КСЕНА́КІС ((Xenakis) Яніс) (н. 29.5.1922, г. Брэіла, Румынія),

французскі кампазітар. Па паходжанні грэк. Чл. Ін-та Францыі (1983). Скончыў Політэхн. ін-т у Афінах (1947, педагог Ле Карбюзье), працаваў архітэктарам. Музыцы вучыўся ў А.Анегера і Д.Міё (1948—50), у Парыжскай кансерваторыі ў А.Месіяна (1950—53). З 1965 жыве ў Парыжы. Адзін з лідэраў муз. авангарда. Арганізаваў шэраг муз. цэнтраў па вывучэнні ўзаемасувязей музыкі і матэматыкі (Францыя, Індыя), стварыў уласную, т.зв. стахастычную сістэму кампазіцыі, заснаваную на матэм. тэорыі верагоднасцей. Звяртаўся да т. зв. прасторавай музыкі. Аўтар балетаў, твораў для аркестра (1954, 1956, 1966, 1968, 1982), для хору і арк. (1973); для барытона, ударных і арк. (1980), электроннай і лазернай музыкі, кніг «Музычныя формулы» (1963), «Музычная архітэктура» (1971) і інш. Прэмія Акадэміі Шарля Кро (1977).

т. 8, с. 542

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМП’Ю́ТЭРНАЯ МУ́ЗЫКА,

разнавіднасць электроннай музыкі. Заснавана на выкарыстанні камп’ютэраў, а таксама аснашчаных імі сінтэзатараў гуку. Камп’ютэры дазваляюць ствараць і ўзнаўляць больш за 100 электронных тэмбраў, імітаваць гучанне сімф. аркестра, джаза, рок-музыкі, пеўчага голасу і інш., пісаць музыку ў розных стылях і жанрах, для любога складу выканаўцаў, сінтэзаваць муз. і немуз. гукі. Напачатку К.м. стваралі кампазітар і праграміст, пазней і аматары, здольныя працаваць з ЭВМ. К.м. ўзнікла ў 1950—60-я г. Першыя ўзоры — «Іліякская сюіта» амер. кампазітара Л.​Хілера і праграміста Л.​Айзексана (1957). Сярод інш. прадстаўнікоў К.м. — кампазітары М.​Бэбіт, П.​Барба, К.​Штокгаўзен, Я.​Ксенакіс, П.​Шэфер, П.​Булез, С.​Грунберг, Э.​Арцем’еў, С.​Губайдуліна, У.​Мартынаў, Я.​Мурзін, бел. — В.​Раінчык, А.​Літвіноўскі, Дз.​Яўтуховіч.

Літ.:

Петелин Ю., Петелин Р. Персональный оркестр... в персональном компьютере. СПб., 1997;

Когоутек Ц. Техника композиции в музыке XX в: Пер. с чеш. М., 1976.

Т.​Г.​Мдывані.

т. 7, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АВАНГА́РД у музыцы,

умоўная назва розных музычна-творчых плыняў 20 ст. Тэрмін «авангард» зацвердзіўся з 2-й пал. 1940-х г. у адносінах да шматлікіх школ зах. музыкі, адметных гранічным радыкалізмам, пошукам новых выразных сродкаў, тэхнік кампазіцыі, форм арганізацыі гукавога матэрыялу, абсалютызацыяй эксперыменту, якім спадарожнічае свядомае адмаўленне эстэт. нормаў і традыцый, што выпрацаваны ў мастацтве мінулага.

Своеасаблівымі цэнтрамі авангарда сталі Францыя, Германія, Італія, ЗША Сярод прадстаўнікоў авангарда кампазітары рознай арыентацыі: П.​Булез, П.​Шэфер, Я.​Ксенакіс, К.​Штокгаўзен, Л.​Нона, Л.​Берыо, Дж.​Кейдж, Дз.​Лігеці. Сярод прыёмаў і метадаў кампазіцыі муз. авангарда — серыяльнасць, пуантылізм, алеаторыка, санорыка, электронная музыка, канкрэтная музыка, а таксама шэраг новых прыёмаў гуказдабывання на традыц. інструментах. Гранічнае наватарства ў авангарда часам становіцца самамэтай, фармальныя навацыі могуць весці да разбурэння эстэт. асноў мастацтва. Аднак некат. эксперыменты буйных кампазітараў выявілі новыя стыліст. сродкі для ўвасаблення ідэй і вобразаў у музыцы 20 ст. і прыняты мастакамі інш. творчых арыентацый. У 1960-я г. — сярэдзіне 1970-х г. узнікла музыка амер. мінімалістаў Т.​Райлі, Ла Монт Янга, інстр. т-р М.​Кагеля, калажная тэхніка кампазіцыі і інш. з’явы, абагульненыя паняццем поставангард.

У бел. музыцы мастацка-эстэт. сістэма заходняга муз. авангарда ў чыстым выглядзе не знайшла ўвасаблення, аднак прыёмы серыйнай тэхнікі, алеаторыкі, санорыкі і інш. выкарыстоўваюць бел. кампазітары С.​Картэс, Дз.​Смольскі, С.​Бельцюкоў, В.​Войцік, В.​Кузняцоў, В.​Капыцько, А.​Літвіноўскі, А.​Сонін, Л.​Шлег, Я.​Паплаўскі і інш.

А.​У.​Валадковіч.

т. 1, с. 58

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕСІЯ́Н ((Messiaen) Аліўе Эжэн Праспер Шарль) (10.12.1908, г. Авіньён, Францыя — 28.4.1992),

французскі кампазітар, муз. тэарэтык, арганіст, педагог. Чл. Ін-та Францыі (1967). Скончыў Парыжскую кансерваторыю (1930). Вучань П.​Дзюка (кампазіцыя), М.​Дзюпрэ (арган). З пач. 1930-х г. арганіст сабора Ла-Трынітэ ў Парыжы. З 1936 уваходзіў у творчае аб’яднанне «Маладая Францыя». У 1941—42 у лагеры для ваеннапалонных, дзе напісаў «Квартэт на канец часу». З 1942 праф. Парыжскай кансерваторыі. Яго своеасаблівы стыль сфарміраваўся ў выніку ўзаемадзеяння розных культавых вучэнняў і муз. сістэм. У тэарэт. працах «Тэхніка маёй музычнай мовы» (1944) і «Трактат аб рытме» (1948) сфармуляваў новыя прынцыпы кампазіцыі, заснаваныя на складаных ладавых і рытмавых структурах. У творчасці адбіліся тэалагічныя ідэі і пошукі (фп. цыкл «Дваццаць поглядаў на маленькага Ісуса» і арк.-хар. твор «Тры маленькія літургіі божай прысутнасці», абодва 1944), вывучэнне традыцый нееўрап. культур — інд., яп., лац.-амер. (вак. цыкл «Яраві», 1945; сімфонія «Турангаліла» для хваляў Мартэно, фп. і арк., 1948), захапленне арніталогіяй, асабліва вывучэннем галасоў птушак («Каталог птушак» для фп., ударных і духавых, сшыткі 1—7-ы, 1956—58; «Экзатычныя птушкі» для фп., ударных і духавых інструментаў, 1956). Аўтар манум. оперы «Святы Францыск Асізскі» (паст. 1983; яго ж лібрэта, дэкарацыі і эскізы касцюмаў). Арганіст-імправізатар і піяніст, адзін з лепшых інтэрпрэтатараў уласных твораў. Сярод вучняў: П.​Булез, Я.​Ксенакіс, К.​Штокгаўзен.

Прэмія Міжнар. муз. савета пры ЮНЕСКА 1985.

Літ.:

Мелик-Пашаева К.Л. Творчество О.​Мессиана. М., 1987;

Екимовский В.О. Мессиан. М., 1987.

А.Месіян.

т. 10, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)