Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВАНЫ́НІ, Гвагнін (Guagnini) Аляксандр (1534, г. Верона, Італія — 1614), польскі гісторык. З 1550-х г. у Польшчы. Служыў ротмістрам у войску ВКЛ. З 1561 удзельнічаў у Лівонскай вайне 1558—83, камендант Віцебска. Пасля ў Кракаве, дзе ў 1578 выдаў на лац. мове «Хроніку Еўрапейскай Сарматыі», якая на Беларусі была вядома ў выданні на польск. мове (Кракаў, 1611). Кніга багата ілюстравана, у ёй шмат звестак па гісторыі і геаграфіі Польшчы і ВКЛ, апісаны гарады і крэпасці Беларусі, матэрыяльная і духоўная культура, звычаі і абрады насельніцтва Беларусі, пераважна Верхняга Падняпроўя. Пры перавыданні Гваныні дадаў звесткі пра Лівонскую вайну з паходам Стафана Баторыя на Пскоў (1581) уключна. Нягледзячы на шматлікія запазычанні ў тэксце, асабліва ў М.Стрыйкоўскага, які служыў пад камандай Гваныні, ёсць у кнізе і новыя матэрыялы. Хроніка Гваныні была перакладзена на чэш., ням. і італьян. мовы.
Літ.:
Витебская старина /Сост. А.П.Сапунов. Т. 4. Витебск, 1885.
А.П.Грыцкевіч.
т. 5, с. 99
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРО́ЎСКІ (Bobrowski) Іаганес
(9.4.1917, г. Тыльзіт, цяпер Савецк Калінінградскай вобл., Расія — 2.9.1965),
нямецкі пісьменнік. Вучыўся ў Кёнігсбергскай класічнай гімназіі. У 1941 мабілізаваны на Усх. фронт. У 1945—49 у палоне ў СССР. Аўтар зб-каў вершаў «Сармацкі час» (1961), «Зямля ценяў і рэк» (1962), «Прыкметы надвор’я» (1966), «У зарасніках ветру» (1970), раманаў «Млын Левіна» (1964), «Літоўскія клавіры» (1966), кн. навел «Бёлендорф і мышынае свята» (1965), «Прарок» (1967). Асн. тэма творчасці — асэнсаванне гіст. віны немцаў перад інш. народамі. З яго твораў паўстае вобраз Сарматыі — краю паміж Віслай і Нёманам, паэт уваскрашае абліччы і галасы ахвяр — ад знішчаных тэўтонцамі ў 12 ст. прусаў (праграмная «Элегія памяці прусаў», 1952) да яўрэяў, цыганоў і славян, што загінулі ад рук фашыстаў. Вершы «Радзіма мастака Шагала», «Заходняя Дзвіна», «Вільня», «Мемель» і інш. перадаюць непаўторную прыгажосць бел.-літоўскага краю, насычаны матывамі бел. і літоўскага фальклору. Асобныя яго творы на бел. мову перакладалі Ю.Гаўрук, М.Навіцкі, Я.Семяжон, В.Сёмуха.
Тв.:
Рус. пер. — Избранное. М., 1971.
Г.В.Сініла.
т. 2, с. 184
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)