све́дка, -і, ДМ -у, Т -ам, м.; ДМ -дцы, Т -ай (-аю), ж., мн. -і, -дак.

1. Чалавек, які непасрэдна прысутнічаў пры якой-н. падзеі, здарэнні; сучаснік і назіральнік чаго-н.

Быць сведкам бойкі.

2. Асоба, якая прысутнічае пры чым-н. для афіцыйнага пацвярджэння сапраўднасці ці правільнасці таго, што адбываецца.

Прысутнічаць сведкамі пры рэгістрацыі шлюбу.

3. Асоба, якая выклікаецца ў суд, каб даць паказанні пра вядомыя ёй абставіны па справе.

Быць за сведку ў судзе.

|| прым. све́дкавы, -ая, -ае.

Сведкавыя паказанні.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

све́дка

назоўнік, агульны, адушаўлёны, асабовы, мужчынскі род, 2 скланенне

адз. мн.
Н. све́дка све́дкі
Р. све́дкі све́дак
Д. све́дку све́дкам
В. све́дку све́дак
Т. све́дкам све́дкамі
М. све́дку све́дках

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

све́дка

назоўнік, агульны, адушаўлёны, асабовы, жаночы род, 2 скланенне

адз. мн.
Н. све́дка све́дкі
Р. све́дкі све́дак
Д. све́дцы све́дкам
В. све́дку све́дак
Т. све́дкай
све́дкаю
све́дкамі
М. све́дцы све́дках

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

све́дка м. и ж.

1. (о мужчине) свиде́тель, очеви́дец; (о женщине) свиде́тельница, очеви́дица;

яны́ развіта́ліся без ~дак — они́ прости́лись без свиде́телей;

быць за ~ку — быть свиде́телем (очеви́дцем), свиде́тельницей (очеви́дицей);

2. юр. (о мужчине) свиде́тель; (о женщине) свиде́тельница;

паказа́нні ~дак — показа́ния свиде́телей

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

све́дка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑дцы, Т ‑ай (‑аю), ж.

1. Той, хто непасрэдна прысутнічаў пры якім‑н. здарэнні, падзеі. Аднойчы нечакана быў я сведкам. Як чалавек абразіў чалавека. Чарнушэвіч. Толькі не за свае мінулыя ўчынкі перажываў.. [Андрэй] — баяўся таго адзінага сведкі, які, магчыма, аднойчы з явіцца ў вёсцы, і ўсё таемнае стане яўным. Ваданосаў. // Сучаснік і назіральнік чаго‑н. Як жывы сведка мінуўшчыны, адзін стары дзед Лявон астаўся тут. Бядуля. Скажы хутчэй, — і сведка і прычына Таго, чым стаў і чым мне быць навек, Вялікая, Нязгасная, Жанчына, Таварыш, Спадарожнік, Чалавек. Кірэенка. / Аб прадметах. Сена, салома, кучка сечкі, шулы, цапы, граблі, — усё гэта бясслоўныя, але шчырыя памочнікі або маўклівыя, але ўважлівыя сведкі яго [дзедавай] працы. Колас. Гэтыя высокія ліпы чулі шчырыя словы прызнання, былі сведкамі нараджэння бессмяротных радкоў. С. Александровіч. / Аб пісьмовых помніках, творах. Яго [Хвядоса Шынклера] творы — жывыя сведкі рэчаіснасці. Арабей. / у вобразным ужыв. А вецер, той гутаркі ўдзельнік і сведка, Ціхутка галінкі на дрэвах кране. А. Вольскі.

2. Асоба, якая выклікаецца ў суд, каб даць паказанні пра вядомыя ёй абставіны па справе. Браць у сведкі. □ Памятаю выпадак, калі ён [Самуйлёнак] быў за сведку ў судзе пры разглядзе справы нейкага Падвальнага. Хведаровіч.

3. Асоба, якая прысутнічае пры чым‑н. для афіцыйнага пасведчання сапраўднасці ці правільнасці таго, што адбываецца. Прачытаць завяшчанне пры сведках. □ Ракіцкі з Надзейкай былі ў ліку бліжэйшых сяброў маладых. Прысутнічалі сведкамі, як тыя распісваліся, пілі потым шампанскае ў пакоі Аліны ў дзявочым інтэрнаце. Хадкевіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

СВЕ́ДКА ў юрыспрудэнцыі,

асоба, адносна якой ёсць падставы меркаваць, што ёй вядомы нейкія акалічнасці па крымін., адм. або цывільнай справе, выкліканая органам, што вядзе следства, справу аб адм. правапарушэнні, або судовы працэс, для дачы паказанняў. Асоба, выкліканая ў якасці С., абавязана з’явіцца па выкліку і даць праўдзівыя паказанні. За адмову або ўхіленне ад дачы паказанняў, за дачу заведама лжывага паказання па крымін. і цывільных справах С. нясе крымін. адказнасць у адпаведнасці з законам. Працэсуальнае заканадаўства Рэспублікі Беларусь вызначае кола асоб, якія не падлягаюць допыту ў якасці С.: падазроныя; асобы, што па ўзросце, фіз. або псіхічным стане здароўя не здольны правільна ўспрымаць акалічнасці, што належаць высвятленню па справе, і некат. інш.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 14, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

све́дка м. Zéuge m -n, -n, Áugenzeuge m -n, -n; (пра жанчыну) Zéugin f -, -nen;

све́дка абвінава́чвання юрыд. Belástungszeuge m;

све́дка абаро́ны юрыд. Entlástungszeuge m;

клі́каць каго-н. у све́дкі j-n zum Zéugen ánrufen*

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

Све́дка ‘той, хто непасрэдна прысутнічаў пры якім-небудзь здарэнні, падзеі’ (ТСБМ, Нас., Гарэц., Мал., Мядзв., Бяльк., Сл. ПЗБ, Сцяшк.; Нік. Очерки), сьве́дка (świedka) ‘тс’ (Касп., Пятк. 2), ст.-бел. съвѣдъка побач з свѣдокъ ‘тс’. Укр. сві́дка, сві́док, польск. świadek, в.-луж. swědk, чэш. svědek, славац. svedok, серб.-харв. свјѐдок, славен. svedok, балг. дыял. све́док, макед. сведок ‘тс’. Прасл. *sъvědokъ, *sъvědъkъ ‘сведка’ вытворнае ад прасл. *sъ‑věděti ‘даведацца, ведаць, ведаць добра’ < прасл. *věděti ‘ведаць’ (Карскі, 1, 388; Шустар-Шэўц, 1385–1386; Глухак, 600; ЕСУМ, 5, 194; Борысь, 620). Параўн. таксама рус. свиде́тель, балг. свиде́тел, ст.-сл. съвѣдѣтедь, гэтую форму Махэк₂ (594) лічыць праславянскай, а формы з ‑к‑суфіксацыяй узніклымі пазней, шляхам механічнага скарачэння і замены суф. ‑teľ. Пераход слова да асноў на ‑а можна тлумачыць вынікам аналогіі з назвамі асоб тыпу суддзя, старшыня і інш.; параўн. Карскі 2–3, 15. Гл. яшчэ Фасмер, 3, 577; Брукнер, 535 і БЕР, 6, 537–538. Гл. таксама светка, свідзецель.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

сведка, відавочца, паняты / на дуэлі: секундант (уст.)

Слоўнік сінонімаў і блізказначных слоў, 2-е выданне (М. Клышка, правапіс да 2008 г.)

відаво́чнік, -а, мн. -і, -аў, м.

Сведка якога-н. здарэння, падзеі.

|| ж. відаво́чніца, -ы, мн. -ы, -ніц.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)