КЕЙДЖ ((Cage) Джон) (5.9.1912, г. Лос-Анджэлес, ЗША — 12.8.1992),
амерыканскі кампазітар. Чл. Амерыканскай акадэміі мастацтваў і л-ры (1988). Вучань Г.Каўэла, А.Шонберга. Прадстаўнік муз. авангарда. Працаваў у галіне эксперыментальнай музыкі, выкарыстоўваў тэхніку дадэкафоніі, алеаторыку. З дапамогай экзатычных інструментаў узнаўляў рытмічныя і тэмбравыя асаблівасці стараж. муз. мастацтва народаў Усх. Азіі, Паўн. і Паўд. Амерыкі, Афрыкі. Аўтар п’ес для ўдарных інструментаў, фп., «падрыхтаванага фп.», а таксама т.зв. інструментальных відовішчаў. Напісаў кн. «В.Томсан» (1959, у сааўт.), «Цішыня» (1961), «Дзённік» (ч. 3—4, 1967—68), «Натацыі» (1969, у сааўт.) і інш.
т. 8, с. 220
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́ЎЭЛ ((Cowell) Генры Дыксан) (11.3.1897, Менла Парк, штат Каліфорнія, ЗША — 10.12.1965),
амерыканскі кампазітар, піяніст, тэарэтык, педагог. Вучыўся ў Нью-Йорку і Берліне ў Ч.Сігера і Э.М. фон Хорнбастэля. Заснавальнік (1927) і выдавец (да 1936) серыі нотных выданняў і грамзапісаў «Новы музычны квартальнік» («New Music Quarterly»). У ранніх творах эксперыментаваў у галіне гармоніі, інструментоўкі. У 1932 сканструяваў (з Л.Тэрменам) т. зв. рытмікон — інструмент, які ўзнаўляе адначасова розныя рытмы, напісаў для яго п’есу з арк. «Рытмікана». Збіраў і выкарыстоўваў кельцкія нар. мелодыі, звяртаўся да амер. сельскай музыкі 18 ст. Цікавіўся муз. мастацтвам Усходу (13-я сімфонія «Мадрас», 1958; «Персідскі цыкл» для камернага арк., 1957). Аўтар оперы «О’Хігінс з Чылі» (1949, не скончана), 2 балетаў, 20 сімфоній (пераважна праграмных, 1918—65), п’ес для розных арк. складаў; канцэртаў для фп. (1928), ударных (1958), акардэона (1960); камерна-інстр. ансамбляў (5 стр. квартэтаў, 1916—56), інстр. п’ес, хароў і інш., а таксама кн. «Ч.Айвз і яго музыка» (1955), артыкулаў пра музыку Усходу, Азіі, Афрыкі і інш. Сярод вучняў Дж. Кейдж.
т. 8, с. 187
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)