ЖАБРЫ́ЦА (Seseli),

род кветкавых раслін сям. сельдэрэевых. Каля 80 відаў. Пашыраны ў Еўропе і Азіі. На Беларусі 3 віды: Ж. аднагадовая (S. annua), Крылова (S. krylovii) і звілістая (S. tortuosum). Растуць у сухіх светлых лясах, хмызняках, на схілах і ўзлесках, як занесеныя — каля дарог.

Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны з разгалінаваным прамастойным сцяблом і верацёнападобным патоўшчаным коранем або карэнішчам. Лісце чаргаванае, тонкае, перыстарассечанае, шыза-зялёнае. Кветкі дробныя, белыя, у складаных парасоніках. Плод — віслаплоднік з 2 мерыкарпіямі Лек (мачагонны, гаючы і ветрагонны сродак) і эфіраносныя расліны.

Г.У.Вынаеў.

Жабрыца аднагадовая.

т. 6, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Жа́брыца ’расліна Seseli L.’ (Кіс.). Рус. жа́брица, укр. жа́бриця, польск. żebrzyca. Відаць, ад жа́бры (гл.) па знешняму выгляду парасона.

Этымалагічны слоўнік беларускай мовы (1978-2017)