Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
ІЗАЛЯЦЫ́ЙНАЯ МАШЫ́НА,
машына для нанясення слоя бітумнай масцікі на ачышчаную і пакрытую грунтоўкай вонкавую паверхню трубаправода і абмоткі яго ізаляцыйным матэрыялам (шклопалатном, брызолам, паперай). Найб. магутныя І.м. ізалююць трубы дыям. 1422 мм, пры шырыні ізаляцыйнай стужкі да 500 мм, таўшчыні слоя ізаляцыі не менш за 4 мм, скорасці прасоўвання па трубаправодзе да 1,4 км/гадз.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ХАВЫЯ МАТЭРЫЯ́ЛЫ,
будаўнічыя матэрыялы, з якіх робяць дахі будынкаў і збудаванняў. Характарызуюцца воданепранікальнасцю, мароза-, вогне- і вільгацеўстойлівасцю, трываласцю, лёгкасцю.
Адрозніваюць Д.м.: цвёрдыя (штучныя — лісты, пліткі), гнуткія (рулонныя, найб. пашыраны) і пластычныя (масцікавыя); сілікатныя (азбестацэментныя хвалепадобныя лісты і пліткі, гл.Азбестацэментныя вырабы і канструкцыі; чарапіца, шыфер); арганічныя (драўняныя — гонта, драніцы, дошкі; бітумныя і дзёгцевыя — пергамін, руберойд, таль, палімерныя на аснове пластмас — плоскія і хвалепадобныя пліты з шклапластыкаў і інш.); металічныя (лісты дахавай сталі, алюмінію, цынку). Пластычныя Д.м. — бітумныя, бітумна-палімерныя і дзёгцевыя масцікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕТЭ́ЛЬ,
1) кустовая трапічная расліна — перац бетэль (Piper betle) з сям. перцавых. Пашыраны ў Інданезіі. Разводзіцца ў трапічнай Азіі. Выкарыстоўваюць як узбуджальны наркатычны і лек. (танізоўны, антысептычны) сродак, мае востры эфірны алей.
2) Сумесь вострага на смак лісця і пладоў перцу бетэлю з пэўнымі дамешкамі, якую мясц. жыхары ўжываюць для жавання свежай або ў выглядзе масцікі для танізавання і ўзбуджэння нерв. сістэмы. У якасці дамешкаў ідуць кавалкі насення арэкавай пальмы з невял. колькасцю нягашанай вапны (для нейтралізацыі к-т, якія мае лісце). Поласць рота, язык, дзясны і сліна афарбоўваюцца ў крывава-чырвоны колер, зубы чарнеюць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДА́ХАВЫЯ РАБО́ТЫ,
работы па стварэнні дахаў будынкаў і збудаванняў. Склад іх залежыць ад віду і вугла нахілу даху, дахавых матэрыялаў.
Звычайна Д.р. ўключаюць: падрыхтоўку (ачыстку, грунтоўку) асновы; параізаляцыю асн. канструкцыі пакрыцця слоем масцікі або 1—2 слаямі пергаміну, руберойду. толі, шклоруберойду (на гарачых і халодных масціках); цеплаізаляцыю з плітавых, маналітных або сыпкіх уцяпляльнікаў; стварэнне выраўноўвальнага слоя — т.зв. сцяжкі (цэментна-пясчанай, асфальтабетоннай); укладку дахавага пакрыцця з 2—5 слаёў рулонных матэрыялаў або масцік, арміраваных шкловалакном, і ахоўнага слоя. Пры выкарыстанні штучных матэрыялаў насцілаюць (укладваюць) азбестацэментныя лісты і пліткі, чарапіцу, дахавую сталь на драўляныя латы, жалезабетонныя, стальныя або драўляныя бэлькі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІ́ТУМЫ ПРЫРО́ДНЫЯ,
карысныя выкапні арган. паходжання з першаснай вуглевадароднай асновай. Залягаюць у нетрах у цвёрдым, вязкім і вязкапластычным станах. Падзяляюцца на нафтыды і нафтоіды. Нафтыды: нафта і яе натуральныя вытворныя (мальты, асфальты, асфальтыты, керыты, азакерыты і інш.), прыродныя газы. Нафтоіды — нафтападобныя прадукты натуральнай узгонкі арган. рэчыва пад уплывам цяпла магмы. Бітумы прыродныя — комплексная хім. і энергет. сыравіна, крыніцы серы, каштоўных металаў (ванадый, нікель, сурма, уран) і інш. Выкарыстоўваюць як буд. сыравіну (дарожныя пакрыцці, вытв-сць руберойду, асфальтавай масцікі і інш.), у электрапрамысловасці. Найб. запасы бітумаў прыродных у Канадзе, Венесуэле, ЗША. У Беларусі трапляюцца амаль ва ўсіх пародах платформавага чахла, найб. у адкладах дэвону Прыпяцкага прагіну, дзе сканцэнтраваны асн.прамысл. паклады нафты. Гл. таксама Бітумы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРУ́ЧЫЯ СЛА́НЦЫ,
карысны выкапень, асадкавыя карбанатна-гліністыя, крамяністыя або гліністыя горныя пароды, якія маюць гаручыя ўласцівасці. Маюць 10—50% па масе арган. рэчыва (керагену), да 7—10% вадароду, 30—80% лятучых кампанентаў, бітумы. Гараць куродымным полымем са спецыфічным бітумінозным пахам. Колер карычневы, карычнева-жоўты, шэры, аліўкава-шэры. Асн.мінер. кампаненты гаручых сланцаў — кварц, кальцыт, гліністыя мінералы, таксама палявыя шпаты, пірыт і інш. Пры сухой перагонцы гаручыя сланцы атрымліваюць смалу (сланцавае масла) — крыніцу хім. прадуктаў, гаручыя газы і падсмольныя воды. Выхад смол 5—50%. Макс. цеплата згарання 14,6—16,7 МДж/кг. Выкарыстоўваюцца як паліва, для вытв-сці быт. газу, у хім. прам-сці (сінт. дубільнікі, клей, лакі, масцікі і інш.). Агульныя патэнцыяльныя рэсурсы гаручых сланцаў у свеце ацэнены ў 450 трлн. т. На Беларусі вядомы ў адкладах верхняга дэвону Прыпяцкага прагіну, дзе ўтвараюць сланцавы басейн пл. каля 20 тыс.км² з прагнознымі рэсурсамі 8 млрд.т. Глыбіня залягання 50—600 м, магутнасць пласта 0,5—3 м. У межах басейна папярэдне разведана шахтавае поле Тураўскага радовішча. Гэтыя гаручыя сланцы патрабуюць пры выкарыстанні папярэдняй тэрмічнай перапрацоўкі, у выніку якой можна атрымаць вадкае і газападобнае паліва.