накіраваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., каго-што.

1. Вызначыць, надаць кірунак руху каму‑, чаму‑н. Накіраваць лодку да берага. Накіраваць машыны ў абход горада. ▪ Пілот накіраваў самалёт на белую паляну, якая і аказалася знаёмым возерам. Якімовіч. [Таццяне] захацелася сказаць, што ніякай школы тут няма і накіраваць дзяцей назад дамоў, але яна не магла ім схлусіць. Шамякін. // Наставіць што‑н. на каго‑, што‑н. — Пароль? — сурова спытаў Маеўскі і, выглянуўшы з-за дрэва, накіраваў на.. [чалавека] пісталет. Шамякін. // Даць пэўны напрамак развіццю якога‑н. дзеяння, з’явы і пад. Аўгіня ўмела накіраваць справу так, што верх заставаўся за ёю. Колас. [Ваўчок] накіраваў далейшую размову ў рэчышча практычных пытанняў, звязаных з асенне-зімовым рамонтам. Хадкевіч.

2. Сканцэнтраваць што‑н. на кім‑, чым‑н., імкнуцца да чаго‑н., супроць чаго‑н. Вераб’ёў вырашыў накіраваць усе сілы, усю дзейнасць Саветаў на выкананне ленінскага дэкрэта аб зямлі. Дуброўскі. Супраць адсталасці, цемры і забабоннасці вёскі накіраваў гнеўную сатыру Кандрат Крапіва. Кудраўцаў. // Уважліва паглядзець. Накіраваць позірк на незнаёмага.

3. Паслаць, адправіць каго‑н. куды‑н. Накіраваць хворага ў клініку. ▪ [Павел] пайшоў у райваенкамат і папрасіў, каб яго накіравалі на фронт. Шахавец. // Даць прызначэнне куды‑н., у якасці каго‑н. Накіраваць на працу ў школу. ▪ [Арлоўскі] не змірыўся са становішчам пенсіянера, пайшоў у абком партыі і папрасіў даць яму работу на баявым участку — накіраваць яго старшынёю калгаса. Паслядовіч.

4. Адрасаваць куды‑н. Накіраваць паперу ў міністэрства.

5. Даючы парады, навучыць чаму‑н. добраму. Накіраваць нас на шлях ісціны ўзялася жанчына. Новікаў. [Сяргей:] — Вы больш [за] усіх можаце накіраваць народ на правільны шлях. Машара.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

наставіць, ‑стаўлю, ‑ставіш, ‑ставіць; зак.

1. чаго. Паставіць у значнай колькасці. Дома маці наставіла на стол, што толькі мела. Якімовіч. Стагоў сёлета калгас .. наставіў шмат: была добрая трава. Пташнікаў. // Пабудаваць значную колькасць чаго‑н. Замест жа хібарак, панылых цямніц, Наставім прыгожых святліц. Колас.

2. што. Накіраваць на каго‑, што‑н., у бок каго‑, чаго‑н.; нацэліць. Салдат наставіў на.. [маладога чалавека] аўтамат. Чорны. Начальнік паліцыі падышоў і наставіў пісталет упрытык да грудзей. Новікаў.

3. што. Выставіць наперад; выцягнуць. Зося наставіла рукі і адступалася назад. Крапіва.

4. што. Накіраваць на каго‑, што‑н. (позірк, вочы і пад.). Шляхціц наставіў на пана спалоханыя вочы. Бядуля.

5. што. Падняць, зрабіць стаячым (каўнер). Люба схавала сшытак, наставіла каўнер у кажушку і развіталася. Мурашка. [Аўсееў] наставіў каўнер і нерашуча ступіў у змрок ночы. Быкаў. // Падняць, натапырыць насцярожана (вушы, шэрсць і пад.). Конь ірвануў сані ў бок ад Панаса, наставіў палахліва вушы і пабег шпарчэй. Галавач. Хіб наставіў звер калматы. Вітка.

6. што. Разм. Паставіць грэцца (пра самавар). [Марына Паўлаўна:] — Я наставіла самавар — зараз будзе гатоў. Зарэцкі.

7. чаго. Разм. Пабоямі нарабіць (сінякоў, гузакоў). Наставіць сінякоў. ▪ За выпасы нямала вялося гарачых спрэчак паміж ніўскімі і нізоўскімі начлежнікамі, нямала наставілі адзін аднаму гузакоў. М. Ткачоў.

8. што. Павесіць, надзеўшы на што‑н.; навесіць. Шэмет моўчкі падышоў да варот і пачаў спрабаваць наставіць вароты на крук. Лобан.

•••

Акуляры наставіць каму — падмануць каго‑н., паказаўшы што‑н. у значна лепшым выглядзе, чым ёсць на самай справе.

Наставіць (натапырыць) вушы — пачаць прыслухоўвацца.

Наставіць (навесці) на дарогу — навучыць чаму‑н., дапамагчы ўладкавацца ў жыцці.

Наставіць (навесці) на розум — даць разумную параду, навучыць чаму‑н. добраму.

Наставіць рогі каму — а) здрадзіць мужу; б) стаць палюбоўнікам чыёй‑н. жонкі.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

скіраваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак.

1. каго-што. Накіраваць каго‑, што‑н. куды‑н., у якім‑н. напрамку. Дзед, нічога не гаворачы, скіраваў на грудок каня. Гурскі. [Салвесь] скіраваў фурманку ў лес, скінуў мяшкі з соллю, прыкрыў іх галлём, стаў масціць воз. Карпюк. Іван прыгнуўся, позіркам адмераў якую паўсотню крокаў да вострага каменнага абломка ў траве і скіраваў туды пісталет. Быкаў. // да чаго, на што і без дап. Узяць кірунак куды‑н., накіравацца ў які‑н. бок. Гнедка і цяпер скіраваў да лужка, але Сцёпка не пусціў яго. Хомчанка. Сёння зранку неба ўкрылі хмары, і Антановіч не скіраваў, як звычайна, на возера, а пайшоў з Русіновічам у бібліятэку. Дамашэвіч. Машыны скіравалі ў лес. Асіпенка. // што. Накіраваць у які‑н. бок (вочы, позірк). Марына Мікалаеўна здрыганулася, зыркія вочы да дзвярэй скіравала. Кавалёў. Віктар скіраваў позірк на неба, усміхнуўся нейкім сваім думкам. Савіцкі.

2. перан. каго-што. Даць пэўны кірунак каму‑, чаму‑н. Недзе ў сярэдзіне падрыхтаванай загадзя прамовы Вера са страхам падумала, што не ведае, куды ёй скіраваць моладзь. Асіпенка. Фільм «Міколка-паравоз» .. на матэрыяле шырокавядомай аповесці М. Лынькова скіраваў беларускае кіно да тэмы рэвалюцыі і грамадзянскай вайны на Беларусі. «Полымя». // Накіраваць на каго‑, што‑н. (размову, думкі і пад.). Скіраваць памаганні людзей на вырашэнне галоўнай задачы. ▪ Успамін пра Паходню скіраваў у другое рэчышча думкі Зараніка. Хадкевіч. Мы не ведалі, куды скіраваць гаворку, як раптам наш заўзяты маўчун Косцік ціхенька прамовіў: — Нешта есці дужа хочацца... Ваданосаў. // Звярнуцца да каго‑н. — Трэба нам з вамі новага брыгадзіра шукаць, — не то да ўсіх, не то да аднаго Базыля скіраваў гэтыя словы Сушчык. Дуброўскі.

3. каго. Паслаць каго‑н. куды‑н., даць прызначэнне каму‑н. Бацькі пярэчылі, рабілі ўсё, каб скіраваць дзяўчыну на якую-небудзь лягчэйшую работу, але яна пастаяла, дамаглася свайго: «Буду трактарысткай». Кухараў.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

узвесці, ‑вяду, ‑вядзеш, ‑вядзе; ‑вядзём, ‑ведзяце, ‑вядуць; зак., каго-што.

1. Ведучы, дапамагчы або заставіць узысці, падняцца наверх чаго‑н. Узвесці на гару. Узвесці на ганак. ▪ [Загорскі] проста і натуральна падаў .. [імператрыцы] руку, каб узвесці на кілім, што вёў да сабора. Караткевіч. Зялёнка падвалок .. [Валодзьку], узвёў па табурэтку, пачаў размахваць чорны шнур. Карпюк. / Пра судны. Трэба ўзвесці баржы на грэбень пераката якраз у самым глыбокім месцы. «Звязда». // Вывесці, прывесці куды‑н. Вечар разам са мной На вяршыню ўзышоў, На якую ўзвяла нас Дарога крутая. Танк. Палявая дарога ўзвяла на бальшак. Перад Надзяй ва ўсёй шырыні адкрылася Калінаўка. М. Ткачоў. / у перан. ужыв. Пніцкі стараецца ўзвесці .. [Нахлябіча] па думку, што ніколі пра яго ён .. дрэнна не думаў. Чорны. // Узняць (вочы, позірк і пад.) на каго‑, што‑н.; паглядзець уверх. [Чарноцкі] ажывіўся, падняў галаву, на момант узвёў на .. [Ярашэвіча] вочы. Чорны. Сядзіць пан Богут у тамленні І вочы ўзвёў на абразы. Колас.

2. Прывесці зброю ў гатовае да выстралу становішча. Узвесці курок. Узвесці пісталет. ▪ Не спыняючыся, Пеця ўзвёў аўтамат і націснуў на гашэтку. Сіняўскі.

3. Збудаваць, пабудаваць, паставіць. Узвесці палацы. Узвесці помнік. ▪ Пабудуюць .. [будаўнікі] новыя цэхі завода, узвядуць яшчэ нямала новых дамоў. Кулакоўскі. А далей глядзі — дзяўчаткі тыя Дваццаць вёснаў ходзяць па зямлі, А ўжо іх рукі залатыя Больш паловы Мінска ўзвялі. Панчанка.

4. перан.; у каго-што. Узвысіць да якога‑н. стану, звання. Узвесці ў ранг заслужанага дзеяча навукі. // Надаць чаму‑н. іншае або вельмі важнае значэнне. Узвесці ў крымінал. Узвесці ў закон. Узвесці ў абсалют.

5. перан. Прыпісаць каму‑н. што‑н. заганнае, адмоўнае, дрэннае; несправядліва абвінаваціць. Узвесці паклёп. ▪ [Бабейка:] — Няўжо, калі часам узвядуць на мяне якую небыль, ты не закінеш слова, Сямён Іванавіч? Хадкевіч.

6. У матэматыцы — памножыць які‑н. лік (або алгебраічны выраз) на той самы лік (або выраз) указаную колькасць разоў. Узвесці ў квадрат. Узвесці ў пятую ступень.

•••

Узвесці на след — навесці на след, удаць, выдаць каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

саўладаць 1, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.

1. Перамагчы, узяць верх у бойцы, сутычцы, бітве і пад. [Лёнька да Сцёпы:] — Калі ты сказаў, што незнаёмы мае пісталет, я адразу зразумеў, што нам нават са стрэльбай утраіх з ім не саўладаць. Гамолка. — Ціха, дзядзька, ціха! — сказаў.. [Алёша] спакойна, вырываючы ў Вавілы колік, і Вавіла зразумеў, што з двума яму не саўладаць, аслаб, абмяк. Кудравец. // Адолець, асіліць каго‑, што‑н. Казімір хоча выцягнуць рыбіну на сухое, але не можа саўладаць з ёю, цягне з усяе моцы і раптам падае. Савіцкі. Сонца ўжо мела сілу, мароз не мог саўладаць з ім. Чорны. // Прымусіць слухацца, падпарадкаваць сабе каго‑н., справіцца з кім‑, чым‑н. Дарэмна палітработнікі і радавыя камуністы стараліся саўладаць з гэтай анархіяй і навесці парадак для абароны. Машара. Сева адбіўся ад рук, і з ім цяжка было саўладаць. Карпаў. Бунтуюць героі і не слухаюцца аўтара вельмі часта. Так было ў «Развітанні», з якім я доўга не мог саўладаць. Скрыган. І трэба сказаць, што пісьменнік не адразу саўладаў з новым моўным матэрыялам. Адамовіч. // Змагчы выкарыстаць (які‑н. інструмент, прадмет); справіцца з чым‑н. Пальцы пляскатыя і нягнуткія, нібыта сухое сучча, і не ўяўляеш, як яны саўладаюць з далікатным інструментам. Карамазаў. І тут Венька не разлічыў, не саўладаў са сцізорыкам, той сарваўся з панцыра і шарахнуў лязом па руцэ. Шыловіч. // Пераадолець, перамагчы, перасіліць (якое‑н. пачуццё, стан і пад.). Клімчанка трохі саўладаў са сваёю слабасцю. Быкаў. Вэнеў супрацоўнік перасмыкнуў усімі рысамі свайго твару, і заядлая задзірыстасць бліснула ў яго вачах, але адразу ж ён саўладаў з сабою, выклаў на свой твар пячаць далікатнасці. Чорны. [Сцяпан] лаяў сябе: баязлівец, слімак; папракаў: так ніколі нічога не даб’ешся, — але саўладаць з прыкрай кволасцю не мог. Мележ.

2. Справіцца з якой‑н. работай і пад.; змагчы ажыццявіць што‑н. — Як не саўладаў з работаю, дык чаго ж пытаць? — Букаты прыкусіў губу, але тут жа неяк пастражэў з твару. — Калі перадаваць брыгаду? Савіцкі.

саўладаць 2, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Уладаць чым‑н. сумесна з кім‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

шалёны, ‑ая, ‑ае.

1. Хворы на шаленства, на вадабоязь. Каханую жанчыну, жонку, некалі пакусаў шалёны воўк. Яна звар’яцела. Скрыган.

2. у знач. наз. шалёны, ‑ага, м.; шалёная, ‑ай, ж. Шаленец, вар’ят. [Дзед Юстын:] — Не пужайся! Гэта шалёны... Арцёмам завецца. Ён нікога не чапае. Бядуля.

3. Які страціў разважлівасць, цвярозы розум. [Раіна:] — Чым быць тваёй, лепш з хвалямі ракі Здружыцца мне ці згінуць у пятлі. — Шалёная! Самой жа будзе горш, — Казаў сабе, выходзячы на двор, Гарыдавец. Танк. // Які знаходзіцца ў стане крайняга раздражнення, які вар’юецца, лютуе. А тут жа блізка — сорак першы год... Слязамі і крывёй дзяцей заліты І па-сапраўднаму яшчэ нікім не біты, Шалёны фюрэр рваўся на ўсход. Жычка. // Люты, нястрыманы. Вельмі ўжо ўчэпістыя І задзірыстыя вочы ў Карніцкага І шалёны характар. Паслядовіч. Размах рэвалюцыйнага руху выклікаў страх і шалёны гнеў польскіх памешчыкаў і капіталістаў. Хромчанка. // Які выражае шаленства (у 2 знач.); уласцівы крайне раздражнёнаму, лютаму чалавеку. Лётчык устаў, шалёным позіркам акінуў усіх, рэзка ступіў правай нагой да Валодзі і выхапіў пісталет. Федасеенка. Шура зацяўся — у грудзях віравала шалёная злосць. Навуменка. Карызна кіпеў шалёным абурэннем, перамяшаным з злараднасцю. Зарэцкі.

4. перан. Вельмі інтэнсіўны, хуткі, моцны па сіле праяўлення. Шалёны вецер. Шалёная скорасць. ▪ І вось тры дні таму назад Міхал прачнуўся ад шалёнага брэху сабак. Чарнышэвіч. Узнімаецца густы, шалёны кулямёты агонь. Брыль. // Які вельмі хутка рухаецца, перамяшчаецца. Заўсёды стрэлачнікі ўваходных стрэлак закрывалі вочы, калі праносіліся каля іх віхрам шалёныя вагоны не менш шалёнага цягніка. Лынькоў. // Нястрыманы ў пачуццях; гарачы. [Кастусь] абхапіў Яніну і прынік да яе ў безразважным, шалёным пацалунку. Марціновіч. «Ваша ўсмешка запальвала ў маіх вачах шалёную радасць, выклікала жаданне бегаць, скакаць». Васілёнак. // Нечаканы, незвычайны, неверагодны. Дзядзька не захацеў І слухаць пра гэтую шалёную прапанову свайго пляменніка. Паслядовіч. // Азартны, заядлы. Што ты, што ты, карцёжнік шалёны! — Зямля жахнулася: трэба жыць. Схапіла ў абдымкі рукамі зялёнымі І загадала: ляжы, ляжы. Панчанка.

5. перан. Поўны небяспекі, нечаканасцей, рызыкі. Шалёнае падарожжа. ▪ Сама.. [жонка] трываць не магла шалёных горных дарог і звычайна ад гэтых экзатычных падарожжаў адмаўлялася. Васілевіч. // Неспакойны, бурны. Пасля той шалёнай ночы Аміля зноў стала ад яго [Бушмара] плакаць. Чорны.

6. Свавольны, дураслівы. Рабілася шкада, па-бацькоўску шкада хлопцаў, крышку шалёных, а ўсё ж такі добрых, сваіх... Брыль.

7. перан. Выпадковы, нечаканы, бязладны (пра кулю, снарад). Здарылася няшчасце. [Дзядзька Ігнат:] — Выпадковая куля, як кажуць, шалёная куля падкасіла партызана, калі ён адыходзіў з лагера. Ваданосаў. Разарваўся шалёны снарад. Дзяргай.

8. перан. Празмерна вялікі, завышаны (пра заработак, цану і пад.). [Марголін:] — Табе, танкісту, — шалёны заработак.. Дзве тысячы ў месяц. Грамовіч. Па-першае, шалёная цана, А па-другое, не абутак, а пародыя адна. Валасевіч.

•••

Шалёны поп хрысціў каго гл. поп.

Шалёныя грошы — грошы, якія лёгка дастаюцца і таму расходуюцца вельмі неэканомна.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

тра́піць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; зак.

1. Дасягнуць чаго‑н., паразіць якую‑н. цэль (пра кулю, снарад, што‑н. кінутае і пад.). Адна бомба трапіла ў лазню, запаліла страху. Кулакоўскі. У руках у Пракопа былі кветкі. Ён узмахнуў імі, і букет, апісаўшы дугу, трапіў у акно. Карпаў. // Пацэліць у што‑н., метка кінуўшы, стрэліўшы. Выхапіла [Зіна] з кабуры пісталет і, не цэлячыся, стрэліла тры разы запар. Трапіла ці не? Ваданосаў. // перан. Угадаць што‑н., трапна, дарэчы сказаць што‑н.

2. Увайсці, пранікнуць куды‑н. Трапіць у хату. // Прыйсці куды‑н., знайсці тое, што шукаў. Праблытаўся .. [Сцёпка] досыць доўга па незнаёмых вуліцах, покі трапіў на вадакачку, адтуль і на рабфак. Колас.

3. Апынуцца ў якіх‑н. умовах, абставінах (звычайна неспрыяльных). І Чыжык рашыў гаварыць тое, што чуў не аднойчы: часць трапіла ў акружэнне, хто-ніхто вырваўся, і ён во прыйшоў. Лупсякоў. Блінкоў расказваў пра сябе. Ён — музыкант, у першыя дні вайны трапіў у палон. Васілеўская. Я праклінаў сябе, як апошняга баязліўца, але нічога не рабіў, каб памагчы Хрысціне выбавіцца з ямы, у якую яна трапіла па сваёй ахвоце. Асіпенка.

4. Уладкавацца на работу, вучобу і пад.; стаць кім‑н. [Стэфа:] — Скажы, Міхась, а як ты трапіў у плытагоны? Савіцкі. Пазней, між іншым, адзін з .. [сяброў] трапіў у авіяцыю, а другі прысвяціў сябе медыцыне. Аўрамчык. / у перан. ужыв. Вось — бядняк. Ці траплю стаць на ногі? Ці акрыяю сам? У калектыў вядуць мае дарогі — Я — сіла буду там! Колас.

5. Аказацца дзе‑н. у патрэбны момант. На гэтую размову ў рэдакцыю якраз трапіў Ігнат Дварчанін. Машара. // Апынуцца дзе‑н. У пошуках спосабу жыць .. сям’я [Бумажкова] на некалькі год трапіла на Далёкі Усход, пасля зноў вярнулася [на] Беларусь. Чорны. Куды б ні трапіў я — ізноў вярнуся, Разблытаўшы дарожныя вузлы, У гэты край, Што клічуць Белай Руссю, Дзе шпацыруюць белыя буслы. Дукса.

6. Знянацку наступіць на што‑н., уступіць у што‑н., зачапіць што‑н. Трапіць нагой на патарчаку. ▪ Гораў трапіў нагою па калена ў ваду, балюча накалоў руку на сухую і вострую, як косць, лазіну ў гушчары. Караткевіч. Раптам нага Кузняцова трапіла ў глыбокую каляіну. Пташнікаў.

7. Папасці, надарыцца. І вось у рукі .. [Васіля], якраз у тыя дні, калі мы, маладыя сябры, забаранілі яму прыніжаць сваю чалавечую годнасць, трапіла неяк бывалая кніга, без вокладак. Брыль.

•••

Ляйчына (лейчына) пад хвост трапіла гл. лейцы.

Трапіць па вочы (вока) каму — тое, што і папасціся на вочы (вока) каму (гл. папасціся).

Трапіць на вудачку — тое, што і папасціся на вудачку (гл. папасціся).

Трапіць на кручок — папасціся ў чым‑н., даць магчымасць сябе ашукаць.

Трапіць на лаву падсудных — тое, што і сесці на лаву падсудных (гл. сесці).

Трапіць на сваю жылу — знайсці любімую справу.

Трапіць на след — тое, што і напасці на след (гл. напасці).

Трапіць на той свет — памерці.

Трапіць на шапачны разбор — прыйсці пад самы канец чаго‑н., на заканчэнне чаго‑н.

Трапіць на язык каму — стаць прадметам гутаркі, абгавораў.

Трапіць пад агонь — быць абстраляным кім‑н.

Трапіць пад агонь крытыкі — падвергнуцца крытыцы.

Трапіць пад гарачую руку — папасці ў такі момант, калі хто‑н. узбуджаны, злосны.

Трапіць пад кулю — быць забітым, застрэленым.

Трапіць пад нож — быць аперыраваным.

Трапіць пад руку каму — выпадкова апынуцца паблізу, побач.

Трапіць пад сукно — быць адкладзеным на доўгі час (пра якую‑н. справу).

Трапіць пальцам у неба — тое, што і папасці пальцам у неба (гл. напасці).

Трапіць па назначэнню — быць там, куды назначылі, накіравалі.

Трапіць у абцугі — а) папасці ў акружэнне праціўніка; б) аказацца ва ўмовах, што скоўваюць, заціскаюць.

Трапіць у вір — а) утапіцца; б) апынуцца ў цэнтры якіх‑н. падзей.

Трапіць у газету — а) быць надрукаваным у газеце; б) быць заўважаным; в) быць раскрытыкаваным.

Трапіць у залежнасць — быць абумоўленым якімі‑н. прычынамі.

Трапіць у кіпцюры каму — аказацца, быць пад уладай каго‑н.

Трапіць у лапы каго, чые, каму — тое, што і папасціся ў лапы каго, чые, каму (гл. папасціся).

Трапіць у ласку да каго — займець чыю‑н. прыхільнасць.

Трапіць у (непрыемную) гісторыю — мець непрыемнасці, быць заблытаным у нядобрай справе.

Трапіць у нерат — знянацку, нечакана апынуцца ў безвыходным становішчы.

Трапіць у няміласць — страціць прыхільнасць каго‑н.

Трапіць у палон чаго — быць, знаходзіцца пад моцным уздзеяннем чаго‑н.

Трапіць у пастку — папасці ў небяспечнае, безвыходнае становішча.

Трапіць у пераплёт — аказацца ў складаным, цяжкім, небяспечныя або непрыемным становішчы.

Трапіць у поле зроку — быць заўважаным, убачаным.

Трапіць у рукі каго, чые, каму — тое, што і папасціся ў рукі каго, чые, каму (гл. папасціся).

Трапіць у (самую) кропку — тое, што і папасці ў (самую) кропку (гл. папасці).

Трапіць у тон — сказаць або зрабіць што‑н. прыемнае, пажаданае для каго‑н.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)