МАБУ́ТУ-СЕ́СЕ-СЕ́КА (Mobutu Sese Seko; да 1973 Альберт; Albert),
возера ва Угандзе і Дэмакр. Рэспубліцы Конга, у бас.р. Ніл. Размешчана ў тэктанічнай катлавіне на выш. 619 м, у сістэме Зах.-Афр. грабена. Пл. 5,6 тыс.км², даўж. 160 км, шыр. каля 40 км, глыб. да 58 м. Берагі расчлянёныя, б.ч. стромкія, дно плоскае. Упадаюць рэкі Семлікі і Вікторыя-Ніл, выцякае р. Альберт-Ніл. Рыбалоўства. Суднаходства. Парты: Бутыяба (Уганда), Касеньі (Дэмакр. Рэспубліка Конга). Адкрыта ў 1864 С.У.Бейкерам. Названа ў гонар Мабуту Сесе Сека.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАБУ́ТУ СЕ́СЕ СЕ́КА (Mobutu Sese Seko; поўнае Мабуту Сесе Сека Куку Нгбенду Ва За Банга; да 1972 Мабуту Жазеф Дэзірэ; 14.10.1930, г. Лісала, Дэмакр. Рэспубліка Конга —7.9.1997),
дзяржаўны і ваен. дзеяч Дэмакр. Рэспублікі Конга (ДРК). Маршал (1982). Скончыў ваен. школу ў г. Лулуабург. З 1949 у бельг.калан. войсках, з 1956 рэдактар газет «L’Avenir» («Будучыня») і «Actualité africaine» («Афрыканская рэчаіснасць»); дзярж. сакратар ва ўрадзе П.Лумумбы, з ліп. 1960 нач. Генштаба. У вер. 1960 скінуў Лумумбу. З 1961 галоўнакамандуючы Кангалезскай нац. арміяй. Пасля перавароту ў ліст. 1965 прэзідэнт ДРК. Адзінай дзярж. ідэалогіяй абвясціў канцэпцыю «сапраўднага заірскага нацыяналізму»; усталяваў жорсткі аўтарытарны рэжым, які арыентаваўся на зах. краіны. У маі 1997 пад націскам узбр. паўстання пакінуў краіну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УЭ́ЛЕ (Uele),
рака на Пн Дэмакратычнай Рэспублікі Конга, левая састаўляючая р. Убангі (бас.р. Конга). Даўж. больш за 1000 км, пл.бас. каля 140 тыс.км². Вытокі ў Сініх гарах, на З ад воз. Мабуту-Сесе-Сека, у верхнім цячэнні наз. Кібала. Сярэдні гадавы расход вады каля 1700 м³/с. Парожыстая, несуднаходная. Выкарыстоўваецца для арашэння.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІКТО́РЫЯ-НІЛ (Victoria Nile),
участак р. Белы Ніл ва Угандзе ад выхаду з воз. Вікторыя да ўпадзення ў воз. Мабуту-Сесе-Сека. Даўж. 420 км, пл.бас. каля 262 тыс.км². Перасякае ступеньчатае пласкагор’е, утварае шматлікія парогі і вадаспады: Оўэн, Кабарэга (Мерчысан); працякае праз воз. К’ёга. Сярэдні расход вады каля 700 м³/с. ГЭС. Суднаходства на асобных участках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРУВІ́МІ (Aruwimi),
рака ў Афрыцы, у Заіры, правы прыток р. Конга. Даўж. каля 1300 км, пл.бас. 116 тыс.км². Пачынаецца ў Сініх гарах пад назвай Ітуры (на З ад воз. Мабуту-Сесе-Сека), цячэ на плато, потым спускаецца ва ўпадзіну Конга. У верхнім і сярэднім цячэнні парогі і вадаспады. Паводкі (сак.—кастр.). Сярэдні расход вады 2 тыс.м³/с. Суднаходная на працягу 60 км ад вусця.
англійскі падарожнік, даследчык Афрыкі. У 1861—65 арганізаваў экспедыцыю ў Афрыку. З мэтай вывучэння цячэння Ніла і яго прытокаў прайшоў праз Судан і паўд. Эфіопію. У 1864 адкрыў другі выток Белага Ніла — воз. Мабуту-Сесе-Сека, вадаспад Мерчысан на р. Вікторыя-Ніл. У 1870—73 па даручэнні віцэ-караля Егіпта кіраваў егіп.ваен. экспедыцыямі, каб устанавіць гандл. кантакты з краінамі ў бас. Белага Ніла, а таксама ліквідаваць у гэтым раёне гандаль нявольнікамі. Даследаваў Кіпр (1875), падарожнічаў па Індыі, ЗША і Японіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІКТО́РЫЯ (Victoria), Вікторыя-Н’янза, Укерэве,
возера ва Усх. Афрыцы, на тэр. Танзаніі, Кеніі і Уганды. Размешчана ў тэктанічным прагіне на выш. 1134 м. Пл. 68 тыс.км² (2-е па памерах прэснае возера свету). Даўж. 320 км, шыр. 275 км, найб.глыб. 80 м. Даўжыня берагавой лініі больш за 7 тыс.км; берагі пераважна нізінныя, пясчаныя, парэзаныя залівамі. Шмат астравоў агульнай пл. каля 6 тыс.км² (вял.в-аў Укерэве, а-вы Сесе). У Вікторыю ўпадае мнагаводная р. Кагера, выцякае р. Вікторыя-Ніл. Характэрны штормы. На в-ве Рубонда (Танзанія) нац. парк. Вікторыя — важны ўнутраны рыбапрамысловы раён. У фауне каля 100 відаў, з іх 64 віды эндэмічнага сям. храмісаў (з акунепадобных). Суднаходства. Асн. парты — Джынджа, Энтэбе (Уганда), Букоба, Мванза (Танзанія), Кісуму (Кенія). Возера злучана з узбярэжжам Індыйскага ак. чыгункамі Кісуму — Мамбаса і Мванза — Табора — Дар-эс-Салам. Адкрыта ў 1858 англ. падарожнікам Дж.Спікам. Названа ў гонар каралевы Вялікабрытаніі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІЛ (сучасная егіпецкая назва Эль-Бахр; лац. Nilus, грэч. Neilos),
рака ў Афрыцы, адна з найб. доўгіх рэк свету. Даўж. 6671 км, пл. басейна 2870 тыс.км². Басейн Н. на тэр. Руанды, Бурундзі, Дэмакр. Рэспублікі Конга, Танзаніі, Уганды, Кеніі, Эфіопіі, Судана, Егіпта. Пачынаецца на Усх.-Афрыканскім пласкагор’і, на У ад возера Ківу, упадае ў Міжземнае м., утварае дэльту. Выток — р. Рукарара на ПдЗ Руанды, у сістэме р. Кагера; у межах Усх.-Афрыканскага пласкагор’я працякае праз воз. Вікторыя, на выхадзе з якога наз. Вікторыя-Ніл, перасякае скалістыя грады (парогі і вадаспады, затопленыя пры буд-ве плаціны Оўэн-Фолс), упадзіну воз. К’ёга, упадае ў воз. Мабуту-Сесе-Сека. З возера выцякае пад назвай Альберт-Ніл, цячэ па раўнінах паўд. Судана, перасякае забалочаны раён Сэд, дзе наз. Бахр-эль-Джэбель. Пасля сутокаў з р. Эль-Газаль рака наз. Белы Ніл (Бахрэль-Аб’яд), цячэ па паўпустыннай мясцовасці ў шырокай даліне. Каля г. Хартум прымае самы вялікі прыток — Блакітны Ніл (Бахр-эль-Азрак) і далей наз. ўласна Н. Ніжэй вусця р. Атбара цячэ па Сахары, перасякае крышталічнае плато, утварае парогі (часткова затоплены пры буд-ве Асуанскай плаціны). Ад Асуана да Каіра цячэ ў шырокай (да 20—25 км) даліне. За 20 км на Пн ад Каіра пачынаецца дэльта Н. (пл. 22—24 тыс.км²), дзе вылучаюцца 9 вял. і мноства дробных рукавоў і лагунныя азёры (у паўн. частцы). Гал. прытокі ў верхняй палавіне цячэння: Эль-Газаль (злева), Асва, Собат, Блакітны Н., Атбара (справа). Рэжым Н. складаны. У экватарыяльнай зоне павышаныя ўзроўні летам і зімой. У цэнтр. і паўн. Судане і Егіпце падняцце вады ў летне-асенні перыяд. Сярэдні расход вады каля г. Асуан 2,6 тыс.м³/с, макс. — да 15 тыс.м³/с, мінім. — каля 500 м³/с. Падняцце вады ў межах Егіпта пры звычайнай паводцы 6—7 м. Цвёрды сцёк каля г. Асуан 62 млн.м³ за год, большая частка якога ў выглядзе ілу асядае на палях, у арашальных каналах і вадасховішчах. Н. мае вял.эканам. значэнне: асн. крыніца арашэння і пітной вады, важная трансп. артэрыя. У даліне і дэльце Н. жыве амаль усё насельніцтва Егіпта (на 3% тэр. краіны). Для рэгулявання сцёку вады і барацьбы з паводкамі пабудаваны вял. плаціны: Старая Асуанская, Вышынная Асуанская (Егіпет), Сенарская (Судан) і шматлікія дробныя ГЭС: Асуанская, Наг-Хамады, Эль-Фаюм (на канале Юсуф), Оўэн-Фолс (на р. Вікторыя-Н.). Вял. сетка арашальных сістэм. Воды Н. арашаюць каля 2,4 млн.га у Егіпце і каля 1,1 млн.га у Судане. Праз канал Ісмалія забяспечваецца прэснай вадой з дэльты Н. раён Суэцкага канала, праз канал Эль-Махмудыя — г. Александрыя з наваколлем, праз канал Ібрахімія і рукаў Юсуф частка вады Н. паступае ў воз. Біркет-Карун і на арашэнне аазіса Фаюм. Вадасховішчы Насэр, Гебель-Аулія (на р. Белы Н.) і інш. Рыбалоўства. Прамысл. значэнне маюць нільскі акунь, тыгровая рыба, зубаты карп, балці (афр. карп). Даўжыня суднаходных шляхоў бас. Н. 3,2 тыс.км. Суднаходства па Н. (у сярэднім і ніжнім цячэнні), рукавах дэльты (Дум’ят і Рашыд), арашальных каналах, па азёрах Вікторыя, К’ёга, Мабуту-Сесе-Сека, Тана. Найб. гарады: Хартум (Судан), Асуан, Каір, Александрыя (Егіпет). Даліна Н. (асабліва яго густанаселеная дэльта) была адным з цэнтраў стараж. цывілізацыі, якая ўзнікла на базе арашальнага земляробства (гл.Егіпет Старажытны).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
УГА́НДА (Uganda), Рэспубліка Уганда (Republic of Uganda),
дзяржава ва Усх. Афрыцы. Мяжуе на Пн з Суданам, на З з Дэмакр. Рэспублікай Конга, на Пд з Танзаніяй і Руандай, на У з Кеніяй. Пл. 236 тыс.км². Нас. 23,3 млн.чал. (2000). Дзярж. мова — англійская; выкарыстоўваюцца суахілі, луганда. Сталіца — г.Кампала. Падзяляецца на 39 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (9 кастр.).
Дзяржаўны лад. У. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1995. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на 5 гадоў. Заканад. ўладу ажыццяўляе аднапалатны парламент — Нац. сход (276 дэпутатаў; 214 — выбіраюцца ўсеагульным прамым галасаваннем, 62 — калегіяй выбаршчыкаў). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад, які ўзначальвае прэзідэнт.
Прырода. У. размешчана ў межах Усх.-Афрыканскага пласкагор’я. На Пн пашыраны плоскія раўніны (выш. да 1000—1500 м) з астанцовымі гарамі, на Пд — спадзіста-хвалісты рэльеф. На З — глыбокая тэктанічная даліна, або грабен (зах. адгалінаванне Усходне-Афрыканскай рыфтавай сістэмы), занятая азёрамі Мабуту-Сесе-Сека і Эдуард, паміж якімі ўзвышаецца горны масіў Рувензоры (выш. да 5109 м, пік Маргерыта), на ПдЗ — вулканы групы Вірунга, на У — вулкан Элган (выш. да 4322 м). Карысныя выкапні: медныя, кобальтавыя, вальфрамавыя, жал., калумбіта-танталавыя руды, апатыты, золата, берылы, сера, вапнякі і інш. Клімат субэкватарыяльны мусонны. Сярэднія месячныя т-ры ад 18 да 25 °C. Ападкаў ад 750 да 1500 мм і больш за год. Рэкі належаць да бас.р. Ніл. Буйныя азёры: Вікторыя, Мабуту-Сесе-Сека, К’ёга, Эдуард. Глебы чырвоныя фералітныя, у засушлівых раёнах чырвона-бурыя ажалезненыя. Пераважаюць другасныя высакатраўныя саванны, ёсць масівы лістападна-вечназялёных лясоў (пад лесам 28% тэр.). Характэрна вышынная пояснасць ландшафтаў. У складзе жывёльнага свету антылопы, жырафы, гіены, леапарды, малпы, трапляюцца сланы, ільвы, насарогі. Нац. паркі: Рувензоры, Кабарэга, Кідэпа і інш.; некалькі фауністычных рэзерватаў.
Насельніцтва. 99% — афрыканцы, у т. л. народы моўнай групы банту (70% насельніцтва): ганда (17%), сога (8%), н’яколе (7%), руанда (6%), багісу (5%) і інш.; нілоцкай моўнай групы: тэса (8%), лангі (6%), ачолі (4%) і інш. Жывуць таксама еўрапейцы, арабы, азіяты. На тэр. У. каля 205 тыс. бежанцаў з Судана, Руанды і Дэмакр. Рэспублікі Конга. Сярод вернікаў пераважаюць хрысціяне (66%, пратэстанты і католікі), ёсць прыхільнікі мясц.традыц. культаў (18%), мусульмане (16%). Сярэднегадавы прырост насельніцтва 2,7% (2000). Сярэдняя шчыльн. 99 чал. на 1 км².
Найб. густа заселены раён каля воз. Вікторыя, найменш — паўн. і паўн.-ўсх. раёны. Гар. насельніцтва 14%. Найб. гарады: Кампала (1212 тыс.ж., 2000), Джынджа, Кабале, Масака, Мбале, Тарора, Энтэбе. У сельскай гаспадарцы занята 80% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці 4%, у абслуговых галінах 16%.
Гісторыя. Тэр. У. заселена чалавекам з часоў палеаліту. У пач. 1-га тыс.н.э. тут з’явіліся плямёны банту-земляробаў, а ў пач. 2-га тыс. — нілотаў-жывёлаводаў. У 13—14 ст. у Міжазер’і ўзнікла дзяржава Кітара, ад якой у 17—18 ст. гегемонія перайшла да дзяржавы Буньёра (Уньёра). Да пач. 19 ст. ўзвысілася дзяржава народа ганда — Буганда. Першыя еўрапейцы, якія наведалі У. ў 1862, былі англ. падарожнікі Дж.Спік і Дж.Грант. Неўзабаве тут з’явіліся еўрап. місіянеры, пад уплывам якіх правіцель (кабака) Буганды Мутэса I у 1877 прыняў хрысціянства. Паводле герм.-брыт. пагаднення 1890 У. стала сферай брыт. ўплыву. У 1894 Буганда абвешчана брыт. пратэктаратам, да пач. 20 ст.брыт. ўлада пашырылася на ўсю тэр. краіны; Буганда і яе вярхі занялі прывілеяванае становішча ў сістэме калан. кіравання. Пасля 2-й сусв. вайны тут узніклі першыя паліт. партыі. У 1952 створаны Нац. кангрэс У., ад якога ў 1959 адкалоўся Нар. кангрэс У. (НКУ). Адначасова пры падтрымцы правіцеля Буганды Мутэса II засн.арг-цыя «Кабака ека».
9.10.1962 абвешчана незалежнасць У. ў складзе Садружнасці, 9.10.1963 У. абвешчана рэспублікай. Прэм’ер-міністрам У. абраны лідэр НКУ — М.Аботэ, прэзідэнтам — Мутэса II. У маі 1966 Аботэ, які адстойваў ідэю унітарнай рэспублікі, адхіліў ад улады Мутэсу II, які стаяў за федэрацыю, і стаў прэзідэнтам. У вер. 1967 прынята канстытуцыя, якая абвясціла У. унітарнай рэспублікай. 25.5.1971 ваенныя на чале з ген. І.Амінам скінулі Аботэ, прэзідэнтам стаў Амін. Палітыка яго ўрада вызначалася надзвычайным авантурызмам ва ўнутр. і ў знешняй палітыцы. Выгнанне азіятаў у 1972 і татальная карупцыя прывялі эканоміку У. да калапсу, а масавыя паліт. рэпрэсіі, ахвярамі якіх сталі цэлыя народнасці, выклікалі грамадз. вайну. Пасля развязанага Амінам узбр. канфлікту з Танзаніяй танзанійскія войскі сумесна з апазіцыяй У. скінулі рэжым Аміна. У 1980 прэзідэнтам У. зноў абраны Аботэ, але яго ўрад быў няздольны вырашыць складаныя эканам. і міжэтн. праблемы краіны; ён быў вымушаны весці барацьбу з паўстанцамі з Нар. арміі супраціўлення (НАС) на чале з І.Мусевені. У 1986 НАС авалодала сталіцай У., і Мусевені абвешчаны прэзідэнтам краіны. Яго ўрад ажыццявіў шэраг стабілізацыйных мерапрыемстваў для адраджэння эканомікі. У 1995 прынята канстытуцыя У., у 1996 Мусевені на ўсеагульных выбарах абраны прэзідэнтам краіны. У. — чл.ААН (з 1962), Афр. саюза. Дзейнічаюць паліт. партыі: Нац. рух супраціўлення, Нар. кангрэс У., Дэмакр. партыя і інш.Дыпламат. адносіны паміж У. і Рэспублікай Беларусь усталяваны ў кастр. 1998.
Гаспадарка. У. — эканамічна слабаразвітая агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1999 склаў 22,7 млрд.дол., каля 1020 дол. на 1 чал. На долю сельскай гаспадаркі прыпадае каля 40% ВУП, прам-сці — 18%, буд-ва — 7%, сферы паслуг — 35%. Сельская гаспадарка дае каля 95% валютных паступленняў. Пад ворнымі землямі занята 25% тэр., пад шматгадовымі культурамі і пашай — па 9%. Пераважаюць дробнатаварныя гаспадаркі. Гал. экспартныя культуры — кава (збор каля 180 тыс.т штогод, 2-е месца ў Афрыцы), чай, бавоўнік, тытунь — пашыраны на Пд і З краіны. На ўнутр. патрэбы вырошчваюць (млн.т, 1998): бананы (9,3), касаву (2,5), батат (2,4), кукурузу (0,9), проса (0,6), бабовыя (арахіс, соя, сезам — 0,3), сорга, цукр. трыснёг, цытрусавыя.
Бананы вырошчваюць на Пд ад воз. К’ёга, кукурузу на Пн ад воз. Вікторыя, касаву і бабовыя паўсюдна, проса на Пн і З, сорга на ПнУ і ПдЗ краіны. Экстэнсіўная жывёлагадоўля. Гадуюць (млн. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлу (5,5), коз (5,8), авечак (1), свіней (1,4), птушак (22,3). Рыбалоўства (улоў рыбы ў 1999—218 тыс.т). Нарыхтоўка драўніны. У прам-сці гал. роля належыць першаснай апрацоўцы экспартуемай с.-г. сыравіны — кавы, чаю, бавоўны, тытуню — пераважна на дробных прадпрыемствах. Больш значныя прадпрыемствы сканцэнтраваны ў гарадах Джынджа (медзе- і сталеплавільны, дрэваапр. з-ды, тэкст.ф-ка), Кампала (гарбарна-абутковая і тэкст. ф-кі, дрэва- і металаапр. з-ды), Тарора (цэментны, азбеставы і хім. з-ды, ф-ка па вытв-сці джутавых мяшкоў), Мбале (тэкст.ф-ка, харч. і дрэваапр. з-ды). Вытв-сць кухоннай солі і калійных угнаенняў каля воз. Катве. Гал. цэнтр па апрацоўцы рыбы — М’янзі (на воз. Вікторыя). Вытв-сць электраэнергіі (792 млн.кВт∙гадз, 1999) пераважна на ГЭС Оўэн-Фолс і невял. ЦЭС. Транспарт чыг., аўтамаб., паветраны, водны. Даўж. чыгунак 1241 км, аўтадарог 12 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 1,8 тыс.км. 4 аэрапорты. Суднаходства па азёрах Вікторыя і Мабуту-Сесе-Сека. У 1999 экспарт склаў 471 млн.дол., імпарт 1,1 млрд. долараў. Асн. тавары экспарту: кава (70%), рыба і рыбапрадукты, чай, бавоўна, электраэнергія. Імпарт: машыны, нафта, медыкаменты, збожжа. Асн. знешнегандл. партнёры: Кенія, Нідэрланды, Швейцарыя, Германія, Вялікабрытанія, Індыя і інш.Міжнар. турызм (даход 142 млн.дол.). Краіна атрымлівае штогод каля 730 млн.дол.фін. дапамогі ад асобных краін і міжнар. арганізацый. Грашовая адзінка — угандыйскі шылінг.
Герб і сцяг Уганды.Да арт.Уганда. Від на г. Кампала.