ГРЫ́ЗІ
(Grisi),
італьянскія спявачкі, сёстры. Нарадзіліся ў Мілане.
Джулія (28.7.1811 — 29.11.1869), адна з буйнейшых спявачак 19 ст. Вучылася ў Дж.Паста і інш. У 1828—61 спявала на оперных сцэнах Італіі і інш. краін (з 1834 салістка «Тэатра Італьен» у Парыжы). Класічная прадстаўніца школы бельканта, выконвала сапранавыя і мецца-сапранавыя партыі. Для яе напісаны партыі Нарыны («Дон Паскуале» Г.Даніцэці), Джульеты і Эльвіры («Капулеці і Мантэкі», «Пурытане» В.Беліні). Оперы «Пурытане» і «Дон Паскуале» напісаны спец. для квартэта Грызі, Л.Лаблаш, Дж.Б.Рубіні, А.Тамбурыні, які паспяхова выступаў на працягу 25 гадоў.
Джудзіта (28.7.1805 — 1.5.1840), вучылася ў Міланскай кансерваторыі. У 1822—38 выступала на сцэнах многіх т-раў у партыях сапрана і мецца-сапрана: Норма («Норма» В.Беліні), Семіраміда, Дэздэмона («Семіраміда», «Атэла» Дж.Расіні). Для яе напісана партыя Рамэо («Капулеці і Мантэкі»).
т. 5, с. 479
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)