Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
КВА́НТАВАЯ ХІ́МІЯ,
раздзел тэарэт. хіміі, у якім вывучаюцца будова і ўласцівасці хім. злучэнняў, іх рэакцыйная здольнасць, кінетыка і механізм хім. рэакцый на аснове ўяўленняў і з дапамогай метадаў квантавай механікі.
Развіццё К.х. пачалося ў 1920—30-я г., калі былі прапанаваны метады апісання будовы электронных абалонак малекул: метад валентных сувязей (В.Гайтлер і Ф.Лондан далі квантава-хім. тлумачэнне кавалентнай сувязі ў малекуле вадароду, Дж.Слейтэр і Л.Полінг развілі іх падыход) і метад малекулярных арбіталей (асновы метаду распрацавалі Ф.Гунд, Р.Малікен, Д.Хартры і інш.), які стаў асноўным для апісання будовы электронных абалонак любых малекул, колькаснага разліку малекулярных структур, а таксама вызначэння сувязі паміж будовай малекул і іх рэакцыйнай здольнасцю. Квантава-хім. ўяўленні і метады выкарыстоўваюць пры вывучэнні высокамалекулярных злучэнняў і ў малекулярнай біялогіі.
Літ.:
Фларри Р.Л. Квантовая химия: Введение: Пер. с англ.М., 1985;
Современные проблемы квантовой химии: Методы квантовой химии в теории межмолекулярных взаимодействий и твердых тел. Л., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПО́ЛЕ ФІЗІ́ЧНАЕ,
адзін з двух (нараўне з рэчывам) відаў матэрыі. Паводле прынцыпу блізкадзеяння з дапамогай П.ф. (як сілавога поля) ажыццяўляецца ўздзеянне (на адлегласці) аднаго цела на другое, што апісваецца ў межах поля тэорыі. Прыклады П.ф.: эл.-магн. і гравітацыйнае ў класічнай фізіцы, квантава-рэлятывісцкія палі ў фізіцы элементарных часціц і іх узаемадзеяннях.
Паняцце сілавога поля (эл. і магн.) у 1830-я г. ўведзена М.Фарадэем. Дж.К.Максвел у 1860-я г. развіў далей ідэі аб эл.-магн. полі і сфармуляваў яго законы (гл.Максвела ўраўненні), прадказаў электрамагнітныя хвалі. Пасля адкрыцця Дж.Дж.Томсанам электрона (1897) электрычна зараджаныя элементарныя часціцы сталі разглядацца як першасныя крыніцы эл.-магн. поля і эл.-магн. узаемадзеянняў. У 1900 М.Планк прадказаў, што энергія эл.-магн. поля выпрамяняецца і паглынаецца дыскрэтнымі порцыямі (квантамі). У канцы 1920-х г. паказана, што квантуецца і само эл.-магн. поле. Кванты гэтага поля — фатоны з’яўляюцца элементарнымі часціцамі і пераносчыкамі эл.-магн. узаемадзеянняў. У 1928 П.А.М.Дзірак увёў квантава-рэлятывісцкае (хвалевае) поле і для адзінак будовы рэчыва, квантамі якога з’яўляюцца элементарныя часціцы — электрон і пазітрон. У межах квантава-рэлятывісцкай тэорыі ў адпаведнасці з карпускулярна-хвалевым дуалізмам знікаюць бар’еры паміж рэчывамі і сілавымі палямі як рознымі відамі матэрыі. У абодвух выпадках апісанне П.ф. ажыццяўляецца з дапамогай агульнага матэм. апарата і выкарыстоўваюцца аднолькавыя фіз. характарыстыкі П.ф. і квантаў гэтых палёў (элементарных часціц): маса, энергія, імпульс, момант імпульсу, спін, зарад і інш. Пры ўзаемадзеяннях кванты П.ф. аднаго тыпу могуць пераўтварацца ў кванты П.ф. другога тыпу, напр., электроны і пазітроны ў фатоны і наадварот — фатоны ў электрон-пазітронныя пары; кваркі і антыкваркі ў глюоны, а глюоны ў кварк-антыкваркавыя пары. Элементарныя часціцы розных тыпаў (сілавога поля і рэчыва), калі яны маюць адпаведныя сілавыя зарады, могуць быць пераносчыкамі і крыніцамі ўзаемадзеянняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРБАЦЭ́ВІЧ (Аляксандр Канстанцінавіч) (н. 30.1.1953, Мінск),
бел. фізік-тэарэтык. Д-р фізіка-матэм. н. (1991), праф. (1995). Скончыў Іенскі ун-т імя Ф.Шылера (Германія; 1976). З 1976 у БДУ. Навук. працы па квантавай механіцы і агульнай тэорыі адноснасці. Распрацаваў тэорыю разліку квантава-мех. эфектаў для часціц са спінам 1/2 у неінерцыяльных сістэмах адліку і знешніх гравітацыйных палях.
Тв.:
Квантовая механика в общей теории относительности: Основные принципы и элементарные приложения. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІ́ПСКАМБ, Ліпскам (Lipscomb) Уільям Нан (н. 912.1919, г. Кліўленд, штат Агайо, ЗША), амерыканскі фізіка-хімік. Чл.Нац.АН ЗША (1961). Скончыў Каліфарнійскі тэхнал.ін-т (1946). З 1946 у Мінесоцкім (з 1954 праф.), з 1959 у Гарвардскім ун-тах. Навук. працы па квантава-хім. мадэляванні пераўтварэнняў малекул у ферментатыўных працэсах, па даследаванні прыроды хім. сувязі ў боравадародах. На аснове прапанаванага ім уяўлення аб двухэлектронных трохцэнтравых сувязях распрацаваў тэорыю будовы разнастайных гідрыдаў бору, карбаранаў, гетэракарбаранаў. Нобелеўская прэмія 1976.