Камянецкая вежа 1/238; 2/274; 3/6; 5/362; 8/514; 9/41
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЯНЕ́ЦКАЯ ВЕ́ЖА, Камянецкі стоўп, «Белая вежа»,
помнік абарончага дойлідства канца 13 ст. ў г. Камянец. Паводле Іпацьеўскага летапісу, пабудавана паміж 1276 і 1288 дойлідам Алексам па загадзе валынскага кн. Уладзіміра Васількавіча як парубежны апорны фарпост. Размешчана на ўзгорку на левым беразе р. Лясная, унутры кальцавога вала, дамінавала над драўлянымі ўмацаваннямі. З боку р. Лясная да ўмацавання падступала балоцістая нізіна, з трох бакоў яго акружаў роў. Вышыня 5-яруснай вежы каля 30 м, таўшчыня сцен 2,5 м. Вонкавы дыяметр 13,6 м, вышыня падмурка каля 2,3 м, дыяметр 16 м. Вежа змуравана з брусчатых цаглін цёмна-чырвонага і жаўтаватага колераў (26,5 × 13,5 × 8 см) з характэрнымі падоўжанымі паглыбленнямі ў ніжняй частцы. Муроўка «балтыйская — 2 «рубы» паслядоўна чаргуюцца з адным «старчаком»; звонку на сценах вежы захавалася шмат прамавугольных паглыбленняў ад рыштаванняў. Перакрыцці 2-га і 3-га ярусаў былі падвойныя. Паверхня сцен прарэзана байніцамі, паміж якімі размешчаны 4 плоскія нішы з паўцыркульным завяршэннем. Над 5-м ярусам захаваліся рэшткі цаглянага купальнага скляпення з патоўшчанымі рэбрамі, якія заканчваюцца ўнізе невял. кранштэйнамі з вузкім паяском. З 5-га яруса пачынаюцца цагляныя ўсходы, якія вядуць наверх да баявой пляцоўкі. Яны праразаюць тоўшчу сцяны і асвятляюцца 2 вузкімі акенцамі. Пляцоўка акружана 14 зубцамі. Аб’ём вежы звужаецца ўверсе, не мае ні верт., ні гарыз. чляненняў, аформлены стральчатымі вокнамі і праёмамі, паўцыркульнымі плоскімі нішамі і байніцамі. Вежа адносіцца да тыпу валынскіх і мае шмат агульнага з вежамі тыпу «данжон», пашыранымі ў 12—13 ст. ў краінах Зах. Еўропы. З 1960 будынак вежы выкарыстоўваецца як філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЯНЕ́ЦКАЯ СІМЯО́НАЎСКАЯ ЦАРКВА́,
помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рус. стылю. Пабудавана ў 1912—14 з цэглы ў г. Камянец Брэсцкай вобл. Мае 4-часткавую кампазіцыю: квадратны трохнефавы асн. аб’ём, пяцігранная апсіда, трох’ярусная званіца і трапезная. У аб’ёмна-пластычнай структуры храма выкарыстаны формы маскоўскай архітэктуры 17 ст.: званіца (васьмярык на чацверыку) завершана васьмігранным шатром, прарэзаным люкарнамі, з цыбулепадобнай галоўкай, какошнікі, броўкі, закамары асн. аб’ёму, пяцікупалле і інш.Асн. кубападобны аб’ём пастаўлены на высокі цокаль і завершаны светлавым цыліндрычным барабанам. У дэкоры фасадаў выкарыстаны какошнікі, сухарыкі, закамары і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЯНЕ́ЦКАЯ РАЁННАЯ АНТЫФАШЫ́СЦКАЯ АРГАНІЗАЦЫЯ.
Дзейнічала з мая 1942 да ліп. 1944 на тэр. Камянецкага р-на ў Вял.Айч. вайну. Уваходзіла ў Брэсцкую абласную антыфашысцкую арганізацыю, была падначалена кіраўніцтву Брэсцкага абл. антыфаш. к-та. Налічвала каля 100 падпольшчыкаў. Створана на базе падп. патрыятычных груп, якія ў першыя месяцы вайны аказвалі дапамогу байцам і камандзірам Чырв. Арміі, што выходзілі з акружэння, забяспечвалі іх адзеннем, прадуктамі, выводзілі на ўсход, вялі паліт. прапаганду сярод насельніцтва. Арг-цыю ўзначаліў к-т у складзе М.А.Несцерука (1-ы сакратар), Ф.К.Гурмана (2-і сакратар), П.Л.Мурашкі (3-і сакратар), А.С.Гурынчука, П.Ф.Жука, К.А.Замулкі, М.Х.Несцерука, В.М.Хоміча, А.Я.Шырнюка. Складалася з 18 нізавых ячэек (груп). Праводзілі работу ў цесным узаемадзеянні з партыз. атрадамі. Пры падтрымцы насельніцтва падпольшчыкі спалілі больш за 10 маёнткаў. Збіралі сродкі ў Фонд абароны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Камянецкі стоўп, гл.Камянецкая вежа
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
Белая вежа 2/274, гл.Камянецкая вежа
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЯНЕ́Ц,
горад, цэнтр Камянецкага р-на Брэсцкай вобл., на р. Лясная. За 39 км ад Брэста, 28 км ад чыг. ст. Жабінка на лініі Баранавічы—Брэст, на аўтадарозе Брэст—Камянюкі. 9,3 тыс.ж. (1998).
Паводле археал. даследаванняў, у 10—11 ст. існавала невял. паселішча, на месцы якога па загадзе валынскага кн. Уладзіміра Васількавіча ў 1276 дойлід Алекса разам з мясц. жыхарамі заснаваў умацаванае пасяленне. Асновай яго абароны акрамя рова і вала з умацаваннямі была 30-метровая мураваная вежа (Камянецкая вежа).У 1289 К. разбурыў драгічынскі кн. Юрый Львовіч. З 1366 К. у ВКЛ, належаў кн. Кейстуту, з 1388 — кн. Янушу Мазавецкаму, у 1384 і з 1392 — кн. Вітаўту. На К. тройчы нападалі крыжакі і ў 1378 спалілі яго. З 1413 К. — цэнтр Камянецкага павета Трокскага, з 1520 — Падляшскага, з 1566 — Брэсцкага ваяводстваў. З 1503 К. меў магдэбургскае права, герб (на блакітным полі выява сярэбранай вежы). Разбураны ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. У 17—18 ст. тут пабудаваны Камянецкія замкава-палацавыя комплексы, дзейнічала тэкст. мануфактура Радзівілаў. З 1795 у Рас. імперыі, у Брэсцкім пав. Гродзенскай губ., у 1795—1940 наз. Камянец-Літоўскі. У сярэдзіне 19 ст. ў К. каля 2900 ж., 597 двароў, 3 кірмашы ў год. У 1897—4,6 тыс.ж., 1186 дамоў, лячэбніца, царк.-прыходская школа, у 1914 працавала 7 дробных прадпрыемстваў. У 1921—39 у складзе Польшчы, мястэчка Брэсцкага пав. Палескага ваяв., у 1921—2348 ж., 3 лесапільні, вінакурня, цэх па апрацоўцы аўчын, 2 маслабойні. З 1939 у БСФ, з 15.1.1940 гар. пасёлак, цэнтр Камянецкага раёна. У Вял.Айч. вайну з 23.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў раёне і горадзе 5,4 тыс.чал. Дзейнічала Камянецкм раённая антыфашысцкая арганізацыя. Вызвалены 22.7.1944 часцямі 28-й арміі 1-га Бел. фронту ў ходзе Люблін-Брэсцкай аперацыі 1944. У 1971 у К. 5,1 тыс.ж. З 24.6.1983 К. горад.
Прадпрыемствы харч. прам-сці. Філіял Брэсцкага абл. краязнаўчага музея. Помнікі архітэктуры: Камянецкая вежа (канец 13 ст.), Камянецкая Сімяонаўская царква (1912—14). Брацкая магіла сав. воінаў і партызан.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЛЫ́НСКІЯ ВЕ́ЖЫ,
умоўная назва манум. абарончых вежаў, якія будавалі ў 2-й пал. 13—14 ст. на Валыні, Беларусі і ў Польшчы. Былі цэнтрамі абароны буйных населеных пунктаў, каманднымі пунктамі і ўмацаваным жыллём феадалаў. Адпавядалі тактыцы абароны і метаду аблогі актыўным штурмам пры дапамозе каменекідальных машын, арбалетаў, а з 15 ст. і бамбардаў. Былі прамавугольныя ці круглыя ў плане. На Беларусі да Валынскіх вежаў адносяцца Брэсцкая вежа, Гродзенская вежа-стоўп, Навагрудскія вежы на Малым замку і замку, Камянецкая вежа, Тураўская вежа і інш. Тэрмін «Валынскія вежы» ўвёў у навук. ўжытак П.А.Рапапорт пасля вывучэння вежаў на тэр. Валынскай зямлі.
Літ.:
Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII ст.Мн., 1978.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРЭ́СЦКІ АБЛАСНЫ́ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.
Засн. ў 1950 у Брэсце. Мае 11 экспазіц. залаў (пл. экспазіцыі 872 м²), 63 тыс. экспанатаў асн. фонду (1995). Аддзелы: прыроды, гісторыі Брэстчыны, Вял.Айч. вайны, этнаграфічны. Сярод экспанатаў археал. і нумізматычныя калекцыі, зброя і даспехі воінаў 13—19 ст., рукапісныя і друкаваныя кнігі (трэбнік 1646, рукапісны «Апостал» 17 ст.), гербы і пячаткі стараж. Брэста, матэрыялы пра Брэсцкую арг-цыю РСДРП, пра арг-цыю КПЗБ і яе дзеячаў (В.З.Харужую, У.З.Царука і інш.), абарону Брэста і Брэсцкай крэпасці, партыз. і падп. рух на тэр. вобласці ў Вял.Айч. вайну, Герояў Сав. Саюза — землякоў, у т. л. С.І.Грыцаўца, П.І.Клімука і інш.; у аддзеле этнаграфіі муз. інструменты 18 ст., прылады працы і побыту сялян 19 ст.; у аддзеле прыроды экспанаты расліннага і жывёльнага свету Брэстчыны, агучаныя дыярамы «Белавежская пушча», «Палессе». Філіялы: Археалагічны музей «Бярэсце», Музей партызанскай славы, Камянецкая вежа, карцінная галерэя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНЖО́Н (франц. donjon),
галоўная шмат’ярусная вежа феад. замка, якая служыла месцам апошняй абароны і сховішчам пры нападзе ворага. Адначасова была назіральным і камандным пунктам у часы ваен. дзеянняў, магла выконваць функцыі аўтаномнай цытадэлі, дзе захоўваўся запас правіянту, ваен. рыштунку. Д. ў Еўропе будавалі ў 9—10 ст., пазней вядомы ўсюды, у т. л. на мусульм. усходзе і ў Закаўказзі На Беларусі былі пашыраны ў 13—17 ст. Вядомы Д. ў Брэсце, Тураве, Гродне, Навагрудку, Полацку, Шклове і інш. Уцалела вежа-данжон у Камянцы (гл.Камянецкая вежа).
Д. размяшчаліся пры гал. браме, непасрэдна каля ўезда ў замак або ў цэнтры ўмацаванняў. У плане маглі быць круглыя, авальныя, прамавугольныя, шматвугольныя. Стральба вялася праз байніцы, разлічаныя на кругавую абарону, з баявых балконаў, верхніх баявых пляцовак з-за зубцоў і праз машыкулі.
Літ.:
Ткачоў М.А. Абарончыя збудаванні заходніх зямель Беларусі XIII—XVIII стст. Мн., 1978.