стеречи

Том: 32, старонка: 382.

img/32/32-382_2017_Стеречи.jpg

Гістарычны слоўнік беларускай мовы (1982–2017)

Сцерагчы́ ’берагчы, пільнаваць, вартаваць’, ’уважліва сачыць’, ’падпільноўваць’, ’засцерагаць’ (ТСБМ, Ласт., Федар. 4, Сержп. Прымхі), сьцярэ́жч, сьцярэ́ч ’тс’ (Бяльк., Мат. Маг.), сцерэгці́ ’тс’ (ТС), сцяро́гць (стярогть) ’тс’ (Шн. 2); сюды ж сцеражо́ны ’асцярожны’ (Нас., Варл.), сцеражны́ ’тс’ (мядз., Сл. ПЗБ), ст.-бел. стеречи ’сцерагчы’ (Карскі 2-3, 277; Альтбаўэр). Укр. стеречи́, рус. стере́чь, стараж.-рус. стеречи, польск. strzeć ’сачыць, захоўваць’, в.-луж. wostregajuczy (wostrjegajucy) ’вартуючы’, ст.-чэш. střieci, чэш. stříci, славен. strẹ́čі ’сцерагчы, вартаваць’, ст.-слав. стрѣгѫ, стрѣшти ’сцерагчы, сачыць, назіраць’. Прасл. *stergti, *stergǫ тлумачылі як кантамінацыю дзвюх асноў, якія прадстаўлены ў грэч. στέργω ’люблю’ і ст.-літ. sérgmi ’сцерагу’, літ. sérgiu, sérgiti ’тс’, sárgas ’стораж’, лат. sar̂gât ’вартаваць’; гл. Мюленбах-Эндзелін, 3, 716; Младэнаў, 611; Фасмер, 3, 757. Іншыя (Траўтман, 257; Міклашыч, 293; Махэк₂, 587; Сольмсен, AfslPh, 24, 577) набліжаюць славянскае слова толькі да балцкіх слоў, што праблематычна ў фанетычных адносінах; гл. Бязлай, 3, 325–326. Борысь (583) узводзіць да і.-е. *sterg‑ ’клапаціцца аб кім-небудзь, даглядаць, сачыць’; Бязлай (там жа) — да і.-е. *ster‑g ’быць цвёрдым, непахісным’ > ’непахісна сачыць, узвышацца’ > ’чакаць, назіраць, засцерагаць’; агляд іншых версій гл. Фасмер, 3, 757; Шустар-Шэўц, 1363–1364; ЕСУМ, 5, 410–411. Адносна захавання г перад суфіксамі інфінітыва гл. Карскі, 1, 373.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

БІ́ТВА НА ВЯДРО́ШЫ 1500.

Адбылася ў ходзе вайны Маскоўскай дзяржавы з Вялікім княствам Літоўскім 1500—03 на р. Вядроша 14.7.1500. З пачаткам вайны вясной 1500 баявыя дзеянні адбываліся ўздоўж усёй дзярж. мяжы. Вял. князь ВКЛ Аляксандр накіраваў войскі гетмана К.І.Астрожскага да Смаленска «стеречи границы», дзе да яго далучыўся гарнізон пад камандаю С.П.Кішкі. Пасля гэтага 4—5-тысячнае войска ВКЛ рушыла пад Дарагабуж, дзе стаяў маскоўскі ваявода Ю.Захар’іч з войскам у 20 тыс. чал. (паводле інш. звестак да 40 тыс. чал.). На пачатку бітвы Астрожскі разбіў авангард маск. войска на левым беразе р. Вядроша, пасля перайшоў раку і атакаваў гал. сілы праціўніка, якімі кіраваў Д.В.Шчэня. Зыход 6-гадзіннай бітвы прадвызначыла флангавая атака засаднага маск. палка. Харугвы Астрожскага пачалі адступаць і былі разбіты. Маск. воіны знішчылі мост цераз р. Трасна і дабівалі войска ВКЛ на яе левым беразе. Уцёкамі ўратаваўся толькі Кішка з чатырма ротмістрамі і з некалькімі сотнямі воінаў. Астрожскі з многімі князямі і воінамі трапіў у палон. У выніку бітвы ВКЛ страціла лепшае войска і апынулася ў цяжкім ваенна-паліт. становішчы.

Г.М.Сагановіч.

т. 3, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)