Берлусконі Сільвіо

т. 18, кн. 1, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІЙ II [Pius; свецкае Пікаломіні (Piccolomini) Энеа Сільвіо; 18.10.1405, г. Піенца, Італія — 15.8.1464],

папа рымскі з 1458. Гуманіст, гісторык, паэт, дыпламат. У 1442 сакратар герм. караля Фрыдрыха III, які назваў П. каралём паэтаў. У 1446 прыняў сан святара, быў епіскапам Трыеста (1447), Сіены (1450). З 1456 кардынал. Змагаўся за ўзмацненне папскай улады, пашырыў тэр. Папскай вобласці. Заклікаў да крыжовага паходу супраць туркаў. Аўтар паэтычных твораў на лац. мове, навел у стылі Дж.​Бакачыо, кніг пра гісторыю г. Базель, Базельскага сабора 1431—49, гісторыю Чэхіі, аўтабіягр. «Каментарыяў» (выд. 1525).

т. 12, с. 351

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗА́НЦАЎ (Барыс Дзмітрыевіч) (30.1.1926, г. Рыбінск Яраслаўскай вобл., Расія — 15.3.1995),

бел. спявак (лірыка-драм. барытон). Засл. арт. Беларусі (1980). Скончыў Муз. вучылішча імя Рымскага-Корсакава пры Ленінградскай кансерваторыі (1956). З 1956 у Вял. т-ры ў Маскве. З 1958 саліст Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі. З 1962 саліст Новасібірскага і Пермскага т-раў оперы і балета. У 1966—95 (з перапынкам) саліст Бел. філармоніі, у 1976—83 — Бел. радыё. Валодаў голасам вял. дыяпазону, прыгожага тэмбру. Яго індывідуальнасці найб. адпавядалі партыі драм. плана. Упершыню выканаў ролю Сцяпана ў оперы А.​Туранкова «Яснае світанне». З інш. партый на бел. сцэне: Скарпія («Тоска» Дж.​Пучыні), Рыгалета, Рэната, Аманасра («Рыгалета», «Баль-маскарад», «Аіда» Дж.​Вердзі), Сільвіо («Паяцы» Р.​Леанкавала), Эскамільё («Кармэн» Ж.​Бізэ), Томскі, Ялецкі («Пікавая дама» П.​Чайкоўскага), Ведзянецкі госць («Садко» М.​Рымскага-Корсакава), Князь Ігар («Князь Ігар» А.​Барадзіна), Дэман («Дэман» А.​Рубінштэйна).

т. 7, с. 415

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІНТУРЫ́К’Ё [Pinturicchio; сапр. Бернардзіна ды Бета ды Б’яджа (Bernardino di Betto di Biagio); каля 1454, г. Перуджа (?), Італія — 11.12.1513],

італьянскі жывапісец, прадстаўнік умбрыйскай школы жывапісу эпохі Ранняга Адраджэння. Зазнаў уплыў П.​Перуджына, якому дапамагаў пры стварэнні фрэсак Сіксцінскай капэлы ў Ватыкане (1481—82). У творчасці спалучаў імкненне да натурнай дэталёвасці з дэкаратыўнасцю і паэтызацыяй вобраза чалавека і навакольнага свету. Манум. размалёўкі вызначаюцца стракатым каларытам і багаццем арнаментальных матываў: фрэскі ў капэле Буфаліні царквы Санта-Марыя ін Арачэлі (каля 1485) і царквы Санта-Марыя дэль Попала (1509) у Рыме, апартаментаў Борджа ў Ватыкане (1493—94), бібліятэкі Пікаломіні ў Сіенскім саборы (1503—08). У станковым жывапісе працаваў у партрэтным і міфалагічным жанрах: «Партрэт хлопчыка» (1485), «Адысей і Пенелопа» (1509) і інш.

Я.​Ф.​Шунейка.

Пінтурык’ё. Імператар Фрыдрых III вянчае лаўрамі паэта Энеа Сільвіо Пікаломіні. Фрэска ў бібліятэцы Пікаломіні ў Сіенскім саборы. 1503—08.

т. 12, с. 375

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЛАНД ((Wieland) Крыштаф Марцін) (5.9.1733, Обергольцгайм, каля г. Біберах-ан-дэр-Рыс, Германія — 20.1.1813),

нямецкі пісьменнік-асветнік. Вучыўся ў Цюбінгенскім ун-це. Яго раннія творы пазначаны піетызмам і рэліг. роздумам (паэма «Выпрабаванне Аўраама», 1753, і інш.). З 1760-х г. у творчасці ўзмацняюцца сатыр. і вальнадумныя матывы. Раман «Перамога прыроды над летуценнасцю, або Прыгоды дона Сільвіо з Разальвы» (1764) — ням. аналаг «Дон Кіхота» М.​Сервантэса. Аўтар сатыр.-дыдактычнага рамана «Залатое люстэрка...» (т. 1—4, 1772), антыклерыкальнага «Агафадэман» (1796—97), вершаваных «Камічных навел» (1765), серыі дыялогаў «Новыя гутаркі багоў» (1789—93; наследаванне Лукіяну). «Гісторыя Агатона» (1766—67) — адзін з першых ням. «раманаў выхавання». Вяршыня сатыры — раман «Гісторыя абдэрытаў» (т. 1—2, 1774), у якім горад-дзяржава Абдэра паўстае як сімвал тыраніі, глупства і мяшчанства. Другі бок творчасці Віланда — паэмы на сюжэты з еўрап. і ўсх. казак, куртуазных раманаў у стылі ракако: «Ідрыс і Зеніда» (1768), «Зімовая казка» (1776) і інш. Яго фантастычная паэма «Аберон» (1780) — адзін з найлепшых паэт. твораў 18 ст. Віланд садзейнічаў папулярнасці жанру нар. і літ. казкі (зб-кі «Апавяданні і казкі», 1776—80; «Джыністан...», 1786—89). Пераклаў на ням. мову поўныя зборы твораў У.​Шэкспіра (т. 1—8, 1762—66) і Лукіяна (1788—89).

Тв.:

Рус. пер. — История абдеритов. М., 1978.

Літ.:

Пуришев Б.И. Виланд // История немецкой литературы. М., 1963. Т. 2;

Вебер П. Х.​М.​Виланд и «воспитательный роман» // История немецкой литературы: Пер. с нем. М., 1985. Т. 1.

Г.​В.​Сініла.

т. 4, с. 157

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)