РУСЕ́ЦКІ (Анатоль Максімавіч) (н. 14.2.1951, г. Барысаў Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне электроннага машынабудавання. Д-р тэхн. н. (2000). Скончыў БПІ (1973). З 1973 у Ін-це фізікі АН Беларусі, з 1977 у КБ «Імпульс», з 1981 у НВА «Планар». З 1997 нам. міністра прам-сці Беларусі. Адначасова з 1986 у БПА, Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі (з 2000 праф.). Навук. працы па тэорыі прэцызійных механізмаў, гібкіх вытв. сістэмах для дакладнага электроннага машынабудавання. Распрацаваў агульныя метады структурнага, кінематычнага, дынамічнага аналізу і аптымізацыйнага праектавання прэцызійных каардынатных сістэм. Дзярж. прэмія Беларусі (1996).

Тв.:

Координатные позиционеры гибких производственных систем для электронного машиностроения. Мн., 1998;

Оптимизационное проектирование прецизионных координатных систем и механизмов оборудования производства электронной техники. Мн., 1999 (у сааўт.).

М.​П.​Савік.

т. 13, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУСЕ́ЦКІ (Баляслаў) (Міхаіл Юрый) Канутавіч (23.11.1824, Рым — 31.1.1913),

жывапісец, графік. Творчасць звязана з маст. жыццём Беларусі і Літвы. Вучыўся ў бацькі К.Русецкага, Пецярбургскай АМ (1843—50). Пасля 1853 жыў у Парыжы і Італіі, з пач. 1860-х г. — у Вільні, Гродне, Беластоку, маёнтку Янавічы на Беласточчыне. Працаваў пераважна ў жанры партрэта, пісаў пейзажы, кампазіцыі на рэліг. тэмы. У пач. 20 ст. ўдзельнічаў у афармленні перыяд. выданняў на Беларусі. Сярод твораў: «Жаночы партрэт» (1850), «Партрэт сенатара Навасільцава з сынам», «Партрэт Карповіча» (абодва 1851), «Партрэт Паўлоўскага», аўтапартрэт (абодва 1852), «Партрэт генерала Бібікава» (1854), «Партрэт жанчыны ў белым», алегарычная кампазіцыя «Упадзенне ракі Віліі ў Нёман» (1853), алтарная карціна «Св. Казімір» (1857) для фарнага касцёла ў Гродне. Выканаў шэраг фрэскавых размалёвак у касцёлах Гродна і ў Турчанах (Беласточчына).

Літ.:

Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX—начала XX в. Мн., 1974.

Р.​Р.​Бадзін.

т. 13, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУСЕ́ЦКІ (Канут Іванавіч) (1801, в. Сцебекяй каля, г. Паневяжыс, Літва — 21.8.1860),

жывапісец, педагог; прадстаўнік класіцызму. Творчасць звязана з маст. жыццём Беларусі і Літвы. Вучыўся ў Віленскім ун-це (1818—21), у АМ у Парыжы (1821—22) і Рыме (1823—25), там жа стыпендыят Віленскага ун-та (1826—31). З 1831 у Вільні, з 1834 выкладчык жывапісу і малюнка ў шляхецкім пансіёне, у 1839—48 — шляхецкім ін-це. У 1840-я г. на Беларусі. Пісаў партрэты, пейзажы, працаваў у акварэлі. Сярод твораў: «Італьянец усміхаецца» (1823), «Клятва карбанарыяў» (1826), «Уцёкі ў Егіпет» (1828), аўтапартрэт, партрэт сына (1843), «Жняя», «Партрэт бацькі» (абодва 1845), «Літоўка з вербамі» (1847), «Паляванне на зуброў» (1844—51), «Панарама горада Вільні» (1850), «Селянін з мётламі» (1851), «Літоўская рыбачка» (1856), «Млын Патоцкага ў Паплавах» (1855), «Пейзаж са скачкамі», «Вербная нядзеля» і інш. Аўтар шэрагу пейзажаў ваколіц Навагрудка, Ашмяншчыны, Белавежскай пушчы, у якіх этнагр. дакладнасць выдатна спалучаецца з выразнай манерай пісьма.

Літ.:

Дробов Л.Н. Живопись Белоруссии XIX — начала XX в. Мн., 1974.

Р.​Р.​Бадзін.

К.Русецкі. Літоўка з вербамі. 1847.

т. 13, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУСЕ́ЦКІ (Аркадзь Уладзіміравіч) (н. 1.11.1942, в. Гірэвічы Валожынскага р-на Мінскай вобл.),

бел. гісторык, культуролаг. Д-р гіст. н. (1990), праф. (1996). Скончыў БДУ (1969). З 1967 на камсам., парт. і пед. рабоце ў Віцебску. З 1985 1-ы нам. заг. аддзела прапаганды і агітацыі, заг. ідэалаг. аддзела, сакратар ЦК КПБ. З 1991 у БДУ, з 1992 дырэктар Віцебскага філіяла, нам ген. дырэктара Міжнар. ін-та менеджменту. З 1993 нам. дырэктара Віцебскага абл. ін-та ўдасканалення настаўнікаў, з 1995 нам., 1-ы нам. старшыні Віцебскага гарвыканкома, з 1997 рэктар Віцебскага дзярж. ун-та імя П.​М.​Машэрава. Чл. Савета Рэспублікі Нац. сходу Рэспублікі Беларусь з 2000. Даследуе тэорыю, гісторыю, праблемы сучаснага развіцця маст. культуры Беларусі, творчасць У.​Караткевіча, В.​Быкава, Р.​Барадуліна, Г.​Бураўкіна, А.​Вярцінскага, С.​Законнікава, Я.​Сіпакова, А.​Вялюгіна. Аўтар навуч. дапаможнікаў. Чл.-кар. Нац. акадэміі адукацыі Рэспублікі Беларусь (1998).

Тв.:

Художественная культура и патриотическое воспитание. Мн., 1980;

Ісці да чалавека. Мн., 1987;

Художественная культура: возрастание роли и проблемы развития. Мн., 1988;

Мастацкая культура Беларусі: [Тэорыя і гісторыя]. Віцебск, 1998;

Уладзімір Караткевіч: Праз гісторыю ў сучаснасць. [2 выд.] Мн., 2000;

Дзень за днём. Мн., 2000;

Художественная культура Витебска с древности до 1917 г. Мн., 2001 (разам з Ю.​А.​Русецкім).

М.​П.​Савік.

т. 13, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РУСЕ́ЦКІ (сапр. Бурдзялёў) Аляксей Сцяпанавіч

(4.12.1912, в. Студзянец Касцюковіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 17.6.2000),

бел. паэт. Засл. работнік культ. Беларусі (1983). Скончыў Маскоўскі зоаветэрынарны ін-т (1935). Працаваў бактэрыёлагам ва Узбекістане, Краснаярскім краі, Хакасіі, у Маскве, Мінску. З 1947 літ. кансультант Саюза бел. пісьменнікаў, у час. «Беларусь», у 1967—72 нам. гал. рэдактара час. «Полымя». Друкаваўся з 1934. Тэматыка вершаў — краса роднай зямлі, каханне, стваральная праца народа, яго гісторыя, заклапочанасць лёсам планеты і чалавека на ёй (зб-кі «У заўтрашні свет», 1951; «Святло акон тваіх», 1959; «Служба святла», 1967; «Зямля гаворыць зорам», 1971). Яго творы вылучаюцца філас. напружаннем думкі, увядзеннем у стылістыку вершаў тэрміналогіі розных галін навукі, што характарызуе лірычнага героя як чалавека справы. Адзін з заснавальнікаў ліра-маналагічнай паэмы ў бел. паэзіі («Яго Вялікасць», 1964; «Маналог Зямлі», 1969). У паэмах «Айкумена» (1982) і «Хвала жыццю» (1985) стварыў манумент. вобраз Чалавека, злучыў асабісты лёс лірычнага героя з лёсам Радзімы, з глабальнымі праблемамі Сусвету, як маральную каштоўнасць сённяшняга часу сцвярджае асабістую адказнасць чалавека за далейшае існаванне зямной цывілізацыі. За кн. «Крокі сэрца» (1980) літ. прэмія імя А.​Куляшова 1981. На бел. мову пераклаў паасобныя творы М.​Някрасава, А.​Міцкевіча, М.​Упеніка.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1982;

[Вершы і паэма «Яго Вялікасць»]. Мн., 1969;

Два колеры жыцця. Мн., 1973;

Позірк. Мн., 1977;

Паэмы. Мн., 1979;

Ісці да чалавека: Літ. партрэты. Мн., 1987;

Хвала жыццю. Мн., 1987.

Літ.:

Бярозкін Р. Спадарожніца часу. Мн., 1961;

Арочка М.М. Беларуская савецкая паэма. Мн., 1979;

Ярац В. Сінтэз традыцый і наватарства // Бел. літаратура. Мн., 1985. Вып. 13.

І.​Э.​Багдановіч.

А.С.Русецкі.

т. 13, с. 456

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Русецкі С. Р. 8/257

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Русецкі В. Д. 9/184—185

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Русецкі Э. С. 7/241, 245

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Русецкі Б. К. 9/184; 12/607

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Русецкі К. І. 3/84; 9/184, 185; 12/606

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)