Склероцыі 10/12

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КЛАВІ́ЦЭПС, спарыння (Claviceps),

род сумчатых грыбоў пірэнаміцэтаў парадку спарыннёвых. Каля 30 відаў. Пашыраны на ўсіх кантынентах. На Беларусі найб. вядомы К. пурпуровы (C. purpurea). Паразіт злакавых і асаковых раслін.

Цыкл развіцця — 3 стадыі: канідыяльная, склероцыі і галоўчатыя стромы. Чорна-фіялетавыя склероцыі (рожкі) даўж. 1—5 см утвараюцца ў завязі заражаных раслін. Пасля перазімоўкі ў глебе яны прарастаюць у выглядзе стром чырв. ці жоўтага колеру з перытэцыямі. Спелыя аскаспоры выкідваюцца ў час цвіцення злакаў і распаўсюджваюцца ветрам. На заражаных раслінах развіваюцца канідыі; яны паглыблены ў кроплі цукрыстай вадкасці для прываблівання насякомых. Пры пападанні на кветку з канідый развіваюцца склероцыі. Прымесь склероцыяў у муцэ або кармах выклікае хваробу эргатызм. Алкалоіды спарынні ўплываюць на ц. н. с., гладкую мускулатуру, выкарыстоўваюцца ў медыцыне.

С.​І.​Бельская.

Клавіцэпс пурпуровы: 1 — колас са склероцыямі; 2 — прарослы склероцый.

т. 8, с. 318

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЛЕКТЭНХІ́МА (ад грэч. plectos сплецены + enchyma што напаўняе, тут: тканка) несапраўдная тканка грыбоў, утвораная спляценнем гіфаў. Гіфы складаюцца з клетак, якія дзеляцца толькі папярочнымі перагародкамі (у сапраўднай тканцы клеткі дзеляцца ва ўсіх напрамках). З П. фарміруюцца пладовыя целы і некат. вегетатыўныя ўтварэнні грыбоў (напр., склероцыі) для выжывання ў неспрыяльных умовах. У выглядзе П. таксама можа быць грыбная састаўная лішайнікаў — мікабіёнт.

т. 12, с. 422

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАГА́ТНАЯ ГНІЛЬ буракоў,

хвароба караняплодаў буракоў у перыяд захоўвання, якая выклікаецца комплексам грыбоў і бактэрый. Найб. пашырана шэрая гніль (узбуджальнік — грыб Botritis cinerea) і фамоз (узбуджальнік — грыб Phoma betae). На хворых каранях з’яўляецца белы, шэры ці ружавата-белы налёт споранашэння грыба, потым фарміруюцца цёмныя склероцыі, якімі грыб зімуе. Пры фамозным гніенні грыбніца развіваецца ў тканках каранёў, надае ім цёмна-карычневы колер і фарміруе масы пладовых цел (пікнідаў). Пашкоджаныя караняплоды гніюць. Інфекцыя захоўваецца на раслінных рэштках, у глебе.

Кагатная гніль буракоў: 1 — пашкоджаны караняплод; 2 — канідыяносец і канідыі грыба.

т. 7, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)