Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
МАРЦІНКЕ́ВІЧ (па мужу Асіповіч) Каміла Вінцэнтаўна
(1837 ?, Мінск ? — пасля 1890),
бел. піяністка, кампазітар, педагог; удзельніца нац.-вызв. руху на Беларусі ў 1860-я г. Дачка В.Дуніна-Марцінкевіча. Ігры на фп. вучылася ў Мінскім пансіёне Мантэграндзі. З 1847 канцэртавала ў Мінску, Слуцку, Кіеве, Варшаве, у т. л. з братам Міраславам. Выконвала творы І.Гумеля, Ф.Ліста, Ф.Шапэна і ўласныя, у т. л. варыяцыі на тэму песні А.Варламава «Чырвоны сарафан», фантазію «У летуценні мінулага». Удзельнічала ў спектаклях Дуніна-Марцінкевіча тэатра. Выкладала музыку ў прыватных пансіёнах. На пач. 1860-х г. арганізавала ў Мінску і мяст. Гарадок на Маладзечаншчыне школы для дзяцей беднаты. У яе доме збіраліся члены мінскай арг-цыі Літоўскага правінцыяльнага камітэта. За ўдзел у дэмакр. руху праследавалася царскімі ўладамі. Ў 1863 саслана пад строгі нагляд паліцыі ў г. Салікамск Пермскай вобл. У 1880-я г. вярнулася на радзіму.
Літ.:
Ахвердава А Пачынальнікі беларускага піянізму // Мастацтва Беларусі. 1985. № 2;
Кісялёў Г. Сейбіты вечнага. Мн., 1963. С. 148—174;
Барышев Г. Из истории семьи В.И. Дунина-Марцинкевича // Неман. 1961. № 1.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НІКУ́ЛІН (Юрый Уладзіміравіч) (18.12.1921, г. Дзямідаў Смаленскай вобл., Расія — 21.8.1997),
расійскі артыст цырка і кіно. Нар.арт.СССР (1973). Герой Сац. Працы (1990). Скончыў Студыю размоўных жанраў і клаунады пры Маскоўскім цырку (1950) і працаваў у гэтым цырку як клоун-дывановы пад кіраўніцтвам Карандаша, з 1951 у дуэце з М.Шуйдзіным. З 1983 маст. кіраўнік, дырэктар Маскоўскага цырка на Цвятным бульвары. У масцы клоуна прадстаўляў флегматычнага, знешне праставатага, але хітрага чалавека. З гэтай маскай у вобразе Балбеса зняўся ў эксцэнтрычных кінакамедыях «Пёс Барбос і незвычайны крос» (1961), «Самагоншчыкі» (1962), «Аперацыя «Ы» і іншыя прыгоды Шурыка» (1965), «Каўказская палонніца» (1967). У фільмах «Калі дрэвы былі вялікімі» (1962), «Ка мне, Мухтар!» (1965) праявіліся драм. дараванне артыста, уменне раскрыць у ролі складаную гаму псіхал. станаў. Прастатой і стрыманасцю манеры вылучаюцца ролі ў фільмах «Дваццаць дзён без вайны» (1977), «Пудзіла» (1984), лірычнай і чалавечай непасрэднасцю — знешне камедыйна-гратэскныя ролі ў фільмах «Брыльянтавая рука» (1969), «Старыя-разбойнікі» (1972). Зняўся таксама ў фільмах «Андрэй Рублёў» (1971), «Яны змагаліся за Радзіму» (1975), «Цырк для маіх унукаў» (1990). Дзярж. прэмія Расіі 1970.