Закапанэ (курорт) 4/474

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАКАПА́НЭ (Zakopane),

горад на Пд Польшчы, у Новасандэцкім ваяв., каля падножжа Татраў. 30 тыс. ж. (1994). Харч. прам-сць. Тэатр, музеі (Татранскі, Я.​Каспровіча, К.​Шыманоўскага і інш.), маст. галерэі. Цэнтр традыц. нар. промыслаў (ткацтва, выраб карункаў, разьба па дрэве). Штогадовыя міжнар. фалькл. фестывалі. З 19 ст. развіваецца горна-кліматычны курорт. Буйнейшы ў Польшчы цэнтр круглагадавога адпачынку, турызму, альпінізму і зімовага спорту, а таксама кліматычнага лячэння хвароб органаў дыхання. Паблізу Татранскі нац. парк, горныя азёры, у т. л. Морске-Вока.

т. 6, с. 504

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Закапа́нэ нескл. н. Zakopáne [zakɔ´panə] n -s

Беларуска-нямецкі слоўнік (М. Кур'янка, 2010, актуальны правапіс) 

Zakopane

н. г. Закапанэ

Польска-беларускі слоўнік (Я. Волкава, В. Авілава, 2004, правапіс да 2008 г.)

СКАЧЫ́ЛЯС (Skoczylas) Уладзіслаў (4.4.1883, г. Вялічка Малапольскага ваяв., Польшча — 8.4.1934),

польскі гравёр, адзін са стваральнікаў польскай графічнай школы 20 ст. Вучыўся ў Маст.-прамысл. школе ў Вене (з 1901) і АМ у Кракаве (1904—06). З 1908 выкладаў у Школе апрацоўкі дрэва ў Закапанэ, з 1922 праф. Школы прыгожых мастацтваў у Варшаве. Ініцыятар стварэння творчых аб’яднанняў «Рытм» (1922) і «Гравюра» («Рыт», 1925). Адзін з заснавальнікаў Ін-та прапаганды мастацтва. У творчасці выкарыстоўваў традыцыі нар. гравюры і лубка. Ксілаграфіі С. на сял. тэмы ( «Паход разбойнікаў», «Танец разбойнікаў», абедзве 1919; «Дзяўчаты з карзінамі», 1928), гар. і вясковыя пейзажы (цыкл «Старая Варшава», 1930) вылучаюцца дэкар. вытанчанасцю кампазіцыі, выразнасцю лінейнага рытму, святлоценявымі кантрастамі, фактурнымі і каларыстычнымі эфектамі.

т. 14, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРКО́РЫ,

шляхецкі род уласнага герба «Кіркор» у ВКЛ. Першы вядомы прадстаўнік роду каралеўскі баярын Ян упамінаецца ў 1549. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду: Тадэвуш Ігнацы, паліт. дзеяч Рэчы Паспалітай, з 1763 ротмістр мсціслаўскі, у 1768—71 змагаўся на баку Барскай канфедэрацыі; Антоні Інацэнты (7.1.1756—1847), вайск. дзеяч Рэчы Паспалітай, палкоўнік войска ВКЛ, удзельнік паўстання 1794, у 1796—97 у Італіі ваяваў на баку Напалеона, у 1812 шэф батальёна ў штабе Часовага ўрада ВКЛ; Адам Ганоры Карлавіч, гл. Кіркор А.Г.К.; Міхал (17.10.1871—25.1.1907), лекар, за антыўрадавую дзейнасць сасланы ў Перм, пасля 1899 працаваў у санаторыі ў г. Закапанэ (Польшча); Станіслаў (17.5.1898—18.1.1983), эканаміст, гісторык, з 1939 у фін. установах урада Польшчы ў Парыжы і Лондане; вывучаў гісторыю Польшчы, Літвы і Беларусі напалеонаўскай эпохі, гісторыю роду К.

В.​С.​Пазднякоў.

т. 8, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТА́ТРЫ (Tatry),

горны масіў у Польшчы і Славакіі, самы высокі ў Карпатах. Даўж. 65 км, выш. да 2655 м (г. Герлахаўскі-Шціт, найвышэйшы пункт Карпат). Далінамі рэк Ваг і Горнад падзелены на Высокія і Нізкія Татры. Высокія Татры складзены з гранітаў, гнейсаў, маюць зубчаты грэбень, альпійскія формы рэльефу (трогі, цыркі, каравыя азёры). У Нізкіх Татрах трапляюцца таксама вапнякі з карставымі формамі рэльефу. Т. моцна ўвільготнены атл. цыклонамі на працягу года (800—1200 мм за год). Снегавое покрыва 6—8 месяцаў. Вясной і восенню характэрны вятры фены. У раслінным покрыве — дубова-букавыя лясы да выш. 700 м, букава-піхтавыя лясы да выш. 1200 м, субальпійскае хваёвае крывалессе з зараснікамі рададэндрану і чарнічніку да 1800 м, вышэй альпійскія лугі і камяністыя россыпы. Татранскі нацыянальны парк. Цэнтры зімовага спорту (Закапанэ і інш.). Курорты. Турызм.

М.​В.​Лаўрыновіч.

т. 15, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛІМАТЫ́ЧНЫЯ КУРО́РТЫ,

курорты, на якіх асн. метадам прафілактыкі і лячэння з’яўляецца клімататэрапія. Паводле вызначальных рыс ландшафтаў і клімату як асн. лячэбна-прафілакт. фактару ўмоўна падзяляюцца на раўнінныя, прыморскія, нізка-, сярэдне- і высакагорныя, а ў іх межах — з умераным, кантынент., марскім, трапічным, субтрапічным і інш. кліматам. Умовы кліматалячэння і правядзення лячэбна-аздараўленчых працэдур прадугледжваюць абсталяванне К.к. спец. месцамі і збудаваннямі: кліматапавільёнамі, верандамі і галерэямі для дзённага ці кругласутачнага знаходжання на свежым паветры, аэрарыямі, салярыямі, пляжамі, месцамі для купанняў, маршрутамі для тэрэнкураў і інш. Курорты Беларусі маюць уласцівасці кліматычных. З замежных К.к. найб. вядомыя Паланга (Літва), Юрмала (Латвія), Ленінградская група курортаў, Анапа, Бярдзянск, Сочы, Самацвет і інш. (Расія), Ялта і іншыя курорты Крыма (Украіна), Бакурыяні, Тэберда і іншыя курорты Грузіі, Рыўера (Францыя), Спліт (Харватыя), Борнмут, Брайтан (Вялікабрытанія), Албена, Залатыя Пяскі (Балгарыя), Давос, Лезен (Швейцарыя), Закапанэ (Польшча), Есенік (Чэхія), Атлантык-Сіці, Палм-Біч, Тусон (ЗША) і інш.

Я.​В.​Малашэвіч.

т. 8, с. 340

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛАПО́ЛЬСКАЕ ВАЯВО́ДСТВА (Województwo Małopolskie),

адм.-тэр. адзінка на Пд Польшчы. Утворана 1.1.1999. Пл. 15,9 тыс. км². Нас. 3204 тыс. чал. (1999), гарадскога 51%. Адм. цэнтр — г. Кракаў. Найб. гарады: Тарнаў, Новы-Сонч, Новы-Тарг. Паўн. частку М.в. займае Малапольскае ўзв., на ПнЗ — Кракаўска-Чанстахоўскае ўзв., у цэнтры — Асвенцімская і Сандамірская катлавіны, на Пд — Карпаты (Зах. Бяскіды). Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -2 °C, ліп. 19 °C, ападкаў 700—1000 мм за год. Гал. рака Вісла з прытокамі Скава, Раба, Дунаец. Глебы падзолістыя, бурыя, горныя. Лясы займаюць 30% тэрыторыі. Гаспадарка прамысл.-агр. тыпу. Прам-сць: чорная і каляровая металургія, машынабудаванне (цяжкае, электратэхн., радыёэлектроннае), хім. (у т. л. фармацэўтычная), лёгкая, паліграф., дрэваапр. (у т. л. мэблевая), харч., тытунёвая. Вытв-сць буд. матэрыялаў. Здабыча каменнага вугалю, свінцова-цынкавых руд, нафты, каменнай солі, вапнякоў. Пад с.-г. ўгоддзямі 56% тэрыторыі. Вырошчваюць жыта, авёс, ячмень, бульбу, хмель, агародніну. Садоўніцтва. Гадуюць буйн. раг. жывёлу, авечак, птушак. Курорты: Закапанэ (горнакліматычны), Вялічка (бальнеалагічны) і інш.

т. 10, с. 10

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРУ́Н Алесь (сапр. Прушынскі Аляксандр Уладзіміравіч; 11.3.1887, б. фальварак Новы Двор Мінскага р-на — 28.7.1920),

бел. пісьменнік, дзеяч нац.-вызв. руху. Скончыў мінскія гар. (1897) і рамеснае (1902) вучылішчы. Працаваў у Мінску сталяром. З 1904 чл. партыі эсэраў-максімалістаў. За антыўрадавую дзейнасць у 1907 арыштаваны і ў 1908 сасланы ў Кірэнскі пав. Іркуцкай губ. З 1912 з Я.Лёсікам у Мельнічным выселку каля Кірэнска. Пасля працаваў на Лене і Віціме, на залатых капальнях у Бадайбо. У Мінск вярнуўся ў вер. 1917 хворы на сухоты. Удзельнічаў у дзейнасці бел. арг-цый. Віцэ-старшыня Усебеларускага з’езда 1917, удзельнічаў у стварэнні БНР, рэдагаваў газ. «Беларускі шлях», у 1919—20 узначальваў Бел. нац. к-т, быў чл. Бел. вайсковай камісіі. У 1920 хвароба абвастрылася. Па дарозе на курорт Закапанэ памёр у Кракаве.

Раннія творы не зберагліся. 1905 датуецца паэма «Мае коляды» (Вільня, 1920, пад псеўд. А.​Сумны) — гісторыя абуджэння нац. свядомасці ў вясковага хлопчыка. З 1907 друкаваўся ў газ. «Наша ніва». Пісаў пераважна лірычныя вершы, якія вызначаюцца меладычнасцю, багаццем рытміка-інтанацыйнага ладу, спалучэннем філас. заглыбленасці з публіцыстычнасцю і тонкім лірызмам, творчым засваеннем фалькл. традыцый. Паводле матываў і тэматыкі яго паэзія блізкая да паэзіі Я.​Купалы і Я.​Коласа. У ёй выказана такое ж неадольнае жаданне лепшай долі для народа, непрымірымасць да несправядлівасці, гатоўнасць ахвяраваць сабой дзеля шчасця людзей і Бацькаўшчыны. Аўтар зб. паэзіі «Матчын дар» (1918, 2-е выд. 1929, факсімільнае выд. 1988). Адметнасць прозы Гаруна — яе ідэйна-тэматычнае багацце. Пісаў пра нац. бяспраўе беларуса («Пан Шабуневіч»), пра тое, як астрог калечыць лёс чалавека, разбурае яго псіхалогію («Чалавек без крыві», «Маладое»). Сцэны з жыцця бел. пасяленца ў Сібіры паказаў у апавяданні «Свята». Празаічны трыпціх «П’ера і Каламбіна» аб’ядноўвае тэма кахання, маст. роздум аб загадкавай сіле гэтага пачуцця. Празаічныя творы падпісваў псеўд. І.​Жывіца. У зб. «Жывыя казкі» (1920) увайшлі п’есы для дзіцячага тэатра, прасякнутыя жыццесцвярджальным аптымізмам, непрымірымасцю да фальшу і несправядлівасці.

Тв.:

Сэрцам пачуты звон: Паэзія, проза, драматургія, публіцыстыка. Мн., 1991.

Літ.:

Казбярук У. Светлай волі зычны звон: Алесь Гарун. Мн., 1991.

У.​В.​Рагойша.

А.Гарун.

т. 5, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)