Рэспубліка Уганда (Republic of Uganda), дзяржава ва Усх. Афрыцы. Мяжуе на Пн з Суданам, на З з Дэмакр. Рэспублікай Конга, на Пд з Танзаніяй і Руандай, на У з Кеніяй. Пл. 236 тыс.км². Нас. 23,3 млн.чал. (2000). Дзярж. мова — англійская; выкарыстоўваюцца суахілі, луганда. Сталіца — г.Кампала. Падзяляецца на 39 акруг. Нац. свята — Дзень незалежнасці (9 кастр.).
Дзяржаўны лад. У. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1995. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца на 5 гадоў. Заканад. ўладу ажыццяўляе аднапалатны парламент — Нац. сход (276 дэпутатаў; 214 — выбіраюцца ўсеагульным прамым галасаваннем, 62 — калегіяй выбаршчыкаў). Выканаўчую ўладу ажыццяўляе ўрад, які ўзначальвае прэзідэнт.
Прырода. У. размешчана ў межах Усх.-Афрыканскага пласкагор’я. На Пн пашыраны плоскія раўніны (выш. да 1000—1500 м) з астанцовымі гарамі, на Пд — спадзіста-хвалісты рэльеф. На З — глыбокая тэктанічная даліна, або грабен (зах. адгалінаванне Усходне-Афрыканскай рыфтавай сістэмы), занятая азёрамі Мабуту-Сесе-Сека і Эдуард, паміж якімі ўзвышаецца горны масіў Рувензоры (выш. да 5109 м, пік Маргерыта), на ПдЗ — вулканы групы Вірунга, на У — вулкан Элган (выш. да 4322 м). Карысныя выкапні: медныя, кобальтавыя, вальфрамавыя, жал., калумбіта-танталавыя руды, апатыты, золата, берылы, сера, вапнякі і інш. Клімат субэкватарыяльны мусонны. Сярэднія месячныя т-ры ад 18 да 25 °C. Ападкаў ад 750 да 1500 мм і больш за год. Рэкі належаць да бас.р. Ніл. Буйныя азёры: Вікторыя, Мабуту-Сесе-Сека, К’ёга, Эдуард. Глебы чырвоныя фералітныя, у засушлівых раёнах чырвона-бурыя ажалезненыя. Пераважаюць другасныя высакатраўныя саванны, ёсць масівы лістападна-вечназялёных лясоў (пад лесам 28% тэр.). Характэрна вышынная пояснасць ландшафтаў. У складзе жывёльнага свету антылопы, жырафы, гіены, леапарды, малпы, трапляюцца сланы, ільвы, насарогі. Нац. паркі: Рувензоры, Кабарэга, Кідэпа і інш.; некалькі фауністычных рэзерватаў.
Насельніцтва. 99% — афрыканцы, у т. л. народы моўнай групы банту (70% насельніцтва): ганда (17%), сога (8%), н’яколе (7%), руанда (6%), багісу (5%) і інш.; нілоцкай моўнай групы: тэса (8%), лангі (6%), ачолі (4%) і інш. Жывуць таксама еўрапейцы, арабы, азіяты. На тэр. У. каля 205 тыс. бежанцаў з Судана, Руанды і Дэмакр. Рэспублікі Конга. Сярод вернікаў пераважаюць хрысціяне (66%, пратэстанты і католікі), ёсць прыхільнікі мясц.традыц. культаў (18%), мусульмане (16%). Сярэднегадавы прырост насельніцтва 2,7% (2000). Сярэдняя шчыльн. 99 чал. на 1 км².
Найб. густа заселены раён каля воз. Вікторыя, найменш — паўн. і паўн.-ўсх. раёны. Гар. насельніцтва 14%. Найб. гарады: Кампала (1212 тыс.ж., 2000), Джынджа, Кабале, Масака, Мбале, Тарора, Энтэбе. У сельскай гаспадарцы занята 80% эканамічна актыўнага насельніцтва, у прам-сці 4%, у абслуговых галінах 16%.
Гісторыя. Тэр. У. заселена чалавекам з часоў палеаліту. У пач. 1-га тыс.н.э. тут з’явіліся плямёны банту-земляробаў, а ў пач. 2-га тыс. — нілотаў-жывёлаводаў. У 13—14 ст. у Міжазер’і ўзнікла дзяржава Кітара, ад якой у 17—18 ст. гегемонія перайшла да дзяржавы Буньёра (Уньёра). Да пач. 19 ст. ўзвысілася дзяржава народа ганда — Буганда. Першыя еўрапейцы, якія наведалі У. ў 1862, былі англ. падарожнікі Дж.Спік і Дж.Грант. Неўзабаве тут з’явіліся еўрап. місіянеры, пад уплывам якіх правіцель (кабака) Буганды Мутэса I у 1877 прыняў хрысціянства. Паводле герм.-брыт. пагаднення 1890 У. стала сферай брыт. ўплыву. У 1894 Буганда абвешчана брыт. пратэктаратам, да пач. 20 ст.брыт. ўлада пашырылася на ўсю тэр. краіны; Буганда і яе вярхі занялі прывілеяванае становішча ў сістэме калан. кіравання. Пасля 2-й сусв. вайны тут узніклі першыя паліт. партыі. У 1952 створаны Нац. кангрэс У., ад якога ў 1959 адкалоўся Нар. кангрэс У. (НКУ). Адначасова пры падтрымцы правіцеля Буганды Мутэса II засн.арг-цыя «Кабака ека».
9.10.1962 абвешчана незалежнасць У. ў складзе Садружнасці, 9.10.1963 У. абвешчана рэспублікай. Прэм’ер-міністрам У. абраны лідэр НКУ — М.Аботэ, прэзідэнтам — Мутэса II. У маі 1966 Аботэ, які адстойваў ідэю унітарнай рэспублікі, адхіліў ад улады Мутэсу II, які стаяў за федэрацыю, і стаў прэзідэнтам. У вер. 1967 прынята канстытуцыя, якая абвясціла У. унітарнай рэспублікай. 25.5.1971 ваенныя на чале з ген. І.Амінам скінулі Аботэ, прэзідэнтам стаў Амін. Палітыка яго ўрада вызначалася надзвычайным авантурызмам ва ўнутр. і ў знешняй палітыцы. Выгнанне азіятаў у 1972 і татальная карупцыя прывялі эканоміку У. да калапсу, а масавыя паліт. рэпрэсіі, ахвярамі якіх сталі цэлыя народнасці, выклікалі грамадз. вайну. Пасля развязанага Амінам узбр. канфлікту з Танзаніяй танзанійскія войскі сумесна з апазіцыяй У. скінулі рэжым Аміна. У 1980 прэзідэнтам У. зноў абраны Аботэ, але яго ўрад быў няздольны вырашыць складаныя эканам. і міжэтн. праблемы краіны; ён быў вымушаны весці барацьбу з паўстанцамі з Нар. арміі супраціўлення (НАС) на чале з І.Мусевені. У 1986 НАС авалодала сталіцай У., і Мусевені абвешчаны прэзідэнтам краіны. Яго ўрад ажыццявіў шэраг стабілізацыйных мерапрыемстваў для адраджэння эканомікі. У 1995 прынята канстытуцыя У., у 1996 Мусевені на ўсеагульных выбарах абраны прэзідэнтам краіны. У. — чл.ААН (з 1962), Афр. саюза. Дзейнічаюць паліт. партыі: Нац. рух супраціўлення, Нар. кангрэс У., Дэмакр. партыя і інш.Дыпламат. адносіны паміж У. і Рэспублікай Беларусь усталяваны ў кастр. 1998.
Гаспадарка. У. — эканамічна слабаразвітая агр. краіна. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 1999 склаў 22,7 млрд.дол., каля 1020 дол. на 1 чал. На долю сельскай гаспадаркі прыпадае каля 40% ВУП, прам-сці — 18%, буд-ва — 7%, сферы паслуг — 35%. Сельская гаспадарка дае каля 95% валютных паступленняў. Пад ворнымі землямі занята 25% тэр., пад шматгадовымі культурамі і пашай — па 9%. Пераважаюць дробнатаварныя гаспадаркі. Гал. экспартныя культуры — кава (збор каля 180 тыс.т штогод, 2-е месца ў Афрыцы), чай, бавоўнік, тытунь — пашыраны на Пд і З краіны. На ўнутр. патрэбы вырошчваюць (млн.т, 1998): бананы (9,3), касаву (2,5), батат (2,4), кукурузу (0,9), проса (0,6), бабовыя (арахіс, соя, сезам — 0,3), сорга, цукр. трыснёг, цытрусавыя.
Бананы вырошчваюць на Пд ад воз. К’ёга, кукурузу на Пн ад воз. Вікторыя, касаву і бабовыя паўсюдна, проса на Пн і З, сорга на ПнУ і ПдЗ краіны. Экстэнсіўная жывёлагадоўля. Гадуюць (млн. галоў, 1997): буйн. раг. жывёлу (5,5), коз (5,8), авечак (1), свіней (1,4), птушак (22,3). Рыбалоўства (улоў рыбы ў 1999—218 тыс.т). Нарыхтоўка драўніны. У прам-сці гал. роля належыць першаснай апрацоўцы экспартуемай с.-г. сыравіны — кавы, чаю, бавоўны, тытуню — пераважна на дробных прадпрыемствах. Больш значныя прадпрыемствы сканцэнтраваны ў гарадах Джынджа (медзе- і сталеплавільны, дрэваапр. з-ды, тэкст.ф-ка), Кампала (гарбарна-абутковая і тэкст. ф-кі, дрэва- і металаапр. з-ды), Тарора (цэментны, азбеставы і хім. з-ды, ф-ка па вытв-сці джутавых мяшкоў), Мбале (тэкст.ф-ка, харч. і дрэваапр. з-ды). Вытв-сць кухоннай солі і калійных угнаенняў каля воз. Катве. Гал. цэнтр па апрацоўцы рыбы — М’янзі (на воз. Вікторыя). Вытв-сць электраэнергіі (792 млн.кВт∙гадз, 1999) пераважна на ГЭС Оўэн-Фолс і невял. ЦЭС. Транспарт чыг., аўтамаб., паветраны, водны. Даўж. чыгунак 1241 км, аўтадарог 12 тыс.км, у т. л. з цвёрдым пакрыццём 1,8 тыс.км. 4 аэрапорты. Суднаходства па азёрах Вікторыя і Мабуту-Сесе-Сека. У 1999 экспарт склаў 471 млн.дол., імпарт 1,1 млрд. долараў. Асн. тавары экспарту: кава (70%), рыба і рыбапрадукты, чай, бавоўна, электраэнергія. Імпарт: машыны, нафта, медыкаменты, збожжа. Асн. знешнегандл. партнёры: Кенія, Нідэрланды, Швейцарыя, Германія, Вялікабрытанія, Індыя і інш.Міжнар. турызм (даход 142 млн.дол.). Краіна атрымлівае штогод каля 730 млн.дол.фін. дапамогі ад асобных краін і міжнар. арганізацый. Грашовая адзінка — угандыйскі шылінг.
Герб і сцяг Уганды.Да арт.Уганда. Від на г. Кампала.