Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЗЕ́БРЫ (Equus),
жывёлы роду коней атр. няпарнакапытных. З сучасныя віды З.: горная (E. zebra) з 2 падвідамі; пустынная, або Грэві (E. grevyi); саванная, або бурчэлава (E. burchelli), з 4 падвідамі: уласна бурчэлава (E. b. burchelli), Чапмана (E. b. antiquorum), селауская (E. b. selousi)’, Бёмэ, або Гранта (E. b. bohme). З. квага знішчана. Пашыраны ў Афрыцы. Жывуць у стэпах і саваннах (зрэдку ў гарах) табунамі па 10—30 асобін. З. горная і пусташная ў Чырв. кнізе МСАП.
Даўж. цела да 2,4 м, выш. ў карку да 1,4 м, даўж. хваста да 57 см, маса да 350 кг. На целе цёмныя і светлыя палосы, якія чаргуюцца паміж сабой. Грыва кароткая, прамая; хвост з кутасом доўгіх валасоў. Палігамы, нараджаюць 1—2 дзіцянят. Траваедныя. Акліматызаваны ў Асканіі-Нова.
Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)
зебро́ід
(ад зебра + -оід)
гібрыд каня або асла і зебры.
Слоўнік іншамоўных слоў (А. Булыка, 1999, правапіс да 2008 г.)
Зе́рбы ’вісячыя наросты пад шыяй у кабана’ (КСТ). Відаць, метатэза з зебры (гл. жабры, зебрыкі).
Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)
НУТАЛІЁЗконей,
трансмісіўная інвазійная хвароба з групы піраплазмідозаў, якая выклікаецца конскай нуталіяй (гл.Нуталіі), што паразітуе ў эрытрацытах. Хварэюць таксама аслы, мулы, зебры. Пашыраны ў Афрыцы, Паўд. Амерыцы, Аўстраліі, Еўропе і Азіі пераважна на Пд і У. Крыніца інвазіі — хворыя і носьбіты. Пераносчыкі — пашавыя іксодавыя кляшчы з родаў гіялома (найб. небяспечныя), рыпіцэфалус і дэрмацэнтар. Цячэнне вострае ці падвострае, зрэдку хранічнае. Назіраюцца перыяд. ліхаманка, прыгнечанасць, анемічнасць, жаўтушнасць слізістых абалонак (часам кровазліцці), эрытрацыты разбураюцца, парушаецца дзейнасць стрававальных і інш. органаў (гл.Бабезіёзы). Можа працякаць разам з піраплазмозам і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВІКТО́РЫЯ-ФОЛС (Victoria Falls),
нацыянальны парк у Зімбабве, у бас.р. Замбезі. Засн. ў 1952 (з 1931 рэзерват, з 1939 запаведнік). Пл. 1900 тыс.га. Гал. аб’ект аховы — ландшафты вакол вадаспада Вікторыя. Размешчаны на прылеглай да вадаспада плошчы ўздоўж цячэння р. Замбезі, у паўн.ч. змыкаецца з нац. паркам Мосі-Оа-Тунья (Замбія). Расліннасць — дажджавыя і галерэйныя лясы, што складаюцца пераважна з розных відаў пальмаў, бамбуку, дрэвападобных папарацей, а таксама пустынная расліннасць Паўн. Калахары. Для фауны звычайныя слон, бегемот, афр. буйвал, жырафа, антылопы, малпы, кракадзіл, леў, леапард, гіены, насарог, зебры; больш як 200 відаў птушак; шматлікія яшчаркі, змеі; пашыраны розныя віды мурашак і тэрмітаў. Цэнтр турызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́НЕВЫЯ (Equidae),
коні, сямейства няпарнакапытных млекакормячых. Вядомы з эацэну Паўн. Амерыкі. Эвалюцыя К. вывучана У.А.Кавалеўскім. З падсям., 20 родаў. Сучасны 1 род (Equus), 8 відаў дзікіх К.: асёл, зебры (бурчэлава, горная, Грэві), квага, конь Пржавальскага, кулан (анагр), тарпан. Квага і тарпан знішчаны ў канцы 19 — пач. 20 ст. К. пашыраны ў Азіі і Афрыцы (у Еўропе знішчаны да канца 19 ст.). Жывуць у стэпах, саваннах, пустынях і паўпустынях, на пласкагор’ях. Трымаюцца невял. табунамі. 5 відаў і 2 падвіды ў Чырв. кнізе МСАП. На Беларусі на тэр. Гродзенскага, Калінкавіцкага, Касцюковіцкага, Крычаўскага, Лельчыцкага, Чачэрскага р-наў, гарадоў Мінск, Смаргонь, Чэрыкаў знойдзены рэшткі 3 выкапнёвых відаў К.: каня выкапнёвага (E. caballus), каня Стэнана (E. stenonis) і каня хазарскага (E. chosaricus). Знешне нагадвалі сучасных К., але драбнейшыя памерамі. Па іх рэштках вызначаюць узрост геал. адкладаў.
Даўж. цела дзікіх К. 200—280 см, хваста 40—60 см, выш. ў карку 110—146 см, маса 120—350 кг. Колер аднатонны, жоўта-шэры або светла-шэры з чорнымі палосамі (зебры). Склад цела лёгкі і стройны. Ногі высокія і тонкія, заканчваюцца найб. развітым 3-м пальцам (капыт), 2-і і 4-ы рудыментарныя («грыфельныя» костачкі). Валасяное покрыва кароткае, шчыльнае. На шыі кароткая прамастаячая грыва з падоўжаных валасоў. Здольныя да працяглага і хуткага бегу (50—60 км/гадз, кулан — да 75 км/гадз). Кормяцца расліннасцю. Нараджаюць 1, зрэдку 2 жарабят. Гл. таксама Гіпарыён, Конегадоўля, Коні свойскія.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Зе́брыкі ’расліна братаўка дуброўная (брат-сястра), Melampyrum nemorosum L.?’ (ельск., Жыв. сл.). Параўн. рус.дан.зе́брик ’шчарбіна’. Паколькі ў кветак зебрыка адзначаюцца зубцы, якія таксама бываюць факультатыўна ў асновы лісткоў, відаць, бел. назва расліны звязана з рус.зебрик ’шчарбіна’, якое, відаць, суадносіцца з зебры ’жабры’, ’сківіцы’ паводле формы, вядомых у тых жа гаворках (параўн. і бел.зябры); гл. жабры. Назва зубца з памяншальным суфіксам ‑ик > ‑ык, а назва расліны па мн. л., магчыма, у сувязі з парнай назвай брат з сястрою, Иван да Марья і г. д. Трубачоў, Дополн., 2, 91. Гл. зябер.