Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Ларэнца «Пышны» Медычы 7/122
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
БРУНЕЛЕ́СКІ, Брунелеска (Brunelleschi, Brunellesco) Філіпа (1377, г. Фларэнцыя, Італія — 15.4.1446), італьянскі архітэктар, скульптар і вучоны. Адзін з заснавальнікаў архітэктуры Адраджэння і стваральнікаў тэорыі перспектывы. Працаваў пераважна ў Фларэнцыі. Сярод работ: грандыёзны 8-гранны купал сабора Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ (1420—36), які стаў арх. дамінантай Фларэнцыі, першым буйным помнікам рэнесансавага дойлідства і дасягненнем інж. думкі ў Італіі; арачная лоджыя Выхавацельнага дома (1421—44), перакрытыя лёгкімі рабрыстымі купаламі і расчлянёныя ордэрам цэнтрычныя інтэр’еры Старой сакрысціі царквы Сан-Ларэнца (1422—28) і капэлы Пацы (з 1429), у якіх Брунелескі ўпершыню ўвасобіў у арх. вобразах маст. ўяўленні эпохі гуманізму; цэрквы Сан-Ларэнца (1422—46) і Санта-Спірыта (з 1444). Сваімі творамі зрабіў прыклад у вольным выкарыстанні ант.арх. формаў для вырашэння функцыян., ідэйных і канструкцыйна-буд. задач свайго часу.
Літ.:
Данилова И.Е. Брунеллески и Флоренция. М., 1991.
Ф.Брунелескі. Купал сабора Санта-Марыя дэль Ф’ёрэ ў Фларэнцыі. 1420—36.Ф.Брунелескі. Капэла Пацы ў Фларэнцыі. Інтэр’ер.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ДЫЧЫ (Medici),
славуты род, які правіў у г.Фларэнцыя ў 1434—1737 (з перапынкамі) і значна ўплываў на паліт. і эканам. жыццё сярэдневяковай Італіі; адзін з буйнейшых банкірскіх дамоў Еўропы ў 15 ст. Першы вядомы прадстаўнік роду Сальвестра М. (1331—88), які выкарыстаў паўстанне чомпі 1378 для ўзмацнення становішча роду. Гал. прадстаўнікі асн. дынастыі: Джавані ды Бічы М. (1360—1429), заснавальнік вядучай лініі роду, паклаў пачатак эканам. магутнасці М.; Казіма Старэйшы М. (1389—1464), першы правіцель Фларэнцыі (з 1434) з роду М., фінансіст, мецэнат; Ларэнца Пышны М. (1449—92), паэт, філосаф, мецэнат, з 1469 правіў у Фларэнцыі як тыран; сын Ларэнца Пышнага Джавані М. (1475—1521) у 1513—21 быў рымскім папам пад імем Льва X. Прадстаўнік пабочнай лініі: Казіма I М. (1519—74) у 1569 атрымаў ад папы рымскага тытул Вял. герцага Тасканскага. З роду М. паходзілі рымскі папа Клімент VII [1523—34], франц. каралевы Медычы Кацярына (жонка Генрыха II) і Марыя М. (1573—1642; жонка Генрыха IV).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГВАРЫ́НІ, Гуарыні (Guarini) Гверына (17.1.1624, г. Мадэна, Італія — 6.3.1683), італьянскі архітэктар. Працаваў у Рыме, Мадэне, Месіне, Парыжы, з 1666 у Турыне. У яго пабудовах адлюстравана дынаміка позняга барока, складаны матэм. разлік спалучаецца з містычнай ірацыянальнасцю арх. вобразаў, напружанасцю формаў, вычварнасцю крывалінейных планаў: царква Сан-Ларэнца (1668—87) і Палацца Карыньяна (1679—83) у Турыне і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛО́ТА ((Lotto) Ларэнца) (каля 1480, г. Венецыя, Італія — 1556),
італьянскі жывапісец. У творчасці спалучаў традыцыі венецыянскай і ламбардскай школ жывапісу, уплывы мастацтва Рафаэля, Карэджа і паўн.-еўрап. майстроў. Творы Л. вызначаюцца эмацыянальнай напружанасцю, жыццёвай пераканаўчасцю вобразаў і пейзажных фонаў, вытанчанай гучнасцю каларыту. Сярод твораў: «Мадонна са св. Пятром пакутнікам» (1503), «Зняцце з крыжа» (1512), «Дабравешчанне» (каля 1527), «Укрыжаванне» (1531), «Мадонна з ружанцам» (1539), фрэскі ў капэле Суардзі ў Трэскоря (1524) і інш. Аўтар партрэтаў епіскапа Б. дэ Росі (1505), дамініканца (1526), Феба да Брэшыя (1550-я г.) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕЎ X (Leo; свецкае Джавані дэ Медычы; Giovanni de’ Medici; 11.12.1475, г. Фларэнцыя, Італія — 1.12.1521),
папа рымскі [1513—21]. Сын правіцеля Фларэнцыі Ларэнца Пышнага Медычы. Кардынал з 13-гадовага ўзросту. Імкнуўся ўмацаваць уплыў сям’і Медычы, вёў войны з іх праціўнікамі, удзельнічаў у розных кааліцыях у перыяд Італьянскіх войнаў 1494—1559. У 1516 заключыў канкардат з франц. каралём Францыскам I, які пашырыў правы караля над франц. царквой. Шырока практыкаваў продаж індульгенцый, што стала штуршком да пачатку Рэфармацыі. У 1520 адлучыў ад царквы М.Лютэра. Прыцягнуў буйнейшых мастакоў Адраджэння (Леанарда да Вінчы, Д.Брамантэ, Рафаэль, Мікеланджэла) для працы над аздабленнем цэркваў і палацаў Рыма і Ватыкана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНАТЭ́ЛА (Donatello; сапр.Даната ды Нікала ды Бета Бардзі; Donato di Niccolò di Betto Bardi; каля 1386, г. Фларэнцыя, Італія — 13.12.1466),
італьянскі скульптар эпохі ранняга Адраджэння. У 1404—07 вучыўся ў майстэрні Л.Гіберці. Працаваў пераважна ў Фларэнцыі, а таксама ў Сіене, Рыме, Падуі і інш. Адным з першых у Італіі творча выкарыстаў вопыт ант. пластыкі і прыйшоў да стварэння класічных формаў і відаў рэнесансавай скульптуры — новага тыпу статуі і скульпт. групы, насценнага надмагілля, манумент. коннага помніка, жывапіснага рэльефу. У яго творчасці ўвасобіліся ўласцівыя мастацтву Адраджэння пошукі новых выразных сродкаў, цікавасць да рэальнасці з усёй яе разнастайнасцю, імкненне да ўзвышанага абагульнення і гераічнай ідэалізацыі. Раннія творы Д. вызначаюцца гатычнай скаванасцю формаў, больш познія — яснай тэктонікай пластычных мас, сілай і спакойнай веліччу (статуя св. Марка для фасада царквы Арсанмікеле ў Фларэнцыі, 1411—13). Рэльефы адметныя вял. глыбінёй прасторы («Баляванне Ірада» на бронзавай купелі сіенскага баптыстэрыя, 1423—27; рэльефы Старой сакрысціі царквы Сан-Ларэнца ў Фларэнцыі, 1434—43). Да найб. вядомых яго твораў належаць таксама алтар «Дабравешчанне» (т.зв. алтар Кавальканці, каля 1428—33, царква Санта-Крочэ, Фларэнцыя), кафедра для пеўчых фларэнційскага сабора (1433—39), статуя «Давід» (1430-я г.) — першая выява аголенага цела ў статуарнай пластыцы Адраджэння. У Падуі стварыў першы свецкі манумент — конны помнік кандацьеру Гатамелату (1447—53) і вял. скульптурны алтар для царквы Сан-Антоніо (1446—50), упрыгожаны рэльефнымі сцэнамі. Познія творы Д. абвострана экспрэсіўныя, пазначаныя рысамі духоўнага надлому (група «Юдзіф і Алаферн», каля 1456—57, пл. Сіньёрыі; рэльефы кафедраў царквы Сан-Ларэнца, 1460-я г., усе ў Фларэнцыі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІБЕ́РЦІ ((Ghiberti) Ларэнца) (каля 1378, г. Фларэнцыя, Італія — 1.12.1455),
італьянскі скульптар і ювелір эпохі Ранняга Адраджэння. Працаваў пераважна ў Фларэнцыі. На пач. творчасці захоўваў гатычную арнаментальнасць і ювелірную тонкасць трактоўкі формаў. Пад уплывам Данатэла, Ф.Брунелескі і інш. стварыў рэльефы на купелі баптыстэрыя ў Сіене (1417—27), усх. (т.зв. Райскіх) дзвярэй фларэнційскага баптыстэрыя з шматфігурнымі кампазіцыямі на біблейскія сюжэты (1425—52). Віртуознае валоданне матэрыялам, выкарыстанне найтанчэйшых градацый рэльефу надаюць яго творам мяккую жывапіснасць, прасторавую глыбіню, вытанчанасць лінейных рытмаў. Аўтар трактата «Каментарыі» (1447—55; пра італьян. мастацтва).
Літ.:
Ghiberti e la sua arte nella Firenze... Firenze, 1979.
Л.Гіберці. Ахвяра-прынашэнне Ісаака. Рэльеф усходніх (Райскіх) дзвярэй баптыстэрыя ў Фларэнцыі. 1425— 52.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРНІ́НІ ((Bernini) Джавані) (Джан) Ларэнца (7.12.1598, г. Неапаль, Італія — 28.11.1680),
італьянскі архітэктар, скульптар, жывапісец. Найб. вядомы прадстаўнік барока. Вучыўся ў бацькі, скульптара П’етра Берніні. Арх. пабудовы вылучаюцца прасторавым размахам і пышнасцю дэкору, дынамікай формаў, перспектыўнымі і светлавымі эфектамі, цэласным сінтэзам мастацтваў (ансамбль плошчы св. Пятра, 1657—63, і царква Сант-Андрэа, 1653—58, фантан на П’яцца Навона, 1648—51, у Рыме). Арганічна спалучаў архітэктуру і скульптуру, выкарыстоўваў розныя матэрыялы, размалёўку, пазалоту (інтэр’еры сабора св. Пятра, 1657—66). Скульптуры Берніні ўласцівыя імклівасць руху, спалучэнне рэліг. афектацыі і экзальтацыі пачуццяў («Апалон і Дафна», 1622—25; «Экстаз святой Тэрэзы», 1644—52; капэла Карнара ў царкве Санта-Марыя дэла Віторыя, усе ў Рыме). У творчасці Берніні сфарміраваўся тып параднага партрэта барока з яго рэаліст. дакладнасцю, псіхал. вастрынёй і дэкар. пышнасцю («Людовік XIV»). Яго творчасць зрабіла вял. ўплыў на еўрап. мастацтва 17—18 ст.
Літ.:
Лоренцо Бернини, 1598—1680: Воспоминания современников: Пер. с итал. и фр.М., 1965.
Дж.Л.Берніні. Экстаз святой Тэрэзы. 1644—52.Дж.Л.Берніні. Фантан на П’яцца Навона ў Рыме. 1648—51.