Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
РА́БЧЫК (Fritillaria),
род кветкавых раслін сям. лілейных. Каля 100 відаў.
Пашыраны ва ўмераных абласцях Паўн. паўшар’я. Трапляюцца на лугах, сярод хмызнякоў, у стэпах, па схілах гор. На Беларусі культывуецца 6 відаў Р.: бледнакветкавы (F. pallidiflora), жоўты (F. lutea), імператарскі (F. imperialis), камчацкі (F. camschatcensis), Радэ (F. raddeana), шахматны (F. meleagris).
Шматгадовыя цыбульныя расліны выш. да 100 см. Цыбуліны шарападобныя. Лісце вузкае або шырокаланцэтнае, чаргаванае ці кальчаковае. Кветкі паніклыя, адзіночныя або ў суквецці белага, жоўтага, аранжавага, чырвона-фіялетавага колераў, часта з шахматным малюнкам. Плод — каробачка. Дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РА́БЧЫК (Tetrastes bonasia),
птушка сям. цецеруковых атр. курападобных. Пашыраны ў лясной зоне Еўропы і Азіі. Аселая птушка, селіцца парамі ў вільготных лясах, асабліва па далінах рэк. Гняздуецца на зямлі. На Беларусі найб. трапляецца ў паўн. раёнах. Нар. назва арабак.
Даўж. да 40 см, маса да 580 г. Апярэнне рабое (адсюль назва), рыжавата-шэрае з пярэсцінамі. У самцоў на галаве чубок. Крылы кароткія, тупыя. Ніжняя ч. цэўкі і пальцы неапераныя. Манагам. Адкладвае 6—10, зрэдку да 15 яец. Расліннаедны. Аб’ект палявання.