чувашскі паэт, пачынальнік нац. л-ры. Найб. значны твор — ліра-эпічная паэма «Нарспі» (1908) пра трагічны лёс чув. жанчыны. Выступаў у жанры вершаванай казкі, балады («Удава»), сказа, трагедыі («Раб д’ябла»), Вядомы як педагог, фалькларыст, мастак, скульптар, перакладчык. Браў удзел у складанні першых буквароў і дапаможнікаў для нац. школы. Перакладаў на чув. мову творы М.Лермантава, А.Кальцова, М.Някрасава.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́МЕН (Фелікс Фёдаравіч) (н. 28.3.1941, в.Кальцова Амурскай вобл., Расія),
бел. мастак, адзін з пачынальнікаў Віцебскай школы акварэлі. Скончыў Віцебскі пед.ін-т (1962), у 1965—74 выкладаў у ім. Аўтар эмацыянальна выразных, пераважна пленэрных, пейзажаў: «Сафійскі сабор у Полацку» (1967), «Наваполацк. Сонца над горадам» (1968), «Віцебскі дворык» (1975), «Ушацкія азёры» (1994), «Лагойшчына» (1995) і інш. Нацюрморты Гумена вылучаюцца дакладнай перадачай формы і фактуры рэчаў: «Кветкі шыпшыны» (1967), «Камбала» (1970), «Клопаты гаспадыні» (1972), «Атрыбуты мастацтва» (1974), «Дзьмухаўцы» (1982), «Нацюрмот» (1990), «Званочкі з яра» (1995) і інш. Для творчасці характэрны шырокая манера пісьма, сакавіты колер, кантрасты святла і ценю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРО́ЗАВА (Марыяна Генадзеўна) (н. 23.4.1958, г. Дзяржынск Мінскай вобл.),
бел. кампазітар, педагог. Скончыла Бел. кансерваторыю (1983, клас Я.Глебава). З 1985 выкладае ў Мінскім пед. ун-це (з 1993 дацэнт). Працуе пераважна ў галіне вак. лірыкі. У творчасці апіраецца на традыцыі бел. і рус.муз.-паэт. фальклору. Некат. творы напісаны пад уплывам жывапісу і л-ры. Сярод твораў: кантаты, у т. л. «Муха-цакатуха» на словы К.Чукоўскага (1982); 3 сімфоніі, у т. л. «Чорная быль» (1988); «На кірмашы» для нар.арк. (1989); 2 сюіты з балета «Стойкі алавяны салдацік» і «Adagio» для камернага арк. (усе 1990); камерна-інстр., у т. л.стр. квартэт «Лічбы на сэрцы» па матывах аднайм. цыкла карцін М.Савіцкага (1985); п’есы для фп. з інструментамі сола (1981—99); вак. цыклы і рамансы на вершы Н.Гілевіча, А.Кальцова, С.Капуцікян, Н.Мацяш, А.Міцкевіча, А.Пушкіна, Я.Янішчыц, Т.Мушынскай, на нар. тэксты; песні, хары, музыка да тэлеспектакляў.
Літ.:
В’югінава І. Жывапіс у гуках // Мастацтва. 1998. № 1.
бел. кампазітар і педагог. Нар.арт. Беларусі (1955). Скончыў С.-Пецярбургскую кансерваторыю экстэрнам (1910). Працаваў ва Усх. кансерваторыі (Казань), у Дзярж. ін-це муз. навукі (Масква). Уваходзіў у Беларускую песенную камісію. З 1924 у Мінску. Адзін з арганізатараў і выкладчыкаў Бел.муз. тэхнікума і кансерваторыі (з 1946 праф., у 1944—48 дырэктар), удзельнічаў у стварэнні бел. кампазітарскай арганізацыі (1932). Рэдактар многіх муз. выданняў (у т. л. твораў М.Чуркіна, Р.Пукста), збіральнік і даследчык бел., марыйскага, чувашскага, якуцкага фальклору, аўтар апрацовак нар. песень. Творчасць адметная праграмнасцю, сімфанічнасцю мыслення, шырокім выкарыстаннем сродкаў поліфаніі, нац. характэрнасцю музыкі. Сваімі творамі 1920—30-х г. залажыў асновы такіх жанраў бел.прафес. музыкі, як кантата («10 год», 1927), вак.-сімф. паэма («Над ракою Арэсай» на вершы Я.Купалы, 1933), камерна-інстр. ансамбль (фп. квінтэт, 1925). Своеасаблівасцю жанравага вырашэння вылучаецца опера «Тарас на Парнасе»—«муз.-драм. жарт» (па матывах бел. ананімных паэм «Тарас на Парнасе» і «Энеіда навыварат» і паэмы В.Дуніна-Марцінкевіча «Гапон», 1927). Стварыў першыя ў бел. музыцы ўзоры драм. (2-я, 1930) і лірыка-псіхалагічнай (4-я і 5-я, 1954—56) сімфоніі.
Інш. тв.: опера «Андрэй Касценя» (1947, паст. 1970); кантата «Сорак год» (1956); 10 сімфоній (1921—71), сімфаньета (1936), сімф. паэма «З дзённіка партызана» і сімфонія-балада «У суровыя дні» (1942), 4 сюіты-фантазіі для сімф.арк., канцэртныя фантазіі для скрыпкі і флейты з арк.; камерныя ансамблі; санаты; зб. рамансаў на вершы А.Кальцова, Я.Купалы, М.Багдановіча, М.Танка, Н.Гілевіча і інш.; хары, песні.
Літ.:
Кулешова Г.Г. Н.И.Аладов. Л., 1970;
Аладава Р.М. М.І.Аладаў // Бел. музыка. Мн., 1977. Вып. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
перакліка́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Абменьвацца гучнымі воклічамі, крыкамі, словамі. Жанчыны і на лодках, і на беразе звонка пераклікаюцца на бойкім палескім дыялекце.В. Вольскі./ Пра птушак і жывёл. Злыя хутарскія сабакі пераклікаліся заядлым брэхам, жудасным і трывожным.Колас.Недзе ў гушчары нягучна пераклікаліся зязюлі.Ваданосаў.
2. Папераменна гучаць. Цішыня. Толькі сярпы пераклікаюцца: ж-жык! ж-жык!Мележ.Задорна пераклікаліся гудкі паравозаў на вакзале, на таварнай станцыі.Лынькоў.Над .. рэдкімі агнямі горада ізноў пераклікаюцца гудкі заводаў.Брыль.
3.перан. Мець падабенства, збліжацца сваімі прыкметамі з чым‑н. Аднак у мастацкім асэнсаванні тэмы працы Купала стаіць бліжэй да Някрасава і Багушэвіча, чым да Кальцова, і пераклікаецца з Горкім.Івашын.З трапяткое, засмучанасцю гэтых колішніх радкоў маладога Паўлюка Труса пераклікаецца сёння ўзмужнелая ліра М. Лужаніна.Лойка.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
ІНСТЫТУ́Т РУ́СКАЙ ЛІТАРАТУ́РЫ (ПУ́ШКІНСКІ ДОМ)Расійскай акадэміі навук.
Засн. ў 1905 у Пецярбургу як сховішча музейнага тыпу і крыніцазнаўчы цэнтр пушкіназнаўства (Пушкінскі дом). З 1918 у складзе АН, у 1930 ператвораны ў н.-д.Ін-трус. л-ры. Даследуе гісторыю рус. л-ры ад старажытнасці да сучаснасці. Сектары: стараж.-рус. л-ры, новай рус. л-ры (з групамі вывучэння рус. л-ры 18 ст., пушкіназнаўства, выдання твораў Ф.Дастаеўскага, М.Някрасава, І.Тургенева, А.Блока), сучаснай л-ры, нар. творчасці з фанаграмным архівам, тэарэт. даследаванняў, узаемасувязей рус. л-ры з зарубежнымі л-рамі. У складзе ін-та рукапісны аддзел са старажытнасховішчам і фалькл. архівам, літ. музей, б-ка. Зберагаюцца рукапісы А.Пушкіна і яго б ка, рукапісы Г.Дзяржавіна, І.Крылова К.Рылеева, А.Кальцова, М.Лермантава, Тургенева, І.Ганчарова, М.Салтыкова-Шчадрына, М.Някрасава, М.Дабралюбава, А.Фета, Ф.Дастаеўскага, Блока, М.Шолахава, А.Пракоф’ева, М.Зошчанкі і інш., матэрыялы па бел. л-ры, у т. л. аўтографы В.Дуніна-Марцінкевіча, Я.Купалы, Я.Коласа, Ц.Гартнага, М.Гарэцкага і інш., запісы бел. фальклору.
Асн. калект працы: «Гісторыя рускай літаратуры» (т. 1—10, 1941—56; т. 1—3, 1958—64, т. 1—4, 1980—83), «Гісторыя рускай крытыкі» (т. 1—2, 1958), «Рукапісная спадчына Старажытнай Русі» (1972, 1980). Выдае «Труды отдела древнерусской литературы» (з 1934), «Штогоднік Рукапіснага аддзела Пушкінскага дома» (з 1971), час. «Русская литература» (з 1958), серыйныя выданні «Пушкін. Даследаванні і матэрыялы», «Рускі фальклор. Матэрыялы і даследаванні» (абодва з 1956), «XVIII стагоддзе» (з 1935) і інш. Ажыццявіў акадэмічныя выданні зб.тв. Пушкіна (т. 1—17, 1937—59), М.Гогаля (т. 1—14, 1937—52), А.Радзішчава (т. 1—3, 1938—52), Г.Успенскага (т. 1—14, 1940—54), В.Бялінскага (т. 1—13, 1953—59), Лермантава (т. 1—6, 1954—57), Тургенева (т. 1—28, 1960—68), Салтыкова-Шчадрына (т. 1—20, 1965—77), Дастаеўскага (т. 1—30, 1972—90), Тургенева (т. 1—12, 1978—86), выдаецца зб.тв. Блока (з 1996), Пушкіна ў 20 т. (з 1997), М. Гумілёва (з 1998).
Літ.:
50 лет Пушкинского дома, 1905—1955. М.; Л., 1956;
Баскаков В.Н. Пушкинский дом, 1905—1930—1980. Л., 1980;
Рукописный отдел Института русской литературы АНСССР (Пушкинский дом) (ИРЛИ) // Краткий справочник по научно-отраслевым и мемориальным архивам АНСССР. М., 1979.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
пе́сня, ‑і, ж.
1. Невялікі паэтычны твор для спеваў. Харавая песня. Песня-калыханка. Лірычная песня. □ Дзяўчаты спявалі старую жніўную песню.Асіпенка.// Гучанне такога твора, яго мелодыя, гукі. Песня была дружнай, зладжанай і лілася з нашых грудзей магутнай хваляй бадзёрасці, адвагі, мужнасці.Анісаў.// Пра спевы птушак. Серабрыстую песню сваю разліў высока ў сіне-сінім небе жаўранак.Мурашка.// Пра меладычныя гукі, якія нагадваюць песню. Куй, каваль! Няхай прачнецца, Хто шчэ спіць чароўным сном, — Да іх хутка данясецца Песня молата: «дзін», «бом!..»Чарот.
2. Невялікі верш, напісаны ў стылі музычна-паэтычнага твора. Песні Кальцова.// Паэтычная творчасць, паэзія. — Баюся, што песня возьме верх над прозаю ў творчасці Саўкі! — сказаў студэнт не то жартам, не то сур’ёзна.Бядуля.
3. Назва некаторых інструментальных напеўных твораў.
•••
Варажбітная песня — абрадавая песня, якая выконваецца пры святочнай варажбе.
Доўгая (вялікая) песня (гісторыя) — тое, што не скора можа быць зроблена, расказана і пад., што патрабуе працяглага часу для свайго завяршэння.
Лебядзіная песня — апошні, звычайна найбольш значны, чый‑н. твор; апошняе праяўленне таленту, здольнасці і пад. (ад народнага падання, што лебедзь пяе адзін раз у жыцці — перад сваёй смерцю).
Песнячыяспета — тое, што і песенька чыя спета (гл. песенька).
Старая песня — што‑н. даўно вядомае.
Цягнуць (спяваць) адну і тую ж песнюгл. цягнуць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)
КУПА́ЛА (Янка) (сапр.Луцэвіч Іван Дамінікавіч; 7.7.1882, фальварак Вязынка, Маладзечанскі р-н Мінскай вобл. — 28.6.1942),
бел. паэт, драматург, публіцыст, перакладчык, грамадскі дзеяч; класік бел. л-ры; адзін з заснавальнікаў сучаснай бел. л-ры і бел.літ. мовы. Нар. паэт Беларусі (1925). Акад.АН Беларусі (1928) і АН Украіны (1929). З сям’і збяднелай шляхты, старэйшы продак якой па бацьку ўпамінаецца ў дакументах 17 ст.; маці — рубяжэвіцкая шляхцянка. Скончыў Бяларуцкае нар. вучылішча (1898), вучыўся на агульнаадук. курсах А.С.Чарняева ў Пецярбургу (1909—13), у нар. ун-це імя А.Л.Шаняўскага ў Маскве (1915). Пасля смерці бацькі (1902) працаваў на гаспадарцы, хатнім настаўнікам («дарэктарам»), пісарам у суд. следчага ў Радашковічах (1903), малодшым прыказчыкам у памешчыка на Сенненшчыне (1904), практыкантам і памочнікам вінакура на броварах у памешчыцкіх маёнтках (1905—08). У 1908—09 супрацоўнік газ. «Наша ніва» і адначасова бібліятэкар б-кі Б.Л.Даніловіча (Вільня). 3 кастр. 1913 зноў у Вільні, супрацоўнік «Беларускага выдавецкага таварыства», рэдактар «Нашай нівы» (1914—15). У студз. 1916 у Маскве ажаніўся з У.Ф.Станкевіч (гл. У.Ф.Луцэвіч), прызваны ў армію. Служыў у дарожна-буд. атрадзе Варшаўскай акругі шляхоў зносін у Мінску, Полацку, Смаленску. 3 ліп. 1918 агент Аддз. забеспячэння Зах. вобласці. 21.1.1919 пераехаў у Мінск. Шмат друкаваўся як паэт і публіцыст у прэсе 1919—21 (газ. «Звон», «Беларусь», «Вольны сцяг», «Рунь», «Савецкая Беларусь»). У студз. — сак. 1920 цяжка хварэў. З 1921 актыўна ўдзельнічаў у літ.-грамадскім і культ.-маст. жыцці, у т. л. ў стварэнні БДУ, нац. тэатра, рэсп. выдавецтваў. 22.11.1930 спрабаваў скончыць самагубствам з-за праследаванняў рэпрэсіўнымі органамі, абвінавачання ў кіраўніцтве т. зв. нацдэмаўшчынай. У Вял.Айч. вайну жыў у Маскве, потым у пас. Пячышчы каля Казані. Трагічна загінуў у Маскве ў гасцініцы «Масква». У 1962 урна з прахам К. перавезена ў Мінск і пахавана на Вайсковых могілках.
Пісаць пачаў на польск. мове. Першы вядомы бел. верш «Мая доля» датуецца 1904. Першы бел. друкаваны верш «Мужык» (мінская газ. «Северо-Западный край», 15.5.1905). Першы зб. «Жалейка» (Пб., 1908). Творчасць К. — летапіс жыцця бел. народа, адбітак нац. характару, нац. светаразумення і паэт. светаўспрымання на пераломных гіст. рубяжах 1-й пал. 20 ст. Яна вызначаецца глыбокай народнасцю, маст. арыгінальнасцю, нац. адметнасцю. Нац.-патрыятычны, адраджэнскі пафас, свабодалюбівыя матывы, ідэі сац. і нац. разняволення, паказ нар. жыцця, гіст. мінулага Беларусі, філас. асэнсаванне жыцця і чалавека наогул, бел. мужыка, інтэлігента — выхадца з нар. нізоў, у прыватнасці, увасоблены ў яго творчасці ў непаўторныя жанрава-стылявыя формы, што сталі класічнымі асновамі бел. лірыкі, эпасу, драматургіі і публіцыстыкі.
К. — паэт-рамантык. Ён сцвердзіў рамант. тып нац. лірыкі, у якой драм. напружанне, інтэнсіўнасць перажыванняў выяўляюцца ў маштабных, раскавана-асацыятыўных вобразах. Непаўторнае хараство ім надае арганічнае зліццё лірызму і рамант. незвычайнасці светаўспрымання з традыцыямі фальклору — вобразамі, матывамі, паэтыкай бел.нар. песні, з міфалагічнымі ўяўленнямі, архетыпамі, каларытам бел легендаў, паданняў і казак. Ранняя лірыка К. эвалюцыяніравала ад тэм і матываў пераважна сялянскіх да паглыбленага выяўлення асобы паэта (зб-кі «Гусляр», 1910, «Шляхам жыцця», 1913). Адкрыццё вобраза бел. мужыка станавілася ў паэта адкрыццём беларусаў як народа. З працэсам пазнання бел. народа звязана ў К. цікавасць да духоўных першаасноў нар. жыцця — пошукаў свабоды, шчасця, справядлівасці, ідэалаў дабра і прыгажосці, што з асаблівай маст. сілай выявілася ў лірыцы 1910—13. Яе герой свабодалюбівы, самаахвярны і актыўны ў барацьбе за свае ідэалы. Аснова гіст. аптымізму паэта — вера ў творчыя сілы народа, любоў да Бацькаўшчыны. К. ўзвысіўся як выразнік нар.-дэмакр. ідэй, пясняр маладой Беларусі, як лідэр бел. адраджэння пач. 20 ст. Глыбокі патрыятызм паэта раскрыўся ў гімнавых вершах пра «сакаліную сям’ю» сыноў і дачок маладой Беларусі, у пейзажах роднай зямлі, творах на гіст. тэматыку («На дзяды», «На куццю»), у вершах грамадзянска-пафасных («Блізкім і далёкім», «Цару неба і зямлі», «Паязджане», «Свайму народу», «І прыйдзе»). Разам з тым К. аддаў пэўную даніну ідэям рэв. абнаўлення рэчаіснасці, звязваючы ідэалы нац. адраджэння з радыкальна-рэв. пераўтварэннямі. Лютаўская рэвалюцыя, кастр. падзеі 1917, грамадз. вайна нарадзілі матывы асуджэння дыктатуры, класавай нянавісці, антыгуманізму. Вострыя праблемы бел. рэчаіснасці ён адлюстраваў у публіцыстыцы 1919—20.
З 2-й пал. 1920-х г. К. трапіў пад рэзкую крытыку вульгарных сацыёлагаў, якія абвінавачвалі яго ў т.зв. нацдэмаўшчыне, ідэалізацыі мінулага. У гэты перыяд удачы ў асэнсаванні рэчаіснасці ў паэта рэдкія, паэтычная актыўнасць яго рэзка зменшылася і ажывілася толькі ў сярэдзіне 1930-х г. (ляўкоўскі цыкл і інш.). У цэлым яго паэтычны геній выразна праяўляўся ў біяграфічных і пейзажных («За ўсё», «Сонцу», «Сосны», «Шоў я пушчаю...»), а таксама некаторых дзіцячых вершах. Эпас К. эвалюцыяніраваў ад апавядальна-бытавога да ўзнёсла рамантычнага і лірызаванага, ад сюжэтнага да фрагментарна-лірычнага і рэпартажнага. У ранніх (1906—08) паэмах схільнасць да рамантычна яркіх, выключных герояў і сітуацый («Нікому», «Зімою», «За што?», «Адплата кахання»). Паэма-трагедыя «Адвечная песня» (1908, апубл. 1910) — апафеоз мужычай празе шчасця на зямлі. Класічнымі сталі яго фалькл.-рамантычныя паэмы «Курган» (1910, апубл. 1912), прасякнуты ідэяй неўміручасці нар. мастацтва, «Бандароўна» (1913) — эпічная песня аб героіцы нар. змагання супраць прыгнятальнікаў, «Яна і я» (1913, апубл. 1920) — творчае развіццё на нац. глебе гесіёдаўскага і гётаўскага эпасу, паэтызацыя ідэалізаванага ўяўлення селяніна-працаўніка пра шчаслівае жыццё, якое нараджае вольная праца, духоўная еднасць, каханне. Праблема ўзаемаадносін выключнай асобы і народа ставіцца ў паэме «Магіла льва» (1913, апубл. 1920). Драматызаванымі паэмамі К. аддаў даніну сімвалізму і неарамантызму. У «Адвечнай песні» ён стварыў сімвалічны вобраз мужыка, цураючыся індывідуалізацыі героя. Лёс яго раскрываў праз паэтызацыю жыццёвых абставін-праяў, манументалізуючы вобраз гал. героя, абсалютызуючы яго бязмерную прагу да лепшай долі, ягонае адмаўленне нядольнага зямнога лёсу. Паэма «Сон на кургане» (1910, апубл. 1912) таксама пра лёс бел. мужыка, але ўжо ў перыяд рэакцыі. Герой паэмы Сам — не персанаж-характар, а фантасмагарычны шукальнік выйсця з гаротнага стану. Умоўныя абставіны, што сняцца яму на кургане, чаргуюцца з рэальнымі сцэнамі на пажарышчы і ў карчме. Варожыя Саму сілы ўвасоблены ў вобразах відмаў і ў рэальных нячысціках. Сам — вобраз трагічны: гіне яго маці, а бацька аказваецца жандарам. Паэма была раскрыццём складаных жыццёвых лёсаў бел.нар. інтэлігенцыі. Паэма «Безназоўнае» (1924), якую крытыка падавала як услаўленне рэвалюцыі, фактычна была спробай выявіць ідэал нац.дзярж. будаўніцтва Беларусі. Паэма «Над ракою Арэсай» (1933), якую вульгарна-сацыялагічная крытыка захвальвала, — не з’яўляецца фактам эстэт. ўзбагачэння, але сведчыць пра адносіны паэта да тагачаснай рэчаіснасці. Паэма «Тарасова доля» (1939) — паэтызацыя жыццёвага лёсу Т.Шаўчэнкі. К. паспяхова вырашаў задачу стварэння бел.нац. камедыі і драмы. У камедыі нораваў «Паўлінка» (1912, паст. і апубл. 1913) ён высмейвае дамастроеўскія асновы жыцця засцянковай шляхты. Блізкім да камедыі нораваў з’яўляецца і сцэнічны жарг «Прымакі» (1913, апубл. 1920). У драме «Раскіданае гняздо» (1913, паст. 1917, апубл. 1919) раскрыты цяжкі лёс бел. абеззямеленага сялянства парэформеннага саракагоддзя, пошукі ім шляхоў да лепшай будучыні. Трагікамедыя «Тутэйшыя» (1922, апубл. 1924, паст. 1926, 1990) — вяршыня сатыр. камедыяграфіі К. У ёй з незвычайным пафасам упершыню аглядаліся актуальна-паліт. праблемы ўзаемаадносін усх. і зах. суседзяў Беларусі ў іх дачыненнях да бел. адраджэння. Калі ў «Паўлінцы» і «Раскіданым гняздзе» ярка выявіліся ілюзіі і спадзяванні на рэвалюцыю, то ў «Тутэйшых» гэтыя надзеі развейваюцца, даецца горкая ява паслярэв. рэальнасці, высмейваецца вялікадзярж. шавінізм, варожы бел. адраджэнню. Публіцыстыка К. ўзнімала пытанні паляпшэння сац. становішча нар. мас Беларусі, спрыяла абуджэнню іх нац. самаўсведамлення; «Думкі з пабыцця ў Фінляндыі на Іматры» (1910), «Адбудова Беларусі», «Беларускі сцяг уваскрос!», «Незалежнасць» (1919), «Справа незалежнасці Беларусі за мінулы год», «Справа беларускага нацыянальнага гімна», «Прамова на 15-годдзі літаратурнай працы» (усе 1920). Пераклаў на бел. мову «Слова аб палку Ігаравым», польскія тэксты ў «Сялянцы» і «Залётах» В.Дуніна-Марцінкевіча, лібрэта оперы «Галька» С.Манюшкі, паэму «Медны коннік» А.Пушкіна, паэмы і вершы Т.Шаўчэнкі, А.Міцкевіча, М.Канапніцкай, М.Някрасава, А.Кальцова, П.Панча і інш. Творчасць К. вывучае купалазнаўства. Творы К. перакладзены на многія замежныя мовы. Яго п’есы ставіліся ў шматлікіх тэатрах. П’есы К. «Паўлінка», «Раскіданае гняздо», паэма «Магіла льва» экранізаваны. Паводле яго твораў створаны оперы Р.Пукста «Машэка», М.Чуркіна «Раскіданае гняздо», опера-прытча У.Мулявіна «Песня пра долю», балеты Я.Глебава «Выбранніца», «Курган», муз. камедыя Ю.Семянякі «Паўлінка», сімфоніі, вак.-сімфанічныя паэмы і інш. У 1959—65 прысуджалася Літ. прэмія імя К., з 1965 прысуджаецца Дзярж. прэмія Беларусі імя К. (за творы паэзіі і драматургіі). Імем паэта, названы Ін-т л-ры Нац.АН Беларусі, Нац.акад. тэатр у Мінску, Гродзенскі ун-т, пасёлак у Глускім, вёска ў Пухавіцкім р-нах, бібліятэкі, школы, вуліцы ў многіх гарадах і населеных пунктах Беларусі. Працуюць Купалы Янкі літаратурны музей у Мінску (з філіяламі), Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка», Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Ляўкі». Помнікі К. пастаўлены ў Радашковічах, Мінску, Акопах, Вязынцы, Ляўках, Араў-парку ў Нью-Йорку. 100-годдзе з дня нараджэння К. па рашэнні ЮНЕСКА адзначалася ў міжнар. маштабе. У 1996 створаны Міжнар. фонд Я.Купалы.
Тв.:
Зб.тв.Т. 1—6. Мн., 1925—32;
Зб. тв Т. 1—6. Мн., 1952—54;
Зб.тв.Т. 1—6. Мн., 1961—63;
Зб.тв.Т. 1—7. Мн., 1972—76;
Поўны зб.тв.: У 9 т.Т. 1—5. Мн.,1995—99;
Спадчына. Нью-Ёрк;
Мюнхен, 1955;
Публіцыстыка. Мн., 1972;
Жыве Беларусь! Мн., 1993.
Літ.:
Янка Купала ў літаратурнай крытыцы Мн., 1928;
Мазалькоў Я. Янка Купала. Мн., 1951;
Івашын В. Янка Купала: Творчасць перыяду рэвалюцыі 1905—1907 гг.Мн., 1953;
Янка Купала ў беларускім мастацтве. Мн., 1958;
Ярош М. Драматургія Янкі Купалы. Мн., 1959;
Яго ж. Янка Купала і беларуская паэзія. Мн., 1971;
Яго ж. Пясняр роднай зямлі. Мн., 1982;
Яго ж. Янка Купала і Якуб Колас. Мн., 1988;
Любімы паэт беларускага народа. Мн., 1960;
Народны паэт Беларусі. Мн., 1962;
Бярозкін Р. Свет Купалы. Мн., 1965;
Макарэвіч А. Ад песень і думак народных. Мн., 1965;
Яго ж. Фальклорныя матывы ў драматургіі Янкі Купалы. Мн., 1969;
Шарахоўскі Я. Пясняр народных дум. Мн., 1970;
Яго ж. Пясняр народных дум: Нарыс жыцця і дзейнасці Я.Купалы: Савецкі перыяд.Мн., 1976;
Гульман Р. Тэксталогія твораў Янкі Купалы. Мн., 1971;
Есакоў А. Янка Купала і беларускае мастацтва. Мн., 1972;
Яго ж. Янка Купала і беларускі тэатр.Мн., 1972;
Каханоўскі Г. На запаветнай зямлі. Мн., 1974;
Такі ён быў. Мн., 1975;
Гаробчанка Т. Купалаўскія вобразы на беларускай сцэне. Мн., 1976;
Рагойша В. Напісана рукой Купалы. Мн., 1981;
Яго ж. Вяршыні. Мн., 1991;
Пуцявінамі Янкі Купалы. Мн., 1981;
Купалава і Коласава слова. Мн., 1981;
Песні беларускай валадар. Мн., 1981;
Лужанін М. Сустрэчы. Мн., 1982;
Успаміны пра Янку Купалу. Мн., 1982;
Навуменка І. Янка Купала. 2 выд.Мн., 1980;
Неўміручая спадчына. Мн., 1983;
Разам з народам. Мн., 1983;
Гапава В. Перачытваючы «Спадчыну» Янкі Купалы. Мн., 1983;
Палітыка Дз. Янка Купала — перакладчык. Мн., 1986;
Багдановіч І. Янка Купала і рамантызм. Мн., 1989;
«Па сонца, па долю». Брэст, 1992;
Няхай М. Сустрэчы з Прыдняпроўем: (Янка Купала і Якуб Колас на Магілёўшчыне). Мн., 1992;
Калеснік У. Тварэнне легенды. Мн., 1987;
Купалаўскія чытанні. Мн., 1991;
Сачанка Б. Сняцца сны аб Беларусі... Мн., 1990;
Лойка А. Як агонь, як вада... // Лойка А. Выбр.тв.Мн., 1992. Т. 1;
Уладар народных дум і песень. Віцебск, 1992;
Янка Купала — дзецям. Мн., 1992;
Янка Купала і Якуб Колас у літаратурным працэсе Беларусі. Мн., 1993;
Васючэнка П. Драматургічная спадчына Янкі Купалы. Мн., 1994;
Гніламёдаў У. Янка Купала: Новы погляд. Мн., 1995;
Спадчына Янкі Купалы і яго музей у сучасным асэнсаванні. Мн., 1996;
Янка Купала і «Наша ніва». Мн., 1997;
Янка Купала — публіцыст. Мн., 1998;
Колас Г. Карані міфаў: Жыццё і творчасць Янкі Купалы. Мн., 1998;
Янка Купала: Энцыкл.давед.Мн., 1986;
Слоўнік мовы Янкі Купалы: У 8 т.Т. 1—2. Мн., 1997—99;
Янка Купала ў літаратурнай крытыцы і мастацтвазнаўстве: Бібліягр.Мн., 1980;
Янка Купала: Да 100-годдзя з дня нараджэння;
Біябібліягр. паказ. Мн., 1984;
Кіпелі В. і З. Янка Купала і Якуб Колас на Захадзе: Бібліягр. Нью-Ёрк, 1985;
Беларускія пісьменнікі. Т. 3. Мн., 1994.
А.А.Лойка, І.У.Саламевіч.
Янка Купала. Партрэт работы мастака І.Ахрэмчыка. 1945.Я.Купала сярод удзельнікаў пленума цэнтральнага бюро Усебеларускага аб’яднання паэтаў і пісьменнікаў «Маладняк». 1925.Я.Купала са студэнтамі-беларусамі. Пецярбург. 1910.Янка Купала і Якуб Колас гуляюць у шахматы. Карціна З.Паўлоўскага. 1945.Аўтограф верша Я.Купалы «Мужык».Помнік Я Купалу ў Араў-парку (ЗША).