Камянецкая вежа 1/238; 2/274; 3/6; 5/362; 8/514; 9/41
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЯНЕ́ЦКАЯ ВЕ́ЖА, Камянецкі стоўп, «Белая вежа»,
помнік абарончага дойлідства канца 13 ст. ў г. Камянец. Паводле Іпацьеўскага летапісу, пабудавана паміж 1276 і 1288 дойлідам Алексам па загадзе валынскага кн. Уладзіміра Васількавіча як парубежны апорны фарпост. Размешчана на ўзгорку на левым беразе р. Лясная, унутры кальцавога вала, дамінавала над драўлянымі ўмацаваннямі. З боку р. Лясная да ўмацавання падступала балоцістая нізіна, з трох бакоў яго акружаў роў. Вышыня 5-яруснай вежы каля 30 м, таўшчыня сцен 2,5 м. Вонкавы дыяметр 13,6 м, вышыня падмурка каля 2,3 м, дыяметр 16 м. Вежа змуравана з брусчатых цаглін цёмна-чырвонага і жаўтаватага колераў (26,5 × 13,5 × 8 см) з характэрнымі падоўжанымі паглыбленнямі ў ніжняй частцы. Муроўка «балтыйская — 2 «рубы» паслядоўна чаргуюцца з адным «старчаком»; звонку на сценах вежы захавалася шмат прамавугольных паглыбленняў ад рыштаванняў. Перакрыцці 2-га і 3-га ярусаў былі падвойныя. Паверхня сцен прарэзана байніцамі, паміж якімі размешчаны 4 плоскія нішы з паўцыркульным завяршэннем. Над 5-м ярусам захаваліся рэшткі цаглянага купальнага скляпення з патоўшчанымі рэбрамі, якія заканчваюцца ўнізе невял. кранштэйнамі з вузкім паяском. З 5-га яруса пачынаюцца цагляныя ўсходы, якія вядуць наверх да баявой пляцоўкі. Яны праразаюць тоўшчу сцяны і асвятляюцца 2 вузкімі акенцамі. Пляцоўка акружана 14 зубцамі. Аб’ём вежы звужаецца ўверсе, не мае ні верт., ні гарыз. чляненняў, аформлены стральчатымі вокнамі і праёмамі, паўцыркульнымі плоскімі нішамі і байніцамі. Вежа адносіцца да тыпу валынскіх і мае шмат агульнага з вежамі тыпу «данжон», пашыранымі ў 12—13 ст. ў краінах Зах. Еўропы. З 1960 будынак вежы выкарыстоўваецца як філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЯНЕ́ЦКАЯ СІМЯО́НАЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рус. стылю. Пабудавана ў 1912—14 з цэглы ў г. Камянец Брэсцкай вобл. Мае 4-часткавую кампазіцыю: квадратны трохнефавы асн. аб’ём, пяцігранная апсіда, трох’ярусная званіца і трапезная. У аб’ёмна-пластычнай структуры храма выкарыстаны формы маскоўскай архітэктуры 17 ст.: званіца (васьмярык на чацверыку) завершана васьмігранным шатром, прарэзаным люкарнамі, з цыбулепадобнай галоўкай, какошнікі, броўкі, закамары асн. аб’ёму, пяцікупалле і інш.Асн. кубападобны аб’ём пастаўлены на высокі цокаль і завершаны светлавым цыліндрычным барабанам. У дэкоры фасадаў выкарыстаны какошнікі, сухарыкі, закамары і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЯНЕ́ЦКАЯ РАЁННАЯ АНТЫФАШЫ́СЦКАЯ АРГАНІЗАЦЫЯ.
Дзейнічала з мая 1942 да ліп. 1944 на тэр. Камянецкага р-на ў Вял.Айч. вайну. Уваходзіла ў Брэсцкую абласную антыфашысцкую арганізацыю, была падначалена кіраўніцтву Брэсцкага абл. антыфаш. к-та. Налічвала каля 100 падпольшчыкаў. Створана на базе падп. патрыятычных груп, якія ў першыя месяцы вайны аказвалі дапамогу байцам і камандзірам Чырв. Арміі, што выходзілі з акружэння, забяспечвалі іх адзеннем, прадуктамі, выводзілі на ўсход, вялі паліт. прапаганду сярод насельніцтва. Арг-цыю ўзначаліў к-т у складзе М.А.Несцерука (1-ы сакратар), Ф.К.Гурмана (2-і сакратар), П.Л.Мурашкі (3-і сакратар), А.С.Гурынчука, П.Ф.Жука, К.А.Замулкі, М.Х.Несцерука, В.М.Хоміча, А.Я.Шырнюка. Складалася з 18 нізавых ячэек (груп). Праводзілі работу ў цесным узаемадзеянні з партыз. атрадамі. Пры падтрымцы насельніцтва падпольшчыкі спалілі больш за 10 маёнткаў. Збіралі сродкі ў Фонд абароны.
Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
Белая вежа 2/274, гл.Камянецкая вежа
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЯНЕ́Ц,
горад, цэнтр Камянецкага р-на Брэсцкай вобл., на р. Лясная. За 39 км ад Брэста, 28 км ад чыг. ст. Жабінка на лініі Баранавічы—Брэст, на аўтадарозе Брэст—Камянюкі. 9,3 тыс.ж. (1998).
Паводле археал. даследаванняў, у 10—11 ст. існавала невял. паселішча, на месцы якога па загадзе валынскага кн. Уладзіміра Васількавіча ў 1276 дойлід Алекса разам з мясц. жыхарамі заснаваў умацаванае пасяленне. Асновай яго абароны акрамя рова і вала з умацаваннямі была 30-метровая мураваная вежа (Камянецкая вежа).У 1289 К. разбурыў драгічынскі кн. Юрый Львовіч. З 1366 К. у ВКЛ, належаў кн. Кейстуту, з 1388 — кн. Янушу Мазавецкаму, у 1384 і з 1392 — кн. Вітаўту. На К. тройчы нападалі крыжакі і ў 1378 спалілі яго. З 1413 К. — цэнтр Камянецкага павета Трокскага, з 1520 — Падляшскага, з 1566 — Брэсцкага ваяводстваў. З 1503 К. меў магдэбургскае права, герб (на блакітным полі выява сярэбранай вежы). Разбураны ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У 17—18 ст. тут пабудаваны Камянецкія замкава-палацавыя комплексы, дзейнічала тэкст. мануфактура Радзівілаў. З 1795 у Рас. імперыі, у Брэсцкім пав. Гродзенскай губ., у 1795—1940 наз. Камянец-Літоўскі. У сярэдзіне 19 ст. ў К. каля 2900 ж., 597 двароў, 3 кірмашы ў год. У 1897—4,6 тыс.ж., 1186 дамоў, лячэбніца, царк.-прыходская школа, у 1914 працавала 7 дробных прадпрыемстваў. У 1921—39 у складзе Польшчы, мястэчка Брэсцкага пав. Палескага ваяв., у 1921—2348 ж., 3 лесапільні, вінакурня, цэх па апрацоўцы аўчын, 2 маслабойні. З 1939 у БСФ, з 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр Камянецкага раёна. У Вял.Айч. вайну з 23.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў раёне і горадзе 5,4 тыс.чал. Дзейнічала Камянецкм раённая антыфашысцкая арганізацыя. Вызвалены 22.7.1944 часцямі 28-й арміі 1-га Бел. фронту ў ходзе Люблін-Брэсцкай аперацыі 1944. У 1971 у К. 5,1 тыс.ж. З 24.6.1983 К. горад.
Прадпрыемствы харч. прам-сці. Філіял Брэсцкага абл. краязнаўчага музея. Помнікі архітэктуры: Камянецкая вежа (канец 13 ст.), Камянецкая Сімяонаўская царква (1912—14). Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЫ́НСКІЯ ВЕ́ЖЫ,
умоўная назва манум. абарончых вежаў, якія будавалі ў 2-й пал. 13—14 ст. на Валыні, Беларусі і ў Польшчы. Былі цэнтрамі абароны буйных населеных пунктаў, каманднымі пунктамі і ўмацаваным жыллём феадалаў. Адпавядалі тактыцы абароны і метаду аблогі актыўным штурмам пры дапамозе каменекідальных машын, арбалетаў, а з 15 ст. і бамбардаў. Былі прамавугольныя ці круглыя ў плане. На Беларусі да Валынскіх вежаў адносяцца Брэсцкая вежа, Гродзенская вежа-стоўп, Навагрудскія вежы на Малым замку і замку, Камянецкая вежа, Тураўская вежа і інш. Тэрмін «Валынскія вежы» ўвёў у навук. ўжытак П.А.Рапапорт пасля вывучэння вежаў на тэр. Валынскай зямлі.
Літ.:
Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII ст.Мн., 1978.