ФЛЮ́КСУС (лац. fluxus цячэнне),
авангардысцкі кірунак у мастацтве, асн. мэты якога — сувязь мастацтва і жыцця, ліквідацыя грамадска дэтэрмінаваных норм, пашырэнне паняцця мастацтва з дапамогай радыкальнага разбурэння межаў паміж кірункамі мастацтва і павышэнне здольнасці выклікаць у публікі перажыванне. Узнік у 1962 у Германіі. Падобны да хэпенінга, але адрозніваецца ад яго падзелам на мастакоў-акцёраў і гледачоў. Часта пазначаны як канцэрт. Дзейства ўключае ў сябе змешванне акустычных, харэаграфічных і муз. форм выяўлення (паводле тэарэтыка Ф.Дж.Мачунаса — «твор неспецыфічных форм творчасці»), Сярод вядучых прадстаўнікоў Ф. — І.Бойс, Б.Бок, В.Фостэль (Германія), Дж.Кейдж, Н.Дж.Пайк, Мачунас (ЗША). Фестывалі Ф. адбыліся ў Парыжы, Амстэрдаме, Вісбадэне, Капенгагене, Дзюсельдорфе, Гаазе, Лондане, Ніцы.
К.Я.Шэўніна.
т. 16, с. 432
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)