СПАРАВІКІ́ (Sporozoa),

клас паразітычных прасцейшых. Каля 4 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды. На Беларусі адзначаюцца гемаспарыдыі, ці кроваспаравікі, грэгарыны, какцыдыі, піраплазміды. Паразітуюць у клетках, тканках або поласцях жывёл і чалавека. Узбуджальнікі какцыдыёзу, малярыі, піраплазмозаў і інш.

Мікраскапічныя аднаклетачныя арганізмы. Жыццёвы цыкл характарызуецца чаргаваннем бясполага размнажэння (шызаганія), палавога працэсу (гаметаганія) і спораганіі (спорагенез) і зменай гаспадароў. Перадача паразітаў адбываецца аліментарным шляхам або пры кровасмактанні. Іл. гл. да арт. Грэгарыны, Какцыдыі, Піраплазміды.

т. 15, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)