Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАЗМО́ДЫІ (Plasmodium),
род аднаклетачных паразітычных арганізмаў падатр. гемаспарыдый кл. спаравікоў. Каля 60 відаў. Пашыраны пераважна ў рэгіёнах з цёплым кліматам. Узбуджальнікі малярыі пазваночных жывёл і чалавека. Пераносчыкі П. — насякомыя, часцей малярыйныя камары.
У эрытрацытах, эпітэліяльных клетках і клетках рэтыкула-эндатэліяльнай сістэмы пазваночных жывёл (прамежкавыя гаспадары) П. праходзяць стадыі бясполага развіцця. З крывёю трапляюць у арганізм насякомага-крывасмока (дэфінітыўны гаспадар) і ў яго кішэчніку праходзяць палавое развіццё. Са слінаю насякомага П. зноў трапляюць у кроў жывёлы ці чалавека.
Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
МІКСАСПАРЫ́ДЫІ (Myxozoa),
тып (па інш. класіфікацыях клас, атрад) прасцейшых. 2 класы (атр.): міксаспоравыя (Myxosporea) і актынаміксідыі, або актынаспоравыя (Actinosporea). Паразітуюць у поласцях, тканках або клетках беспазваночных і ніжэйшых пазваночных жывёл (пераважна рыб, радзей земнаводных і паўзуноў).
Памеры ад 15 мкм да 11 мм. У жыццёвым цыкле 2 стадыі: паразітычная вегетатыўная (трафонт) і рассяляльная (спора). Трафонт мае 2 тыпы ядраў і 2 тыпы клетак — вегетатыўныя і генератыўныя; размнажаецца бясполым шляхам. Вегетатыўныя формы — рухомыя шмат’ядзерныя плазмодыі з вегетатыўнымі ядрамі і генератыўнымі клеткамі, што актыўна перамяшчаюцца ўнутры плазмодыя. З генератыўных клетак пасля дзяленняў (апошняе з якіх меёз) утвараюцца шматклетачныя споры (дыяметр да 25 мкм). Калі спора трапляе ў арганізм жывёлы-гаспадара, з яе вызваляецца амёбападобны зародак, які перамяшчаецца да месца паразітавання. У тканкавых М. плазмодыі нерухомыя, часта абкружаныя цыстай (дыяметр да 6 см), утворанай злучальнай тканкай гаспадара.
Да арт.Міксаспарыдыі: А — плазмодыі са спорамі (1 — цэратамікса апендыкулята; 2 — лептатэка агіліс; 3 — хлараміксум лейдыгі); Б — спора (1 — зародак; 2 — ядры зародка; 3 — трубка; 4 — спіральная нітка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕМАСПАРЫ́ДЫІ (Haemosporidia),
кроваспаравікі, падатрад прасцейшых кл. спаравікоў. 10 родаў, больш як 100 відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ў тропіках і субтропіках. Паразітуюць у эрытрацытах або эндатэліяльных клетках сасудаў пазваночных жывёл і чалавека. Некат. выклікаюць цяжкія захворванні. Да гемаспарыдый адносяцца плазмодыі, шэраг відаў якіх — узбуджальнікі малярыі.
Цела авальнае ці круглае. Жыццёвы цыкл са зменай гаспадароў. Прамежкавы гаспадар — пазваночная жывёла або чалавек — заражаецца пры ўкусе кровасысучым насякомым (канчатковы гаспадар). Ва ўнутр. органах прамежкавага гаспадара паразіты размнажаюцца бясполым шляхам (шызаганія), потым укараняюцца ў эрытрацыты. Палавы працэс адбываецца ў арганізме насякомых, пераносчыкаў гемаспарыдый. Для чалавека найб. небяспечныя ўзбуджальнікі малярыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРОВАПАРАЗІ́ТЫ,
арганізмы, у якіх асобныя стадыі жыццёвага цыкла праходзяць у плазме або клетках крыві пазваночных жывёл і чалавека. Пашыраны пераважна ў краінах з гарачым і ўмераным кліматам. Да К. адносяцца: узбуджальнікі малярыі ў чалавека і жывёл (плазмодыі), у птушак (лейкацытазоан, гемапратэус, эгіптыянела); узбуджальнікі захворванняў свойскіх жывёл (піраплазмы, тэйлерыі, анаплазмы), паразіты лейкацытаў чалавека і многіх жывёл — таксаплазмы, гемагрэгарыны. Да паразітаў плазмы крыві адносяць узбуджальнікаў трыпанасамозаў, якія выклікаюць цяжкія хваробы ў чалавека (сонная хвароба, хвароба Шагаса), некаторых шматклетачных — шыстасомаў, або крывяных двухвуснавак — узбуджальнікаў шыстастаматозаў шыстасаматозаў (гельмінтозаў). У крыві паразітуюць таксама некаторыя гельмінты — нематоды і трэматоды. Гл. таксама Таксаплазмоз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАЛЯРЫ́Я (італьян. malaria ад mala aria дрэннае паветра; раней меркавалі, што хвароба выклікаецца дрэнным паветрам),
перамежная трасца, паразітарная хвароба чалавека, якую выклікаюць аднаклетачныя арганізмы — плазмодыі. Пераносчык — самка малярыйнага камара. Пашырана ў краінах Афрыкі, Азіі, Паўд. Амерыкі, існуюць ачагі ў Азербайджане, Дагестане, Таджыкістане. На Беларусі ліквідавана ў 1950-я г. Крыніца хваробы — хворы на М. чалавек ці паразітаносьбіт. Заражэнне адбываецца пры ўкусе камара. Узбуджальнік пранікае ў кроў чалавека і заносіцца ў печань, дзе размнажаецца, потым укараняецца ў эрытрацыты. Разбурэнне эрытрацытаў суправаджаецца прыступамі ліхаманкі, дрыжыкамі, павялічваюцца селязёнка, печань. Ускладненні: малярыйная кома, анемія, нырачная недастатковасць. Адрозніваюць 4 формы М., найб. цяжкая трапічная. Лячэнне тэрапеўтычнае.