Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАКЦЫ́ДЫІ (Coccidia),
атрад прасцейшых кл. спаравікоў; унутрыклетачныя вузкаспецыфічныя паразіты эпітэліяльнай тканкі пераважна органаў стрававання жывёл і чалавека. Каля 400 відаў. Распаўсюджваюцца пераважна аліментарным шляхам і пры кровасмактанні.
Цела пераважна авальнае ці круглае. Жыццёвы цыкл характарызуецца чаргаваннем бясполага размнажэння (шызаганія), палавога працэсу (гаметаганія) і спораганіі, якая адбываецца ў вонкавым асяроддзі. Большасць К. мае аднаго гаспадара, некат. двух. Многія К. выклікаюць захворванні жывёл — какцыдыёзы, у чалавека — таксаплазмоз.
Да арт.Какцыдыі. Цыкл развіцця какцыдыі эймерыі: I — першае пакаленне шызонтаў; II — другое пакаленне шызонтаў; III — трэцяе пакаленне шызонтаў; IV — гаметаганія; V — спараганія; 1 — спаразоіты; 2 — малады шызонт; 3 — шызонт з многімі ядрамі, які расце; 4 — шызонт, што распаўся на меразоіты; 5 — меразоіты; 6 — развіццё макрагаметы; 7 — развіццё мікрагамет; 8 — мікрагамета; 9 — аацыста; 10 — аацыста, якая выйшла з кішэчніка труса; 11 — аацыста 3 чатырма спарабластамі і астаткавым целам; 12 — развіццё спор; 13 — аацыста з чатырма спелымі спорамі (у кожнай споры па 2 спаразоіты).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
какцы́дыі
(н.-лац. coccidiida, ад гр. kokkis, -idos = костачка)
атрад прасцейшых класа спаравікоў; паразітуюць у клетках эпітэлію жывёл.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
ПРОТАЗАО́ЗЫ,
група хвароб жывёл, якія выклікаюцца паразітычнымі прасцейшымі. Шырока распаўсюджаны. Узбуджальнікі паразітуюць у розных тканках і органах, напр., у плазме (трыпанасомы) ці клетках крыві (піраплазмы, бабезіі), у эпітэліі кішэчніка (балантыдыі), печані, нырак (какцыдыі), палавых органаў (трыхаманады) і інш. Перадаюцца праз корм, піццё, таксама кляшчамі, насякомымі-крывасмокамі, кантактным шляхам. П. праходзяць востра, хранічна або ў форме паразітаноснасці. На Беларусі адзначаюцца анаплазмоз, балантыдыёз, какцыдыёз, піраплазмідозы, трыхаманоз і інш.