ЗАБЕ́ЛЬСКІ ДАМІНІКА́НСКІ КАЛЕ́ГІУМ.

Дзейнічаў у 1716—4838 пры дамініканскім кляштары св. Георгія ў фальварку Забелы каля в. Валынцы (Верхнядзвінскі р-н). Засн. на сродкі памешчыка Г.​Шчыта. У 1787 калегіуму належала 5 фальваркаў з гадавым даходам 2547 руб. Пры калегіуме дзейнічаў Забельскі школьны тэатр. У 1802—3 класы з тэрмінам навучання 6 гадоў, 6 выкладчыкаў, 80 вучняў. З 1803 павятовае вучылішча ў складзе Віленскай навуч. акругі. У 1811 пераўтвораны ў гімназію, але дамініканцы захавалі і фінансавую самастойнасць. У 1817—6 класаў, 6 выкладчыкаў, 126 вучняў, павышаны ўзровень прыродазнаўчых дысцыплін. Пры гімназіі дзейнічала ніжэйшае духоўнае вучылішча. У 1821 дамініканцы прапанавалі міністэрству нар. асветы стварыць на базе гімназіі акадэмію з 3 ф-тамі, але беспаспяхова. У 1838 гімназія закрыта. Сярод вучняў пісьменнік А.​Вярыга-Дарэўскі. А.​Ф.​Самусік.

т. 6, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАБЕ́ЛЬСКІ ШКО́ЛЬНЫ ТЭА́ТР.

Існаваў у 18 ст. ў Забельскім дамініканскім калегіуме (в. Валынцы Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл.). Меў багаты разнастайны рэпертуар, створаны мясц. аўтарамі — выкладчыкамі паэтыкі і рыторыкі; яго спектаклі былі асветніцкія па змесце і класіцыстычныя па форме. Росквіт т-ра прыпадае на 1787—91, калі на чале калегіі стаялі Ч.​Папроцкі (да 1788) і К.​Вяшчыцкі. У гэты перыяд пастаўлены трагедыя на польск. мове «Свабода ў няволі» і бел.польск. «Камедыя» К.​Марашэўскага, польск. трагедыя «Сапар» і камедыя «Доктар па прымусе» М.​Цяцерскага (перапрацоўка аднайм. п’есы Мальера); у 1789 — польск. трагедыя «Крэз» і камедыя нораваў «Пышнагольскі» І.​Юрэвіча і інш. Выконваліся таксама дыялогі — судовая забаўка «Пчолы», школьная гульня «Пра ашчасліўленне чалавека», вершаваныя віншаванні і падзякі на польск. і лац. мовах.

Літ.:

Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980. С. 320—324.

т. 6, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЫ́НЦЫ,

вёска ў Беларусі, у Верхнядзвінскім р-не Віцебскай вобл., на р. Дрыса. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 23 км на ПдУ ад г. Верхнядзвінск, 152 км ад Віцебска, 4 км ад чыг. раз’езда Беніслаўскага. 990 ж., 394 двары (1995).

У канцы 18 — пач. 19 ст. побач з Валынцамі ў фальварку Забелы пры дамініканскім кляштары існаваў калегіум і дзейнічаў Забельскі школьны тэатр. У 1-й пал. 19 ст. ў Валынцах жыў і вучыўся ў Забельскай гімназіі бел. пісьменнік А.Вярыга-Дарэўскі. У 1924—29 цэнтр Валынецкага раёна ў Полацкай акрузе.

Перасоўная механізаваная калона. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі, Свята-Барысаглебская царква.

т. 3, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАМІНІКА́НЦЫ (позналац. dominicani або fratres praedicatores браты-прапаведнікі),

каталіцкі манаскі жабрацкі ордэн. Створаны ў пач. 13 ст., зацверджаны папам у 1216. Заснавальнік іспанец Дамінік дэ Гусман. Галоўны накірунак ордэна — прапагандысцка-місіянерская дзейнасць. У 1232 Д. была даручана інквізіцыя. Жабрацкі характар ордэна не заўсёды вытрымліваўся, у 1475 і 1477 Д. афіцыйна дазволена валодаць маёмасцю і мець сталыя крыніцы прыбытку. Папства выкарыстоўвала ордэн у барацьбе з ерасямі, свецкімі ўладамі, рэфармацыйным рухам. Д. ўзначальвалі кафедры ў многіх ун-тах сярэдневяковай Еўропы. У Беларусі з’явіліся ў пач. 16 ст., на пач. 19 ст. мелі тут больш за 40 кляштараў і рэзідэнцый, дзейнічаў Забельскі дамініканскі калегіум. Вядомы жаночы кляштар Д. у Навагрудку. У 1830—60-я г. кляштары Д. у Беларусі зачынены, жылыя іх будынкі прыстасаваны пад казармы, шпіталі і інш., касцёлы сталі парафіяльнымі або перададзены праваслаўнай царкве.

Ю.​В.​Бажэнаў.

т. 6, с. 34

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)