Рапе́й, рапе́нь ’лопух’, ’лісце лопуху, Lappa tomentosa’ (Сцяшк.; шчуч., воран., Сл. ПЗБ), рапе́й, рапе́йнік ’шышка лопуху і расліна’ (Скарбы), рапе́шнік (Мат. Гом.), рапяшні́к (Ян.), рапо́ўнік (Сл. ПЗБ), параўн. укр.дыял.репі́й ’тс’, ст.-укр.рѣпѣи ’асот’, рус.репе́й ’лопух’, ст.-рус.рѣпьи ’рапей, калючка’, ст.-чэш.řépí ’плод лопуху’, славен.repje зборн. ’лопух’, балг.ре́пей ’назва розных раслін, калючыя плады якіх чапляюцца за воўну і адзенне’. Прасл.*rěpьjь, вытворнае ад *rěpъ ’тс’, параўн. польск.rzep ’расліна Arctium lappa’, харв.rijep ’расліны Arctium lappa, Petasites officinalis і інш.’, што выводзяць з прасл.*rěpiti ’схапіць, учапіцца’, захаванага ў польск.дыял.rzepić się ’зліпацца’, славац.дыял.repiť sa ’схопліваць, прычапляцца’, што суадносяцца з літ.ap‑rė́pti ’схапіць’ (Брукнер, 475; Шустар-Шэўц, 2, 1215; БЕР, 6, 226; Бязлай, 3, 172). У беларускай мове названая форма захавалася пераважна ў прыставачных утварэннях, параўн. зрэ́піцца ’счапіцца, схапіцца’ (Скарбы), урэ́піцца ’учапіцца’ (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Рап’ём ’неадчэпна, назойліва’ (ТСБМ), ’дакучліва, неадчэпна’: рапʼём лезеш у вочы (Сцяшк.). Да рапей (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
Рапай ’расліна лопух вялікі, Arctium lappa L.’ (навагр., Дзмітр.; тут падаецца значэнне ’рапей’, што ўяўляецца вельмі сумніўным, параўн. кантэкст, на які спасылаецца збіральнік: Пашла дзеўка да гаю / Зеленъ рапай капаци), рапу́й ’тс’ (нараўл., ЛА, 1), сюды ж з тым самым значэннем рапні́к, рапе́шнік, рапі́шнік, раня́шнік (іўеў., ЛА, 1; мазыр., ГЧ; ельск., Жыв. сл.; Мат. Гом., Ян.), а таксама з пераносам націску на корань і заменай галоснага рэ́пнік ’тс’ (валож., ЛА, 1), імаверна, пад уплывам рэ́па (гл.): абедзве расліны падобныя адна на адну ліставой часткай. Да рапей (гл.).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
ЛО́ПУХ (Arctium),
род кветкавых раслін сям. складанакветных. Каля 10 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі. На Беларусі 4 віды Л.: вялікі (A. lappa, нар. назвы брылі, дзяды, задзёрка, сабачнік), лямцавы (A. tomentosum, нар. назвы лопуцень, лапушнік, рапей), малы (A. minus), дуброўны (A. nemorosum). Трапляецца на пустках, каля жылля.
Двухгадовыя травяністыя расліны выш. да 2 м з прамастойнымі, моцна галінастымі сцёбламі. Лісце чаргаванае, зверху зялёнае, знізу шаравата-лямцавае. Кветкі лілова-пурпуровыя ў шарападобных кошыках з калючкамі. Плод — сямянка з чубком. У каранях 20—45% інуліну, дубільныя рэчывы, эфірны алей, настой з іх — лек. сродак (лопухавы алей). Маладыя карані і парасткі ядомыя. Лек, меданосныя, харч., дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Рапа́к ’лопух’ (ваўк., Сл. ПЗБ): ціснулі алей з рапаку (Сцяшк.), ропа́к ’алейная расліна падобная на свірэпку’ (ТС). Магчыма з польск.rzepak ’рапс’, што спачатку адносілася да свірэпы (гл.), якая як і ўкр.свирі́па ’гарчыца’, рус.суре́пка ’расліна Barbarea Beck.’ звязана з назвамі рэпы (гл.), параўн. rzepa, rzepka (Брукнер, 475), відаць, з-за падабенства лістоў. Гл. рапай, рапей.