ЗАБРЭ́ЙКА (Пётр Пятровіч) (н. 3.2.1939, г. Варонеж, Расія),
бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1968), праф. (1970). Скончыў Варонежскі ун-т (1961). Працаваў у Варонежскім і Яраслаўскім ун-тах, Ін-це тэхн. кібернетыкі АН СССР. З 1981 у БДУ. Навук. працы па нелінейным функцыянальным аналізе, набліжаных метадах, дыферэнцыяльных і інтэгральных ураўненнях. Распрацаваў тэорыю інтэгральных аператараў у шырокім класе прастораў. Адзін з аўтараў даведнікаў «Інтэгральныя ўраўненні» (1968), «Функцыянальны аналіз» (1972).
Тв.:
Геометрические методы нелинейного анализа. М., 1975 (разам з М.А.Краснасельскім).
Літ.:
П.П. Забрейко // Вестн. БГУ. Сер. 1. 1989. № 2.
П.М.Бараноўскі.
т. 6, с. 491
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІНТЭГРА́ЛЬНАЕ ЎРАЎНЕ́ННЕ,
ураўненне, якое звязвае шуканую функцыю і інтэграл ад яе. Да І.ў. зводзяцца шматлікія задачы фізікі, краявыя задачы, задачы на адшуканне ўласных значэнняў дыферэнцыяльных ураўненняў і інш.
Тэорыя І.ў. зарадзілася ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў нетрах тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў і матэм. фізікі пасля прац матэматыкаў італьян. В.Вальтэра (1896), швед. Э.Фрэдгальма (1903), ням. Д.Гільберта (1912) і Э.Шміта (1907). Яна стымулявала развіццё функцыянальнага аналізу і тэорыі аператараў у абстрактных прасторах. Адрозніваюць І.ў. рэгулярныя (з інтэграламі Рымана ці Лебега) і сінгулярныя (з няўласнымі інтэграламі розных тыпаў), лінейныя і нелінейныя. Найб. вывучаны лінейныя І.ў., напр., ураўненні Фрэдгальма
, дзе u(t) — шуканая, a(t), k(t,s) (ядро) і f(t) — зададзеныя функцыі, Ω — вобласць эўклідавай прасторы аднаго або многіх вымярэнняў; калі a(t) = 0, дадзенае ўраўненне наз. ўраўненнем 1-га роду, калі a(t) = 1—2-га, у астатніх выпадках — 3-га. Пры замене інтэграла на інтэгральную суму (гл. Вызначаны інтэграл) атрымліваецца сістэма алг. ураўненняў, для якой вядомыя ўмовы вырашальнасці. Важнымі класамі нелінейных І.ў. з’яўляюцца ўраўненні Ляпунова—Шміта, Урысона і інш Разглядаюцца таксама сістэмы І.ў., а таксама І.ў. з вектар-функцыямі розных тыпаў, выпадковымі працэсамі і інш. Рашэнні ўраўненняў часта знаходзяць лікавымі метадамі.
На Беларусі даследаванні па тэорыі І.ў. пачаты ў 1961 пад кіраўніцтвам Ф.Дз.Гахава (сінгулярныя ўраўненні) і праводзяцца ў БДУ, Ін-це матэматыкі Нац. АН і інш.
П.П.Забрэйка.
т. 7, с. 280
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)