Мілер 3/588

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ЛЕР ((Miller) Мёртан Хоўард) (н. 1923),

амерыканскі эканаміст. Скончыў Гарвардскі ун-т. Праф. Лонданскай школы эканомікі, Ін-та тэхналогіі імя Карнегі, Вышэйшай школы бізнесу Чыкагскага ун-та. Працаваў у амер. дзярж. эканам. установах. У 1976 прэзідэнт Амер. фін. асацыяцыі. Даследаваў праблемы функцыянавання фін. рынкаў (тэорыя партфельнага выбару, фінансы карпарацый і інш.). Асн. праца «Кошт капіталу, фінансы прыватных карпарацый і тэорыя інвестыцый» (1958, разам з Ф.Мадыльяні). Нобелеўская прэмія 1990 (разам з Г.Маркавіцам і У.Ф.Шарпам).

т. 10, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ЛЕР ((Miller) Глен) (1.3.1904, г. Кларында, ЗША — 16.12.1944),

амерыканскі трамбаніст, аранжыроўшчык, кіраўнік джаз-аркестраў. У 1924—26 вучыўся ва ун-це Каларада, у 1932—35 удасканальваўся ў Дж.Шылінгера (кампазіцыя, аранжыроўка). З 1921 іграў у джаз-аркестрах. У 1935 разам з Р.Ноўблам арганізаваў аркестр, вядомы т.зв. мілераўскім гучаннем (увёў кларнет і тэнарсаксафон у актаву, паміж партыямі якіх размешчаны партыі інш. інструментаў групы язычковых духавых). У 1938 стварыў уласны аркестр, сусветна вядомы пасля ўдзелу ў кінафільме «Серэнада сонечнай даліны» (1941) з яго музыкай. З 1942 з арганізаваным ім Аркестрам ВПС выступаў на фронце і па радыё. Яго творчасці прысвечаны фільм «Гісторыя Глена Мілера» (1954).

т. 10, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ЛЕР (Герард Фрыдрых) (29.10.1705, г. Герфард, Германія — 22.10.1783),

расійскі гісторык, археограф. Чл. Пецярбургскай АН (1731). У 1725 прыехаў у Расію. З 1725 ад’юнкт, з 1731 праф. гісторыі, у 1728—30 і 1754—65 канферэнц-сакратар АН. У 1733—43 удзельнічаў у экспедыцыі па вывучэнні Сібіры, даследаваў і апісаў архівы больш чым 20 яе гарадоў, сабраў вял. колькасць копій дакументаў па гісторыі Сібіры і еўрап. ч. Расіі (т. зв. партфелі М.). Аўтар прац па гісторыі і геаграфіі Расіі са старажытнасці да сярэдзіны 18 ст., гал. з якіх — «Гісторыя Сібіры» (апубл. ў 1750). Прыхільнік нарманскай тэорыі. Апублікаваў шэраг крыніц і прац па рас. гісторыі, у т.л. Судзебнік 1550 з каментарыямі В.М.Тацішчава, лісты Пятра I да Б.П.Шарамецева, «Гісторыю Расійскую» Тацішчава.

Тв.:

Сочинения по истории России: Избр. М., 1996.

т. 10, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ЛЕР (Усевалад Фёдаравіч) (19.4.1848, Масква — 18.11.1913),

рускі мовазнавец, фалькларыст, этнограф і археолаг; прадстаўнік гістарычнай школы ў рус. фалькларыстыцы. Акад. Пецярбургскай АН (1911). Скончыў Маскоўскі ун-т (1870), праф. у ім (з 1884). Старшыня этнагр. аддзела Таварыства аматараў прыродазнаўства (з 1881), адзін з заснавальнікаў час. «Этнографическое обозрение» (1889—1916). З 1884 хавальнік Дашкаўскага этнагр. музея, у 1897—1911 дырэктар Лазараўскага ін-та ўсх. моў. Даследаваў мовы і л-ру народаў Б. Усходу, Каўказа, нар. эпас, л-ру і мову стараж. Русі. Аўтар прац: «Погляд на «Слова пра паход Ігаравы» (1877), «Асецінскія эцюды» (ч. 1—3, 1881—87), «Зборнік матэрыялаў па этнаграфіі» (вып. 1—3, 1885—88), «Экскурсы ў галіну рускага народнага эпасу» (1892), «Нарысы рускай народнай славеснасці» (т. 1—3, 1897—1924), «Гістарычныя песні рускага народа XVI—XVII стст.» (1915) і інш.

т. 10, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ЛЕР (Саламон Танхелевіч) (22.12.1889, г. Кнышын Падляскага ваяв., Польшча — 1.9.1937),

дзеяч рэв. руху ў Зах. Беларусі. У рэвалюцыю 1905—07 камандзір атрада самаабароны ў Беластоку, потым у арміі. У 1910 арыштаваны за арганізацыю салдацкага бунту. З турмы ўцёк, эмігрыраваў у ЗША, дзе ўдзельнічаў у левым прафс. руху. Пасля Лют. рэвалюцыі 1917 у Чырв. гвардыі, потым у Чырв. Арміі. З 1919 чл. РКП(б), заг. секцыі па рабоце сярод яўр. насельніцтва Смаленскага гаркома РКП(б). З 1921 на падп. рабоце ў Зах. Беларусі, сакратар Беластоцкага акруговага к-та КПРП. Удзельнік 6-га кангрэса Камінтэрна. З 1923 чл. ЦК, з 1926 чл. Бюро ЦК КПЗБ. У 1932—33 узначальваў Краявы сакратарыят ЦК КПЗБ. З 1933 на парт. рабоце ў БССР, з 1936 — у Омскай вобл. Аўтар брашуры «Першыя гады Кампартыі Заходняй Беларусі» (1935, пад псеўд. І.Р.Валевіч). Скончыў самагубствам.

М.С.Сташкевіч.

т. 10, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ЛЕР ((Miller) Артур) (н. 17.10.1915, Нью-Йорк),

амерыканскі драматург. Скончыў Мічыганскі ун-т (1938). Дэбютаваў кн. нарысаў «Становішча нармальнае» (1944). У п’есах «Чалавек, якому гэтак шанцавала» (1944), «Усе мае сыны» (1947), рамане «Фокус» (1945) праблемы асобы, сям’і і грамадства, расавых і нац. узаемаадносін. Сусв. вядомасць прынесла драма «Смерць коміваяжора» (1949) — своеасаблівая інтэрпрэтацыя «амерыканскай мары» і «амерыканскай трагедыі». Аўтар п’ес «Цяжкае выпрабаванне» (1953, гіст. хроніка), «Від з моста» і «Успаміны пра два панядзелкі» (абедзве 1955), «інтэлектуальных» антынацысцкіх драм «Пасля грэхападзення» (1964) і «Гэта здарылася ў Вішы» (1965), камедыі «Стварэнне свету і іншыя справы» (1972), сац.-філас. драмы «Амерыканскі хранограф» (1980), кінасцэнарыя і аднайм. аповесці «Непрыкаяныя» (1961). У яго рэаліст. творах адчувальны ўплыў экзістэнцыялізму, «плыні свядомасці». Паводле яго п’есы «Цяжкае выпрабаванне» Бабруйскі вандроўны бел. драм. т-р (1957) і Гродзенскі абл. драм. т-р (1996) паставілі п’есу «Салемскія ведзьмы», Брэсцкі абл. драм. т-р — «Від з моста» (1959).

Тв.:

Рус. пер. — Пьесы. М., 1960.

Е.А.Лявонава.

т. 10, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІ́ЛЕР ((Miller) Генры Валенштайн) (26.12.1891, Нью-Йорк — 7.6.1980),

амерыканскі пісьменнік. Вучыўся ў Сіці-каледжы (1909). Дэбютаваў у 1922. Сусв. вядомасць прынёс першы раман «Тропік Рака» (1934, экранізацыя 1970). Раманы «Чорная вясна» (1936), «Тропік Казярога» (1939), трылогія «Дабратворны крыж» («Сексус», «Плексус», «Нексус», 1949—60) адметныя ўвагай да інтымна-прыватнага, «начнога» боку чалавечага жыцця; эротыка ў іх узнята на гратэскава-міфалагічны ўзровень, мае абагульнена-сімвалічны характар. Паэтыка М. спалучае ў сабе натуралізм, шарж, экстравагантнасць з глыбокім лірызмам і філасафічнасцю. Аўтар аўтабіягр. кн. «Маё жыццё і мая эпоха» (1971), кніг апавяданняў, эсэ, публіцыстыкі, п’ес, вершаў у прозе. Пра жыццё і творчасць М. зняты кінафільмы «Адысея Генры Мілера» (1969), «Генры і Джун» (1990). На бел. мову частку яго эсэ «Час забойцаў» пераклаў Дз.Серабракоў.

Тв.:

Бел. пер. — «Час забойцаў» // Крыніца. 1999. № 1;

Рус. пер. — Избранное. Вильнюс;

М., 1995;

Роза Распятая: Трилогия: Сексус. Плексус. Нексус. Т. 1—2. М., 1999.

Літ.:

Алякринский О. Абеляр из Бруклина: Жизнь и книги Генри Миллера // Всемир. лит. 1997. № 9;

Лявонава Е.А Чалавечае, надта чалавечае: (Эстэт. абрыс Генры Мілера) // Крыніца. 1999. № 1.

Е.А.Лявокава.

т. 10, с. 371

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Мілер-Закамельскі 1/173

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Мілер А. (рус. філолаг) 10/530

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)