«Голос низа» (час.) 5/416

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

«ГО́ЛОС НИ́ЗА»,

рукапісны літаратурна-грамадскі часопіс. Выдаваўся ў 1911 у г. Капыль (Мінская вобл.) на рус. мове гуртком «Самаразвіццё і самаадукацыя». Захаваліся № 1, 2, 3, 10. У іх супрацоўнічалі З.​Жылуновіч (рэдактар першых нумароў, псеўд. Шулятнік, Капылянін), А.​Гурло (псеўд. Л.​Эхо), Х.​Чарнышэвіч (псеўд. Н.​Буржэнін), Дз.​Чарнушэвіч (псеўд. Ф.​Стрэмаў). Змешчаныя ў часопісе літ. творы маюць гісторыка-пазнавальнае значэнне, у іх перададзена імкненне нар. мас да свабоды і сац. справядлівасці. У публіцыст. артыкулах паказвалася сац.-эканам. і паліт. жыццё, крытыкавалася царскае самадзяржаўе. Да № 1—3 выдаваўся літ. дадатак на бел. мове «Вольная думка» (вядомы па ўрыўках).

А.​М.​Клачко.

т. 5, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУРЛО́ (Алесь) (Аляксандр Кандратавіч; 31.1.1892, г.п. Капыль Мінскай вобл. — 4.2.1938),

бел. паэт. Чл. Капыльскай арг-цыі РСДРП, удзельнічаў у выданні рукапісных час. «Заря», «Голос низа», «Вольная думка» (1910—11, Капыль). Працаваў на ліцейным з-дзе «Вулкан» (Пецярбург). З 1913 служыў на Балт. флоце. Удзельнік Лют. і Кастр. рэвалюцый, грамадз. вайны. У 1920-я г. працаваў у тэрміналагічнай камісіі Інбелкульта. 25.7.1930 беспадстаўна арыштаваны, асуджаны на 5 гадоў высылкі ў Сібір, пасля вызвалены. Рэабілітаваны ў 1957. Друкаваўся з 1907 у газ. «Наша ніва». У ранніх творах паэтызацыя працы, марыністычныя матывы. У творах 1920—30-х г. апяваў працоўныя будні, родную прыроду (зб. «Барвенак», 1924, «Спатканні», 1925, «Сузор’і», 1926, «Зорнасць», 1927, «Межы», 1929). Аўтар сямейна-быт. драмы «Любоў усё змагае» (нап. 1912). На бел. мову перакладаў творы А.​Аўдзеенкі, Ф.​Гладкова, Ш.​Руставелі і інш.

Тв.:

Вершы. Мн., 1972;

Нашы птушкі. Мн., 1974.

Літ.:

Хведаровіч М. Памятныя сустрэчы. 2 выд. Мн., 1963. С. 86—113;

Лойка А. Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастр. перыяд. Ч. 2. Мн., 1980.

А.Гурло.

т. 5, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕ́ЙНБАРТ (Леў Максімавіч) (27.10.1875, г. Капыль Мінскай вобл. — 20.11.1950),

рускі крытык і публіцыст. Скончыў Слуцкую гімназію. З 1896 вучыўся ў Пецярбургскім ун-це. У 1903—17 супрацоўнічаў у час. «Образование», «Мир божий», «Современный мир» і «Вестник Европы». У 1920-я г. кіраваў літ. студыямі Наркамасветы і ленінградскага Пралеткульта. Літ. дзейнасць пачаў у 1902. Даследаваў гісторыю пралет. культуры, нар. публіцыстыку і самадз. літ. творчасць, выданні капыльскай рабочай асв. арг-цыі «Самаадукацыя і самаразвіццё» (паэзію, прозу і публіцыстыку Ц.​Гартнага, А.​Гурло, Ф.​Чарнушэвіча, Ф.​Шантыра і інш. у рукапісных час. «Заря», «Вольная думка» і «Голос низа»). У кн. «Маладая Беларусь. Нарыс сучаснай беларускай літаратуры» (1928) вызначыў пэўныя заканамернасці і спецыфіку развіцця бел. л-ры, ахарактарызаваў асн. тэндэнцыі і кірункі бел. літ. руху 1920-х г., творчасць А.​Александровіча, А.​Бабарэкі, А.​Дудара, У.​Дубоўкі, Я.​Пушчы, К.​Чорнага і інш. Перапісваўся з Я.​Купалам, Ц.​Гартным і інш. Падрыхтаваў першую крытыка-біяграфічную манаграфію пра Я.​Купалу (не выйшла). Аўтар успамінаў пра літ. і рэв. рух у Капылі.

т. 8, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)