Засурский Я. Н. 4/268, 582

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́НЕГУТ ((Vonnegut) Курт) (н. 11.11.1922, г. Індыянапаліс, ЗША),

амерыканскі пісьменнік. Вывучаў біяхімію ў Корнелскім (1940—42), антрапалогію ў Чыкагскім (1945—47) ун-тах. Аўтар раманаў, пераважна антыўтопія, «Механічнае піяніна» (1952; рус. пер. «Утопія — 14», 1967), «Сірэны Тытана» (1959, рус. пер. 1988), «Калыска для кошкі» (1963; рус. пер. 1970), «Дай вам Бог здароўя, містэр Разуотэр, або Не сыпце перлы перад свіннямі» (1965; рус. пер. 1978), «Бойня нумар пяць, або Крыжовы паход дзяцей» (1969; рус. пер. 1970), «Снеданне для чэмпіёнаў, або Бывай, чорны панядзелак» (1973, рус. пер. 1975), «Балаган, або Больш я не адзінокі» (1976), «Вечны вязень» (1979), «Прамое пападанне» (1982; рус. пер. «Хлопец маху не дасць», 1986), «Сіняя барада. Аўтабіяграфія Рабо Карабек’яна, 1916—1988» (1987) і інш., апавяданняў, п’ес, кн. артыкулаў і эсэ «Вербная нядзеля. Аўтабіяграфічны калаж» (1981) і інш. Асн. праблематыка творчасці — дэгуманізацыя свядомасці, мілітарызацыя грамадства, небяспека атамнай вайны. Філас. насычанасць прозы Вонегута спалучаецца з фантастыкай, алегарычнасцю, сатырай і іроніяй, пародыяй і гратэскам.

Тв.:

Рус. пер. — Собр.соч. Т. 1—5. М., 1992—93.

Літ.:

Мендельсон М. Роман США сегодня — на заре 80-х гг. 2 изд. М., 1983;

Засурский Я.Н. Американская литература XX в. 2 изд. М., 1984.

Е.​А.​Лявонава.

т. 4, с. 271

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДРА́ЙЗЕР ((Dreiser) Тэадор) (27.8.1871, г. Тэрэ-Хот, ЗША — 28.12.1945),

амерыканскі пісьменнік. У 1888—89 вучыўся ва ун-це г. Блумінгтан. З 1892 пачаў працаваць журналістам, у 1897 апублікаваў першыя нарысы і апавяданні. Найб. вядомасць яму прынеслі раманы «Сястра Керы» (1900), «Джэні Герхарт» (1911), «Трылогія жадання» («Фінансіст», 1912; «Тытан», 1914; «Стоік», 1947, незак.), «Геній» (1915), «Амерыканская трагедыя» (1925). Аўтар зб-каў апавяд. «Вызваленне» і іншыя апавяданні (1918), «Дванаццаць мужчын» (1919), «Фарбы вялікага горада» (1923), кн. публіцыстыкі «Драйзер глядзіць на Расію» (1928; нап. пад уражаннем паездкі ў Расію ў 1927—28), «Трагічная Амерыка» (1931), «Амерыку варта ратаваць» (1941). Адыграў вял. ролю ў развіцці рэалізму ў амерыканскай л-ры. Надаў новае гучанне надзвычай распаўсюджанай у л-ры ЗША тэме «амерыканскай мары»: паказаў яе адваротны бок — «амерыканскую трагедыю», раскрыў механізм уздзеяння грамадства на псіхалогію і лёс як звычайнага чалавека, так і асобы адоранай; паказаў будзённасць і шматлікасць трагедый, выкліканых імкненнем людзей любымі сродкамі дасягнуць поспеху, зрабіць кар’еру. Пасля смерці пісьменніка выйшлі раман «Апірышча» (1946) і яго лісты (т. 1—3, 1959).

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—12. М., 1973.

Літ.:

Засурский Я.Н. Теодор Драйзер. М., 1977.

Е.​А.​Лявонава.

Т.Драйзер.

т. 6, с. 195

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́ЛДУЭЛ ((Caldwell) Эрскін Прэстан) (17.12.1903, Морленд, ЗША — 11.4. 1987),

амерыканскі пісьменнік. У 1922—26 вучыўся ў Віргінскім ун-це. Друкаваўся з 1930. Сац. праблематыка ў навелах 1930-х г. (зб-кі «Амерыканская зямля», 1931; «Мы жывыя», 1933; «На каленях перад узыходзячым сонцам», 1935, і інш.), аповесцях «Выпадак у ліпені» (1940), «Хлопчык з Джорджыі» (1943; аўтабіягр.). У сац. раманах «Тытунёвая дарога» (1932), «Богава дзялянка» (1933), «Джэні» (1961), «Бліжэй дадому» (1962) паказаў поўнае кантрастаў жыццё амер. Поўдня, праблемы расавай дыскрымінацыі, эканам. няроўнасці. Псіхал. і любоўныя канфлікты ў раманах «Далонь Госпада Бога» (1947), «Начнік» (1952), «Каханне і грошы» (1954), «Грэта» (1955). Творам К. ўласцівы моўны лаканізм, спалучэнне рэаліст. і натуралістычных тэндэнцый, трагічнага з сатыр.-фарсавым. Пад уражаннем паездкі ў СССР і на фронт у 1942 напісаў публіцыстычныя кнігі «Дарога на Смаленск», «Расія змагаецца» і раман пра партыз. рух у Сав. Саюзе «Усю ноч». Аўтар публіцыстычных кніг «Удоўж і ўпоперак Амерыкі» (1964), «У пошуках Біска» (1965), «Апоўдні пасярод Амерыкі» (1976) і інш. На бел. мову паасобныя творы К. пераклалі Я.​Верабей, С.​Дорскі, Я.​Дубовік, В.​Лапацін.

Тв.:

Рус. пер. — Повести и рассказы. М., 1956;

Дженни. Ближе к дому. М., 1963;

Вдоль и поперек Америки. М., 1966.

Літ.:

Яценко В.И. Эрскин Колдуэл. Иркутск, 1967;

Засурский Я.Н. Американская литература XX в. 2 изд. М., 1984.

Е.​А.​Лявонава.

т. 8, с. 388

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)