся лічаныя лісточкі, а левы бок яго разбух, падняўся, як цеста на добрых дражджах. Арабей. // Стаць большым за існуючую або сярэднюю норму. Цэны падняліся. ▪ Жанчына добра запамятала незнаёмую, бо яе так пакусалі камары, што ў дзяўчыны паднялася тэмпература, і медсястра мусіла даваць ёй уколы. Карпюк. // перан. Вырасці, стаць дарослым. Як падрос, падняўся Янка, Як ганяць стаў ў поле стада, — На жалейцы граў дзень цэлы, А зязюлька кукавала. Купала. // перан. Дасягнуць вышэйшага ўзроўню развіцця; стаць больш дасканалым. Мы за год памацнелі, Да новых Падняліся вышынь у жыцці. Калачынскі. [Сцяпан:] — Яна, брат, у нас паднялася. Звеннявая. Ракітны.

8. Наладзіцца, палепшыцца (пра што‑н. раней запушчанае, заняпалае). Гаспадарка паднялася. Дысцыпліна паднялася. // перан. Стаць больш бадзёрым (пра настрой).

•••

Падняцца (узняцца) на ногі — а) устаць з месца; б) пачаць хадзіць пасля хваробы. Нарэшце, [Рауберман] паправіўся, падняўся на ногі і паехаў да свайго грознага генерала. М. Ткачоў; в) стаць дарослым, самастойным.

Рука (не) падымецца; рукі (не) падымуцца гл. рука.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скакаць, скачу, скачаш, скача; незак.

1. Рабіць скачок, скачкі; падскокваць. Крычаць малыя шалапуды, Бягуць і скачуць, б’юць у ладкі. Колас. Танцуюць хлопцы «Збуйніцкі» танец, Скачуць з дзяўчатамі цераз касцёр. Танк. Сабакі адразу пазналі Тынэлькута і пачалі віляць хвастамі, радасна вішчаць, скакаць на яго. Бяганская. Кожны раз, як з працы Вечарам прыйду я, Прада мной дачушка Скача і танцуе. Астрэйка. // Рухацца скачкамі. Скачуць з галінкі на галінку вяртлявыя рыжахвостыя вавёрачкі. Якімовіч. На адталым дзірване Павесялелы скача верабей... Лось. // Рабіць спартыўныя скачкі; займацца скачкамі як спортам. Скакаць з парашутам. ▪ У сектарах было многа юнакоў і дзяўчат, якія скакалі, штурхалі ядро, займаліся на гімнастычных прыладах. Шыцік. // Кідацца ўніз скачком. — Калі купацца можна, дзед? Скакаць у рэчку з вышкі? Бялевіч. Зіна ніколі не скакала ў ваду з такой вышыні, ды і плавала не надта ўжо і добра. Васілёнак. // перан. Імкліва цячы па ўступах, каменні і пад. (аб рэчцы, ручаі і пад.). З другога боку, унізе, скача па кам[янях] вясёлы гаманлівы ручай. Шамякін. // перан. Разм. Мітусіцца, імкнучыся дагадзіць. Такароўцы.. стараліся скакаць перад панам Магдановічам на ўсе лады. Бядуля. // перан. Разм. Мітусіцца (пра думкі і пад.). Цяпер думкі адна за адной скакалі ў яго [Сымона] галаве. Чарнышэвіч.

2. Стукаючыся аб што‑н. цвёрдае, адскокваць убок ці ўверх. Дождж.. Кроплямі па шкле аконным скача... Макаль. Гумавыя шыны лёгка скакалі па кар[анях], і на гэтыя частыя штуршкі ледзь чутна адклікаўся званок. Кулакоўскі. Уся.. маленькая постаць [хлопчыка] цягнулася наперад да капрызнага мяча, які можа так слаўна скакаць. Лынькоў.

3. перан. Падскокваючы, рабіць рухі, якія нагадваюць скокі. Коні ў загарадзе пачынаюць скакаць і станавіцца на дыбкі. Мурашка. Рыбкі шмыглівыя скачуць, купаюцца. Купала. // Дрыжаць, падскокваць, рабіць бязладныя рухі. Над лабавым шклом.. [аўтобуса] скакалі-калаціліся дзве фанерныя закладкі з назвамі «Бабруйск» і «Мазыр». Ракітны. Скакала тупая піла, Звінела, як шкло, асіна. Барадулін. Рукі.. [пані Яндрыхоўскай] калоцяцца, аловак скача па паперы. Крапіва. / Пра полымя, агонь і пад. Мігатлівыя языкі агню весела скакалі над распаленым вуголлем. Арочка. Полымя скакала каля самых [акон], пачынала лізаць сцены. Бураўкін. / Пра святло, цені, водблескі і пад. Сонечная ўбіраецца ў сілу раніца. Вясёлыя водблескі скачуць на люстраной роўнядзі копанкі. Навуменка. Чырвоныя водсветы гарматных выбухаў скакалі на сценах. Мележ. Ад смеху дрыжэла лучынка ў.. руцэ [Надзі], доўгія цені скакалі па сцяне. М. Ткачоў. // Пра знакі, вобразы і пад., што мітусяцца перад вачыма. У хаце быў паўзмрок, і Паўлік.. не адразу змог убачыць постаць дзеда. У вачах яшчэ некаторы час скакалі літары і малюнкі. Шамякін. // Пра вочы, якія выражаюць унутраны стан чалавека. Сцёпка сядзеў на краі табурэта, насцярожаны і натапыраны, як дзядоўнік. А ў вачах скакалі хітрыя агеньчыкі. Хомчанка. У вачах [Зіны] ужо не скакалі былыя чорцікі, якіх пабойваўся некалі Алесь. Шыцік.

4. Разм. Міжвольна трэсціся, дрыжаць (пра часткі цела, твару). На твары скакаў і дрыжаў кожны мускул, трапяталася кожная рыса. Крапіва. На поўнай круглай шыі скакала жылка. Пташнікаў.

5. Разм. Нечакана хутка змяняцца. Тэмпература скача. Цэны скачуць.

6. Разм. Танцаваць. Зайграў музыка; хлопцы і дзяўчаты Пад музыку пусціліся скакаць... Купала. — А памятаеш, Марфачка, як мы кадрыль скакалі на тваім вяселлі! — раптам загараецца ўся ўспамінам Таццяна. Васілевіч. Вось і полечка, браточкі! А чаму ж нам не скакаць, Калі ўмеем працаваць. Грамыка.

7. Бегчы наўскач, з вялікай хуткасцю (пра каня). Скача полем тройка коней, Поўны сані ездакоў. Галіноўская. Галопам скачуць рысакі. І пада мной палоззе, Як спараваныя смыкі, Іграе на марозе. Смагаровіч. // Ехаць (на кані, конях) вельмі хутка. Скачуць тымі стэпамі казакі. Звонак.

8. Разм. Хутка бегчы да каго‑н., куды‑н. з якой‑н. мэтай.

9. Разм. Часта змяняць месца работы, вучобы.

•••

Па сабаку з рота скача — пра таго, хто брыдка лаецца.

Скакаць (танцаваць) пад чыю дудку — рабіць так, як хоча хто‑н., падпарадкоўвацца чужой волі. [Сцёпка:] — Досыць скакаць пад яго [Шупіка] дудку. Хомчанка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

як 1, ‑а, м.

Буйная жвачная рагатая жывёліна, якая водзіцца ў высакагорных раёнах Цэнтральнай Азіі (свойская выкарыстоўваецца як уючная, верхавая, іншы раз як малочна-мясная).

[Тыбецкае.]

як 2, прысл., злучн. і часціца.

I. прысл.

1. пытальнае. Выражае пытанне аб спосабе дзеяння, стану; якім чынам, якім спосабам. Як гэта здарылася? Як знайсці той лес? ▪ — Ох, мой міленькі, мой блазнотка! Як будзем жыць мы без яго [бацькі]? Колас.

2. пытальнае. Выражае пытанне аб якасці дзеяння ці стану. Як жывеш, як маешся? Як у вас справы з гаспадаркай? // у знач. вык. Адпавядае займенніку «які» ў Н і Т. Як ваша здароўе? ▪ [Валя:] — Твая матка і мне нешта расказвала... А як прозвішча таго чалавека? Арабей.

3. азначальнае. У якой меры, ступені; наколькі. А як ты, браце, пастарэў! Што здарылася?

4. неазначальнае. Разм. Як-небудзь. Трэба ж як знайсці згубленае. ▪ [Марына Паўлаўна:] — Ну, я ўжо думала, цяпер наш Сымонка і не паткнецца да нас Так сабе думаю, а тым часам пазіраю ў акно, а мо як заблудзіцца. Зарэцкі.

5. часавае. Тое, што і калі 1 (у 2 знач.). А як ішоў дадому тата З атрада — Чуў я за вярсту. Казаў, бывала, сумнавата, Што гледзячы на лес расту... Барадулін.

6. адноснае. Ужываецца як злучальнае слова:

а) падпарадкоўвае даданыя азначальныя сказы. Павек не забудзецца тая навала, Як, дымам ахутаны чорным, Стаяў ты, мой горад, пад вогненным шквалам І ворагу быў непакорным. Хведаровіч;

б) падпарадкоўвае даданыя сказы меры і ступені. [Алеся:] — Я веру ў гэта так, як, можа, не верыш ты сама. Шамякін;

в) падпарадкоўвае даданыя сказы характару і спосабу дзеяння. Не адступай, брат, у змаганні, Ідзі далей, як ты ішоў! Танк. Жыць па-старому, так, як жылі бацькі, — значыць, не шкадаваць народа, не любіць яго. Пестрак;

г) падпарадкоўвае даданыя дапаўняльныя сказы, захоўваючы значэнне прыслоўя спосабу дзеяння. [Доктар:] Цяпер, таварыш, будзеш папраўляцца. Я Антону Мітрафанавічу медыкаментаў пакіну і раскажу, як каля раны хадзіць. Крапіва. Лепшыя людзі калгаса, і перш за ўсё камуністы, не раз задумваліся над тым, як вывесці гаспадарку з адстаючых у перадавыя. «Звязда»;

д) падпарадкоўвае даданыя дзейнікавыя сказы. [Настаўніца:] — Маладзец вы, Андрэй Пятровіч! Ад душы поспехаў жадаю вам. Цікава ж, як вы гэта робіце? Колас. Цяжка было ўявіць, як пройдзе гэтая ноч. Каб раптам настаў ранак, То Драбняк адчуў бы вялікую палёгку на душы. Кулакоўскі.

7. адноснае. У спалучэнні з часціцай «ні» пачынае даданы ўступальны сказ. І як ні хацелася Білі спаць, ён насцярожана прыслухоўваўся да кожнага гуку, да кожнага голасу. Лынькоў. Шлях да парты ад калыскі Доўгі, як ні гавары. Лось.

II. злучн.

1. параўнальны.

а) Ужываецца для падпарадкавання даданых параўнальных сказаў. Як ворану вышай арла не лятаць, так ворагу нашай зямлі не таптаць. Крапіва. І як змаглі раней Мы белых генералаў, Так зможам мы цяпер Балячкі нашых дзён. Хведаровіч. // Разм. Ужываецца ў адмоўных сказах пасля вышэйшай і найвышэйшай ступені параўнання прыметнікаў і адпавядае злучніку «чым». Лепш ужо без каня быць, як гэтага каня трымаць. Чорны. Марудны гул машын падпаўзаў вельмі доўга, здаецца, даўжэй, як цягнулася чаканне. Брыль;

б) ужываецца для далучэння параўнальных зваротаў. Па небе хмары, як палотны, Паўночны вецер рассцілае. Колас. / У складзе састаўнога злучніка «як і». Ручай гэты, як і рэчка, выцякаў з вялікага лесу, што пачынаўся адразу ж за шашой. Шамякін. // Ужываецца пры паўтарэнні слова ў параўнальным звароце і ўказвае на звычайную тыповасць прадмета. Тут зямля як зямля — беларуская шэрая глеба. Лукша. Хата як хата. І што б там, здавалася, у ёй асаблівага. Няхай.

2. далучальны.

а) Далучае звароты са значэннем: у якасці або тоеснасці. Альберт Аляксандраў пачаў свае паказанні як сведка, а закончыў як абвінаваўца. Дадзіёмаў. Васіль Пятровіч любіў ранішні сумятлівы праспект. Любіў як сваё, нялёгка здабытае. Пестрак;

б) далучае пабочныя словы, словазлучэнні і сказы. Рыба, як на злосць, не лавілася. Гартны. Трапілі, як той казаў, з прыску ды ў полымя. Пальчэўскі. На рынку, як на тое шчасце, я сустрэў свайго сваяка. Машара. Прыязджалі аратары з горада, якія (як Аўгінні казалі суседкі) гаварылі аб розных простых сялянскіх справах. Бядуля. / У складзе састаўнога злучніка «як і». Піліпчыка і след прастыў, адразу знік, як і не было яго. Лынькоў.

3. часавы.

а) Падпарадкоўвае даданыя сказы, якія абмяжоўваюць пачатак падзей галоўнага сказа. Не прайшло і чвэрці гадзіны, як з лесу пачалі выходзіць цэлыя групы людзей з карабінамі, з вінтоўкамі, з абразамі, з бярданкамі, з аўстрыйскімі і нямецкімі стрэльбамі. Колас. Ужо васемнаццаты год пайшоў Ніне, ужо другая вясна набліжалася, як жыве яна ў Галіноўскіх. Галавач;

б) ужываецца ў складаназалежных сказах з хуткай зменай падзей. Вяль прылёг каля кургана, каб, як згаснуць толькі зоры, зноў дамоў вярнуцца рана. Танк. [Люба] паспела толькі напісаць «Дарагая Валя», як хтосьці застукаў у дзверы. Чорны. / У складзе састаўнога злучніка «як толькі». Як толькі спуталі коней, падлеткі пачалі раскладваць агонь. Чарнышэвіч. — Ну, як вам падабаецца Каця? — звярнуўся ціха трактарыст, як толькі мы выйшлі на вуліцу. Пальчэўскі;

в) ужываецца ў сказах, у якіх падзеі даданага сказа адбываюцца пасля падзей галоўнага сказа. Да таго як прыехаў Лялькевіч, [Саша] ўспамінала мужа, сумавала, зрэдку плакала над калыскай. Шамякін. Перад тым як адбіць гадзіны, гадзіннік колькі хвілін трашчаў, скрыпеў.. і пасля такой прадмовы званіў прыемным металічным звонам. Колас;

г) (разм.) ужываецца ў сказах з адносінамі адначасовасці паміж даданым і галоўным сказам. Раніцаю роснай ты ж і не журыўся, як на дол-пракосы з твару пот сачыўся. Трус. Ужо вечарэла, як Галя падыходзіла да сваёй вуліцы. Лынькоў;

д) падпарадкоўвае сказы, у якіх падзеі даданага сказа адбываюцца раней падзей галоўнага сказа. На сэрцы стала горка, горка; З вачэй скацілася сляза, Як ты за грэблю, са ўзгорка, Яшчэ раз глянула назад. Трус. Як скурылі па папяросе, зноў узяліся за работу. Чорны. Вартаўнік.. з’явіўся на крык толькі тады, як збегся цэлы натоўп людзей. Ермаловіч. / У складзе састаўнога злучніка «пасля таго як», «з таго часу як». З таго часу як Аленка паехала ў Загор’е, ён ні разу не зайшоў да іх. Колас. Да Апанаса Хмеля Андрэй прыйшоў толькі на другі дзень пасля таго, як адведаў Захара Зубца. Пестрак.

4. умоўны. Падпарадкоўвае даданыя сказы з умоўна-абмежавальнымі і ўмоўна-часавымі адносінамі. [Талаш:] — Да каго ж мне звярнуцца, як не да вас?.. Колас. [Валя:] Як паглядзіш на гэтую веліч працы, на гэтыя горы перавернутай зямлі, дык нібы крылы вырастаюць. Крапіва.

5. прычынны. Разм. Падпарадкоўвае даданыя сказы прычыны. [Юзік:] «Не маюць ніякага поўнага права яны [мачыха з бацькам] з цябе здзекавацца, як ты жонка чырвонаармейца». Крапіва.

6. тлумачальны.

а) Падпарадкоўвае даданыя дапаўняльныя сказы, якія тлумачаць члены галоўнага сказа, выражаныя дзеясловамі ўспрыняцця. І не заўважыў з нас ніхто, як ноч вясенняя мінула, як струны вуліц і мастоў штодзённым наліліся гулам. Танк. Па плячах Андрэя прабеглі мурашкі — ён адчуў, як невясёлыя думкі з дзяцінства знаёмым пачуццём кранаюць сэрцы. Пестрак. Ігнат і Лена бачылі, як некалькі чалавек мільганулі па-за платамі і, прыгінаючыся, пабеглі агародамі ў бок цагельнага завода. Лынькоў;

б) падпарадкоўвае даданыя дзейнікавыя сказы. Праз тоўстае шкло ілюмінатараў было відаць, як цьмяна ўспыхвалі на небасхіле гарачыя водбліскі зарніц. Гамолка. Чутно, як пазвоньваюць цуглі і недзе за суседнім дваром пераклікаюцца галасы. Скрыган. А нам зноў чуваць, як за ракой звініць прыгожая дружная песня з пракосаў. Брыль. Відно было, як на гэтую горку падымаліся свежыя, здавалася, яшчэ больш адсырэлыя барозны. Кулакоўскі;

в) падпарадкоўвае даданыя выказнікавыя сказы. [Наталля:] У мяне такое адчуванне, як бывае ў летні дзень перад навальніцай. Крапіва. Цяпер я ніколі не бачу снег белым, такім, як бачыў у роднай Беларусі. Шамякін.

III. часціца.

1. узмацняльная. Вельмі, надзвычай. Як радасна цябе, край малады, Сягоння прывітаць! Колас. Як прыгожа там бясконца! Сорам, дзеткі, позна спаць! Чарот. У коміне нудна галасіў вецер, ляскаў юшкамі — ох як не хацелася выходзіць з хаты на холад. Капыловіч.

2. узмацняльна-сцвярджальная. Выражае бясспрэчнасць выказанай думкі, выступаючы ў значэнні: як можна, немагчыма. І як не маліцца прасторам На беразе Чорнага мора. А. Александровіч. І як тут не смяяцца І праўды не сказаць. Купала. Пачатак года, як цябе не ўславіць? Не першы я. А ці ж апошні? Не. Кірэенка.

3. Ужываецца пры выказванні здзіўлення, збянтэжанасці ў сувязі з якім‑н. пытаннем, выказваннем (звычайна ў спалучэнні са словамі «так», «гэта» і часціцамі «жа», «то» і пад.). Як! Ты зноў дома? ▪ Таўчэ дзік лычам мяне ў спіну, а рваць не рве.. — Як жа ён вас не разарваў усё-такі, — здзівіліся мы. Пальчэўскі. Пабяжы Мікуліку скажы, каб машыну падагнаў, — сказаў [Журавінка] Гарасю. — Дык няма ж яго, — адказаў Гарась. — Як то няма? А дзе ж яго чэрці душаць? Лобан. [Стася:] — Скажы, ты яго любіш?.. — Я не ведаю, Стася... — Ну, як жа так — не ведаю... Каханне — гэта пачуццё такое... такое яснае... Заўсёды адчуваеш, ці кахаеш ты чалавека, ці не... Зарэцкі.

4. Абазначае нечаканасць дзеяння пры дзеясловах зак. трывання. А ён як ускочыць, як пабяжыць — толькі яго і бачылі.

•••

(А) як жа — служыць выражэннем станоўчага адказу; азначае: канечне, разумеецца.

Вось яно як! гл. вось 2.

Вунь яно як! гл. вунь.

Каму як; як каму — па-рознаму, не аднолькава.

Не хто іншы, як... — якраз гэтая асоба.

Памінай як звалі гл. памінаць.

Страх як — надта моцна.

Тут як тут гл. тут.

(Усе) як адзін гл. адзін.

Як адна капейка гл. капейка.

Як адну капейку гл. капейка.

Як бачыш гл. бачыць.

Як бог дасць гл. бог.

Як будзе, так будзе — ужываецца для выказвання рашучасці ў здзяйсненні рызыкоўнага.

Як бы — ужываецца для выражэння ўмоўнага параўнання.

Як бы не так — ужываецца для выказвання нязгоды, адмаўлення, абурэння.

Як бы там ні было гл. быць.

Як быццам гл. быццам.

Як ваша (твая, яго) ласка гл. ласка.

Як выпадзе гл. выпасці.

Як вядома гл. вядома.

Як гаворыцца гл. гаварыцца.

Як гадуешся гл. гадавацца.

Як ёсць гл. ёсць 1.

Як жару (агню) ухапіўшы гл. ухапіўшы.

Як жа так — ужываецца для выражэння здзіўлення, сумнення, недаўмення ў сувязі з якім‑н. пытаннем ці сцвярджэннем.

Як знаеш гл. знаць 1.

Як (і) належыць гл. належаць.

Як кажуць; як той казаў гл. казаць 1.

Як калі; калі як — у розны час, па-рознаму; неаднолькава.

Як мага гл. мага.

Як мае быць гл. мець.

Як на бяду гл. бяда.

Як на грэх гл. грэх.

Як на заказ; як па заказу гл. заказ 1.

Як на зло (злосць) гл. зло.

Як на падбор гл. падбор.

Як на (тое) ліха гл. ліха 1.

Як ні кажы гл. казаць 1.

Як ні круці гл. круціць.

Як ні ў чым не бывала гл. бываць.

Як-ніяк — пры любых умовах, як бы там ні было.

Як падняць гл. падняць.

Як па камандзе гл. каманда.

Як па лінейцы гл. лінейка.

Як па масле гл. масла.

Як па нотах гл. нота 1.

Як папала гл. папасці (у 7 знач.).

Як па пісаным гл. пісаны.

Як піць даць гл. даць.

Як правіла гл. правіла.

Як прыйдзецца гл. прыйсціся (у 5 знач.).

Як сказаць гл. сказаць.

Як след гл. след.

Як стой (як стаіць) гл. стаяць.

Як (толькі) зямля носіць гл. зямля.

Як толькі язык павярнуўся гл. язык.

Як трэба гл. трэба.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

у 1, нескл., н.

1. Дваццаць першая літара беларускага алфавіта. Вялікае У. Друкаванае у.

2. Галосны лабіялізаваны гук задняга рада верхняга пад’ёму. Націскное у.

у 2, прыназ. з Р, В і М.

Спалучэнне з прыназоўнікам «у» выражае:

Прасторавыя адносіны

1. з В. Ужываецца пры ўказанні на прадмет, месца ці прастору, унутр або ў межы якіх накіраваны рух, дзеянне. Клікаць у хату. Пакласці ў шафу. Ісці ў лес. Укопваць у пясок. Упасці ў яму. Схавацца ў траву. ▪ Не нікчэмным, слабым жабраком, А як бацька прыйду я ў дом, Сонца ў дом прынясу на штыку, Малаком Напаю дачку... Куляшоў. Я кідала кветкі ў хвалі — Расплываліся кругі. А. Александровіч. // Ужываецца пры назвах мясцовасці, краіны, населенага пункта, куды хто‑, што‑н. накіроўваецца. Прыехаць у Беларусь. Поезд прыбыў у Мінск. ▪ На Новы год пасвяткаваць У горад завітала елка. Танк. Калі сівым зраблюся дзедам, Усімі паважаны госць, У вёску родную прыеду, У ельнік, што за вёскай ёсць. Куляшоў. // Ужываецца пры назвах арганізацыя, устаноў, прадпрыемстваў і пад., куды хто‑н. прыходзіць, уступае і пад. Запрасіць у райком. Паступіць у інстытут. Пайсці ў армію. // (з дзеясловамі «адзець», «апрануць», «абуць» і пад.). Ужываецца пры назвах адзення, абутку. Адзеты ў новы гарнітур. Абуць у боты. Захінуцца ў халат. ▪ Апранены .. [прамоўца] быў у кароткую суконную вопратку... Чорны. // Ужываецца з дзеясл. «запісаць», «упісаць», «унесці» і пад. пры ўказанні таго, дзе гэта запісана (кніга, газета і пад.). Запісаць у кнігу. ▪ У блакнот свой заношу пачатак Вандроўнага дзённіка. Куляшоў. // Ужываецца пры назвах жывых істот, частак цела, унутр якіх накіравана дзеянне, рух і пад. Боль пранік у сэрца. Увагнуць галаву ў плечы. ▪ Льецца ў ногі стома, бы свінец. Звонак. Хлопчык нагінаецца, зрывае некалькі суніц і кладзе ў рот. Бядуля.

2. з В. Ужываецца пры ўказанні на прадмет, месца, у бок якога накіравана дзеянне, рух. Ляцець у блакіт. Ісці ў свет. Накіравацца ў тыл. ▪ Каравая ў горы шлях кладзе. Звонак. Вяла ў даль суровая дарога. Хадыка.

3. з В. Ужываецца пры называнні калектыву, катэгорыі асоб, у склад якіх уступае хто‑н. Кандыдат у дэпутаты. Наняцца ў работнікі. ▪ [Суседкі] ўспомнілі, што Паўлікаў бацька ў першы ж дзень вайны пайшоў у салдаты і больш пра яго ніхто не чуў. Грахоўскі.

4. з В. Ужываецца пры называнні дзейнасці, асяроддзя, становішча, у якое прыходзіць, уступае, трапляе і пад. хто‑, што‑н. Ісці ў бой. Збірацца ў паход. Выбрацца ў дарогу. Перадаць справу ў суд. Выехаць у камандзіроўку. Увесці ў зман. Трапіць у бяду. Здаць у друк. ▪ І вецер у бой Заклікаў штыкі І з імі хадзіў у атакі разам. Куляшоў. Ты ж ідзі ў навуку, Толькі, брат, вучыся. Колас. Прабіраецца ў разведку Непрыкметна партызан... Панчанка.

5. з М. Ужываецца пры ўказанні на прастору або месца, у межах якіх хто‑, што‑н. знаходзіцца або што‑н. адбываецца. Дарога ў полі. Спаткацца ў лесе. Ваду ў палонцы зацягнула лядком. ▪ Старажытныя дрэвы гаманілі ціхутка ў прасторы. Трус. У цесных долах Гвадарамы Каторы дзень не моўкне бой. Глебка. // Ужываецца пры называнні мясцовасці, краіны, населенага пункта, дзе хто‑, што‑н. знаходзіцца, што‑н. адбываецца. Змагацца за мір і бяспеку ў Еўропе. У беларускім Палессі цякуць паўнаводныя рэкі. ▪ Быў я ў Парыжы на кангрэсе — То ў Загібельцы, браце, лепш: Грыбоў няма ў Булонскім лесе, А ў Сене хоць бы адзін лешч. Крапіва. Узлятала песня, як віхура, І чужынца ў гарадах і сёлах Навылёт, як штык, яна калола. Броўка. // Ужываецца пры назвах арганізацый, устаноў, прадпрыемстваў і пад., дзе хто‑, што‑н. знаходзіцца, што‑н. адбываецца. Вучыцца ў школе. Працаваць у сельсавеце. Нарада ў парткоме. ▪ У кузні мех да позняга шуміць. Астрэйка. У райкоме было людна. Лынькоў. // Ужываецца пры назвах жывых істот, асоб, частак цела, дзе што‑н. знаходзіцца ці адбываецца. Надзея на лепшае заўсёды жыве ў чалавеку. У вачах адбілася здзіўленне. Гудзе ў галаве. ▪ Усё ў Якіме аж заскача, Задрыжыць і запяе, Як здалёку толькі ўбачыць Постаць мілую яе [Банадысі]. Колас. [Скіба:] Кваску б глынуць, у роце перасохла. Крапіва. // Ужываецца пры ўказанні на словы, размову, твор і пад., а таксама на прадмет, дзе гэта надрукавана або запісана. У яго словах адчувалася суровасць. У творах гучаць грамадзянскія матывы. У п’есе ёсць рад трапных эпізодаў. Запісы ў сшытку. ▪ Трэба сказаць, што ў народнай мове паміж прыказкай і прымаўкай выразнай мяжы не праводзіцца. Крапіва. У чыстых крыніцах натхнёнага слова, У песеннай грэлі, Для вечнасці, спетай баянам сурова, Жыве Руставелі. Колас.

6. з М. Ужываецца пры ўказанні на прадмет, памяшканне, ёмістасць і пад., унутры якога хто‑, што‑н. знаходзіцца, што‑н. адбываецца. У печы гарыць агонь. Свішча вецер у коміне. У хаце цёпла. Гатаваць ежу ў гаршку. Схаваць у кішэні. ▪ У зале адразу стала шумна, гаманліва. Кулакоўскі. У млыне, як у карчме: то поўна, то пуста. Брыль. [Міхал Тварыцкі] нёс за плячыма свой клунак — свае рэчы, у мяшку, перавязаным накрыж шпагатам. Чорны. // Ужываецца пры называнні прадметаў, частак цела і пад., блізка ля якіх хто‑, што‑н. знаходзіцца, што‑н. адбываецца. Стаяць у парозе. Сесці ў нагах. ▪ У галавах, як горы, высіліся ёмкія падушкі.. Колас.

7. з М. Ужываецца пры называнні асяроддзя, у якім хто‑, што‑н. знаходзіцца, што‑н. адбываецца. Тапаліны пух лётае ў паветры. Патануць у вадзе. ▪ А Свіслач жыве, бяжыць неўгамонна, Разлёгшыся ў травах, у выспах пясчаных. Колас. // перан. Ужываецца пры ўказанні на прадмет, паняцце, што ўсведамляецца як месца, цэнтр, дзе засяроджваюцца пачуцці, думкі і пад. Радасць у сэрцы. У душы перажываў блізкую ростань. У галаве склаўся пэўны план,. ▪ Вялікі доктар усялякай хворасці ў чалавечай душы — час — мае вечнага свайго дапаможніка — працу. Чорны.

8. з М. Ужываецца пры называнні калектыву, у якім хто‑, што‑н. знаходзіцца, што‑н. адбываецца. Жыць у вялікай сям’і. Ішлі размовы ў народзе. ▪ А хто там ідзе, а хто там ідзе У агромністай такой грамадзе? Купала. Вы [камсамольцы] ў першых шарэнгах са звонкаю песняй Напорна ішлі, як прадвесне. Колас. // Ужываецца пры называнні калектыву або катэгорыі асоб, да якіх адносіцца хто‑н. (пры назвах прафесій, пасад і пад.). [Шкаруба] быў і камбедам, і ў дэпутатах; яго наўкруга баяліся ўсе самагоншчыкі і дэзерціры. Скрыган. [Маці:] — У мяне ж два ваююць — Андрэй у партызанах, а другі — Васіль — той на фронце. Мележ.

9. з М. Ужываецца пры называнні асяроддзя, становішча і пад., у якім знаходзіцца хто‑, што‑н., адбываецца што‑н. У імгле хаваецца краявід. Сядзець у цяпле. Спыніцца ў зацішку. Адпачываць у цяньку. Усё патанула ў гуках. Трымаць у памяці. Паўтараць у думках. ▪ А недзе далёка ў цёплым тумане Зазыўна гудуць цягнікі. Панчанка. Каля камяніцы Бярозка ў цішы засынала. А. Александровіч.

Часавыя адносіны

10. з В. Ужываецца для ўказання на момант або час, калі што‑н. адбываецца. У позні час. Спаткаліся ў маладыя гады. У ноч з 15 на 16 студзеня. ▪ Добра ў лузе ў час палудны! Колас. У рашаючыя моманты ён [беларус] выступаў са зброяй у руках адкрыта і біўся насмерць. Крапіва. // Ужываецца для вызначэння якога‑н. моманту, часу, перыяду. Прыехаў у пяць гадзін. ▪ Што зрабіла з людзьмі вайна: Дзеўчаняці ў трынаццаць год Чалавека забіць не страшна!.. Гілевіч. [Сяргей Міронавіч:] — У сем год я іграў так віртуозна, што людзі заслухваліся. Бядуля. // Ужываецца для ўказання на зручны, прыдатны або нязручны, непрыдатны час, тэрмін, пару для якой‑н. справы. — А ў іх сям’я вялікая? — Не, дзве дачкі, сын — у пару жаніць: працы будзе. Галавач.

11. з В. Ужываецца пры ўказанні на з’явы, падзеі, якія супадаюць у часе з дзеяннем, што выражана ў дзеяслове. Куды ты пойдзеш у такую завіруху? У жніво начавалі на полі. ▪ Дарэмна здалёку Паўнюткія вёдры [маці] цягала, Той камень у спёку Вадой і слязьмі палівала. Куляшоў. [Валошын:] Успамінаецца, як у вайну Мы з ім [Азорычам] ляжалі разам у акопах, Чыталі ўпотай розныя лістоўкі І марылі аб новых, лепшых днях. Глебка.

12. з В. Ужываецца для ўказання на меру працягласці якой‑н. з’явы, падзеі і пад. Гэта можна зрабіць у момант. Шмат перадумаў у адну мінуту. Будуюць у год па два дамы. ▪ Увосень ночы доўгія. Так па некалькі разоў у ноч .. [Кастусь] выходзіў слухаць, ці ядуць коні. Чорны.

13. з В. Ужываецца для ўказання на перыяд, эпоху, да якіх накіравана дзеянне. Рабіць крокі ў будучыню. Шлях у заўтра. ▪ Тут будзе неўзабаве бераг мора. І людзі ў заўтрае спяшаць. Астрэйка. Кіпі ж ты, маладосць, Бунтуй у парываннях, Бадзёрым поступам Імкніся ў новы век. Хведаровіч.

14. з М. Ужываецца для ўказання на момант або перыяд, у час якога ці на працягу якога што‑н. адбываецца. Было гэта ў далёкім часе. Не ў часе спахапіўся. Нарадзіўся ў студзені. ▪ Болей цвету ў гэтым годзе, у гэтым годзе сонца шмат. Хадыка. Ой, бярозы ды сосны — Партызанскія сёстры, Вас ніколі ў жыцці не забыць. Русак.

15. з М. Ужываецца пры называнні становішча, занятку, стану надвор’я, з’яў і пад., калі што‑н. адбываецца. Працавалі ў спёку. У канцы дзяжурства. ▪ Ногі просяцца ўстаць, яны стомы ў дарозе не чулі. Куляшоў. Ці мы з табой зблудзілі ў змроку, Ці лішне выпілі чуток? Глебка.

Аб’ектныя адносіны

16. з Р. Ужываецца пры ўказанні на асобу, у межах дзейнасці, валодання якой што‑н. знаходзіцца, адбываецца, існуе. Размова ў суседа з суседам. У майго бацькі два сыны на фронце. ▪ Адзіная сёння У салдата размова — Ён грукае ў сцены Берліна сурова. Броўка. Пра маё пакаленне Пісалі мала — У майго пакалення Камсамольскі ўзрост — Хоць маё пакаленне Імя мае, Хоць майму пакаленню Пад дваццаць ёсць. Куляшоў. // Ужываецца пры ўказанні на асоб, у асяроддзі якіх што‑н. адбываецца, наглядаецца, лічыцца звычным. Што ў вас чуваць? У нас не горш, як у людзей. ▪ Але ў нас ужо спрадвеку водзіцца, Што кавалак роднае зямлі — Родзіцца там нешта ці не родзіцца — Мы заўсёды дбайна бераглі. Глебка. — Паслухайце, — Асоба кажа тут Слузе, — Што гэта ў вас за людзі і што ў людзей за густ? Крапіва. // Разм. Ужываецца пры слове «мяне» для выказвання пагрозы або пахвалы. [Пан:] — А за гэты дубок ты ў мяне паскачаш, галубок! Колас.

17. з Р. Ужываецца пры ўказанні на асобу, якой выконваецца ці выканана пэўнае дзеянне. У Сяргея куплены білеты на спектакль. У гаспадароў усё падрыхтавана да свята. ▪ У гэтага ж аўтара апавяданне выйшла нецікавым, нудным, немастацка простым. Чорны. [Зязюліха:] — Выступіла б і я, але ж не выйдзе ў мяне так спраўна. Брыль.

18. з Р. Ужываецца пры ўказанні на аб’ект, ад якога што‑н. атрымліваюць, бяруць, набываюць і пад. Купіць карову ў суседа. Адабралі ў хлопчыка свісцёлку. ▪ Многа іх хацела купіць у музыкі скрыпку яго, але ён не прадаў яе нікому. Багдановіч. // Ужываецца пры ўказанні на аб’ект, у якога вучацца, ад якога запазычаюць што‑н. Гэту звычку ён пераняў у свайго таварыша. ▪ — Пажыву, павучуся ў жыцця, а потым прыйду і ім [родным] памагу, — мільганула дзесь у глыбі думка. Галавач. // Ужываецца пры ўказанні на аб’ект (асобу або персаніфікаваны прадмет), да якога звернута запытанне, просьба. Запытаць у настаўніка. Прасіць спагады ў людзей. Выведваць сакрэты ў садоўніка. ▪ У якой бярозы белай Стан ты выпрасіць сумела? Броўка. Не раз па-пластунску па нівах мы поўзалі, Рукамі абмацвалі купіну кожную, Размову з дубамі вялі і бярозамі, Выпытвалі праўду ў багнаў і пожняў мы. Панчанка.

19. з В. Ужываецца пры называнні аб’екта, да якога хто‑, што‑н. датыкаецца, з якім хто‑, што‑н. судакранаецца і пад. Уперціся ў сцяну. Стукнуць у дзверы. Страляць у мішэнь. Цалаваць у руку. Піла ўразаецца ў дрэва. ▪ Калючы снег у ногі коле... Глебка. Сыплюць словы золатам, У сэрца жалам колюцца... Чарот. Вясна-красуня ў бубны б’е. А. Александровіч. / З назвамі аб’екта стану. Холадна ў ногі. Горача ў пальцы.

20. з В. Ужываецца пры называнні аб’екта, на які накіраваны погляд або на якім сканцэнтраваны слых. Глядзець у твар. Разглядаць сябе ў люстэрка. Услухвацца ў шум лесу. / У спалучэннях «у акно», «у аконца» (глядзець, пазіраць і пад.) ужываецца ў значэнні прыназоўніка «праз». Дай зірну ў сваё аконца — Снег і снег вакол. Зіма. Колас. Сонца прыветліва заглянула ў аконца. Купала.

21. з В. Ужываецца пры ўказанні на аб’ект думкі, веры, захаплення. Удумацца ў сэнс падзей. Верыць у шчаслівую долю. Закахаўся ў прыгажуню. ▪ Калі чытач захоча больш акрэслена вызначыць тэматыку творчасці М. Хведаровіча, яму патрэбна будзе перш за ўсё ўдумацца ў назвы яго кніг. Палітыка. Што ж ты татахкаеш, сэрца.. бяссільна, Хіба не верыш у подых вясны? Глебка. Слядоў тут нямала пакінуў народ наш І кожны ў Вільню ўлюбёны па праву. Панчанка. // Ужываецца пры вызначэнні сферы ці аб’ёму дзеяння. Уступаць у гаворку. Уключыцца ў работу. ▪ Гаспадар ніколі не мяшаўся ў справы. Галавач. Савецкая літаратура, якой заўсёды ўласціва баявая актыўнасць, павінна ўжо цяпер аператыўна ўмешвацца ў актуальныя падзеі рэчаіснасці. «ЛіМ».

22. з В. Ужываецца пры ўказанні на прыладу дзеяння. Трубіць у трубу. Званіць у звон. Глядзець у бінокль. ▪ Загудзеў мядзведзь у рог, Што ласёў ужо запрог. А. Александровіч. Родны горад ляжыць, як юнацтва майго папялішча; Вецер дзьме ў каміны, як у медныя трубы трубач. Куляшоў. Танец скончан. Партызаны Б’юць у ладкі: «Брава! Брава!» Панчанка.

23. з М. Ужываецца пры ўказанні на прадмет або з’яву, у якіх сцвярджаецца або адмаўляецца якая‑н. уласцівасць, якасць і пад. Радасць у позірку. Змены ў прыродзе. ▪ Колькі радасці было ў гэтых баравіках у лесе. Лынькоў. У Сержавым позірку было штосьці ўжо не дзіцячае. Чорны.

24. з М. Ужываецца пры ўказанні на прыладу дзеяння. Павезці ў машыне. ▪ — Я не буду доўга, Зараз жа вярнуся, Трошачкі на рэчцы Ў санках паважуся. Колас.

25. з М. Ужываецца пры ўказанні на галіну прымянення ці выяўлення якога‑н. дзеяння, уласцівасці, прыметы. Дапамагаць у вучобе. Разбірацца ў формулах. Таварыш у працы. Не раўняйся з ім у спрыце. Няма зручнасці ў руках. Не магу адмовіць яму ў дружбе. Упэўнены ў сваёй непераможнасці. ▪ Тады, напачатку трыццатых гадоў, мае аднагодкі на ўсходзе — шчаслівыя сведкі і ўдзельнікі вялікіх спраў — выдатна разбіраліся ў марках машын, якія выйшлі на калгасныя палі. Брыль. А бессмяротнымі ў справах Мы станем заўсёды. Куляшоў. — О, ты разумны! Ты ўсё ўмееш, А пяць ды два не зразумееш: Дурны ў задачах, як дубіна! Колас. // Ужываецца пры ўказанні на прадмет або асобу, у якіх што‑н. выяўляецца, увасабляецца. У гэтай фігуры пазнаў лесніка. У асобе аўтара маем прадстаўніка пралетарскай літаратуры. ▪ Малады кавальчук, бацькаў падручны, пачаў нешта вельмі зарана на яе [Валю] прыглядацца: у рухавым падростку ён пазнаваў будучую прыгожую жанчыну. Чорны. Следам глядзіш — столькі ў кры[лах] свабоды! Танк.

26. з М. Ужываецца для ўказання на прадмет, які ахоплівае, пакрывае што‑н. Дом увесь у бярозах і клёнах. Травы ў расе. Боты ўсе ў пыле. Рукі ў мазалях. ▪ За горкай панская пасада, Як у вяночку, каля саду. Колас. У срабрыстых ніцях жоўтыя сады. Куляшоў. Я іду і жменяй Гладжу каласы Свежага ячменю У золаце расы. Танк. // Ужываецца пры апісанні знешняга выгляду, адзення, абутку. Дзед у акулярах. Лейтэнант у міліцэйскай форме. У бацінках на босую нагу. ▪ Вунь той, у акулярах, здаецца, Аляксей, гэты, з прыгожымі цыганскімі вачыма, — Юрка, а вяртлявы жартаўнік, зусім хлопчык, Коля. Грахоўскі. Ты снішся мне часцей. І вось У цёплай хустцы і ў бурносе На крыжавых стаіш чагось, Дзе лісце кружыць злая восень. Хведаровіч.

Адносіны стану

27. з В. Ужываецца пры абазначэнні абставін, у якія хто‑, што‑н. трапляе. Выкачацца ў снег. ▪ Паўстане змрок На спеўным раздарожжы, У цёмны колер выфарбуе дол. Хадыка.

28. з М. Ужываецца пры ўказанні на від дзейнасці, якой хто‑н. займаецца. Жыццё праходзіць у працы. Здабылі шчасце ў бітвах за волю. Не марнуй часу ў гулянках. Удзельнічаць у распрацоўцы праекта. Праводзіць цэлыя дні ў спрэчках. ▪ У новых бітвах сонца ўстане, Да новых бітваў будзь гатоў! Танк.

29. з М. Ужываецца пры ўказанні на стан, які часова або пастаянна ўласцівы каму‑, чаму‑н. Спыніцца ў задуменні. Быць у вечным клопаце. Усё ў парадку. Мець у запасе. Быць у ласцы. ▪ У трывозе Кацярына Поплеч любага ідзе. Броўка.

Адносіны пераўтварэння (пераходу з аднаго стану ў другі)

30. з В. Ужываецца для ўказання на пераход чаго‑н. у іншы стан. Парваць у шматкі. Сцерці ў пыл. Размова пераходзіць у сварку. Высах у лыка. ▪ Двое сутак падрад бушавалі вогненныя віхры, у дым і прах развяваючы ўсё, што так любоўна і старанна будаваў чалавек. Лынькоў. У невымоўна высокай тэмпературы метал ператварыўся ў патокі вогненнай вадкасці. Самуйлёнак. Я гарачыя словы ў песенны сплаў пералью, Закаханы навекі ў тваю маладую зямлю! Звонак. // Ужываецца пры ўказанні на новы прадмет, новую форму, выгляд і пад., у якія пераходзіць або ператвараецца што‑н. Згарнуць пальцы ў кулак. З’яднаць народ у адну сям’ю. Заплесці валасы ў косы. Адліць у бронзу. ▪ Жаўталісце з роем павуцін У маністу восені сплялося. Куляшоў. Адліты ў бронзы нерухомасць, з узлётам мужнае рукі, — Такім народная свядомасць Яго [Леніна] запомніць на вякі! Звонак.

Адносіны прыналежнасці

31. з Р. Ужываецца пры называнні асобы, якой належыць месца дзеяння, асяроддзе або сфера знаходжання чаго‑н. У Мірона збіраецца моладзь. Гасцяваць у далёкіх сваякоў. Пабывалі ў настаўніка. Жыве ў чорта на рагах. ▪ Нешта сёння ў Агаты Лямпа весела гарыць. Крапіва. Дзень, другі ўжо грымела ў князя гульня. Купала.

32. з Р. Ужываецца пры ўказанні па асобу, якая што‑н. мае ці ў якой што‑н. адсутнічае. У Васіля ёсць адказ на гэта пытанне. Былі ў бацькі тры сыны. Ці няма ў вас запалак? У мяне з явілася цікавая думка. ▪ Ці ля свірка, ці ля хаты Любіць ён [кладаўшчык] Павыхваляцца: — Не цурайцеся, дзяўчаты, У мяне ж усё багацце! Броўка. Чым большая ў пісьменніка жыццёвая практыка, тым больш у яго магчымасцей у сэнсе тэм, матэрыялу і вобразаў. Крапіва. [Колька:] — Заўтра ў мамы маёй дзень нараджэння. Грахоўскі. Ёсць у беларусаў гісторыя і ёсць слава. Кірэенка. І само сабой сталася, што калі дзяўчаты павырасталі, то ў кожнай з іх была гара падушак і поўная шафа адзення. Чорны. Нам прыпала ўсё спытаць і выгнаць: Гора страт, навалы грознай час. Усе шляхі вядуць да камунізма І няма другіх шляхоў у нас! Звонак. // Ужываецца пры ўказанні на асобу, прадмет, якім уласціва, належыць што‑н. У дзеда паважная постаць. У сына залатыя рукі. ▪ Кожны знае, што з працы Смачна хлеба скарынка, Хмельны сок у бярозы, Песціць вока травінка. Броўка. У Тураўца быў спакойны твар. Мележ.

33. з Р. Ужываецца для ўказання на каго‑, што‑н., каму ці чаму належыць пэўная прымета, уласціва пэўнае дзеянне або стан. Галава ў яго пайшла кругам. Маці ў мяне маладая. Ажыўляліся твары ў людзей. Ліст у клёна зубчасты. ▪ Сэрца ў Ніны моцна забілася. Галавач. Сонца грэе, Вецер вее, У старога сэрца млее. Зарыцкі. Я яшчэ не забыў, як кляліся вы з ёй вечарамі, Цалаваліся цэлую ноч у мяне пад акном. Куляшоў.

Колькасныя адносіны

34. з В. Ужываецца пры ўказанні на колькасць прадметаў, якія прымаюць удзел у дзеянні, з якіх складаецца што‑н. Пілаваць у дзве пілы. Ткаць у сем нітоў. ▪ Умела [Раіна] песні звонкія пяяць, На полі першая была жняя І кросны ткала тонка, як паркаль, У колькі хочаш колераў, нітоў... Танк. У тры паясы ўстаюць вясёлкі, Грымяць грамы над галавой. Звонак. У два рады між палёў Роўна рэйкі ляглі. Колас. Сымон Пятровіч разгарнуў на стале складзеную ў дзесяць столак сіньку. Грахоўскі.

35. з В. Ужываецца пры ўказанні на адзінкі вымярэння (лінейнай меры, вагі, часу, кошту і пад.), а таксама на прадмет або паняцце, якое з’яўляецца эталонам, узорам пры вымярэнні чаго‑н. Даўжынёй у тры метры. Плошча ў трыццаць гектараў. Адрэзак часу працягласцю ў дзесяць секунд. Коштам у пяць рублёў. ▪ У тры сажні агароджа, — Глуха, як у яме. Колас. / Ва ўстойлівых зваротах тыпу: «у колькі разоў». І ў два разы прыбавілася зораў На нашым небе. Панчанка. / Пры колькасных лічэбніках у выразах: «пяць у два», «тры ў восем», «шэсць у сем» і пад.

36. з В. Ужываецца для ўказання на адзін з прыёмаў ці момантаў, у якія адбываецца дзеянне. Працаваць у дзве змены. Выпіць шклянку ў два глыткі. ▪ Толя саскочыў з Сівага, дапамог Максіму, падсадзіў яго на свайго каня, а сам — па-маладому неразумна, толькі прыкленчыўшы, але весела, у два ці тры націскі выпусціў .. увесь аўтаматны дыск. Брыль.

37. з М. Ужываецца для абазначэння меры адлегласці. У трох кіламетрах ад горада цякла рэчка. ▪ Высокі чырвонаармеец трымаў стрэльбу напагатове і спакойна і цвёрда ступаў у двух кроках за Алесем. Крапіва.

38. з М. Ужываецца для ўказання, у якой колькасці што‑н. ствараецца ці з колькіх частак складаецца. Артыкул надрукаваны ў чатырох экземплярах. Мадэль у трох варыянтах. ▪ — А якое кіно сёння? — спытаў хтосьці з хлопцаў. — Каляровы, у дзвюх серыях «Разгрузка шчэбеню», — выпаліў Колька. Грахоўскі.

Азначальныя адносіны

39. з В. Ужываецца пры характарыстыкі прадмета, яго выгляду ці якіх‑н. асаблівасцей. Тканіна ў ёлачку. Касцюм у палоску. Папера ў клетку. ▪ Як горы, высіліся ёмкія падушкі, зложаныя на дзень коўдры ў клетку, посцілкі і прасцірадлы хатняга вырабу. Колас.

40. з М. Ужываецца для ўказання на выгляд, форму прадмета. Кніга ў пераплёце. Будынак у стылі барока. ▪ Дымок у кольцах, дымок віецца... Броўка. У постаці гордай Стаіць яна [краіна Саветаў] цвёрда, Як волат, як міру скала. Колас.

Адносіны падабенства

41. з В. Ужываецца ў спалучэннях, якія раўназначны выразам «у якасці чаго». Прывесці ў прыклад. Аддаць у дар. Даць ва ўзнагароду. Пакласці ў аснову. Нам гэта не ў прывычку. ▪ У заключэнне мы хочам спыніцца на правапісе. Крапіва.

42. з В. Ужываецца пры абазначэнні поўнага падабенства, тоеснасці. Сын у бацьку. Кропля ў кроплю. Адзін у адзін. ▪ Свісне ў хаце холад, Свісне папацёмку, А ў бары ў панскім — Сасонка ў сасонку. Купала.

43. з В. Ужываецца пры ўказанні на суладнасць, супадзенне. Год у год. Дзень у дзень. Капейка ў капейку. ▪ Мой верны друг! Прайшлі мы крок у крок Крывых дарог-пуцін ужо нямала. Колас.

Адносіны спосабу дзеяння

44. з В. Ужываецца для абазначэння спосабу дзеяння (звычайна ў несвабодных спалучэннях). Гаварыць у адно. Уторыць у тон каму-небудзь. Узяцца ў бокі. Кланяцца ў пояс. Пакланіцца ў ногі. Дацца ў знакі. Крочыць у нагу. Падняцца ў рост. Стаць у позу. Пасмейвацца ў вус. Паставіць у струнку. Усё ідзе не ў лад. ▪ Толькі мы, ды радзіма, Ды балотны гушчар Помнім кожнага імя, Знаем многіх у твар. Глебка. Паціху, гармоніку ў лад, І хлопцы ў зямлянцы запелі Пра нашых савецкіх дзяўчат, Што з намі раслі і квітнелі. Астрэйка. Аддаць у школку іх [хлопцаў] — не ў руку: Давай харчы, наймі кватэру... Колас. Ішоў.. [Нявада] няроўна. То ледзьве цягнуў ногі, то ўваходзіў у подбег. Чорны. // У спалучэннях прыслоўнага характару: «у абхват», «у абдымку», «у абрэз», «у абцяжку», «у перагонкі», «у загрудкі», «у размашку», «у адкрытую» і пад. [Сымон:] — Можа, ваўкі недзе блудзяць, Возера з ветрам у загрудкі ўзялася... Танк.

45. з В. Ужываецца пры абазначэнні назвы гульні. Гуляць у шашкі. Гуляць у жмуркі. ▪ Ажывалі арабы, з маўклівых, панылых рабіліся шумнымі толькі гуляючы ў косці, — проста на зямлі,.. — а яшчэ больш на лагерным рынку. Брыль.

46. з В. Ужываецца ў акалічнасных зваротах тыпу «з кутка ў куток», «з хаты ў хату», «з рук у рукі», «з канца ў канец», «з месца ў кар’ер» і пад. Намыль з канца ў канец вяроўку. Купала. Аня, як кажуць, з месца ў кар’ер пусцілася ў скокі. Кулакоўскі.

47. з М. Ужываецца пры ўказанні па форму выяўлення дзеяння. Аднавіць у дробязях. ▪ Слаў жа ў сонечных маршах, пясняр, Сцяг пераможнай зары! Танк. І вось чаму свет Па крупінцы сабраў І сілы, І таленты У любасць адну — Хаця б у мільярдах Пачуццяў і спраў Леніна ўславіць І дасягнуць. Кірэенка. У ясныя вясеннія або летнія раніцы ці вечары, калі паветра, напоенае вільгаццю, бывае асабліва чыстым і празрыстым, гэты волат-манастыр выступае яшчэ больш пуката і выразна ў сваіх магутных абрысах. Колас.

Адносіны меры і ступені

48. з В. Ужываецца пры ўказанні на меру дзеяння або прыметы. Нагуляцца ў ахвоту. ▪ Гаспадарлівыя рукі, у меру патрэбы, давалі сценам рамонт і трымалі іх у ашчадзе ад вільгаці. Чорны. [Селянін:] Вам [Званам] я не паверу — Хлусіце не ў меру. Крапіва. [Надзейка:] — Яно скварку добрую як убярэш, тады і сякерай у ахвоту намахаешся і любы краж зваліш. Лынькоў.

49. з М. Ужываецца пры ўказанні на меру дзеяння або прыметы. У значнай меры. Пагадзіцца ў прынцыпе. Не згодны ў корані. ▪ Гэтае начынне і прыладдзе, па якім яшчэ нядаўна хадзілі бацькавы рукі, было яшчэ і цяжкае і вялікае кожнаму з нас, але ў той меры, у якой ішоў час, усё больш звыкласць, як светлы ратунак, прыходзіла да нас... Чорны.

Адносіны ўмовы

50. з М. Ужываецца пры ўказанні на акалічнасці або ўмовы, у якіх адбываецца дзеянне ці знаходзіцца хто‑, што‑н. Трымаць у палоне. Быць у няволі. Пакінуць у адзіноце. Як табе жывецца ў тваім замужжы? ▪ [Юля:] У нашым становішчы доўга гасцяваць не прыходзіцца. Крапіва. Хачу, каб у сне ты спазнала, Што я цябе шчыра кахаю. Чарот. Дзічэлі ў абдымках густой нематы Спрадвеку пакрытыя пылам кусты. А. Александровіч.

Мэтавыя адносіны

51. з В. Ужываецца пры ўказанні на мэту дзеяння. Пайсці ў заработкі. Збірацца ў дарогу. ▪ Ужо мяне чакае, У доўгі шлях гатовы, Мой таварыш верны, Сябар — кій дубовы. Колас. Гарачае сонца вандровак паклікала ў новы паход. Куляшоў.

52. з В. Ужываецца пры ўказанні на матывіроўку, абгрунтаванне дзеяння. Аддаць будынак у карыстанне суседу. Гаварыць у сваю карысць. ▪ Некаторыя не маглі стрымаць гневу і казалі, што цяпер пешаход на вуліцы можа не баяцца ні трамвая, ні тралейбуса, ні іншай машыны, акрамя «Масквіча», якога купіў вось такі грамадзянін ва ўласнае карыстанне. Грамовіч. Вельмі прыкра чытаць, калі крытык вучыць літаратурнаму майстэрству пісьменніка, а сам піша казённай мовай, нязграбна будуе сказы; калі крытык раіць аўтару бліжэй знаёміцца з жыццём, а сам не прыводзяць у пацвярджэнне сваіх довадаў прыкладаў з жыцця. «ЛіМ». / У аналітычных выразах, якія выступаюць у якасці прыназоўнікаў: «у карысць», «у гонар», «у імя», «у апраўданне» і пад. Прарваўся гулка ў неба Магутны кліч у славу перамог. Броўка. [Госці] выпілі ў чэсць панны Ядвігі — слаўнай гаспадыні і вельмі красамоўна хвалілі пры гэтым закускі. Бядуля.

53. з В. Разм. Ужываецца пры ўказанні на прызначэнне прадмета. Завесы ў дзверы. Прыправы ў каўбасы. Дровы ў печ.

54. з В. Ужываецца пры ўказанні на аб’ект мэты дзеяння (збору, нарыхтоўкі і пад.). Пайсці ў ягады. Хадзілі ў маліны. ▪ Пайсці ў грыбы ці ў тую ж рыбу, Або паехаць у сялібу Ці ў млын малоць на хлеб збажынку — Ўсё гэта квапіла хлапчынку. Колас.

55. з М. У аналітычных выразах, якія выступаюць у якасці прыназоўнікаў: «у інтарэсах», «у мэтах» і пад. У нарысе расказваецца пра тое, як малады рабочы ў мэтах рацыяналізацыі вытворчасці ўдасканаліў машыну. Чорны.

Прычынныя адносіны

56. з В. Ужываецца ў спалучэннях тыпу: «у адказ на што», «у сілу чаго» для ўказання на прычыну дзеяння. У далейшым Кіеўская Русь у сілу пэўных прычын распалася на паасобныя часткі. Крапіва. У адказ на гэта Юрачка крута, з разгону паварочваў вальс на «Мікіту». Брыль.

57. з М. Ужываецца ў спалучэннях тыпу: «у выніку чаго», «у залежнасці ад чаго», «у сувязі з чым» для ўказання на прычыну дзеяння. Словы і ўчынкі Сганарэля матываваны негрунтоўна, у выніку чаго змест вобраза цяжка ўлавіць. «ЛіМ». Букрэй з ціхаю ўсмешкаю маўчаў і слухаў, паварочваючы свой буйны твар з жорсткімі калючымі вусамі то да аднаго, то да другога ў залежнасці ад характару або ступені трапнасці тых ці іншых жартаў... Колас.

у 3, выкл.

1. Выражае здзіўленне, здагадку, прыпамінанне, пазнаванне. [Таццяна] на момант .. затрымалася ў .. абнімках [Зеленюка] і .. прашаптала: — У, які дужы! Дармо, што гарадскі... І абое весела засмяяліся. Зарэцкі. — Дачка старшынёва? — удакладняе хлопец. Тая таўстушка?.. У, даўно замужам. Ракітны. / У лаянкавых зваротах. — У, чорт! — лаяўся стары.

2. Выражае папрок, пагрозу, абурэнне, гнеў. Колы з санлівага шэпту раптам заходзіліся вясёлым пераборам, і скрозь іх ляскат чуліся матчыны словы — цяжкія, як камяні: — У, забойца. Ракітны.

3. Ужываецца гукапераймальна для абазначэння гудзення, свісту, выцця. У-у-у! Гудзе вецер.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)