Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
паёк, пайка́, мн.пайкі́, пайко́ў, м.
Ежа або прадукты, якія выдаюцца ў пэўнай колькасці і на пэўны час.
Хлебны п.
Сухі п. (які выдаецца замест штодзённага харчавання).
|| прым.пайко́вы, -ая, -ае.
Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)
ПАЯ́ЛЬНІК,
інструмент для пайкі металаў і расплаўлення прыпою. Медная рабочая частка П. награваецца ад знешняй крыніцы цяпла (ад паяльнай лямпы і інш.). Форма, памеры і маса П. вызначаюцца тыпам паянага шва, канфігурацыяй і масай вырабу. Бываюць без пастаяннага падагрэву, з падагрэвам полымем ці з электрападагрэвам (найб. пашыраны). Спец. від П. — ультрагукавы, у якім ваганні нагрэтага стрыжня разбураюць аксідную плёнку на паверхні паянага вырабу пад слоем прыпою. Асн. перавага — магчымасць бясфлюсавай пайкі. Выкарыстоўваюцца для пайкі і луджэння вырабаў са сталі, медзі і медных сплаваў, алюмінію (пераважна ультрагукавыя П.) мяккімі алавяна-свінцовымі прыпоямі.
Паяльнікі: 1 — газавы з падагрэвам адкрытым полымем; 2 — бензінавы з рэзервуарам для гаручага ў рукаятцы; 3 — электрычныя (звычайны і з фарсіраваным падагрэвам — паяльны пісталет).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРЫСЕ́ВІЧ (Аляксей Іванавіч) (25.6.1880, в. Саленікі Карэліцкага р-на Гродзенскай вобласці — 20.11.1953),
вынаходнік-самавук. Герой Працы (1934). Працаваў у Цэнтр. аэрагідрадынамічным ін-це імя М.Я.Жукоўскага (ЦАГІ; 1926—29), з 1939 на прадпрыемствах Масквы. Прапанаваў тэхналогію пайкі алюмінію звычайным паяльнікам і патай-клёпкі ў самалётабудаванні. Удзельнічаў у вырабе першых (залатых) зорак Крамля, у мантажы самалётаў АНТ-20 («Максім Горкі») і АНТ-25, на якім адбыўся першы пералёт з СССР у ЗША.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЯ́ЛЬНАЯ ЛЯ́МПА,
награвальная прылада з адкрытым накіраваным полымем. Полымя ўтвараецца на выхадзе трубы Пл. пры гарэнні сумесі пары вадкага паліва (бензіну, спірту, газы) з паветрам, прадукты гарэння ўтвараюць выцягнуты факел. Найб. пашыраны П.л. фарсуначнага тыпу (гл.Фарсунка) з ёмістасцю рэзервуара да 2 л. Выкарыстоўваюцца для награвання рабочай часткі паяльніка і дэталей, расплаўлення прыпою ў працэсе пайкі, а таксама награвання металу для праўкі, гібкі і інш., выдалення рэшткаў старога масла, фарбы, лаку з драўляных і метал. вырабаў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АМО́НІЮ ЗЛУЧЭ́ННІ,
хімічныя злучэнні з зараджаным атамам азоту (амонію катыёнам), які кавалентна звязаны з вадародам ці арган. радыкаламі і іоннай сувяззю з аніёнам. Найпрасцейшыя неарганічныя амонію злучэнні — гідраксід амонію (NH4OH) і солі амонію: хлорысты амоній (NH4Cl), нітрат амонію (NH4NO3) і інш. Гідраксід амонію атрымліваюць растварэннем аміяку ў вадзе; пры дысацыяцыі праяўляе ўласцівасці слабай асновы. Большасць соляў амонію раствараюцца ў вадзе, дысацыіруюць, гідралізуюцца, пры награванні раскладаюцца. Гідроліз і тэрмічнае раскладанне іх залежыць ад прыроды аніёна, напр. NH4Cl раскладаецца па схеме: NH4Cl=NH3+HCl; у солях з аніёнам-акісляльнікам адбываецца акісляльна-аднаўляльны працэс, напр. NH4NO3=N2O+2H2O. Солі амонію маюць шырокае выкарыстанне: хлорысты амоній — у сухіх батарэях, як флюс для пайкі і зварвання металаў, дымаўтваральнік; сульфат і нітрат — азотныя ўгнаенні, нітрат — кампанент выбуховых рэчываў; гідракарбанат амонію выкарыстоўваецца ў кандытарскай вытв-сці. Да арганічных амонію злучэнняў належаць першасныя [RNH3]+X−, другасныя [R2NH2]+X−, трацічныя [R3NH]+X− і чацвярцічныя амоніевыя солі [R4N]+X−, унутраныя чацвярцічныя амоніевыя солі, напр. бетанін (CH3)3N+CH2COO−, оніевыя злучэнні з атамам азоту. Найб. распаўсюджаныя чацвярцічныя амоніевыя солі, якія атрымліваюць алкіліраваннем (кватэрнізацыяй) трацічных амінаў. Злучэнні хоць з адным доўгім алкільным радыкалам валодаюць паверхневаактыўнымі і антысептычнымі ўласцівасцямі. Выкарыстоўваюцца як эмульгатары, стабілізатары, змочвальнікі, дэзінфекцыйныя сродкі, лек. прэпараты (метацын, кватэрон), пры амыленні тлушчаў. Сустракаюцца ў прыродзе ў раслінах (алкалоіды); халін, ацэтылхалін — фізіялагічна актыўныя рэчывы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́ЛІЙ (лац. Gallium),
Ga, хімічны элемент III групы перыядычнай сістэмы, ат. н. 31, ат. м. 69,72. Прыродны складаецца з 2 стабільных ізатопаў 69Ga (61,2%) і 71Ga (38,8%). У зямной кары 1,8∙10−3 % па масе. У прыродзе рассеяны (мінерал галіт CuGaS2 вельмі рэдкі), спадарожнік алюмінію. Адкрыты ў 1875 франц. хімікам П.Э.Лекокам дэ Буабадранам, названы ў гонар Францыі (лац. Gallia).
Светла-шэры легкаплаўкі (tпл 29,76 °C) метал з вял. тэмпературным інтэрвалам існавання ў вадкім стане (tкіп 2205 °C), шчыльн. (кг/м³) цвёрдага 5903,7 (29,6 °C), вадкага 6094,8 (пры зацвярдзенні аб’ём галію павялічваецца). У паветры пры звычайнай т-ры пакрыты ахоўнай плёнкай аксіду. Раствараецца ў мінер. к-тах і шчолачах, утварае адпаведна солі галію і галаты — солі ортагаліевай Ga(OH3) ці H3GaO3 і метагаліевай HGaO2к-т. Найб. пашыраны солі галію: трыхларыд GaCl3, бясколерныя крышталі, tпл 77,8 °C; сульфат Ga2(SO4)3, які з сульфатамі шчолачных металаў і амонію ўтварае галын. Пры сплаўленні з фосфарам, мыш’яком і сурмой галій утварае крышт. паўправадніковыя злучэнні, адпаведна фасфід GaP (жоўта-аранжавы, tпл 1790 °C), арсенід GaAs (цёмна-шэры з фіялетавым адценнем, tпл 1238 °C), антыманід GaSb (светла-шэры, tпл 712 °C).
Выкарыстоўваюць у вытв-сці паўправадніковых матэрыялаў, для «халоднай пайкі» керамічных і металічных дэталей у радыёэлектроніцы, люстраў з высокай адбівальнай здольнасцю, высокатэмпературных (900—1600 °C) тэрмометраў, манометраў.