Ле́йба ’неахайная, гультаяватая асоба’ (брэсц., Нар. лекс.), клец. ’смаркаты, неахайны чалавек’ (там жа). Разам з польск. лэнчыцк. lejba ’вялікае, нязграбнае адзенне, халат’ запазычана з ням. дыял. leib ’блуза, кофтачка’ (Слаўскі, 4, 121), магчыма, праз ідыш.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

ла́хі, ‑аў; адз. няма.

Разм. Старое паношанае адзенне. «Эх ты, Лейба Яхніч!.. Новага кажуха не знасіў за век. І дзеці твае носяць старыя лахі. Твае абноскі». Чарнышэвіч.

•••

Лахі пад пахі — сабраць небагатыя пажыткі, узяць іх з сабой і пайсці. [Лабановіч:] — Не цеш сябе, хлопча, марнымі надзеямі, а лепш паціхеньку бяры лахі пад пахі і выбірайся. Колас.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

апа́дкі, ‑аў; адз. ападак, ‑дка, м.

1. толькі мн. Атмасферная вільгаць, якая выпадае на зямлю ў выглядзе дажджу, снегу і пад. «Дзень без ападкаў», — грыміць перадача, А дзень той з раніцы слёзна плача. Лужанін. [Наталька:] — Павінен.. [чалавек] думаць аб тым, як лепш прыстасавацца да сонца і да тых жа атмасферных ападкаў. Кулакоўскі.

2. Тое, што і апад. У Булыгавым садзе Лейба ўжо наводзіць свой парадак — выкошвае палын, падбірае і зносіць у кучу ападкі. Бажко.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

калю́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

1. Усякае невялікае колкае вастрыё. Ляснуў неяк мокрай пугай па агароджы з калючага дроту, а пуга заматалася канцом за калючку. Брыль. // Калючы шып на расліне або на целе жывёліны. Калючкі кактуса. Калючкі вожыка. □ [Лясніцкі і Таццяна], не спяшаючыся, пачалі спускацца на дно рова, чапляючыся за кусты, абдзіраючы да крыві твар і рукі аб вострыя калючкі шыпшыны. Шамякін.

2. звычайна мн. (калю́чкі, ‑чак). Разм. Пра некаторыя калючыя расліны. Пад соснамі — мох, сухое ламачча, маліннік, калючкі. Бажко.

3. перан. З’едлівая заўвага, вострая насмешка. — Змоўк ваш бог, Нахамчык, — з калючкай пад’ехаў.. Лейба. Мурашка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

казыта́ць, казычу, казычаш, казыча; незак., каго-што.

1. Датыкаючыся да скуры, выклікаць лёгкае нервовае раздражненне, сверб. Сена казытала то шчаку, то шыю, то забівалася за каўнер. Лупсякоў. Лейба прыціснуў да губ голы жывоцік маленькае Ханы, і яна смяялася і дрыгала ножкамі, бо доўгая барада і вусы казыталі яе. Чарнышэвіч. // Выклікаць лёгкае раздражненне ў носе, горле (пра моцны пах, дым і пад.). Мядовы пах мурожнага сена пранік у нос, — такі моцны пах, што проста казытаў у горле. Бядуля. Прагорклы пах газы і гарэлага машыннага масла казытаў ноздры. Хадкевіч. // безас. Пра раздражненне ў горле, носе. Ад болю крывіўся.. [Бораў] твар, вочы наліваліся нечым пякучым, а ў горле казытала, нейкая горнасць апаноўвала ўсяго. Кавалёў. Пахла гарэлым, казытала ў носе, з вачэй сыпаліся слёзы. Гурскі.

2. перан. Прыемна ўзбуджаць. Тое, што Грамабой хваліў яго за добрасуседскае абыходжанне, казытала трохі Язэпаў гонар і як бы ўзнімала яго вышэй над Рыгорам. Крапіва. Анежка ходзіць, і ўспаміны дзяцінства прыемна казычуць яе сэрца. Броўка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)