сука́нне

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, ніякі род, 1 скланенне

адз.
Н. сука́нне
Р. сука́ння
Д. сука́нню
В. сука́нне
Т. сука́ннем
М. сука́нні

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

сука́нне ср. суче́ние; см. сука́ць 1

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

сука́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. сукаць.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Суканне 8/536; 10/113

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

сука́ць, сучу́, су́чаш, су́ча; су́каны; незак., што.

1. Звіваць некалькі нітак у адну.

С. дратву.

2. чым. Перабіраць, матляць нагамі (пра малых дзяцей).

Хлопчык суча ножкамі.

|| зак. ссука́ць, ссучу́, ссу́чаш, ссу́ча; ссу́каны (да 1 знач.).

|| наз. сука́нне, -я, н.

|| прым. сука́льны, -ая, -ае (да 1 знач.).

Сукальная машына.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

суче́ние сука́нне, -ння ср.

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

пересу́чивание

1. сука́нне, -ння ср., перасу́кванне, -ння ср.;

2. перасу́кванне, -ння ср.;

3. перасу́кванне, -ння ср.; см. пересу́чивать;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

свива́ние

1. звіва́нне, -ння ср., віццё, -цця́ ср.;

2. сплята́нне, -ння ср., пляце́нне, -ння ср.;

3. сука́нне, -ння ср.;

4. скру́чванне, -ння ср.;

5. звіва́нне, -ння ср.;

6. спавіва́нне, -ння ср.; см. свива́ть;

Руска-беларускі слоўнік НАН Беларусі, 10-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ПЛЯЦЕ́ННЕ МАСТА́ЦКАЕ,

выраб рэчаў утылітарнага і дэкар. характару злучэннем палос эластычнага матэрыялу пад прамым ці косым вуглом; від народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва і народных мастацкіх промыслаў. Адрозніваюць П. ручное і машыннае. Матэрыялы для П. — лаза, салома, чарот, карані дрэў, лыка, мачала, бяроста, лучына, стружкі, дубцы арэшніку, ядлоўцу, рабіны, скура, ніткі і інш. У 1970—80-я г. шырока ўжываюцца і сінтэт. матэрыялы. Пашырана ў многіх народаў, папярэднічала ткацтву. Шырока вядома маст. пляценне народаў Усходу, а таксама пляценне карункаў у Расіі.

На Беларусі вядома з неаліту (выяўлены рэшткі сплеценых з лыка сетак, адбіткі плеценых вырабаў на гліне). Найб. захаваліся вырабы 19—1-й пал. 20 ст. Пашырана было пляценне з лазы. На Палессі з яе плялі агароджы (пляцень), сцены гасп. пабудоў. Простай, спіральнай, крыжовай, раброва-крыжовай тэхнікамі П. выраблялі лазовыя палукашкі для вазоў і саней, рыбалоўныя снасці (каробкі, бучы, венцеры), посуд на збожжа, агародніну (кашы, кашолкі, сявенькі, карзіны), мэблю (крэслы, калыскі, падстаўкі пад вазоны, карабы на бялізну) і інш. Разнастайным камбінаваннем тэхнік П. вызначаецца мэбля, кузавы выязных вазкоў. Каркас вязалі з тоўстых прутоў, якія скрыжоўваліся пад розным вуглом і ўтваралі розныя геам. фігуры, потым яго перапляталі тонкімі дубцамі, нярэдка чаргуючы белыя, ачышчаныя ад кары, з неакоранымі, таніравалі лазу ў больш цёмны колер, абпальвалі на агні, аздаблялі выпаленымі ўзорамі. Вырабамі мэблі з лазы славіліся майстры Магілёва, Гомеля, Суража (Віцебскі р-н), кузаваў — Давыд-Гарадка (Столінскі р-н), Лахвы (Лунінецкі р-н). З саламяных жгутоў, пераплеценых лазой, выраблялі шыяны, карабы, сявенькі, кублы, гарцы; з саломы плялі шкатулкі, цацкі, сумкі, капелюшы (гл. Саломка мастацкая). З сасновай лучыны (дранкі) выраблялі посуд на садавіну і гародніну, карабы для пераноскі сена (Паазер’е), з бяросты — заплечныя кашалі для збору грыбоў, сумкі, вярэнькі (Палессе), ёю ж апляталі ганчарны посуд для малака і малочных прадуктаў (берасцянкі). З рагозу (пераважна на Палессі) выраблялі лёгкія, эластычныя сумкі і кашолкі. Дробныя вырабы: каробачкі для рукадзелля, карзінкі, сумачкі, фруктоўніцы — плялі з карэньчыкаў хваёвых дрэў, арэшніку. З лыка, вяровак плялі лапці, са скуры дэталі конскай вупражы, бізуны. Узоры П. вызначаюцца прыгожым шахматным, спіральным, дыяганальным малюнкам. Вял. пашырэнне мела П. з тэкстыльных матэрыялаў: нітак, шнуроў, вяровак і інш. Найб. простым прыёмам з’яўляецца віццё (суканне) — злучэнне дзвюх ці болей пасмаў у шнур. Суканыя шнуры і вяровачкі выкарыстоўваліся як дэкар. элементы на адзенні (разнастайныя нашыўкі), абрусах, ручніках (для кутасоў, махроў). З каляровых нітак вілі шнуркі для завязак на адзенні і паяскоў. Плоскія пляцёнкі з трох (у выглядзе касы) і больш нітак выкарыстоўвалі для вырабу паясоў, завязак, шнуркоў, нашывак на адзенне. Больш складаны від пляцення засн. на выгінанні суцэльных нітак у петлі, якія пераплятаюцца паміж сабой удоўж і ўпоперак (вязанне). Разнастайныя рэчы утылітарнага і маст. характару вырабляліся ў тэхніцы вузельчыкавага П. — завязвання вузлоў рознай канфігурацыі. З дапамогай чаўнака (ігліцы) і дошчачкі вязалі рыбацкія сеткі (Паазер’е). Такім чынам сплеценыя сеткі, нацягнутыя на раму, прызначаныя для абрусаў, сурвэтаў, пакрывалаў, аздаблялі вышыўкай насцілам ці крыжыкам з каляровых шарсцяных нітак. З развіццём прамысловасці П. захоўваецца як від дэкар.-прыкладнога мастацтва і займае значнае месца ў маст. прамысловасці рэспублікі. Сурвэткі, абрусы, лазовыя кошыкі на садавіну і гародніну, цукерачніцы, хлебніцы, саламяныя капелюшы, шкатулкі і інш. плеценыя вырабы выпускаюць ф-кі маст. вырабаў. Некат. вытв. аб’яднанні вырабляюць мэблю з лазы. Шырокую папулярнасць набыло вузельчыкавае П. — макрамэ. Найб. вядомыя бел. майстры П.: Т.​Агафоненка, К.​Арцёменка, А.​Белановіч, С.​Галанчанка, В.​Гаўрылюк, Л.​Главацкая, М.​Кулак, Н.​Ліцюк, Л.​Лось, У.​Лук’янец, Г.​Сапун, Л.​Скрыпнічэнка, В.​Сташкевіч, Т.​Федаркова і інш.

Літ.:

Беларусы. Т. 1. Прамысловыя і рамесныя заняткі. Мн., 1995;

Сахута Я. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Пляценне мастацкае. Саламяны посуд. 1-я пал. 20 ст. Цэнтральная Беларусь.
Да арт. Пляценне мастацкае. Т.​Агафоненка. Маска «Казёл». 1978.
Да арт. Пляценне мастацкае. Посуд з сасновай лучыны. Вёска Шахноўшчына Стаўбцоўскага раёна Мінскай вобл. 1982.

т. 12, с. 442

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Су́чка1 ’самка сабакі’ (ТСБМ, Некр. і Байк., Нас., Касп., Бяльк., Варл., ТС, Сцяшк.), ’лаянкавае слова на жанчыну (што ілжэ або распускае плёткі)’ (Нас., Сл. ПЗБ). Памянш. да сука1, гл.

Су́чка2 ’малыя санкі, якія ўжываюцца як дапаможныя пры перавозцы бярвенняў; падсанкі’ (ТСБМ, Сцяшк., Сцяц. Сл., Маслен., Арх. Вяр.; лях., Янк. Мат.), су́чка, су́чкі ’тс’ (беласт., дзятл., барыс., Сл. ПЗБ; ЛА, 2), ’лаўка, зэдлік’ (Касп.), су́чка ’задняя частка ў санях’ (Арх. Вяр.). Да семантыкі параўн. каза2 ’тс’ (гл.). Польск. дыял. suka, suczka ’заднія санкі’, suki ’сані на двух парах палазоў’. Пэўнай версіі няма. Сцяцко (Афікс. наз., 169) лічыў, што слова ўзыходзіць да сучка1 (“…яны заўсёды прывязваліся да саней і беглі за імі”). Лабко (Бел.-польск. ізал., 73–75) дапускае калькаванне ням. Hund ’сабака’ і ’ваганетка ў шахце’ ці народнаэтымалагічнае асэнсаванне ням. Zug (гл. цуг), якое мае таксама шэраг тэрміналагічных значэнняў, блізкіх да разглядаемых. Меркаванні пра ролю чэшскай мовы ў фармальнай і семантычнай адаптацыі ням. Zug гл. Комаркава, Studia Etym. Brun. 6, 372–373. Гл. наступнае слова.

Сучка3 ’дошчачка з дзірачкамі для накручвання навоя ў кроснах’ (Бяльк., Уладз.), ’кій або клін для ўтрымання задняга або пярэдняга навоя’ (пін., Клім., ЛА, 4; Уладз.), ’планка, што круціць кола ў калаўроце’ (Варл.), ’понаж у калаўроце’ (Бяльк.), ’дэталь у калаўроце’ (мёрск., Ск. нар. мовы), ’верхняя частка калаўрота, дзе наматваецца шпулька’ (Сцяшк. Сл.), ’лапатачка, якая накладаецца на вось у калоўроце, а другім канцом прымацавана да падножкі’: сучка кола рухае ў калаўротку (лід., паст., пух., лудз., Сл. ПЗБ; рас., свісл., кам., Шатал.), су́чачка ’дэталь у калаўроце’ (паст., Сл. ПЗБ), ’калодачка для млёна ў верхнім камені жорнаў’ (паст., ЛА, 4). Параўн. укр. су́чка ’дэталь ткацкага стану’, польск. ’планка ў калаўроце, што злучае кольбу з падножкай’, ’шнурок у калаўроце’, ’рычажок, што злучае кола калаўрота з падножкай’ (Фалінская, Sl. tkac., 1, 292), ’драўляны клінок, што заходзіць у зубцы навоя і стрымлівае яго рух’ (Варш. сл.). Няясна; аднак агульнае значэнне ’злучаць, звязваць, скручваць’ схіляе да думкі пра паходжанне большасці з названых дэталяў ад сучы́ць, сука́ць (гл.), параўн. су́чкасуканне’ (Нас.), асабліва су́чка ’палка з вяровачнай пятлёй, пры дапамозе якой скручвалі, “вілі”, клібу’ (Інстр. II), сучо́к ’вузлік’, укр. сучо́к ’ручка сукала’. Да такой жа думкі прыходзіць Лабко (Бел.-польск. ізал., 75), прыводзячы ў якасці зыходных для польскіх слоў дыялектны дзеяслоў sucić, варыянты sucyć, suczyć ’падыходзіць, належаць, прылягаць’, што звязваецца з сука́цца ’прыставаць, вязацца’ (гл.). Сувязь з сучка2 спрыяла замацаванню значэння ’стрымліваць, затрымліваць’, у тым ліку ў польск. suka, suczka ’дэталь у жорнах’, ’частка ткацкага стану’, ’задняя частка саней, што складаецца з дзвюх палавінак’, на думку Борыся (586), метафарычных утварэнняў ад suka ’самка сабакі’ (гл. сука1, сучка1), параўн. другасныя ўтварэнні саба́ка ’клін для ўтрымання пярэдняга навоя’ (навагр., ЛА, 4), лісі́ца ’планка ў калаўроце, што круціць кола’ (Варл.), балг. дыял. ку́чка ’сука’ і ’частка сукала’, ’дэталь ткацкага стана’, ’прыстасаванне для ўтрымання абручоў пры вырабе бочак’ і падобныя “звярыныя” метафары (ВЕР, 3, 171). Пераход да су́чка2 дэманструе су́чка ’крывая жэрдка, прымацаваная да падсанак для кіравання імі’ (зах.-палес., Старычонак, БЛ, 13, 34) і польск. sukę paść ’кіраваць жэрдкай, прымацаванай да задняй часткі саней ці разведзенага воза, каб на паваротах не з’ехаць з дарогі’, suka ’драўляная плашка з выемкай, куды ўваходзіць кола пры тармажэнні воза’ (Варш. сл.), балг. дыял. ку́чка ’прыстасаванне ў выглядзе санак, якое падстаўляецца пад адно з пярэдніх колаў нагружанага воза пры крутым спуску’ (відаць, прывязанае да воза), ’санкі для катання з горак’, тэрміналагічныя калькі на базе метафары, крыніцы паходжання якой застаюцца няяснымі.

Су́чка4 ’буёк, паплавок’ (Ян.). Параўн. рус. дыял. су́ка і сука́ ’буй, якарны паплавок’ і ’вяроўка ад паплаўка да якара’. Відаць, да папярэдняга, гл.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)