ПЛО́ТНІКАЎ (Браніслаў Аляксандравіч) (н. 15.12.1940, г. Быхаў Магілёўскай вобл.),
бел. мовазнавец. Д-р філал. н. (1981), праф. (1982). Скончыў БДУ (1969). З 1971 у БДУ (у 1992—93 заг. кафедры, у 1996 дэкан філал. ф-та), з 1998 у Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Асн. працы па агульным, слав. і бел. мовазнаўстве. Аўтар кніг: «Дыстрыбутыўнастатыстычны аналіз лексічных значэнняў» (1979), «Асновы семасіялогіі» (1984), «Аб форме і змесце ў мове» (1989), «Семіётыка тэксту» (1992), «Беларуская мова ў сістэме славянскіх моў» (1999), «Фанетыка і марфалогія беларускай мовы» (2000), сааўтар прац «Чэшская мова» (з Н.В.Івашынай), «Руска-чэшскі і чэшска-рускі слоўнік агульнагеаграфічных тэрмінаў» (абедзве 1985), «Дыхатамічная лексікалогія» (1989, з В.П.Трайкоўскай) і інш. Дзярж. прэмія Беларусі 1998.
Тв.:
Общее языкознание: Сущность и история языка. 2 изд. Мн., 1993 (разам з Н.Б.Мячкоўскай, А.Я.Супруном);
Агульнае мовазнаўства. Мн., 1994;
Общее языкознание: Структура языка. Типология языка и лингвистика универсалий. 2 изд. Мн., 1995 (у сааўт.).
т. 12, с. 432
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ІНВАРЫЯ́НТ [ад лац. invarians (invariantis) нязменны] у структурнай лінгвістыцы, моўная адзінка ў адцягненасці ад яе канкрэтнай матэрыяльнай рэалізацыі. Напр., усе гукі «а», незалежна ад таго, якім чалавекам і як яны вымаўляюцца, абагульняюцца ў адзін І., што называецца фанемай «а»; усе значэнні і грамат. формы слова «кніга» з’яўляюцца рэалізацыяй аднаго адпаведнага І. і г.д. Структурныя інварыянтныя адзінкі кожнага ўзроўню мовы праяўляюцца ў суадносных варыянтных адзінках маўлення, што замацоўваецца адпаведнымі тэрмінамі: фанема — гук, ці алафон; марфема — морф, ці аламорф; лексема (слова) — лекс, або алалекс, і г.д.
Б.А.Плотнікаў.
т. 7, с. 219
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНКАРПАРА́ЦЫЯ (ад позналац. incorporatio далучэнне),
1) уключэнне ў свой склад, далучэнне.
2) Прадастаўленне ў адпаведнасці з законам групе асоб статуса юрыд. асобы, карпарацыі.
3) Сістэматызаванне законаў дзяржавы, размяшчэнне іх у вызначаным парадку (храналагічным, алфавітным, па галінах права) без змены зместу законаў.
4) У мовазнаўстве — спосаб сувязі значымых і службовых кампанентаў у адзінае моўнае цэлае, якое знешняй формай нагадвае складанае слова, а зместам — словазлучэнне ці сказ; характэрная рыса інкарпараваных моў. У такіх словах-сказах колькасць кампанентаў абумоўлена зместам выказвання, а парадак размяшчэння кампанентаў выражае ўстойлівыя сінтакс. адносіны паміж імі. Напр., у славесным комплексе мовы хупа (абарыгены Паўн. Амерыкі) te-se-e-ya-te — «Я пайду» цэнтр. лексічны кампанент ya абазначае «ісці», пач. кампанент te мае грамат. значэнне (паказвае. што дзеянне разгортваецца ў пэўнай прасторы), e — займеннік «я», элемент se паказвае, што дзеянне развіваецца, канчатак te выражае будучы час. Значымыя члены такіх славесных комплексаў выконваюць адначасова функцыі слоў і членаў сказа.
Б.А.Плотнікаў.
т. 7, с. 260
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСТРЫБУ́ЦЫЯ (ад лац. distributio размеркаванне),
сукупнасць моўных адзінак (фанем, марфем, лексем), якія ствараюць кантэкст, або акружэнне той аднароднай ім адзінкі, што падлягае даследаванню. У пісьмовым тэксце адрозніваюць Д., складзеную лінейным (прасторавым) акружэннем адзінак, і Д., выведзеную з іх спалучальнасці. Пры першым падыходзе ў залежнасці ад мэты і характару даследавання ўлічваецца акружэнне на глыбіню аднаго кампанента (г.зн. разглядаюцца толькі тыя адзінкі, што непасрэдна размешчаны справа і злева ад зададзенай), ці, адпаведна, двух, трох і г.д. кампанентаў. Пры другім падыходзе Д. ствараюць адзінкі, якія граматычна спалучаюцца з зададзенай. Наяўнасць у моўных кампанентаў тоеснай, падобнай або рознай Д. дае падставы для вылучэння ў тэксце аднародных адзінак і іх класаў, а таксама для разнастайнай характарыстыкі як знешніх (фармальных) рыс, так і ўнутраных, якасных уласцівасцей гэтых адзінак. Паняцце Д. пакладзена ў аснову дыстрыбутыўнага метаду (гл. ў арт. Дэскрыптыўная лінгвістыка). На аснове розных відаў Д. ў сучаснай лінгвістыцы распрацаваны дасканалыя метады даследавання лексічных значэнняў: дыстрыбутыўна-трансфармацыйны, дыстрыбутыўна-статыстычны і інш.
Літ.:
Плотников Б.А. Дистрибутивно-статистический анализ лексических значений Мн., 1979.
Б.А.Плотнікаў.
т. 6, с. 297
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНА́КАВАЯ ТЭО́РЫЯ МО́ВЫ,
вучэнне, якое даследуе мову ў адносінах да інш. знакавых сістэм (матэм., муз., дарожнай і інш.), а таксама яе падабенства ці адрозненне ад іх. Заснавальнік семіётыкі амер. філосаф Ч.Пірс разглядаў мову як знакавыя адзінкі, характэрнай рысай якіх служыць адсутнасць знешняга падабенства з суадноснымі прадметамі. Амер. вучоны Ч.Морыс прапанаваў разглядаць усе знакі (у т. л. і моўныя) у трох вымярэннях: адносіны знакаў да аб’ектаў (семантыка), да інш. знакаў (сінтактыка) і да тых, хто карыстаецца гэтымі знакамі (прагматыка). Заснавальнік лінгвасеміётыкі (навукі, што вывучае знакавыя ўласцівасці мовы) швейцарскі лінгвіст Ф. дэ Сасюр асн. рысамі моўных знакаў лічыў іх сістэмнасць і наяўнасць адвольнай сувязі паміж іх планамі выражэння і планамі зместу. Гэтыя рысы надаюць мове стабільнасць, а таксама здольнасць фармуляваць самыя складаныя адцягненыя паняцці. Найб. выразны знакавы характар маюць пісьмовыя формы мовы, разам з якімі выкарыстоўваюцца і неславесныя знакі (лічбы, сімвалы і інш.).
Літ.:
Семиотика языка и литературы. М., 1983;
Соссюр Ф. де. Труды по языкознанию: Пер. с фр. М., 1977.
Б.А.Плотнікаў.
т. 7, с. 98
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНЕ́ШНЯЯ ЛІНГВІ́СТЫКА, экстралінгвістыка,
галіна мовазнаўства, якая даследуе праблемы, што знаходзяцца на памежжы з інш. навук. дысцыплінамі (параўнальная ўнутраная лінгвістыка). Праблемы сутнасці і паходжання мовы, яе сувязь з навакольным асяроддзем і чалавекам вырашаюцца сумесна з філасофіяй, пытанні развіцця мовы і моўных змен — разам з гісторыяй. Пры раскрыцці характару суадносін мовы і мыслення, мовы і ўнутр. свету чалавека З.л. ўзаемадзейнічае з логікай і псіхалогіяй. Функцыянаванне мовы ў грамадстве, яе надіндывід. прырода вывучаюцца ў кантакце з сацыялогіяй. З навукамі негуманітарнага цыкла З.л. вырашае праблемы аўтам. апрацоўкі моўнай інфармацыі (з кібернетыкай); імаверны характар мовы і складаная прырода яе сістэмнасці разглядаюцца сумесна з матэматыкай, пытанні суадносін мовы і інш. знакавых сістэм — разам з семіётыкай. Пры вывучэнні жывой мовы (нар. гаворак, якія пашыраны на пэўнай тэрыторыі і маюць свае адметныя рысы) З.л. кантактуе з геаграфіяй і інш. Як правіла, на мяжы З.л. і інш. навук узнікаюць новыя дысцыпліны: лінгвістычная філасофія, гіст. мовазнаўства, псіхалінгвістыка, сацыялінгвістыка, лінгвасеміётыка, матэматычная лінгвістыка, лінгвістычная геаграфія і інш.
Літ.:
Якобсон Р.О. Избранные работы: Пер. с англ., нем., фр. М., 1985.
Б.А.Плотнікаў.
т. 7, с. 101
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
О́ПЕРНЫ ТЭА́ТР ЗІМІНА́,
«Опера С.І.Зіміна», прыватны тэатр Расіі. Існаваў у 1904—17 у Маскве. Развіваў традыцыі Маскоўскай прыватнай рускай оперы. Адкрыты спектаклем «Майская ноч» М.Рымскага-Корсакава на сцэне т-ра «Акварыум». Пазней спектаклі ставіліся на розных сцэнах. Уключаў хор, аркестр, балетную трупу. Пастановачнымі працэсамі кіраваў Зімін, гал. рэж. т-ра (з 1907) П.Аленін. У рэпертуары пераважалі забытыя айч. творы і навінкі рус. і замежнай музыкі.
У розны час у т-ры працавалі: спевакі М.Бачароў, В.Дамаеў, М.Данец, Ю.Кіпарэнка-Даманскі, В.Пятрова-Званцава, М.Спяранскі, А.Цвяткова, Н.Ярмоленка-Южына, рэжысёры А.Іваноўскі, Ф.Камісаржэўскі, А.Пятроўскі, муз. кіраўнікі — М.Іпалітаў-Іванаў, М.Багрыноўскі, Э.Купер, А.Пазоўскі, І.Паліцын, Я.Плотнікаў, Ю.Слівінскі. Спектаклі афармлялі мастакі І.Білібін, А.Васняцоў, А.Галавін, П.Канчалоўскі, С.Малюцін, В.Паленаў, М.Рэрых. В.Сяроў, Ф.Федароўскі і інш. На сцэне т-ра выступалі вакалісты Ф.Шаляпін, Л.Собінаў, М.Батыстыні, Дж.Ансельмі, М.Гай, Л.Кавальеры, Ціта Руфа, балерына М.Кшасінская і інш. З 1917 дзярж. т-р (у 1919—20 Малая дзярж. опера, у 1921 Т-р муз. драмы, у 1922—24 акц. т-ва «Першая свабодная опера С.І.Зіміна»).
Літ.:
Боровский В. Московская опера С.И.Зимина. М., 1977.
т. 11, с. 441
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)