МЕ́РТАН ((Merton) Роберт Кінг) (н. 5.7.1910, г. Філадэльфія, ЗША),

амерыканскі сацыёлаг. Даследаваў праблемы акад. сацыялогіі ЗША, у т. л. ў тэорыі і метадалогіі структурнага функцыяналізму, сацыялогіі навукі, вывучэнні сац. структуры, з’яў сац. дэзарганізацыі і бюракратыі. Вынікі даследаванняў выкладзены ў працах «Сацыяльная тэорыя і сацыяльная структура» (1957, 1968), «Сацыялогія навукі» (1973), «Структурны аналіз у сацыялогіі» (1975) і інш. М. распрацаваў паняцце дысфункцыі і правёў дыферэнцыяцыю паміж «відавочнымі» і «латэнтнымі» (скрытымі) функцыямі, што ў працэсе аналізу механізмаў забеспячэння «сацыяльнага парадку» дае магчымасць выяўляць дысфункцыянальныя з’явы, якія ўзнікаюць у выніку супярэчнасцей і напружанасці ў сац. структуры грамадства. Сфармуляваў асновы сацыялаг. аналізу навукі, які характарызуецца ўласнымі каштоўнасна-нарматыўнымі рэгулятывамі (універсалізм, агульнасць, бескарыслівасць, арганізаваны скептыцызм). Услед за франц. сацыёлагам Э.Дзюркгеймам развіваў тэорыю анаміі, якую разумеў як асаблівы маральна-псіхал. стан індывід. і грамадскай свядомасці, абумоўлены распадам сістэмы маральных каштоўнасцей і «вакуумам ідэалаў».

В.​Л.​Боўш.

т. 10, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Мертан Р. 9/392

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

МЭ́ЙДЖАР ((Major) Джон) (н. 29.3.1943, г. Мертан, Вялікабрытанія),

брытанскі паліт. і дзярж. дзеяч. Скончыў Ін-т банкіраў. У 1965—79 банкаўскі служачы. З 1979 дэп. палаты абшчын парламента ад Кансерватыўнай партыі. З 1986 дзярж. міністр сац. забеспячэння. з 1987 ген. сакратар мін-ва фінансаў, з ліп. 1989 міністр замежных спраў, з кастр. 1989 міністр фінансаў. У 1990—97 прэм’ер-міністр Вялікабрытаніі і лідэр Кансерватыўнай партыі. Працягваў у асноўным паліт. курс М.Тэтчэр, але з іншым вырашэннем сац.-эканам. пытанняў (прыватызацыя дзярж. прадпрыемстваў, павышэнне падаткаў і інш.). Дамогся ратыфікацыі ў Вялікабрытаніі Маастрыхцкага дагавора 1992.

Дж.Мэйджар.

т. 11, с. 57

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЮРАКРА́ТЫЯ (франц. bureaucratie ад bureau бюро, канцылярыя + грэч. kratos, улада, панаванне; літар. панаванне канцылярыі),

іерархічная арганізацыя, якая ў сваёй дзейнасці падпарадкоўваецца пэўным правілам, абапіраецца на вызначаныя ў кантракце адносіны службовай залежнасці паміж кіраўніком і падначаленымі і персанал якой атрымлівае сталае грашовае ўзнагароджанне. Тэрмін «бюракратыя» ўзнік у 18 ст. ў Францыі, з 19 ст. выкарыстоўваецца ў дачыненні да дзярж. адміністрацыі. Пачатковыя формы бюракратыі склаліся ў стараж. імперыях (Егіпет, Рым, Кітай), што было абумоўлена неабходнасцю мабілізацыі на вайсковыя мэты (ваенная бюракратыя), для выканання будаўнічых, ірыгацыйных і інш. работ, а таксама на збор падаткаў (фіскальная бюракратыя). Персанал падатковай адміністрацыі найчасцей набіралі з тых груп насельніцтва, якія не належалі да прывілеяваных слаёў грамадства, а знаходзіліся ў поўнай залежнасці ад свайго ўладара, які выкарыстоўваў бюракратыю для ўмацавання ўласнага становішча, у супрацьстаянні з арыстакратыяй. Функцыянаванне бюракратыі спрыяла рацыяналізацыі дзярж. улады (узнікненне законаў) і эканам. прагрэсу (дзярж. палітыка набывала ўсё больш прадказальны характар).

Пачатак сучаснай бюракратыі паклалі змены, што адбыліся ў сярэдневяковай Еўропе, і найперш узнікненне абсалютных манархій. Яе фарміраванню папярэднічалі працяглыя па часе працэсы: спецыялізацыя адм. функцый на каралеўскіх і княжацкіх дварах, а пазней аддзяленне гэтых функцый ад двара; замяшчэнне адм. пасад высокакваліфікаванымі юрыстамі; пераход адм. функцый ад ваен. кіраўнікоў да цывільных чыноўнікаў. Усё гэта ўзмацняла тэндэнцыі рацыяналізацыі бюракратычнага апарата. Найбольш поўны аналіз сучаснай бюракратыі даў ням. сацыёлаг М.​Вебер, які сфармуляваў т.зв. ідэальны тып бюракратыі. Ён лічыў яе адным з галоўных элементаў еўрап. цывілізацыі. На яго думку, выкарыстанне арганізацыі падобнага тыпу ў палітыцы і эканоміцы забяспечыла перавагу Еўропы і яе цывілізацыйнага асяроддзя. Амер. вучоныя Р.​Майкелсан, Ф.​Селзнік, Т.​Парсанс, Р.​Мертан паказалі, што ў натуральнай сістэме бюракратыі разам з рацыянальнымі момантамі існуюць ірацыянальныя, а ў выніку яе разладжвання сродкі дасягнення мэты (іерархізацыя ўлады, строгая дысцыпліна, няўхільнае выкананне правіл, інструкцый і г.д.) ператвараюцца ў самамэту. А.​Гоўлднер лічыў, што існуюць 2 тыпы бюракратыі — прадстаўнічая, для якой характэрна ўлада, што абапіраецца на веды і ўменне, і аўтарытарная, што выкарыстоўвае для ўмацавання сваёй улады розныя санкцыі; апошні тып бюракратыі ўзнікае, калі падпарадкаванне робіцца самамэтай, а ўлада ўзаконьваецца самім фактам знаходжання на пасадзе. У больш вузкім значэнні тэрмін «бюракратыя» абазначае няўмелыя, безвыніковыя дзеянні дзярж. адміністрацыі, празмерную зафармалізаванасць і марудлівасць у вырашэнні спраў.

Літ.:

Weber M. The theory of social and economic organization. London;

New York, 1947;

Bureaucracy as a social problem. Greenwich (Conn.), 1983;

Bürokratie als Schicksal? Opladen, 1985.

Н.​К.​Мазоўка.

т. 3, с. 389

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)