Джу́лія

назоўнік, уласны, адушаўлёны, асабовы, жаночы род, 2 скланенне

адз. мн.
Н. Джу́лія Джу́ліі
Р. Джу́ліі Джу́лій
Д. Джу́ліі Джу́ліям
В. Джу́лію Джу́лій
Т. Джу́ліяй
Джу́ліяю
Джу́ліямі
М. Джу́ліі Джу́ліях

Граматычная база Інстытута мовазнаўства НАН Беларусі (2026/01, актуальны правапіс)

Фрыулі-Венецыя-Джулія

т. 16, с. 486

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫ́ЗІ (Grisi),

італьянскія спявачкі, сёстры. Нарадзіліся ў Мілане.

Джулія (28.7.1811 — 29.11.1869), адна з буйнейшых спявачак 19 ст. Вучылася ў Дж.Паста і інш. У 1828—61 спявала на оперных сцэнах Італіі і інш. краін (з 1834 салістка «Тэатра Італьен» у Парыжы). Класічная прадстаўніца школы бельканта, выконвала сапранавыя і мецца-сапранавыя партыі. Для яе напісаны партыі Нарыны («Дон Паскуале» Г.​Даніцэці), Джульеты і Эльвіры («Капулеці і Мантэкі», «Пурытане» В.​Беліні). Оперы «Пурытане» і «Дон Паскуале» напісаны спец. для квартэта Грызі, Л.​Лаблаш, Дж.​Б.​Рубіні, А.​Тамбурыні, які паспяхова выступаў на працягу 25 гадоў.

Джудзіта (28.7.1805 — 1.5.1840), вучылася ў Міланскай кансерваторыі. У 1822—38 выступала на сцэнах многіх т-раў у партыях сапрана і мецца-сапрана: Норма («Норма» В.​Беліні), Семіраміда, Дэздэмона («Семіраміда», «Атэла» Дж.​Расіні). Для яе напісана партыя Рамэо («Капулеці і Мантэкі»).

Джулія Грызі. Мастак Г.​Дотэль.

т. 5, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ЙДА (Наталля Віктараўна) (н. 1.5.1939, г. Екацярынбург, Расія),

бел. спявачка (сапрана). Нар. арт. Беларусі (1980). Скончыла кансерваторыю ў Свярдлоўску (1966). У 1965—68 салістка Свярдлоўскага опернага т-ра, з 1969 — Дзярж. т-ра оперы і балета Беларусі, з 1970 — Дзярж. т-ра муз. камедыі Рэспублікі Беларусь. Мае яркі прыгожы голас, дасканала валодае майстэрствам пераўвасаблення, танца, пластыкі. Сярод лепшых партый у нац. аперэтах: Насця («Несцерка» Р.​Суруса), Паўлінка, Ірына, Каця («Паўлінка», «Пяе «Жаваранак», «Тыдзень вечнага кахання» Ю.​Семянякі), Эпіфанія («Мільянерка» Я.​Глебава), Агнеса («Дзяніс Давыдаў» А.​Мдывані), ДжуліяДжулія» У.​Кандрусевіча); сярод інш. партый: Сільва, Тэадора Вердзье («Сільва», «Прынцэса цырка» І.​Кальмана), Ганна Главары («Вясёлая ўдава» Ф.​Легара), Эліза Дулітл («Мая цудоўная лэдзі» Ф.​Лоу), Стэла («Вольны вецер» І.​Дунаеўскага), Чаніта («Пацалунак Чаніты» Ю.​Мілюціна), Прынц і Жабрак («Гуляем у прынца і жабрака» А.​Журбіна), мадам Рэнесанс («Клоп» У.​Дашкевіча), Долі («Хэло, Долі!» Дж.​Германа) і інш.

Літ.:

Шумилова Э. Наталья Гайда, заслуженная артистка БССР // Тэатр. Мінск. 1980. № 4;

Брылон В. Наталля Гайда застаецца і перамагае // Мастацтва. 1992. №7.

А.​Я.​Ракава.

Н.В.Гайда.
Н.Гайда ў ролі Агнесы.
Н.Гайда ў ролі Ганны Главары.

т. 4, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́РТМАНЕ ((Artmane) Вія) (сапр. Аліда Фрыцаўна; н. 21.8.1929, г. Тукулес, Латвія),

латышская актрыса. Нар. арт. СССР (1969). Скончыла студыю пры Латышскім маст. т-ры імя Я.​Райніса (Рыга), працуе ў гэтым т-ры. З 1956 здымаецца ў кіно. Драматычная актрыса. Мастацтва Артмане адметнае лірызмам, шчырасцю, стрыманасцю, якія спалучаюцца з унутр. напоўненасцю і эмацыянальнасцю. Сярод тэатр. роляў: Афелія, Джульета («Гамлет», «Рамэо і Джульета» У.​Шэкспіра), Лаймдота («Агонь і ноч» Райніса). З лепшых работ у кіно: Соня («Родная кроў»), Она («Ніхто не хацеў паміраць»), Крысціна («Эдгар і Крысціна»), Джулія Ламбэрт («Тэатр» паводле С.​Моэма, тэлевіз.). Пра Артмане зняты дакументальны фільм «Размовы з каралевай». Дзярж. прэмія Латвіі 1980.

В.Артмане.

т. 1, с. 506

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЗІ́НА ((Masina) Джульета) (сапр. імя Джулія Ганна; 22.2.1921, г. Сан-Джорджа-ды-П’яна, Італія — 1994),

італьянская актрыса. Вучылася ў Рымскім ун-це. У 1942 дэбютавала ў т-ры, у 1946 — у кіно. Сусв. вядомасць прынеслі ролі ў фільмах яе мужа рэжысёра Ф.Феліні: «Агні вар’етэ» (1950), «Дарога» (1954, у сав. пракаце «Яны вандравалі па дарогах»), «Махлярства» (1955), «Ночы Кабірыі» (1957, прэмія Міжнар. кінафестывалю ў Канах), «Джульета і духі» (1965), «Джынджэр і Фрэд» (1986). Яе мастацтва вызначалася тонкім псіхалагізмам, спалучэннем лірызму і гратэску, уменнем яскрава і дакладна акрэсліць характар. Сярод інш. фільмаў: «Еўропа, 51» (1952), «Фартунела» (1958), «Шалёная з Шаё» (1969, англ.), «Фрау Холь» (1985).

т. 9, с. 509

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІ́ПТЫКА (грэч. glyptikē ад glyphō выразаю),

мастацтва разьбы па каштоўных і паўкаштоўных каляровых камянях; адзін з відаў дэкар.-прыкладнога мастацтва. Разныя камяні (гемы) з глыбокай старажытнасці служылі пячаткамі, амулетамі і ўпрыгажэннямі. Гемы з паглыбленымі выявамі наз. інталіямі, з выпуклымі — камеямі. Вядома ў Месапатаміі, Пярэдняй Азіі, Стараж. Егіпце з 4-га тыс. да н.э., была развіта ў Стараж. Грэцыі і Рыме. У сярэднія вякі развівалася гал. чынам у краінах Усходу. Новы ўздым гліптыкі прыпадае на перыяды Адраджэння і класіцызму. У 19 ст. як від мастацтва заняпала, яе змяніў механічны выраб гем з танных матэрыялаў.

Да арт. Гліптыка. Інталія «Джулія, дачка Цітуса». Аквамарын. 16 ст.
Да арт. Гліптыка. «Камея Ганзага» з выявай Пталамея II Філадэльфа і яго жонкі Арсіноі. 3 ст. да н. э. Александрыя.

т. 5, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

пазба́віцца, ‑збаўлюся, ‑збавішся, ‑збавіцца; зак.

1. каго-чаго і ад каго-чаго. Збавіцца, вызваліцца ад каго‑, чаго‑н. Пазбавіцца недахопаў. Пазбавіцца ад няпрошанага госця. □ Джулія ўжо пазбавілася першай збянтэжанасці, зноў стала рухавай, рызыкоўнай і, здавалася, гатовай да ўсяго. Быкаў. Мяне цяпер пачало непакоіць і тое, як нам ўдасца пазбавіцца ад гэтага чалавека. Чыгрынаў.

2. чаго. Страціць што‑н., застацца без чаго‑н. Пазбавіцца самастойнасць. □ Пазбавіцца зямлі, бадзяцца па свету для.. [Лявона Зябліка] горш, чым смерць. Ярош.

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

КАЗЛО́Ў (Герман Віктаравіч) (н. 2.3.1946, г. Падольск Маскоўскай вобл.),

бел. артыст аперэты. Засл. арт. Беларусі (1989). Скончыў Маскоўскае муз. вучылішча імя Гнесіных (1973). З 1973 артыст Растоўскага дзярж. т-ра муз. камедыі, з 1978 саліст Дзярж. т-ра муз. камедыі Беларусі. Яго творчасці ўласцівы прыродныя артыстызм і пластычнасць, акцёрская інтуіцыя і тонкі густ, пачуццё гумару. Сярод роляў у спектаклях бел. кампазітараў: Шкаляр і Нямецкі камендант («Несцерка» і «Судны час» Р.​Суруса), Элестэр («Мільянерка» Я.​Глебава), Андрэй («Дзяніс Давыдаў» А.​Мдывані), Суддзя («Калі заспявае певень» А.​Чыркуна), Майкл («Джулія» У.​Кандрусевіча); з інш. роляў: Боні, Зупан («Сільва», «Марыца» І.​Кальмана), Іпаліт («Фраскіта» Ф.​Легара), Фальк («Лятучая мыш» І.​Штрауса), Аякс («Цудоўная Алена» Ж.​Афенбаха), Сёмка («Бабскі бунт» Я.​Пцічкіна), Гары («Мая цудоўная лэдзі» Ф.​Лоу), Алег Баян («Клоп» У.​Дашкевіча), Чараўнік («Чараўнік» Д.​Рансуінка).

А.​Я.​Ракава.

т. 7, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАНДРУСЕ́ВІЧ (Уладзімір Пятровіч) (н. 29.9.1949, г. Гродна),

бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю па класах фп. (1973) і кампазіцыі (1979, клас Я.Глебава). Найб. дасягненні ў тэатральнай і кінамузыцы. У творчасці спалучае кантрастныя муз. стылі. Сярод твораў: балет «Крылы памяці» (паст. ў Дзярж. т-ры оперы і балета Беларусі, 1986), мюзіклы «Джулія» (1990) і «Шклянка вады» (1994; абодва паст. ў Дзярж. т-ры муз. камедыі Беларусі), «Залёты» (паст. Бел. т-рам імя Я.​Коласа, 1992), радыёопера «Таямніца старога замка» (1988), араторыя «Паданне» на словы Я.​Купалы (1978), кантата «Аблачынка з Чарнобыля» на словы Г.​Бураўкіна і А.​Разанава (1989), сімфонія «Плач перапёлкі» (1992); камерна-інстр. і вак. музыка, кінамузыка; музыка да драм. і лялечных спектакляў, у т. л. «Бура» У.​Шэкспіра (1989), «Сымон-музыка» паводле Я.​Коласа (1990), «Цар Ірад» (1993; усе паст. Дзярж. т-рам лялек Беларусі).

Літ.:

Мдивани Т.Г. Наблюдения над творческим стилем Владимира Кондрусевича // Вопросы культуры и искусства Белоруссии. Мн., 1991. Вып. 10.

Р.​М.​Аладава.

т. 7, с. 580

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)