Смаро́дзіна

назоўнік, уласны, неадушаўлёны, неасабовы, ніякі род, 1 скланенне

адз.
Н. Смаро́дзіна
Р. Смаро́дзіна
Д. Смаро́дзіну
В. Смаро́дзіна
Т. Смаро́дзінам
М. Смаро́дзіне

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

Смаро́дзіна ‘чорныя парэчкі, смародзіна’ (ТСБМ), смаро́да, смуро́да, смаро́днік, смуро́дзіна, сму́роды, смаро́дніна ‘адна ягада або куст смародзіны’ (ЛА, 1). Укр. сморо́дина ‘чорныя парэчкі’, рус. сморо́дина ‘парэчкі; чорныя парэчкі’, польск. smrodzina, smrodynik, дыял. smardlina, smarglina, чэш. smradinka, smradina, славац. smrdlenka. Параўн. таксама каш. smarʒëna ‘чорныя парэчкі’, smarglëna ‘чаромха’, н.-луж. smrod, smrodyn ‘чаромха; крушына’, серб.-харв. смрдѝка ‘крушына’, славен. smŕdež ‘тс’, балг. смрдлика ‘чаромха’, макед. смрделика ‘від ядлоўцу’. Прасл. *smorda, *smordina ‘парэчкі, чорныя парэчкі’. Да слав. *smordъ ‘моцны пах, смурод’ (гл. сморад); расліна названая так з-за моцнага паху’, аналагічна нова-в.-ням. Stinkbaum пры stinken ‘смярдзець’. Для паўднёваславянскіх моў Мяркулава (Очерки, 213 і наст.) узнаўляе форму з асновай *smord‑ у значэнні ‘расліна з моцным пахам’. Гл. таксама Праабражэнскі, 2, 338; Фасмер, 3, 691–692; Махэк₂, 561; Шустар-Шэўц, 1324; SEK, 4, 321.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Смарда́ ‘парэчкі, смародзіна’ (Бяльк.). Магчыма, вынік моцнай рэдукцыі другога галоснага ў *смарада́ (гл. смародзіна). Але не выключаны ўплыў яшчэ ст.-польск. smard ‘смурод’.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Парэ́чкі ’кустовая ягадная расліна сямейства агрэставых; ягады гэтай расліны’. Рус. смал. поре́чка ’чырвоныя парэчкі’, укр. порі́чки ’чырвоныя парэчкі’, польск. porzeczka ’парэчкі’. Да рака, таму што ў дзікім выглядзе расце па берагах рэк (гл. Махэк, Jména rostl., 99). Утворана конфіксам po‑ + ‑ька. Статус беларускага слова вызначыць цяжка. Хутчэй за ўсё пранікненне з польскай мовы, якое выцесніла ўсх.-слав. смародзіна (гл.). Параўн. Мяркулава, Очерки, 221.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Сербалі́на, сурбалі́на, сырбалі́на, сірбалі́на ‘ажыны’ (віц., ЛА, 1; Нік. Очерки), сербалі́н ‘тс’, сірбалі́ніна ‘лазіна ажыны’ (Касп.). сурмалі́на ‘тс’ (віц., ЛА, 1), рус. сорбали́на ‘ажыны’, сербали́на, сирьбяри́на ‘шыпшына’, рус. смал. цербали́н ‘ажыны’, укр. сербери́на ‘шыпшына, Rosa canina L.’. Традыцыйна звязваюць з літ. serbentà ‘смародзіна’ < літ. sir̃pti ‘спець (пра ягады)’ (Фасмер, 3, 721), збліжэнне з свярбець (гл.), на думку Бязлая (Eseji, 135), народнаэтымалагічнае. Насуперак гэтаму Якабсон (IJSLP, 1959, 1–2, 272) узводзіць адпаведныя рускія словы да *s(v)orb‑, *s(v)rьb‑ ‘свярбець, часаць’, а Варбат (Этим. исслед., 7, 7) рэканструюе *svьrborina, што асабліва адпавядае раздражняльным уласцівасцям насення шыпшыны. Формы ўтвараюць адзіны беларуска-рускі арэал з выхадам на ўкраінскую моўную тэрыторыю. На некаторым формы паўплывала слова маліна (гл.). Да фанетыкі параўн. сербе́ть ‘свярбець’ (Растарг). Гл. таксама Баброва, ЭИРЯ, 4, 9; ЕСУМ, 5, 216.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ПЯЦІДЗЕСЯ́ТНІКІ,

паслядоўнікі адной з плыней у пратэстантызме. З’явіліся ў ЗША у пач. 20 ст. У аснову іх веравучэння пакладзена евангельскае паданне пра сыходжанне св. духа на апосталаў — вучняў Хрыста на 50-ы дзень пасля яго ўваскрэсення (свята Пяцідзесятніцы), што і дало назву плыні. Адсюль іх сцвярджэнне, што сапраўднаму верніку неабходны непасрэдныя зносіны з Богам праз св. духа, а таксама наяўнасць яго дароў — «гаварэння на іншых мовах» (гласалалій), прароцтва. Значнае месца ў П. адводзіцца ідэі блізкасці канца свету, другога прышэсця Хрыста і ўсталявання яго 1000-гадовага царства на Зямлі. Неабходны для П. абрад «хрышчэння св. духам» дасягаецца асаблівым комплексам доўгіх маленняў і пастамі. Для культу П. характэрны наяўнасць «прарокаў» і «прарочыц», вера ў магчымасць цудоўнага вылячэння і інш. Практыкуюцца абрады воднага хрышчэння і хлебапераламлення, у часткі П. — абмывання ног. П. не маюць цэнтралізаванай арг-цыі, якая б грунтавалася на адзіным веравучэнні, дысцыпліне, абраднасці. Існуе шэраг самаст. кірункаў П., у т. л. на Беларусі — хрысціяне веры евангельскай (ХВЕ), хрысціяне веры апостальскай (ХВА), хрысціяне поўнага евангелля (ХПЕ).

Першыя паслядоўнікі ХВЕ з’явіліся ў 1920-я г. ў Зах. Беларусі на тэр. Палескага ваяв. ў выніку дзейнасці замежных місіянераў і рээмігрантаў з ЗША і наз. таксама зеленасвёнткаўцы (ад польскай назвы Пяцідзесятніцы — Zielone Swiątki). Ва ўсх. Беларусі, дзе іх было значна менш, яны наз. таксама варанаеўцы (у гонар першага прапаведніка гэтага вучэння ў СССР І.​Я.​Варанаева). У 1930 абшчыны ХВЕ Палескага ваяв. (больш за 1 тыс. чал.) увайшлі ў Саюз ХВЕ у Польшчы (цэнтр у г. Лодзь). З 1929 Саюз выдаваў час. «Примиритель». У канцы 1944 была створана Царква ХВЕ у Літ. ССР, БССР і УССР з цэнтрам у г. Баранавічы, на чале з епіскапам І.​К.​Панько і ген. сакратаром С.​І.​Вашкевічам. Аднак у рэгістрацыі іх царкве было адмоўлена з-за іх экстатычнай абраднасці. Тады частка абшчын на чале з кіраўніцтвам Царквы ХВЕ у 1945 увайшла ў зарэгістраваны Саюз евангельскіх хрысціян-баптыстаў (ЕХБ) са згодай адмовіцца ад гаварэння на «іншамовах». Частка абшчын ХВЕ, якія не пайшлі на рэгістрацыю, дзейнічала падпольна. У 1-й пал. 1970-х г. некат. абшчыны ХВЕ атрымалі дазвол на аўтаномную рэгістрацыю (па-за межамі ЕХБ), у 1989 аб’яднанне ХВЕ з ЕХБ распалася. У наш час ХВЕ займаюць першае месца сярод пратэстанцкіх плыней Беларусі. На 1.1.2001 зарэгістравана 443 абшчыны, якія аб’яднаны ў Саюз ХВЕ Беларусі.

ХВА (або евангельскія хрысціяне ў духу апостальскім — ЕХВДА, таксама смародзінцы ў гонар заснавальніка гэтай плыні ў Расіі ў пач. 20 ст. М.​П.​Смародзіна) прызнаюць большасць агульных догматаў П., але адмаўляюць траістасць Бога. На іх думку, толькі ў Ісусе Хрысце ўвасабляецца Бог-бацька, Бог-сын і Бог—св. дух. Адсюль іх інш. назва — ісусаўцы. Разам з тым хрышчэнне св. духам у шэрагу іх абшчын не лічыцца абавязковай умовай для асабістага выратавання. Паслядоўнікі ХВА пашыраны ў Гродзенскай вобл. (Мастоўскі р-н, Гродна і інш.) і ў Брэсцкім р-не (в. Страдзеч, Медна і інш.). У 1947 ЕХВДА, каб атрымаць рэгістрацыю, як і ХВЕ, увайшлі ў саюз ЕХБ. У 1970-я г. іх пачалі рэгістраваць аўтаномна. На 1.1.2001 на Беларусі 9 абшчын ХВА. ХПЕ сваім веравучэннем і рэліг. практыкай найб. блізкія да ХВЕ. Першыя абшчыны ХПЕ узніклі на Беларусі ў пач. 1990-х г. з актыўным удзелам місіянерскіх груп з ЗША, Канады, Швецыі. Іх членамі сталі пераважна маладыя вернікі з абшчын ХВЕ у Мінску, Брэсце, Баранавічах, Мікашэвічах (Брэсцкая вобл.). Ад ХВЕ яны адрозніваюцца ў асноўным знешнім бокам сваіх малітоўных сходаў; шмат увагі аддаюць сумесным спевам рэліг. гімнаў з плясканнем у далоні і танцамі пад акампанемент сучасных муз. ансамбляў. Вял. аўтарытэтам у вернікаў карыстаецца пастар, які праводзіць абрад вылячэння верай з ускладаннем рук. На 1.1.2001 на Беларусі дзейнічаюць 54 абшчыны, якія ўваходзяць у рэліг. аб’яднанне абшчын ХПЕ.

Літ.:

Баптизм и баптисты. Мн., 1969;

Москаленко А.Т. Пятидесятники. 2 изд. М., 1973;

Каліноўскі В. Этнаграфічная спецыфіка пяцідзесятніцкае вёскі на Берасцейшчыне // Форум: Інфарм.-культур. бюл. 1995—96. № 2.

Ю.​В.​Бажэнаў, Л.​У.​Бароўка, А.​У.​Верашчагіна.

т. 13, с. 176

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)