ко́лт

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, мужчынскі род, 1 скланенне

адз. мн.
Н. ко́лт ко́лты
Р. ко́лта ко́лтаў
Д. ко́лту ко́лтам
В. ко́лт ко́лты
Т. ко́лтам ко́лтамі
М. ко́лце ко́лтах

Крыніцы: piskunou2012.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

КОЛТ,

старажытнае жаночае ўпрыгожанне. Вядома ў слав. і некаторых інш. народаў у 11—13 ст. Меў выгляд акруглай ці зоркападобнай формы метал. падвескі, якая мацавалася да галаўнога ўбору з 2 бакоў на ланцужках або стужках. У сярэдзіне К. быў звычайна пустацелы; мяркуецца, што туды змяшчалі тканіну, прамочаную духмяным алеем. У 11—12 ст. выраблялі з золата, серабра, з канца 12 ст. з’яўляюцца больш танныя К. з бронзы і свінцу. К. упрыгожвалі перагародчатымі эмалямі, аздаблялі філігранню, сканню, зярненнем, цісненнем, чарненнем. У арнаментыцы трапляюцца выявы птушак, птушак з жаночымі галовамі, «дрэва жыцця» і інш. У Беларусі выяўлены ў час археал. раскопак у г. Брэст, Мінск, Полацк, каля в. Вішчын Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. і інш.

І.​М.​Каранеўская, Г.​В.​Штыхаў.

Сярэбраныя колты канца 12 — пач. 13 ст. з гарадзішча Вішчын Рагачоўскага раёна Гомельскай вобл.

т. 8, с. 391

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Калды́га1, колды́га ’крывы, кульгавы чалавек, які павольна ідзе’ (Нас.), колдыгаць ’кульгаць’ (Нас.). Дакладны адпаведнік у суседніх смал. гаворках: колдыга ’кульгавы чалавек’, колдыгай ’тс’ (тут дадатковая суфіксацыя, як у смал. колдыбай ’тс’), колдыгать ’кульгаць’. Утварэнне, аналагічнае калдыба1 (гл.). Рэгіянальны наватвор, інавацыя ва ўсх.-бел. гаворках. Звяртае на сябе ўвагу яшчэ і росл., смал. колдыка, смал. колдыкаць ’кульгаць’. Відаць, няма патрэбы разглядаць бел. калдыга як звонкі дублет да прыведзеных слоў. Суфіксацыя ў бел. слове з’яўляецца натуральнай, параўн. маг. утварэнні хварыга ’хворасць, прыпадак’ (Нас.). Падобную смал. суфіксацыі адзначае Сцяцко, Афікс. наз., 76, у некаторых беларускіх гаворках, параўн. полац. хадыка ’хадок, хадуля’. Што датычыць мяркуемай намі суфіксацыі ў калдыба (гэты элемент лёгка выдзяляецца, параўн. прыведзеныя словы), можна думаць, што яна нерэгулярная, магчыма, трасфармацыя ‑ыг‑а пад уплывам дзеяслова дыбаць ’кульгаць’. Падрабязней гл. кандыба, відаць, роднаснае гэтаму кругу лексікі.

Калды́га2 ’скіба дзярністай зямлі на раллі, вялікія кавалкі сухой зямлі на заскароджаным молі’ (слаўг., Яшк.). Утварэнне, аналагічнае калдыба2. Суфіксацыя (па тыпу) у даным выпадку не вельмі ясная, аднак іншы варыянт тлумачэння таксама не высвятляе гэтага пытання. Параўн. рус. дыял. колча ’кульгавы чалавек’, ’купіна’, пск., кур. колчеватый ’ухабісты, няроўны, купісты (звычайна пра дарогу)’, колчи ’ўхабіны, камкі замёрзлай гразі на дарозе, ворыве і да т. п.’. Аднак, думаецца, няма патрэбы суадносіць семемы ’кульгавы’ і ’ўхабісты’, відаць, тут незалежныя ўтварэнні ад асновы колт. У такім выпадку тут не толькі семантычная паралель да разглядаемага слова, але і генетычна роднасная лексіка (дэрываты ад kl̥t‑/kl̥d‑).

Калды́га3 ’парода лесуна’ (Кірк.). Дакладных адпаведнікаў да гэтага слова няма. З фармальных паралелей бел. калдыга ’кульгавы’, параўн. у Насовіча колдыга ’крывы, кульгавы, які павольна ходзіць’. Вельмі сімптаматычная інфармацыя ў Насовіча, 241: «Колдыга… хромой чортъ. Колдыга чортовъ, усе круциць да муциць», відавочна, сведчыць на карысць таго, што калдыга3 паходзіць ад калдыга ’кульгавы’. Адносна этымона гл. калдыга1.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)