ме́са, -ы, мн. -ы, мес, ж.

1. У каталіцкай царкве: літургія.

Скончылася м.

2. Музычны харавы твор на тэкст гэтага набажэнства звычайна ў суправаджэнні аргана ці аркестра.

М. кампазітара Ліста.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

ме́са

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, жаночы род, 2 скланенне

адз. мн.
Н. ме́са ме́сы
Р. ме́сы ме́с
Д. ме́се ме́сам
В. ме́су ме́сы
Т. ме́сай
ме́саю
ме́самі
М. ме́се ме́сах

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

ме́са ж. ме́сса

Беларуска-рускі слоўнік, 4-е выданне (2012, актуальны правапіс)

ме́са, ‑ы, ж.

1. Тое, што і імша. Біскуп сам служыць прыехаў месу. Танк.

2. Музычны харавы твор на тэкст каталіцкага набажэнства, звычайна ў суправаджэнні арганаў ці аркестра. Меса Ліста.

[Фр. messe.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Меса (богаслужэнне) 7/146

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

Меса (муз.) 7/146; 9/252; 11/95

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́СА,

цыклічны вак. ці вак.-інстр. твор на кананічны лац. тэкст. Выконваецца ў час імшы — цэнтр. абраду сутачнага цыкла богаслужэння каталіцкай царквы, аналагічнага правасл. літургіі. М. складаецца з ардынарыя (раздзелы, тэкст якіх павінен гучаць штодзённа) і пропрыя (раздзелы, тэкст якіх мяняецца ў залежнасці ад пэўнага свята ці рытуалу). Ардынарый уключае 5 частак: Kyrie eleison (Госпадзі, памілуй), Gloria (Слава ў вышніх богу), Credo (Верую), Sanctus (Свят) і Benedictus (Блаславён), Agnus Dei (Ягня божае). Тэкст М. звычайна спяваюць, некат. раздзелы выконваюць рэчытацыяй. Асн. разнавіднасці М. — рэквіем, кароткая М. (missa brevis, уключае Kyrie і Gloria) і «харальная». Інтанацыйная аснова М. — грыгарыянскі харал.

Яе раннія ўзоры аднагалосыя і ананімныя. Прыкладна з 14 ст. паявіліся аўтарскія хар. шматгалосыя творы (4-галосая Г. дэ Машо, 1364). У 15—17 ст. пераважалі хар. М. без суправаджэння Г.​Дзюфаі, І.​Окегема, Я.​Обрэхта, Жаскена Дэпрэ, А.​Ласа, Дж.​Палестрыны, Дж.​Габрыэлі, К.​Мантэвердзі. У 18—19 ст. М. ўключае сольныя, хар. і аркестравыя нумары (сярод узораў — «Высокая меса» І.​С.​Баха, «Урачыстая меса» Л.​Бетховена, М. c-moll В.​А.​Моцарта). Уплыў эстэтыкі рамантызму відавочны ў месах Ф.​Шуберта, Ф.​Ліста, А.​Брукнера. У 20 ст. М. пісалі Л.​Яначак, І.​Стравінскі, Ф.​Пуленк, А.​Месіян і інш.

На Беларусі захаваліся шматлікія нотныя рукапісы з творамі ў жанры М., большасць якіх ананімныя або падпісаны імем перапісчыка ці ўласніка рукапісу (Міхалевіча з Полацка, М.​Кніфкі з Гродна, Нікалаеўскага са Слоніма, рукапісы з Нясвіжа і інш., усе 18 ст.). Сярод аўтараў М. 18 ст. Шымкевіч, В.​Данькоўскі, полацкі езуіт Лаўрыновіч (верагодна), у 19 ст. — Баброўскі, Ф.​Міладоўскі, С.​Манюшка, І.​Глінскі, К.​Горскі, Ю.​Дашчынскі і інш. У сучаснай бел. музыцы да жанру М. звяртаюцца Л.​Шлег (рэквіем «Помніце!», 1980), В.​Капыцько («Меса ў гонар Св. Францыска Асізскага», 1993, і інш.), А.​Літвіноўскі («Грыгарыянская меса», 1994).

Т.​А.​Цітова.

т. 10, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́СА (позналац. missa ад лац. mitto пасылаю, адпускаю),

галоўнае богаслужэнне ў каталіцкай царкве. Уключае чытанне малітваў, песнапенні ў суправаджэнні аргана, заканчваецца абрадам прычашчэння. Паводле рашэння II Ватыканскага сабора (1962—65) дазволена праводзіць М. на нац. мове, прычашчаць недухоўных асоб хлебам і віном, уключаць элементы нац. музыкі, адноўлена агульная малітва ў царкве і інш.

т. 10, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ме́са2

(ісп. mesa = стол)

невялікія сталовыя ўзвышшы з абрывістымі схіламі, якія ўяўляюць сабой рэшткі вялікіх плато.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)

ме́са1

(фр. messe, ад лац. missa)

1) галоўнае богаслужэнне каталіцкай царквы;

2) многагалосы харавы твор рэлігійнага зместу на тэкст каталіцкага набажэнства.

Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)