два законы, адкрытыя Ж.Л.Гей-Люсакам (1802, 1808). Закон цеплавога расшырэння газаў: аб’ём дадзенай масы ідэальнага газу пры пастаянным ціску мяняецца паводле формулы VT = V0(1 + αvΔT), дзе V0 і VT — аб’ём газу пачатковы і пры т-ры T; ΔT = T − T0 — рознасць гэтых т-р; αv — каэф. цеплавога расшырэння газу пры пастаянным ціску (~1/273,15 К−1 для ўсіх газаў). Для рэальных газаў выконваецца набліжана і тым лепш, чым далей ад крытычнага стану знаходзіцца газ. Разам з Бойля—Марыёта законам і Авагадра законам паслужыў асновай для вываду ўраўнення стану ідэальнага газу (гл.Клапейрона—Мендзялеева ўраўненне). Закон аб’ёмных адносін: аб’ёмы газаў, якія ўступаюць у хім. рэакцыю, адносяцца адзін да аднаго і да аб’ёмаў газападобных прадуктаў рэакцыі як простыя цэлыя лікі. Напр., пры ўзаемадзеянні вадароду і хлору з утварэннем газападобнага хлорыстага вадароду H2 + Cl2 = 2HCl аб’ёмы газаў адносяцца як 1:1:2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЗАБА́РНЫ ПРАЦЭ́С,
тэрмадынамічны працэс, які працякае пры пастаянным ціску. Напр., награванне вады ў адкрытай пасудзіне, утварэнне пары ў паравым катле, згаранне паліва ў кампрэсарных і праматочных паветрана-рэактыўных рухавіках.
І.п. на тэрмадынамічнай дыяграме стану адлюстроўваецца ізабарай. аб’ём ідэальнага газу прапарцыянальны т-ры (Гей-Люсака закон); работа, якую выконвае ідэальны газ пры І.п., роўная здабытку ціску на змену аб’ёму. Цеплаёмістасць сістэмы ў І.п. большая, чым у ізахорным працэсе.
ураўненне, якое ўстанаўлівае залежнасць паміж фіз. велічынямі, што вызначаюць стан ідэальнага газу.
Атрымана ў 1834 Б.П.Э.Клапейронам у выглядзе pv = BT, дзе p, v і T — ціск, аб’ём і т-ра ідэальнага газу, B — каэфіцыент прапарцыянальнасці, які залежыць ад M — масы і μ — малярнай масы газу. У 1874 Дз.І.Мендзялееў вывеў ураўненне для 1 моль ідэальнага газу: pv = RT, дзе R — універсальная газавая пастаянная. К.—М.ў. ў выглядзе
з’яўляецца ўраўненнем стану ідэальнага газу, якое аб’ядноўвае Авагадра закон, Бойля—Марыёта закон, закон цеплавога расшырэння газаў (гл.Гей-Люсака законы). Гл. таксама Ван-дэр-Ваальса ўраўненне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭ́ВІ ((Davy) Гемфры) (17.12.1778, г. Пензанс, Вялікабрытанія — 29.5.1829),
англійскі хімік і фізік, адзін з заснавальнікаў электрахіміі. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1803), яго прэзідэнт (1820—27). З 1802 праф. Каралеўскага ін-та ў Лондане. Навук. працы па неарган. хіміі, электрахіміі, па высвятленні прыроды эл. і цеплавых з’яў. Адкрыў абязбольвальнае ўздзеянне закісу азоту (1799), хім. элемент бор (1808) незалежна ад Ж.Л.Гей-Люсака. Атрымаў электролізам солей і шчолачаў калій, натрый, кальцый, стронцый, барый, магній. Прапанаваў вадародную тэорыю кіслот (1815). Апісаў эл. дугу (1808—09), устанавіў залежнасць эл. супраціўлення правадніка ад яго папярочнага сячэння і даўжыні (1821). Сканструяваў бяспечную рудніковую лямпу (1815).
Літ.:
Манолов К. Великие химики: Пер. с болг. 3 изд. Т. 1. М., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІДЭА́ЛЬНЫ ГАЗ,
тэарэтычная мадэль газу, у якой не ўлічваецца ўзаемадзеянне часціц газу (сярэдняя кінетычная энергія часціц намнога большая за энергію іх узаемадзеяння). Адрозніваюць І.г. класічны і квантавы. Уласцівасці класічнага І.г. апісваюцца Клапейрона—Мендзялеева ўраўненнем і яго асобнымі выпадкамі — Бойля—Марыёта законам, Гей-Люсака законам, Шарля законам; часціцы размеркаваны па энергіях у адпаведнасці з Больцмана статыстыкай. Мадэль класічнага І.г. добра апісвае разрэджаныя рэальныя газы пры т-рах, далёкіх ад т-ры іх кандэнсацыі. Пры паніжэнні т-ры або павелічэнні яго шчыльнасці неабходна ўлічваць квантавыя (хвалевыя) уласцівасці часціц І.г., калі даўжыня іх хваль дэ Бройля пры скарасцях, парадку цеплавых, параўнальная з адлегласцямі паміж часціцамі. Пры гэтым квантавы І.г. апісваецца Бозе—Эйнштэйна статыстыкай або Фермі—Дзірака статыстыкай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕЙ-ЛЮСА́К ((Gay-Lussac) Жазеф Луі) (6.12.1778, г. Сен-Леанар-дэ-Набла, Францыя — 9.5.1850),
французскі хімік і фізік. Чл. Парыжскай АН (1806). Скончыў Політэхн. школу ў Парыжы (1800), дзе і працаваў у 1800—02, з 1809 праф. хіміі гэтай школы і праф. фізікі ў Сарбоне, з 1832 праф. хіміі ў Бат. садзе ў Парыжы. Адкрыў газавыя законы, названыя яго імем (гл.Гей-Люсака законы), хім. элемент бор (1808, разам з Л.Ж.Тэнарам). Атрымаў сінільную к-ту і дыцыян (1815). Вынайшаў тэрмаметрограф (1816), ртутны барометр, вежу для ўлоўлівання аксідаў азоту пры прамысл. вытв-сці сернай к-ты (1827). Распрацаваў прамысл. метад атрымання шчаўевай к-ты з драўнянага пілавіння (1829), удасканаліў метады аб’ёмнага аналізу (1824—32).
Літ.:
Макаров В.С., Шамшин Д.Л. Классическая химия и ее творцы. Воронеж, 1989.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
адна з старэйшых навуч. і навук. устаноў Еўропы. Засн. з царк. школ у 1215 у Парыжы пры садзейнічанні караля Філіпа Агюста і папы рымскага Інакенція III. Меў 4 ф-ты: вольных мастацтваў, кананічнага права, медыцыны і тэалогіі. У 13—15 ст. — адзін з буйнейшых у Еўропе навуч. і навук. цэнтраў у галіне тэалогіі і юрыспрудэнцыі. У 1257 франц. тэолаг Р. дэ Сарбон заснаваў у Парыжы калеж для дзяцей з бедных сем’яў, якія жадалі вывучаць Тэалогію. У 1554 калеж атрымаў назву Сарбона. Паступова адбылося зліццё Сарбоны з тэалагічным ф-там П.у., пасля чаго іх назвы сталі сінонімамі. У 1793 ун-т паводле рашэння Канвента закрыты, у 1808 дэкрэтам Напалеона I адноўлены і атрымаў статус дзярж.ВНУ. У розны час з ім была звязана дзейнасць многіх вядомых вучоных, у т. л. А.Л.Лавуазье, Ж.Л.Гей-Люсака, Л.Пастэра, П.Ж.Кюры, Ж.Б.Перэна, П.Ланжэвэна, А.Данжуа, Л.В. дэ Бройля, Ж.Дрэша і інш. У 1972 ф-ты П.у. пераўтвораны ў 13 самастойных ун-таў, 4 з іх пераважна знаходзяцца ў старых адміністратыўных будынках Сарбоны, астатнія — у іншых кварталах Парыжа і яго прыгарадах.