Каметы 2/379; 3/307; 4/587, 596; 5/305—306; 7/162; 9/631, 632

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

КАМЕ́ТЫ (ад грэч. komētēs літар. доўгавалосы),

адна з груп малых цел Сонечнай сістэмы. Рухаюцца вакол Сонца па моцна выцягнутых эліптычных (перыядычныя К.) і парабалічных (неперыядычныя К.) арбітах; сярэдняя адлегласць у перыгеліі даходзіць да 1 а.а., у афеліі — да 10 000 а.а.

Паводле перыяду абарачэння адрозніваюць К. кароткаперыядычныя (перыяд 3—10 гадоў; афеліі не выходзяць за межы арбіты Юпітэра) і доўгаперыядычныя (перыяды да некалькіх мільёнаў гадоў). Форма і памеры К. розныя, будова ў асноўным аднолькавая. Цэнтр. цвёрдая частка наз ядром (дыяметр 0,5—20 км, маса 10​11 —10​19 кг). Яно складаецца з вадзянога лёду, замерзлых газаў (аксідаў вугляроду CO і CO2, аміяку NH3, цыяністага вадароду HCN і інш.) і пылавых часцінак. Пры набліжэнні да Сонца лёд і газы выпараюцца і свецяцца адбітым сонечным святлом: вакол ядра ўтвараецца святлівы газавы шар — кома. Ядро, кома, выцяканні і інш. ўтварэнні ў наваколлі ядра складаюць галаву К. Ад дзеяння светлавога ціску і сонечнага ветру газы і пыл адносяцца ад ядра, утвараючы хвост, накіраваны амаль заўсёды ад сонца. Даўжыня хваста дасягае 10​7 км; ён менш яркі, чым галава, таму назіраецца не заўсёды. К. значна мяняюць свае арбіты пры праходжанні паблізу планет-гігантаў або Сонца. Урэшце рэшт яны распадаюцца на дробныя часткі і метэорныя патокі (гл. Бізлы камета).Сапраўдную прыроду К. устанавіў дацкі астраном Ц.​Браге (1577), некаторыя арбіты вылічыў Э.​Галей (гл. Галея камета). Тэорыю ўтварэння каметных хвастоў распрацаваў рус. астраном Ф.​А.​Брадзіхін.

Літ.:

Томита К. Беседы о кометах: Пер. с яп. М., 1982.

Камета Х’якутакі (год назірання 1996).
Камета Хейла-Бопа (год назірання 1997).

А.​А.​Шымбалёў.

т. 7, с. 525

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Хвасты каметы 2/379; 5/305 (іл.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

НЯУ́ЙМІНА КАМЕ́ТЫ,

6 камет, адкрытых сав. астраномам Р.​М.​Няуйміным. Камета 1913 III (Няуйміна 1) — кароткаперыяд. камета сям’і Сатурна (перыяд абарачэння 17,9 года); камета 1914 III з вельмі выцягнутай арбітай; камета 1916 II (Няуйміна 2) — кароткаперыяд. камета сям’і Юпітэра (5,4 года), таксама выяўлена Няуйміным у 1926 (камета 1927 I); камета 1929 III (Няуйміна 3; 10,9 года); камета 1936 IV (8,4 года) і камета 1941 VII (6,3 года) — кароткаперыяд. каметы сям’і Юпітэра. Бляск усіх гэтых камет вельмі невялікі. Гл. Каметы.

т. 11, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

каме́та

назоўнік, агульны, неадушаўлёны, неасабовы, жаночы род, 2 скланенне

адз. мн.
Н. каме́та каме́ты
Р. каме́ты каме́т
Д. каме́це каме́там
В. каме́ту каме́ты
Т. каме́тай
каме́таю
каме́тамі
М. каме́це каме́тах

Крыніцы: krapivabr2012, nazounik2008, piskunou2012, sbm2012, tsblm1996, tsbm1984.

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

каме́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да каметы. Каметная арбіта. Каметнае ядро.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

афе́лій, ‑я, м.

Спец. Найбольш аддалены ад Сонца пункт арбіты планеты або каметы.

[Ад грэч. apó — воддаль і hélios — Сонца.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

нябе́сны, -ая, -ае.

1. гл. неба.

2. перан. Цудоўны, чароўны, вельмі прыгожы.

Над цудам цуд н.

Нябеснае стварэнне.

3. Які мае колер неба; светла-блакітны.

Н. колер.

Нябесныя целы (спец.) — планеты, каметы, зоркі, галактыкі і іншыя касмічныя аб’екты, што вывучаюцца астраноміяй.

Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы (І. Л. Капылоў, 2022, актуальны правапіс)

«ВЕ́ГА»,

назва міжнароднага праекта і аўтам. міжпланетных станцый (АМС) для даследавання планеты Венера і Галея каметы. АМС «Вега-1» і «Вега-2», у аснову якіх пакладзена канструкцыя АМС «Венера», запушчаны адпаведна 15 і 21.12.1985.

З дапамогай АМС «Вега праведзены вымярэнні параметраў атмасферы Венеры, іх пасадачныя модулі ўзялі пробы грунту. Пасля гравітацыйнага павароту АМС праляцелі 6 і 9.3.1986 каля ядра каметы Галея на адлегласці 9 і 8,2 тыс. км адпаведна, перадалі на Зямлю больш за 1000 тэлевізійных здымкаў ядра каметы, а таксама дадзеныя хім. аналізу газавай і пылавой складальных каметы. Зроблены вымярэнні для дакладнага навядзення зах.-еўрап. АМС «Джота». У праекце ўдзельнічалі СССР, Аўстрыя, Балгарыя, Венгрыя, Германія, Польшча, ЗША, Францыя, Чэхаславакія.

Аўтаматычная міжпланетная станцыя «Вега»: 1 — панэлі сонечнай батарэі; 2 — радыятар-ахаладжальнік; 3 — спускальны апарат; 4 — востранакіраваная антэна; 5 — радыятар-награвальнік; 6 — блок астраарыентацыі; 7 — пралётны апарат; 8 — аўтаматычная стабілізаваная платформа з навуковай апаратурай.

т. 4, с. 53

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛЕ́Я КАМЕ́ТА,

яркая камета, якая рухаецца па эліптычнай арбіце вакол Сонца з перыядам абарачэння каля 76 гадоў. Названа ў гонар Э.Галея.

Вылічыўшы арбіты 24 камет, Галей першы ўстанавіў (1705), што арбіты камет, якія назіраліся ў 1531, 1607 і 1682, маюць блізкія параметры. Ён выказаў меркаванне, што гэта арбіты адной і той жа каметы, і прадказаў наступнае яе набліжэнне да Сонца ў 1758, што і пацвердзілася. У 1910 Зямля прайшла праз хвост каметы Галея.

У час чарговага збліжэння з Сонцам (да 0,587 а.а. 9.2.1986) камета Галея даследавалася міжпланетнымі станцыямі «Вега», «Джота» і 2 японскімі (праляцелі 8 і 11.3.1986 на вял. адлегласці ад каметы).

т. 4, с. 460

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)