Здро ’ніжняя частка снапа’ (драг., Нар. лекс.). Адзіная фіксацыя без ілюстрацый. Калі гэта не памылка, звязана з пуздра (гл.) словам, што азначае ў рус. (пуздро) між іншым, ’ніжнюю частку тулава жывёлы’ (Даль) ці як яго скарачэнне, ці як складаная частка (пу(з) + здро?).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Суздро́м ’цалкам, як ёсць; разам’ (Нас., Гарэц.; слуц., Сержп. Прымхі, ТС, Ян., Мат. Гом.), ’хутка, адразу’ (Сцяшк.), су́здрам ’зусім, поўнасцю’ (Ласт.), сюды ж суйздром (з няясным значэннем, Ц. Гартны), суздро́мны (суздромныя ніткі, лён), ’лён пасля апрацоўкі церніцай’, ’ніткі без дадатковай апрацоўкі’ (Ян.), ’лён, абчэсаны на грэбень’ (гом., Нар. сл.), ’зроблены, пашыты з грубага палатна’ (Нар. Гом.). Прыслоўе ў форме Тв. скл. наз. *суздро (Карскі 2-3, 75 без зыходнай формы), якое ад су- і *здро ’зрок’, з устаўным ‑д‑, параўн. польск. do zdra ’зусім, цалкам’, г. зн. ’з усім, што пападае ў поле зроку’, адкуль ’ніткі, валакно, поўнасцю апрацаваныя’. Параўн., аднак, укр. аргат. з уздром, с потрухом ’цалюсенькі’ (Горбач, Арго, 169), гл. ву́здро, у́здор, здро. Няясна, як беларускія словы суадносяцца з рус. дыял. создо́м ’часта дыхаючы; хутчэй, адразу, зусім, цалкам’; якое Варбат узводзіць да *zьd‑ з прэфіксам *sъ‑ паводле польск. zidki ’хуткі’ (Этим. иссл., 1988, 64).

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)

Перагуза́ць ’зноў перавязваць снапы’ (Нас.). Да пера- і гуза́ць (гл.), апошняе звязваецца з прасл. *ǫz‑/*ęz (ЭСБМ, 3, 112). Аднак, улічваючы першаснасць пачатковага г‑ трэба зыходзіць з прасл. *guzъ, варыянта назалізаванага *gǫzъ, якія адлюстроўваюць больш старажытныя і.-е. адносіны *gongʼ‑/*gou̯gʼ‑, параўн. ст.-грэч. γογγύλος ’круглы’, літ. gū̀žis ’галоўка капусты’ (Трубачоў, Эт. сл., 1, 91–92), курд. guz‑ ’азадак, ягадзіцы’. Семантыка лексемы перагуза́ць, такім чынам, суадносіцца не з *vęzati ’вязаць’, а з *guzъ ’камель дрэва, ніжняя частка снапа’, параўн. здро з *guz‑d‑ro, як укр. гуз‑но ’зад (чалавека)’, рус. гузло́, гу́з‑но, гуз‑но́ ’ніжняя, задняя частка чаго-небудзь’ і інш. шматлікія лексемы з коранем гуз‑ з гэтым жа значэннем, палес. гузды́р (Выг.) ’ніжняя частка снапа’ < прасл. *gǫzyrь ’задняя частка чаго-небудзь’. Параўн., аднак, славен. prézati ’звязваць’, якое Супрун (ЭСБМ, 1, 123) звязвае з *перазаць (гл. аперазаць); магчыма, з *per‑ǫz‑ati з пратэзай, гл. гуж1, тады сувязь з гуз — другасная.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)