СЕНСО́РНЫЯ СІСТЭ́МЫ, аналізатары,

сукупнасць перыферычных і цэнтральных нерв. утварэнняў, якія ўспрымаюць і аналізуюць інфармацыю аб уздзеянні на арганізм раздражняльнікаў. Перыферычныя аддзелы С.с. — рэцэптары — размешчаны на паверхні цела (у скуры, слізістых абалонках), у глыбіні (напр., механарэцэптары сардэчна-сасудзістай сістэмы), уваходзяць у склад сенсорных органаў (напр., вока, вуха). Сігналы ад рэцэптараў па сенсорных (аферэнтных) нервах паступаюць у ц. н. с., дзе інфармацыя перапрацоўваецца. Участкі кары вял. паўшар’яў, куды пераважна паступаюць аферэнтныя імпульсы, з’яўляюцца праекцыяй рэцэптарных палёў у кары і ўяўляюць коркавыя аддзелы С.с. (напр., зрокавая зона знаходзіцца пераважна ў патылічнай вобласці кары, слыхавыя — у скроневай). У выніку ўзгодненай работы розных С.с. у вял. паўшар’ях фарміруецца праграма паводзін і ацэнка выкананага дзеяння.

Літ.:

Судаков К.В. Общая теория функциональных систем. М., 1984;

Крылова А.Л. Физиология сенсорных систем. М., 1986.

С.​С.​Ермакова.

т. 14, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

сенсо́рны

прыметнік, адносны

адз. мн.
м. ж. н. -
Н. сенсо́рны сенсо́рная сенсо́рнае сенсо́рныя
Р. сенсо́рнага сенсо́рнай
сенсо́рнае
сенсо́рнага сенсо́рных
Д. сенсо́рнаму сенсо́рнай сенсо́рнаму сенсо́рным
В. сенсо́рны (неадуш.)
сенсо́рнага (адуш.)
сенсо́рную сенсо́рнае сенсо́рныя (неадуш.)
сенсо́рных (адуш.)
Т. сенсо́рным сенсо́рнай
сенсо́рнаю
сенсо́рным сенсо́рнымі
М. сенсо́рным сенсо́рнай сенсо́рным сенсо́рных

Іншыя варыянты: сэнсо́рны.

Крыніцы: krapivabr2012, piskunou2012, prym2009, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

АНАЛІЗА́ТАРЫ ў біялогіі,

Сенсорныя сістэмы.

т. 1, с. 334

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРСЕВЕРА́ЦЫЯ (ад лац. perseveratio упартасць),

настойлівае ўзнаўленне ў чалавека якога-н. псіхічнага вобраза, дзеяння, стану (рухаў вобразаў або думак). Адрозніваюць П.: рухальныя (маторныя), сенсорныя (напр., пры некаторых формах эйдэтызму), эмацыянальныя (П. афекту) або інтэлектуальныя. Назіраецца ў паўсядзённым жыцці (у выглядзе памылак дзеянняў, апісак і інш.), асабліва пры стомленасці ці стрэсах, у паталогіі — пры псіхічных захворваннях, пашкоджаннях мозга. Уласна П. як з’явы, у значнай ступені адасобленыя і выпадковыя ў агульным кантэксце псіхічнага жыцця чалавека, трэба адрозніваць ад вядомых у псіхіятрыі idee fixe (неадчэпных думак).

т. 12, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭКСТЭРАЦЭ́ПТАРЫ, экстэрарэцэптары (ад лац. exter вонкавы + рэцэптары),

высокаспецыялізаваныя адчувальныя ўтварэнні, што ўспрымаюць раздражненні з вонкавага асяроддзя. Размешчаны на паверхні цела чалавека і жывёл дыфузна або сканцэнтраваны ў пачуццяў органах. У залежнасці ад віду раздражнення, што ўспрымаецца, адрозніваюць механарэцэптары скуры (тактыльныя), хемарэцэптары (смаку органы і нюху органы), тэрмарэцэптары скуры, фотарэцэптары, рэцэптары слыху органаў і раўнавагі органаў. У дэльфінаў, кажаноў, начных матылькоў ёсць рэцэптары, чуллівыя да ультрагуку, у некат. рыб — да эл. палёў. Гл. таксама Сенсорныя сістэмы.

А.​С.​Леанцюк.

т. 18, кн. 1, с. 80

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЭНТРАІМКЛІ́ВЫЯ НЕРВО́ВЫЯ ВАЛО́КНЫ, аферэйтныя, сенсорныя, адчувальныя валокны,

адросткі нервовых клетак (аксоны) разам з іх абалонкамі, якія перадаюць узбуджэнне ад знешніх і ўнутр. рэцэптараў у цэнтральную нервовую сістэму (да спіннога мозга або да розных аддзелаў галаўнога мозга). Нерв. клеткі размешчаны або ў рэцэптарным органе, або ў спецыфічных адчувальных гангліях. Падзяляюцца на зрокавыя, слыхавыя, нюхальныя і інш. Некат. цэнтраімклівыя нервы складаюцца з валокнаў розных рэцэптараў (напр., скурныя і мышачныя), большасць — з валокнаў аднаго тыпу адчувальнасці. Уласна цэнтраімклівыя нервы сустракаюцца рэдка, звычайна маюць у сабе і цэнтрабежныя нервовыя валокны (змешаныя нервы).

т. 17, с. 167

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ФІЗІЯЛО́ГІЯ ПРА́ЦЫ,

раздзел фізіялогіі, які вывучае працэсы і асаблівасці іх рэгуляцыі ў час працоўнай дзейнасці чалавека. Як самаст. дысцыпліна склалася ў 2-й пал. 19 ст. (працы Г.Л.​Ф.​Гельмгольца, Э.Дзюбуа-Рэймона, І.М.Сечанава і інш.). Асн. задачы: вызначэнне аптымальных характарыстык, што спрыяюць захаванню працаздольнасці на высокім узроўні, і распрацоўка мерапрыемстваў па ахове здароўя, якія засцерагаюць чалавека ад уздзеяння неспрыяльных фактараў. Вывучаецца комплекс фізіял. працэсаў: дыханне, кровазварот, страваванне, функцыі вышэйшай нерв. дзейнасці, сенсорныя і рухальныя працэсы, а таксама актывацыйныя рэакцыі, што забяспечваюць рэалізацыю патэнцыяльных магчымасцей чалавека. На Беларусі праблемы Ф.п. даследуюцца ў Рэсп. навук.-практычным цэнтры гігіены.

т. 16, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕСКАНТА́КТАВАЯ КАМУТАЦЫ́ЙНАЯ АПАРАТУ́РА,

электратэхнічныя і электронныя прылады, у якіх камутацыя эл. ланцугоў (замыканне, размыканне, пераключэнне), а таксама пераўтварэнне току або напружання ажыццяўляецца без іх мех. разрыву. У стане «выключана» праз кіравальны элемент (транзістар, магнітны ўзмацняльнік, тырыстар), які ўключаны ў ланцуг паслядоўна з нагрузкай, працякае эл. ток нязначнай сілы з прычыны высокага супраціўлення элемента ў закрытым стане; у стане «ўключана» супраціўленне значна змяншаецца.

Бескантактавая камутацыйная апаратура адрозніваецца высокай надзейнасцю, павышаным хуткадзеяннем. Выкарыстоўваецца ў сістэмах камутацыі і аховы эл. установак (у т. л. крыніц сілкавання), у бескантактавых сістэмах кіравання і рэгулявання і інш., напр., сенсорныя пераключальнікі тэлевізійных каналаў, камутацыйныя блокі электронных АТС, тырыстарныя пераключальнікі электрапрыводаў.

т. 3, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭСЦІ́РАВАННЕ (ад тэст),

метад псіхал. дыягностыкі і сацыялагічнага даследавання, які выкарыстоўвае тэсты — стандартызаваныя заданні, па выніках выканання якіх вымяраюць пэўныя псіхал. характарыстыкі, узровень развіцця навыкаў, уменняў і ведаў рэспандэнтаў. Асн. сферы выкарыстання Т. — адукацыя, прафес. падрыхтоўка і адбор, псіхал. кансультаванне. Уключае 3 этапы: распрацоўка тэста і вызначэнне ступені яго валіднасці (дакладнасці); правядзенне Т. на аснове распрацаванай інструкцыі; інтэрпрэтацыя вынікаў Т. У залежнасці ад мэты Т. тэсты класіфікуюцца паводле спосабу іх правядзення (індывід. і групавыя), паводле фармальнай структуры (простыя і складаныя, што ўключаюць некалькі субтэстаў), паводле аб’екта вывучэння (тэсты дасягненняў: сенсорныя, маторныя, на інтэлект, творчыя здольнасці, веды; асобасныя: характаралагічныя, на тэмперамент, устаноўкі, інтарэсы), паводле ступені дасведчанасці рэспандэнтаў пра задачы Т. (прамыя і непрамыя) і паводле інш. крытэрыяў.

т. 16, с. 145

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЕНСО́РНАЕ ВЫХАВА́ННЕ,

мэтанакіраванае развіццё і ўдасканаленне сенсорных працэсаў (адчуванняў, успрымання, уяўленняў). Садзейнічае ўсебаковаму развіццю асобы, пачуццёваму пазнанню; з’яўляецца асновай для разумовага выхавання, фізічнага выхавання, эстэтычнага выхавання. Уключае фарміраванне ўспрымання формы, памеру, прасторавых адносін паміж прадметамі, колеру, развіццё гукавога аналізу мовы, муз. слыху, рухальных адчуванняў і інш. У працэсе С.в. падрыхтоўваецца пераход ад пачуццёвага да рацыянальнага пазнання, ад успрымання да мыслення, фарміруецца аснова для практычнай і інтэлектуальнай дзейнасці. У сувязі з тым, што сенсорныя працэсы найб. інтэнсіўна развіваюцца ў дашкольным дзяцінстве, С.в. — адна з цэнтр. праблем дашкольнай педагогікі (Я.​А.​Каменскі, І.​Г.​Песталоці, Ф.​Фрэбель, М.​Мантэсоры і інш.). У раннім і дашкольным дзяцінстве развіццё сенсорных працэсаў цесна звязана з практычнай дзейнасцю, таму найважнейшую ролю ў С.в. адыгрываюць гульні, заняткі маляваннем, лепкай, музыкай, канструяваннем, а таксама славеснае абазначэнне якасцей прадметаў. Развіццё агульных інтэлектуальных здольнасцей чалавека ў значнай ступені абумоўлена асаблівасцямі яго С.в. ў дзяцінстве.

т. 14, с. 333

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)