КУКУ́Й Давыд Міхайлавіч (н. 2.6.1946, Мінск),

бел. вучоны ў галіне металургіі і ліцейнай вытв-сці. Д-р тэхн. н. (1988), праф. (1990). Скончыў БШ (1969). З 1969 у Бел. політэхн. акадэміі. Распрацаваў рэсурсазберагальныя тэхнал. працэсы вырабу дакладных адлівак і новых ліцейных матэрыялаў. Дзярж. прэмія Беларусі 1990.

Тв.:

Новое в литейном производстве. Мн., 1981 (у сааўт.).

т. 8, с. 569

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

адкукава́ць, -куку́ю, -куку́еш, -куку́е; -куку́й; зак.

1. (1 і 2 ас. звычайна не ўжыв.). Скончыць, перастаць кукаваць.

Адкукавала зязюля.

2. перан. Адбыць пэўны час у цяжкіх умовах (разм.).

Дзесяць месяцаў адкукаваў у каталажцы.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

кукава́ць

дзеяслоў, непераходны, незакончанае трыванне, незваротны, 1-е спражэнне

Цяперашні час
адз. мн.
1-я ас. куку́ю куку́ем
2-я ас. куку́еш куку́еце
3-я ас. куку́е куку́юць
Прошлы час
м. кукава́ў кукава́лі
ж. кукава́ла
н. кукава́ла
Загадны лад
2-я ас. куку́й куку́йце
Дзеепрыслоўе
цяп. час куку́ючы

Крыніцы: dzsl2007, krapivabr2012, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

ЛІЦЕ́ЙНАЯ МАДЭ́ЛЬ,

прыстасаванне для атрымання ў ліцейнай форме рабочай поласці для будучай адліўкі. Звычайна з’яўляецца часткай мадэльнага камплекта.

Ад самой адліўкі адрозніваецца спец. выступамі, якія ўтвараюць у ліцейнай форме гнёзды для ўстаноўкі ліцейных стрыжняў, а таксама прыпускамі на ўсадку сплаву пры цвярдзенні і на мех. апрацоўку. Бываюць раздымныя і нераздымныя; драўляныя, гіпсавыя, цэментныя, пластмасавыя, пенаполістырольныя, парафінастэарынавыя і металічныя.

Д.​М.​Кукуй.

Раздымная ліцейная мадэль са стрыжнёвымі знакамі: 1 — палова мадэлі; 2 — стрыжнёвы знак.

т. 9, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЦЦЁ МЕТАЛАЎ

Даследаванні ў гэтай галіне на Беларусі пачаліся з сярэдзіны 1950-х г., калі ў БПІ была заснавана кафедра машын і тэхналогіі ліцейнай вытворчасці; праводзяцца ў Ін-це тэхналогіі металаў, Фізіка-тэхн. ін-це Нац. АН Беларусі, Бел. нац. тэхн. ун-це, Бел. н.-д. і канструктарска-тэхнал. ін-це ліцейнай вытв-сці, заводскіх лабараторыях.

Асноўныя кірункі даследаванняў: распрацоўка спец. метадаў ліцця, тэрмадынамікі працэсаў ахаладжэння і крышталізацыі адлівак, новых сувязных матэрыялаў, тэхнал. працэсаў вырабу форм і стрыжняў, заключных аперацый апрацоўкі адлівак, сінтэзу сплаваў; выкарыстанне сістэм аўтаматызаванага праектавання ў ліцейнай вытв-сці. Працэсы ліцця металаў, распрацаваныя бел. вучонымі, выкарыстоўваюцца таксама на з-дах Расіі, Украіны, Кітая, Індыі і інш.

Уклад у даследаванні па ліцці металаў зрабілі Г.​А.​Анісовіч, А.-В.​І.​Вейнік, К.​В.​Гораў, А.​М.​Дзмітровіч, Я.​І.​Маруковіч, Дз.​М.​Худакормаў і інш.

Літ.:

Кукуй Д.М., Марукович Е.И., Мельников А.П. Основные тенденции развития литейного производства Республики Беларусь // Литье и металлургия. 2000. №3;

Кукуй Д.М., Скворцов В.А., Эктова В.А. Теория и технология литейного производства. Мн., 2000;

Анисович Г.А., Марукович Е.И. Теория и технология литейного производства // Наука Беларуси в XX столетии. Мн., 2001;

Марукович Е.И. Ресурсосберегающие технологии литейного производства // Наука — народному хозяйству. Мн., 2002.

Я.​І.​Маруковіч.

т. 18, кн. 2, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ПАСАЎ Аляксей Паўлавіч (12.3. 1902, г. Жыздра Калужскай вобл., Расія — 9.12.1967),

рускі кампазітар. Скончыў Маскоўскую кансерваторыю (1931). Кіраваў харамі ў Маскве, у т. л. Рус. нар. хорам Усесаюзнага радыё (1938—41). Арганізатар і ўдзельнік фалькл. экспедыцый, запісаў і апрацаваў шмат нар. песень, у т. л. бел. «Ды ты маё сонейка», «А на моры на сіненькім», «Ой, не кукуй, зязюленька», «Ой, бяда ж мая», «І сюды гара, і туды гара», «Узышоў свецел месячык», «Зорка Венера» на сл. М.​Багдановіча, якія ўваходзілі ў рэпертуар Дзярж. акад. харавой капэлы БССР; апубл. Р.​Шырмам у 2-томніку «Беларускія народныя песні (для хору)» (1971—73). Аўтар кантаты «Беларусь» (1948), «Сюіты на тэмы беларускіх народных песень» (1937, выконвалася хорам Бел. філармоніі), песень і хароў.

Т.​Г.​Слабодчыкава.

т. 8, с. 413

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІЦЕ́ЙНАЯ ФО́РМА,

форма, у якую заліваюць расплаўлены матэрыял, каб атрымаць пасля яго зацвердзявання фасонную адліўку. Складаецца звычайна з дзвюх паўформ, якія з дапамогай ліцейнай мадэлі ўтвараюць замкнёную поласць з канфігурацыяй і памерамі патрэбнай адліўкі.

Л.ф. мае ліцейныя стрыжні, якія ўтвараюць унутр. поласці і адтуліны ў адліўцы (робяцца з стрыжнёвых сумесей) і літніковую сістэму (сукупнасць каналаў і поласцей) для запаўнення рабочай поласці расплаўленым матэрыялам. Адрозніваюць Л.ф. разавыя і шматразавыя, якія робяцца ў апоках з дапамогай фармовачных машын або ручным спосабам з фармовачных сумесей, а таксама з металу (какілі). Формы, якія выкарыстоўваюцца для ліцця пад ціскам, звычайна наз. прэс-формамі, для атрымання зліткаў — уліўніцамі, вырабаў з пластмас — ліццёвымі.

Д.​М.​Кукуй.

Ліцейная форма ў апоцы: 1 — верхняя паўформа; 2 — ніжняя паўформа са стрыжнем; 3 — літніковая сістэма.

т. 9, с. 324

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

зню́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. Пазнаць адзін аднаго па нюху (пра сабак).

2. перан. Разм. неадабр. Зблізіцца, уступіць у тайную змову для сумесных дзеянняў; дамовіцца. Малашкін знюхаўся з Кляновічам, і яны абодва хочуць падарваць аўтарытэт першага намесніка. Пестрак. — Бандыт і ёсць, калі знюхаўся з кулаччом, — смела сказаў стары. Бажко. // Уступіць у любоўную сувязь. Міхалка з горам на душы расказаў гісторыю сваёй дачкі, якая вучылася на зубнога доктара, але знюхалася з нейкім прайдзісветам, быццам пажаніліся, потым ён пакінуў яе з маленькім дзіцем, і хоць кукуй зараз бацька. Ермаловіч.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ЛІЦЦЁ,

працэс атрымання вырабаў (адлівак) з расплаўленых матэрыялаў (металаў, горных парод, керамічных матэрыялаў, пластмас і інш.), залітых у ліцейную форму і пасля зацвердзявання апрацаваных. Адзін з найб. эканам. спосабаў вырабу дэталей і загатовак складанай формы і розных памераў. У ліцейнай вытворчасці выкарыстоўваюць больш за 50 разнавіднасцей Л., у т. л. бесперапыннае ліццё, вакуумнае ліццё, каменнае ліццё.

Л. у какіль атрымліваюць фасонныя шчыльныя адліўкі з дакладнымі памерамі, меншымі прыпускамі на мех. апрацоўку (з чыгуну, сталі, алюмінію, магніевых і інш. сплаваў). Л. ў абалонкавыя формы (разавыя, зробленыя з сумесі кварцавага пяску і фенола-фармальдэгіднай смалы) дае адліўкі з шчыльнай аднароднай дробназярністай структурай і высокімі мех. якасцямі, з гладкай паверхняй. Эфектыўнае ў буйнасерыйнай вытв-сці пры вырабе адлівак масай да 100 кг. Л. па выплаўляльных мадэлях робіцца ў нераздымных абалонках з дробназярністага вогнетрывалага матэрыялу. Рабочая поласць утвараецца пасля выплаўлення з абалонкі патрэбнай мадэлі (з парафіну, стэарыну і інш.) Дае складаныя адліўкі з высокай (прэцызійнай) дакладнасцю. Л. пад ціскам вядуць у прэс-формы, якія запаўняюць металам або пластмасай (тэрмапластам, рэактапластам) і гумавымі сумесямі з вял. скорасцю пад высокім ціскам. Пасля астывання, зацвердзявання або вулканізацыі матэрыял набывае канфігурацыю ўнутр. поласці. Дае складаныя вырабы з высокай дакладнасцю. Спосаб высокапрадукцыйны.

На Беларусі даследаванні ў галіне Л. металаў вядуцца з 1950-х г. у Фіз.-тэхн. ін-це Нац. АН, БПА, ліцейнай вытворчасці Беларускім навукова-даследчым канструктарска-тэхналагічным інстытуце, Гомельскім тэхн. ун-це і інш. Распрацаваны новыя спосабы Л. (намарожваннем, Л. у какіль з штучным паветраным зазорам, Л. на вярчальныя валкі-крышталізатары, бесперапыннае цэнтрабежнае Л. і інш.), адпаведныя машыны, абсталяванне, сродкі аўтаматызацыі вытв. працэсаў і інш.

Д.​М.​Кукуй.

Схема ліцця бесперапынным намарожваннем: 1 — літніковая сістэма; 2 — водаахаладжальны крышталізатар; 3 — гатовая адліўка, якая няспынна выцягваецца з астываючага і цвярдзеючага металу.
Да арт. Ліццё. А — ліццё ў какіль: 1 — какіль; 2 — стрыжань; 3 — метал; 4 — адліўка. Б — дакладнае ліццё па выплаўляльных мадэлях: 1 — васковая мадэль; 2 — нанясенне на мадэль слоя керамічнага парашку; 3 — зафармоўванне мадэлі ў апоку; 4 — заліўка металу, які расплаўляе воск і займае яго месца; 5 — ачыстка гатовай адліўкі.

т. 9, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

губля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; незак., каго-што.

1. Пазбаўляцца чаго‑н., пакідаючы, забываючы дзе‑н. па няўважлівасці. Губляць ключы. Губляць грошы. Губляць рэчы. // Скідваць, атрасаць з сябе (лісце, пер’е і пад.). Сумавала рабіна ў полі, Што губляе ўсё лісцейка з голля. Журба. Не кукуй, зязюля, хоць так цяжка грудзям, Не губляй па лесе пер’е, галасы. Танк.

2. Марна траціць што‑н. дарагое, каштоўнае. Хто рана сее, той насенне не губляе. З нар. Коцік часу не губляе, Мышку ў норку заганяе. А. Александровіч. // Пра таго, хто памёр, загінуў. Шматала мяцеліца Конскія грывы, У жорсткіх атаках Сяброў мы гублялі. Хведаровіч.

3. Пазбаўляцца часткова або поўнасцю якіх‑н. уласцівасцей, якасцей, стану. Губляць надзею. □ Прамень сонца.. з’явіўся на столі — вузкая ружовая палоска. Паступова яна робіцца святлейшай, губляе ружовасць. Шамякін. Хлапчук глядзеў на жоўты, высушаны дашчэнту твар, які губляў свой звычайны, знаёмы выраз. Самуйлёнак. // Выходзіць з ранейшага становішча, мяняць размяшчэнне, позу. Губляць устойлівасць. Губляць раўнавагу.

4. Збівацца з чаго‑н., страчваць што‑н. Губляць дарогу. Губляць сувязь думак.

•••

Губляць (траціць) галаву — траціць здольнасць цвяроза думаць, губляцца ў складаных абставінах.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)