ГРАНІ́ЧНАЙ КАРЫ́СНАСЦІ ТЭО́РЫЯ,

эканамічная тэорыя, паводле якой вартасць мае суб’ектыўную ацэнку. Узнікла ў апошняй чвэрці 19 ст. ў процівагу тэорыі прац. вартасці К.​Маркса. Распрацоўвалася У.​Джэвансам (Вялікабрытанія), Л.​Вальрасам (Швейцарыя), К.​Менгерам, О.​Бём-Баверкам (Аўстрыя) і інш. Паводле гранічнай карыснасці тэорыі каштоўнасць даброт вызначаецца не затратамі грамадска неабходнай працы, а суб’ектыўнымі ацэнкамі пакупніка і прадаўца. Тым агульным, што робіць тавары суразмернымі, яна прызнае карыснасць. Пад гранічнай карыснасцю разумеецца суб’ектыўная карыснасць асобнага экзэмпляра з тых ці інш. даброт, з дапамогай якіх задавальняецца найменш настойлівая патрэбнасць у таварах дадзенага віду. Рыначная цана тавару фарміруецца пад уздзеяннем яго гранічнай карыснасці, а таксама рэдкасці. Штучныя пабудовы гранічнай карыснасці тэорыі не адлюстроўвалі рэальных рыначных працэсаў і мадэлей цэнаўтварэння, таму спарадзілі шэраг новых мадыфікацый гэтай тэорыі.

т. 5, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

кары́снасць

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, жаночы род, 3 скланенне

адз.
Н. кары́снасць
Р. кары́снасці
Д. кары́снасці
В. кары́снасць
Т. кары́снасцю
М. кары́снасці

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

кары́снасць, ‑і, ж.

Уласцівасць карыснага (у 1 знач.). Васількі, як вядома, у нашай народна-фальклорнай традыцыі — гэта сімвал мастацтва, хараство ўвогуле, жыта — сімвал матэрыяльнай карыснасці. Лойка.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

дэантало́гія, ‑і, ж.

1. Прафесіянальная этыка медыцынскіх работнікаў, прынцыпы іх паводзін, накіраваныя на максімальнае павышэнне карыснасці лячэння.

2. Раздзел этыкі, у якім разглядаюцца праблемы абавязку і абавязковага.

[Ад грэч. déon, déontos — патрэбнае, належнае і logos — вучэнне.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ДЖЭ́ВАНС ((Jevons) Уільям Стэнлі) (1.9.1835, г. Ліверпул, Вялікабрытанія — 13.8.1882),

англійскі эканаміст, статыстык і філосаф-логік. Праф. логікі, філасофіі і паліт. эканоміі ў Манчэстэры (1866—76) і Лондане (1876—80). Заснавальнік матэм. школы ў паліт. эканоміі, адзін з заснавальнікаў гранічнай карыснасці тэорыі. З эканам. прац найб. вядомая «Тэорыя палітычнай эканоміі» (1871). Гал. праблему эканам. навукі бачыў у вывучэнні спажывання, асн. законам якога лічыў закон убываючай карыснасці. Даследаваў праблемы грашовага абарачэння, індэкса цэн, тэорыі эканам. цыклаў, матэм. логікі і інш. Стварыў адну з першых лагічных машын (1869), звязаў тэорыю лагічнай індукцыі з тэорыяй імавернасці.

т. 6, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

утылітары́зм, ‑у, м.

1. Прынцып ацэнкі ўсіх з’яў з пункту гледжання іх карыснасці, магчымасці служыць сродкам для дасягнення якой‑н. мэты.

2. Напрамак у этыцы, які лічыць карысць асновай маральнасці і крытэрыем чалавечых паводзін.

[Ад лац. utilitas — карысць.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

А́ЛЕН ((Allen) Рой Джордж Дуглас) (3.6.1906, горад-графства Уорчэстэр, Вялікабрытанія — 1983),

англійскі вучоны-эканаміст, матэматык, статыстык. Адукацыю атрымаў у Кембрыджы (1927). Выкладаў у Лонданскай школе статыстыкі. У 1944—73 праф. статыстыкі Лонданскага ун-та. Навук. работы па тэорыі карыснасці і каштоўнасці, тэорыі індэксаў. Аўтар шэрагу дапаможнікаў па матэм. эканоміцы і матэм. аналізе для эканамістаў.

Тв.:

Математическая экономия: Пер. с англ. М., 1963.

т. 1, с. 244

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭБРО́ ((Debreu) Джэрард) (н. 4.7.1921, г. Кале, Францыя),

франка-амерыканскі эканаміст. Вучыўся ва ун-тах Францыі, ЗША, Скандынавіі. Д-р эканам. н. (1956). Быў супрацоўнікам Нац. цэнтра навук. даследаванняў, Камісіі Коўлса па эканам. даследаваннях пры Чыкагскім ун-це, з 1962 праф. эканомікі і матэматыкі Каліфарнійскага ун-та ў Берклі. Даследаванні ў галіне эканаметрыі (вывучэнне канкрэтных колькасных узаемасувязей эканам. аб’ектаў і працэсаў з дапамогай матэм. і статыст. метадаў і мадэлей), тэорыі агульнага эканам. развіцця (гранічнай карыснасці тэорыя, эканамічнай раўнавагі тэорыя). Нобелеўская прэмія 1983.

Дж.Дэбро.

т. 6, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕ́НГЕР ((Menger) Карл) (23.2.1840, г. Новы-Сонч, Польшча — 27.2.1921),

аўстрыйскі эканаміст, заснавальнік аўстрыйскай эканамічнай школы; адзін з заснавальнікаў гранічнай карыснасці тэорыі. Вучыўся ў Пражскім і Венскім ун-тах. Д-р эканам. н. У 1879—1903 праф. Венскага ун-та. У цэнтр канцэпцыі ставіў індывіда, яго патрэбнасці і сродкі іх задавальнення лічыў зыходным пунктам даследавання. У сферы размеркавання развіў ідэі, якія ляглі ў аснову тэорыі стаўлення. Лічыў, што каштоўнасць сродкаў вытв-сці вызначаецца меркаванай каштоўнасцю спажывецкага прадукту; прапанаваў спосаб вызначэння ўкладу, які робіць кожны з фактараў вытв-сці. Асн. праца «Асновы палітычнай эканоміі» (1871).

т. 10, с. 283

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІЛЬ ((Mill) Джэймс) (6.4.1773, Нартуотэр-Брыдж, Вялікабрытанія — 23.6.1836),

англійскі філосаф, гісторык, эканаміст. Бацька Дж.С.Міля. Скончыў Эдынбургскі ун-т (1798). Быў пастарам, займаўся журналісцкай дзейнасцю. Пасля апублікавання «Гісторыі Брытанскай Індыі» (т. 1—3, 1817—18) у Ост-Індскай кампаніі. У філасофіі зведаў уплыў утылітарызму, паслядоўнік вучэння Д.Юма («Аналіз феноменаў чалавечага духу», 1829). У сацыялогіі адмаўляў канцэпцыю натуральнага права, змест і структуру сац. ін-таў тлумачыў, зыходзячы з прынцыпу карыснасці. Паслядоўнік вучэння Д.Рыкарда, якое лічыў тэарэт. зброяй у барацьбе з рэшткамі феадалізму ў эканоміцы («Элементы палітычнай эканоміі», 1821); паклаў пачатак распаду рыкардыянскай школы. Адзін з аўтараў тэорыі «фонду заработнай платы».

т. 10, с. 374

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)