табары́ты, -таў, ед. табары́т м., ист. табори́ты

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

табары́ты, ‑аў; адз. табарыт, ‑а, М ‑рыце, м.

Прыхільнікі рэвалюцыйнага напрамку ў антыфеадальным нацыянальным руху чэшскага народа ў 15 ст.; удзельнікі гусіцкіх войнаў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Табарыты 1/370; 4/95, 384, гл. Гусіцкі рэвалюцыйны рух

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

табарыты

т. 15, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

табары́ты

(ад чэш. Tabor = назва чэш. горада)

прыхільнікі рэвалюцыйнага напрамку ў антыфеадальным нацыянальным руху чэшскага народа 15 ст.; удзельнікі гусіцкіх войнаў.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

табары́т

назоўнік, агульны, адушаўлёны, асабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. табары́т табары́ты
Р. табары́та табары́таў
Д. табары́ту табары́там
В. табары́та табары́таў
Т. табары́там табары́тамі
М. табары́це табары́тах

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

ПРА́ЖСКІЯ АРТЫ́КУЛЫ 1420,

першапачаткова сумесная праграма памяркоўнага (чашнікі) і радыкальнага (табарыты) крыла гусітаў (прыхільнікаў ідэй Я.Гуса), прынятая ў ліп. 1420 у Празе ў пачатку гусіцкіх войнаў. Былі сфармуляваны ў выглядзе 4 артыкулаў: секулярызацыя царк. зямель, свабода гусіцкіх пропаведзяў, ліквідацыя выключнага становішча каталіцкага духавенства, пакаранне асоб, вінаватых у «смяротных грахах», пад якімі табарыты разумелі і сац. прыгнёт. Чашнікі, якія на першы план ставілі барацьбу супраць каталіцкага духавенства і нац. прыгнёту, імкнуліся звесці П.а. да патрабавання «таннай царквы». Не згодныя з гэтым табарыты 5.8.1420 прапанавалі ўласную праграму («Дванаццаць пражскіх артыкулаў»), П.а. засталіся праграмай чашнікаў і былі ў асн. рэалізаваны імі ў пагадненнях 1433 і 1436 з феад.-каталіцкім лагерам (т.зв. «Пражскія кампактаты»).

т. 12, с. 543

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

taboryci

мн. гіст. табарыты

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

ГУСІ́ЦКІЯ ВО́ЙНЫ,

нацыянальна-рэліг. барацьба чэш. народа за рэформу каталіцкай царквы, супраць ням. засілля і іншаземнай інтэрвенцыі ў 1-й пал. 15 ст. Прычынай Гусіцкіх войнаў стаў крызіс, які ахапіў каталіцкую царкву на мяжы 14—15 ст. і выклікаў падзенне яе аўтарытэту. Вышэйшае чэш. духавенства сканцэнтравала ў сваіх руках велізарныя багацці, жыло ў раскошы, чым выклікала да сябе нянавісць у народзе. З рэзкай крытыкай царквы і існуючых у ёй парадкаў выступіў мысліцель і прапаведнік Ян Гус, асуджэнне якога Канстанцкім царк. саборам і спаленне выклікалі абурэнне ва ўсёй Чэхіі і сталі штуршком да Гусіцкіх войнаў. 30.7.1419 пражскія гусіты (назва ўсіх прыхільнікаў ідэй Гуса) на чале з Я.​Жэліўскім узнялі паўстанне і захапілі ўладу ў горадзе. Пасля смерці караля Вацлава IV (1419) паўстала ўся Чэхія, народ распраўляўся з патрыцыятам (у асноўным нямецкім) і каталіцкімі прэлатамі, граміў кляштары. Ужо ў першыя месяцы вайны адбылося размежаванне сярод гусітаў. Дробнае рыцарства і бюргерства ўтварылі памяркоўнае крыло гусітаў — чашнікі (чаша — сімвал царк. рэформы), якія задачы рэфармацыі каталіцкай царквы вызначылі ў Пражскіх артыкулах 1420. Гар. нізы і сялянства ўтварылі радыкальнае крыло, што атрымала назву табарыты (ад гары Табар). Табарыты патрабавалі рэфармацыі, заклікалі да ліквідацыі феад. парадкаў. Вясной 1420 пераемнік Вацлава IV Сігізмунд I арганізаваў супраць гусітаў крыжовы паход і ўзяў у аблогу Прагу. На дапамогу гораду прыйшлі гусіцкія атрады на чале з Я.Жыжкам і 14.7.1420 разграмілі крыжакоў на Віткавай гары. Земскі сейм (1421) пазбавіў Сігізмунда I чэш. прастола і стварыў часовы ўрад. Восенню 1421 Сігізмунд I арганізаваў 2-і крыжовы паход, захапіў Маравію і частку Усх. Чэхіі. У студз. 1422 крыжакі двойчы былі разбіты гусітамі каля Кутна-Гары і Нямецкі-Броду. У пошуках саюзнікаў супраць крыжакоў чашнікі прапанавалі чэш. карону вял. кн. ВКЛ Вітаўту. Замест сябе Вітаўт паслаў кн. Жыгімонта Карыбутавіча, які на чале 5-тысячнага бел.-літ. войска ў маі 1422 увайшоў у Прагу і быў каранаваны чэш. сеймам. Але з-за пазіцыі рымскага папы Вітаўт вымушаны быў адклікаць Жыгімонта Карыбутавіча. Пасля смерці Я.​Жыжкі (1424) войска табарытаў узначаліў Пракоп Вялікі (Голы). На чале з ім табарыты і чашнікі 16.6.1426 каля Усці-над-Лабай разбілі войска папы і ням. курфюрстаў (3-і крыжовы паход). 4-ы крыжовы паход таксама скончыўся паражэннем крыжакоў пад Тахавам у жн. 1427. З гэтага моманту перавага гусітаў была неаспрэчнай. У 1427—33 гусіты здзейснілі паспяховыя паходы ў Аўстрыю, Баварыю, Маравію, Сілезію, Саксонію і інш. У 1431 папскі нунцый Дж.​Чэзарыні арганізаваў 5-ы, самы буйны крыжовы паход; 14.8.1431 каля Домажліцы крыжакі панічна адступілі ў ням. землі. Супярэчнасці паміж чашнікамі і табарытамі ў 1434 выліліся ў ваен. супрацьстаянне. 30.5.1434 войска чашнікаў у бітве пад Ліпанамі разбіла табарытаў. 5.7.1436 у Іглаве чашнікі заключылі мір з Сігізмундам I і Базельскім саборам і падпісалі т.зв. кампактаты (пагадненні), у якіх са значнымі агаворкамі была легалізавана гусіцкая царква, праведзена секулярызацыя царк. маёмасці. У ходзе Гусіцкіх войнаў чэш. гарады пашырылі свае правы, б. каралеўскія гарады дамагліся поўнага самакіравання. Гусіцкія ідэі сталі правобразам еўрап. Рэфармацыі.

Дз.​М.​Чаркасаў.

т. 5, с. 545

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)